Кавалёва аугiня

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096

             Предыдущая часть "Рыбак Родзька" http://www.proza.ru/2014/12/10/778
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/23/1494)


КАВАЛЁВА АЎГІНЯ


      Калі мы так размаўлялі, у пакой увайшла пані Мальгрэта, гаспадыня майго дзядзькі.

      — А-ёй! А-ёй! — завойкала яна. — Што дзеецца на свеце!

      Завальня глянуў на яе са здзіўленнем:

      — Ну што там такое ў цябе?

      — Жонка кавалёва прыйшла, Аўгіня; цуды расказала: успомніш — страх бярэ.

      — Прасі яе сюды, няхай і нам раскажа. Цікава паслухаць, якія там цуды на свеце.

      Заходзіць АўгінЯ. Была гэта жанчына рухавая, гаваркая і кума ўсёй ваколіцы.

      — Пра якія ты там цуды апавядала пані Мальгрэце, што яна прыйшла сюды да нас, стогнучы ды войкаючы?

      — Ах, паночку! Яшчэ якія цуды, страх успомніць. Сёння толькі гэта я згатавала есці і засланіла печ, як заходзіць у хату жабрак, белы, як голуб. Сеў ён на лаве, прамаўляе пацеры. Паставіла яму на стол міску капусты. Калі пад’еў, пытаюся:

      — З якіх краёў паслаў Пан Бог дзядулю?

      — З далёкіх, — адказвае.

      — А што чуваць на свеце?

      — Навіны надта непамысныя, — кажа. — У аднаго багатага чалавека пачаліся нечуваныя дзівосы. Сын, як толькі нарадзіўся, сеў і гучным голасам закрычаў: «Дайце есці!» Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна з’еўшы гэта, ускочыў і да дзвярэй. Там стаяла поўная кадзь вады. Ускочыў у яе і схаваўся пад вадою. Усе кінуліся ратаваць, а выцягнулі адтуль рыбіну. Паклалі яе на стале і, гледзячы на яе, доўга стаялі задуманыя. Пабеглі да ксяндза. Той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў ператварылася ў немаўля. Ахрысцілі яго. Той сын расце цяпер, але заўсёды халодны, як рыба. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба было даваць яму, а камень, бо будзе неўраджай і голад. І дрэнна, калі ён вырасце халодны, як рыба; а барані Божа, калі яшчэ разумны будзе — шмат бяды наробіць.

      — І ты верыш гэтаму? — спытаўся дзядзька. — То, пэўна, недзе адліваюць званы, а каб былі гучнейшыя, і разняслі такія цуды па свеце. Ці можа немаўля перакінуцца ў рыбіну і расці халоднае, як навец?

      — Пане, ты кажаш — адліваюць званы; у нас у касцёлах усюды яшчэ званы цэлыя. Медныя так хутка, як гаршкі, не разбіваюцца.

      — Янка, ці даеш ты веры? — загаварыў Завальня да мяне.

      — Мне здаецца, дзядзечка, што такія фантазіі ствараюцца людзьмі ад смутку і заўсёдных пакутаў.

      — Можа, і так. Раскажы нам, Аўгіня, што яшчэ чуваць.

      — Варка Плаксуніха памерла.

      — Вечны спакой. Гэта рэч не новая: людзі нараджаюцца і паміраюць.

      — Але памерла па-хрысціянску. Паспавядалася і ўзяла прычасце. У Полацку, дзякуў Богу, яна перамянілася.

      — Хіба гэта была вялікая грэшніца?

      — О! Я ведаю ўсё. Як жыла яе маці, ды і яна (няхай ужо Пан Бог не памятае яе грахоў!) мела радзімы знак на вуснах, які шмат ёй шкодзіў.

      — Ты мусіш ведаць пра гэта напэўна, бо з табою ўсе шчыра гавораць.

      — Я ва ўсёй гэтай ваколіцы хрышчу дзяцей, тут усюды мае кумы, усе мяне любяць, кожная кабета радая са мною пагаманіць, дык я і ведаю ўсё: хто што робіць і як жыве. Маці Плаксуніхі была слаўнаю чараўніцаю. І няўжо пан пра гэта не ведае?

      — Нічога не ведаю. Раскажы мне пра маці і дачку.


Продолжение "Радзiмы знак на вуснах" http://www.proza.ru/2014/12/10/785


Рецензии
" — Я ва ўсёй гэтай ваколіцы хрышчу дзяцей, тут усюды мае кумы, усе мяне любяць, кожная кабета радая са мною пагаманіць, дык я і ведаю ўсё: хто што робіць і як жыве. Маці Плаксуніхі была слаўнаю чараўніцаю. І няўжо пан пра гэта не ведае?

— Нічога не ведаю. Раскажы мне пра маці і дачку."

Вацлав Хадосевич   23.12.2014 16:46     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.