Радзiмы знак на вуснах

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096

 

             Предыдущая часть "КАВАЛЁВА АЎГІНЯ" http://www.proza.ru/2014/12/10/783
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/27/877)


    

      — Маці гэтае Варкі звалася Праксэда. Жыла яна ў карчме за рэчкаю Дрысай непадалёку ад краснапольскага маёнтка. Яе мужык быў аканомам у адным невялічкім панскім фальварачку. Жыла Праксэда няблага; хоць карчма яе не была пры гасцінцы і вельмі рэдка хто-небудзь туды наведваўся, аднак яна хутка сабрала грошы, не сумавала, часта спраўляла новыя сукенкі і заўсёды хадзіла ў прыгожых уборах.

      Суседзі мелі падазрэнне, што Праксэда забірае малако ад кароў з суседніх вёсак, бо сама мела вельмі мала жывёлы, але прадавала масла і сыры ў горадзе. І вось па ўсёй ваколіцы разыходзіліся чуткі, нібыта яна апоўначы вешала белы ручнік на сцяне, падстаўляла вядро і з двух канцоў гэты ручнік даіла. Малако лілося ў посуд, і яна хутка напаўняла ўсе збанкі сырадоем.

      Колькі гаспадароў наважыліся напэўна ўсё даведацца і абвінаваціць яе перад панам. Дык яны запраглі ўвечары каня, едуць туды, мяркуючы, што зловяць Праксэду на гарачым, бо карчма была ад іх вёскі вёрст за шэсць. Але што за праява? Хоць дарогу ведалі так, што здавалася, кожны, заплюшчыўшы вочы, дайшоў бы, — блукалі да світання, не разумеючы, у які бок іх занесла. Як развіднела, убачылі, што ўсю ноч кружылі вакол карчмы, але знайсці яе не маглі. Змардаваўшы каня і не выспаўшыся самі, павярнулі дахаты.

      Пасля, бо ад свайго так і не адступіліся, дамовіліся прыехаць да Праксэды перад захадам сонца. Купілі ў карчме гарэлкі, выпілі па кілішку і, нібыта ўжо моцна п’яныя, палеглі спаць на лавах. Аднак кожны пазіраў з-пад рукі, што карчмарка будзе чыніць апоўначы. Патушылі агонь, але поўнае цемры ў карчме не было, бо ў самае вакно глядзела поўня. Ім здавалася, што прайшло ўжо шмат часу, і, пачуўшы голас пеўня ў стадоле, вырашылі: поўнач ужо мінулася, дарэмна чакалі. Адзін падняўся, выйшаў на ганак і дзіўнае бачыць: велізарны певень на высокіх, як у жорава нагах, у нямецкай вопратцы і капелюшы, пяе, седзячы на драбінах. Спалоханы селянін вяртаецца ў карчму і апавядае пра ўсё гэта сваім таварышам.

      Яны запалілі святло, выйшлі, жагнаючыся, з карчмы, запраглі каня і заспяшаліся дамоў. Ля свае вёскі сустрэлі парабкаў, якія, толькі што павячэраўшы, гналі коней на начлег. Начлежнікі, паказваючы чырвоныя воблакі на захадзе, сказалі ім, што да поўначы яшчэ далёка.

      Хоць не ўдалося і другі раз злавіць Праксэду, як яна адбірае малако ў суседскіх кароў, але пайшлі да пана і расказалі пра ўсё, што з імі здарылася, і пра шатана, які спяваў, седзячы на драбінах, як певень. Аднак пан, аканом і іншыя ў маёнтку не далі ім веры ды яшчэ насмяяліся. Дык Праксэда, спакойна сабе жывучы, і займалася сваімі чарамі.

      Нарадзілася ў яе дачка. Ахрысцілі дачку Варкаю. Праксэда, як кажуць людзі, ані кладучы спаць, ані беручы з калыскі на рукі — аніколі не перажагнала сваё дзіця. А яшчэ — пра што без страху і прыпомніць нельга — быццам шмат хто з начлежнікаў бачыў, што калі Праксэда моцна спала, нейкі чорны карла з велізарнаю галавою, седзячы, калыхаў маленькую Варку і часта заглядаў ёй у вочы.

      Расла дзяўчына і ад году да году станавілася прыгажэйшая. Мела яна на вуснах радзімы знак, але гэта — як усе маладыя панічы казалі — не толькі не псуе яе, а, наадварот, надае прывабнасці; і чым больш радзімку хвалілі, тым хутчэй тая расла. Ды так, што ўжо матку папярэджвалі, а ці не сапсуе яна твар дзяўчыне? Але Праксэда не ўважыла на гэта, і той радзімы знак давёў маладзёнаў да няшчасця.

      Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў, праязджаў конна ўначы праз іхнія мясціны нейкі малады паніч. Ніхто не ведаў, хто ён быў і адкуль. Казалі, што твар яго заўсёды быў бледны, нос востры, доўгі, валасы, як шчацінне, чорныя і бы крумкачовыя пёры; погляд такі калючы, што цяжка вытрымаць, гледзячы яму ў вочы.

      Спадабалася яму Варка, дык ён часта завітваў у гэтую карчму, а Праксэда цешылася і мела надзею выдаць сваю дачку за шляхціца.

      Праз нейкі час радзімка на вуснах у Варкі яшчэ хутчэй пачала расці, а людзі ў вёсцы шапталіся між сабою, што, мусіць, той заезджы паніч яе пацалаваў.

      Васемнаццацігадовую Варку радзімка на вуснах, хоць была ўжо і вялікая, яшчэ не псавала, яшчэ падабалася хлопцам, і яна любіла, каб яе акружаў гурт залётнікаў, але ўсімі яна пагарджала, бо маці пераконвала дзяўчыну, што яна выйдзе замуж лепей, чым якая шляхцянка.

      Раскажу пану, што з гэтага аднаго разу атрымалася. Кахаў Варку адзін малады чалавек, які служыў у пана лёкаем і лоўчым. Звалі яго Міхась. Ён пачуў, што нібыта дудар Ахрэм строіць кпіны з яго каханае: расказваў усім, што Варку злы дух пацалаваў, бо яна ніколі не жагналася, а таму і той знак на вуснах гэтак вырас.

      Абразілі лоўчага такія размовы, і пачаў ён шукаць нагоды, каб адпомсціць Ахрэму за зняважаны гонар каханае і гэтым заслужыць у маці і ў дачкі прыхільнасць.

      У нядзелю сабралася моладзь у Праксэдзінай карчме. Між імі — некалькі лёкаяў, і лоўчы прыйшоў з маёнтка. Адны паглядалі на дачку карчмаркі, захапляючыся яе хараством, іншыя — шапталіся між сабою і здзекліва называлі паненкаю. З’явіўся дудар Ахрэм. Вітаюць яго, садзяць на лаве, частуюць гарэлкаю. Ён у добрым настроі пачынае іграць і спяваць. Было там колькі маладых дзяўчат з суседняе вёскі, дык іх і Варку хлопцы запрашаюць у скокі.

      Сярод гэтае вясёлае забавы разбіўся без дай прычыны гаршчок, што стаяў высока на печы. Свісталі, нібыта нехта дзьмуў у рыльца, пустыя бутэлькі на стале, і ў кожным кутку што-небудзь падала на зямлю.

      — Ад вашых скокаў уся карчма трасецца, — бурчала Праксэда, збіраючы на падлозе розныя драбніцы, якія пазляталі з шафы.

      Тут знячэўку велізарны кот саскочыў з печы на дол. Убачылі гэта ўсе, пакінулі скакаць, а кот знік, быццам яго і не было.

      Дудар Ахрэм перапыніў маўчанне:

      — Не бойцеся, скачыце, гэта паніч жартуе. Ну, той, што бывае тут часта ў гасцях.

      Праксэда гнеўна зірнула на Ахрэма, нешта шапнула на вуха лоўчаму і пайшла ў маленькі пакой, які быў адасоблены перагародкаю.

      Не зважаючы на гэта, Ахрэм пачынае зноў граць і спяваць, але Міхась выбіў дуду з ягоных рук, кажучы:

      — Праўдзівы дудар — губы тоўсты, а галава пустая.

      Разгневаны дудар глянуў на яго з пагардай:

      — А ты, — кажа, — праўдзівый панскій лакей: сам нізкій, лоб слізкій, нос плоскій — толька што тарэлкі лізаць.

      Лоўчы хацеў даць яму поўху, але Ахрэм перахапіў руку. Умяшаліся іншыя госці ў гэтую зваду, адцягнулі Міхася, пераконваючы яго, што дудар, адурманены гарэлкаю, сказаў тое, пра што пасля, калі шал той выйдзе з галавы, будзе шкадаваць. Але Праксэда пагражала, што гэта яму проста так не пройдзе, заплаціць яшчэ за тое, што зняважыў дачку.

      Дудару ўсе раілі маўчаць, бо доўга спрачацца небяспечна, і каб лепей ішоў дадому.

      Паслухаў Ахрэм. Дуду пад паху, шапку ссунуў набакір, заспяваў песню і выйшаў за дзверы. Іншыя бавіліся там яшчэ доўга, стараючыся супакоіць Праксэдзін гнеў і Варчын смутак.

