Полацак

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096

         Предыдущая часть "Успамiны пра наведанне роднага краю"  http://www.proza.ru/2014/12/10/394
         (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/16/1546)




      Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана, на замкавай гары — царква св. Сафіі, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.

      Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.

      Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання? За Палатаю, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні Перуна і Бабы Ягі, але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.

      У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра; тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба, нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія — маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.

      Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы — колісь езуіцкага — касцёла, і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus.

      Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.

      Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час — вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.

      Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі, падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!

      У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.

      У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны — на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы; другія — каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя — каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.

      Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:

      — Domіnі emule a quo іncіpіemus?

      — A sіgno Sanctі Crucіs?

      — Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?

      — Est munіmentum corporіs et anіmae.

      — Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:

      — Facіamus.

      Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў.

      Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:

Я прыгадваю: спевам кляшторны званочак Сябрукоў маладых заклікаў у грамады. Калі сэрца не чула ні мораку ночы, Ні святла, ані лёсу завілага здрады. Ды, на жаль, час усё ў жыцці перайначыць. Знікла шчырая радасць, як сон мой шчаслівы, І кляшторны званочак аціхнуў, а значыць, Толькі ў згадках чутно, як гучыць ён тужліва. Я ж па моры нясталага гэтага свету Не па скарбы паплыў, што ў нязнаных прасторах, Не па славу, каб вечна быць ёю сагрэтым, А таму, што ўсе плысці мусяць тым морам.

      «Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!»


Продолжение "Рыбак Родзька" http://www.proza.ru/2014/12/10/778


Рецензии
"Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай."

Адэля Смажань-Патэльня   16.12.2014 17:57     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.