Успамiны пра наведанне роднага краю

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

  Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096
        Предыдущая часть "ваукалак"  http://www.proza.ru/2014/12/10/388
        (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/10/415)


 УСПАМІНЫ ПРА НАВЕДАННЕ РОДНАГА КРАЮ


       Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, — гэты край у памяці таго, хто жыве на чужыне заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..

       Калісьці і я спяшаў з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да радзімай старонкі, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітаючы даўно знаёмага госця. Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны. Вось шуміць хуткаплынная рэчка Дрыса, бяжыць да Дзвіны праз густыя лясы і пясчаныя гаі, абуджаючы шмат згадак. На гэтым беразе было некалі папялішча.

       Даўно ўжо яно ўтравела; час знішчыў на зямлі тую памятку, але яна засталася ў маёй душы, яна нагадвае мне той год, калі жыхары гэтага краю хаваліся ў лясах ад віхураў памятнае напалеонаўскай вайны.

       Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак, пра сутычкі і баі на Белай Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром абазваўся далёка за борам — там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:

       — Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?

       Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:

       — Гэта бура ў Клясціцах, на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.

       На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.

       А вось непадалёку і тыя цудоўныя малюнкі зарослых гор і лугоў, дзе зіхацяць на сонцы срэбныя струмені і люстэркі рэчак і азёраў. Атоне! Ты цяпер далёка ў чужых краях. Ці ўспамінаеш калі пра хараство роднае зямлі, ці прыходзяць табе ў думкі тыя нашыя вандроўкі, мары, размовы? Тут, захопленыя прыгажосцю прыроды, мы знаходзілі ў кожным месцы багоў старажытных рымлян і грэкаў; тут была наша Новая Аркадыя. Ля тых ручаёў наяды ўпрыгожвалі свае скроні вадзянымі лілеямі, скакалі па лугах німфы, а казланогія сатыры блукалі ў гушчарах. О, шчаслівыя лятункі цудоўнага юнацтва. Калі малады, зямля — рай, усюды дзівосы. Вобраз Старажытнае Грэцыі і ўся мінуласць адрадзіліся ў нашых марах і размовах. Памятаеш, гэтая гара была Алімпам, прыстанкам Муз і Апалона; той расквечаны краскамі разлог мы назвалі Тампейскаю далінаю; там — Фермапілы, дзе загінуў з невялічкаю жменькаю воінаў Леанід, цар Спарты, што змагаўся з велізарным войскам персаў.

       У гэты куток зямлі мы хацелі перанесці ўсе дзівосы свету.

       Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і бузупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: «Будзе рабінавая ноч!» — і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якя там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.

       О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.

       Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух — паводле веры тутэйшых жыхароў — хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.

       Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.

       Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!

       Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.

       Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.

       Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню — і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.

       Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь, акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці — яшчэ за паганскімі часамі — князь Бой, што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі — Гаўры. Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.

       Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.

       Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.

       Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў — «Стаўры! Гаўры!» і выклікалі іх цені з таго свету.

       І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год — перад Сёмухаю. Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:

       — Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!

       Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя, духі зямныя, хатнія, вартаўнікі лясоў і скарбаў.


Продолжение "Полацак" http://www.proza.ru/2014/12/10/772


Рецензии
" Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні."

Адэля Смажань-Патэльня   10.12.2014 08:59     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.