      Апоўначы адзін за адным госці выходзілі з карчмы, і кожны чуў дарогаю, што ў густым лесе бесперастанку грае нехта на дудзе. Усе дзівіліся, не ведаючы, што гэта значыць: якім чынам і з кім Ахрэм трапіў у той дзікі гушчар. Ноч была ціхая і пагодлівая, голас дуды чуцён далёка, рэха адзывалася па ўсёй ваколіцы, у вёсках не змаўкаў сабачы брэх. Гаспадары выходзілі з хат, маракавалі: ці то лясун завабіў дудара ў тыя гушчары, ці то колькі п’яных гуляе, не памятаючы, што заўтра панядзелак і трэба рана ўставаць.

      Калі на ўсходзе пачало світаць, начлежнікі, якія былі там з коньмі непадалёку, чуючы, што музыка ў лесе не спыняецца, вырашылі пайсці на голас дуды і пабачыць, што там дзеецца. Прыходзяць у цёмны яловы гушчар: сядзіць на спарахнелай калодзе Ахрэм, іграе на дудзе і не чуе, што прыйшлі людзі. Адзін начлежнік кладзе яму руку на плячо і кажа: «У імя Айца і Сына! Што з табою зрабілася, каму ты граеш усю ноч у гэтым лесе?» Ледзь сказаў ён гэта, дуда выпала ў Ахрэма з рук, і сам ён увесь здранцвеў, твар пачарнеў, слова вымавіць не можа.

      Начлежнікі ўзялі яго пад рукі, вывелі з лесу і, пасадзіўшы на каня, завезлі дадому. Доўга дудар быў хворы, а пасля пра тое здарэнне так апавядаў:

      «Калі выйшаў з карчмы і, спяваючы, вяртаўся дахаты, сустрэў мяне на дарозе нехта нібыта знаёмы, голасам і постаццю зусім падобны да кума; і так пачаў размову:

      — Адкуль і куды ты ідзеш?

      — Быў у Праксэдзінай карчме, а цяпер вяртаюся дадому.

      — Так рана ідзеш дадому? Можа, табе там было сумна? І Варка табе ўжо не да сэрца? Пекная дзяўчына, а радзімы знак на вуснах больш ёй пасуе, чым жомчуг багатым паненкам.

      — Ат, куме, пляцеш ты лухту, — сказаў я, — нейкі там паніч выдумаў, што радзімка прыгожая, дык і іншыя паўтараюць, але ўбачыш, што будзе пасля: яна вырасце і так ёй сапсуе твар, што ніхто потым і глянуць не захоча.

      — Ай, куме, які ты дзіўны, адкуль ты ведаеш, што радзімка сапсуе твар?

      — Сказаў бы табе, ды баюся. Лоўчы Міхась, што кахае яе, — шалёны чалавек, хацеў мяне біць за праўду, і Праксэда так наляцела, што мусіў уцякаць з карчмы.

      — Якую ж ты ім праўду сказаў?

      — Не кажы толькі, куме, нікому: сказаў я, што яе д’ябал пацалаваў.

      — Ха-ха-ха! Дзівак!

      Так размаўляючы, дайшлі мы да вёскі; у кумавай хаце гарыць святло і поўна гасцей; запрашаюць мяне зайсці, там шмат моладзі і прыгожа ўбраных дзяўчат — у косах шырокія стужкі размаітых колераў, на шнуроўках свецяцца срэбныя і залатыя гафткі; круглыя румяныя твары, чорныя бровы, агністыя вочы. Здзіўлена пазіраю на іх. Кум просіць мяне сесці на лаву, частуе гарэлкаю, дае на прыкуску блінцоў, Акружылі мяне дзяўчаты і, ласкава гледзячы ў вочы, просяць, каб які вясёлы танец ім зайграў. Адмовіць няма як. З імпэтам граю і прытупваю; кружыцца кола танцораў. Граў ноч навылёт, а мне здавалася — не больш за гадзіну. Але калі начлежнік паклаў мне руку на плячо і прамовіў „У імя Айца і Сына“, дык дом, кум і ўсе госці імгненна зніклі, і я ўбачыў, што сяджу на гнілой калодзе. Ад знямогі ды ад страху здранцвеў увесь».

      Зразумеў Ахрэм, што ўчынілі над ім гэта з намовы лоўчага Міхася, а таму вырашыў адпомсціць. Знайшоў нейкага чалавека, хто ўмеў не менш за Праксэду, і ўпрасіў, каб сілаю сваіх чараў шкодзіў Міхасю на паляванні; і праўда, лоўчы з таго часу за колькі крокаў у дзікага звера ніколі не мог пацэліць, і за гэта кпілі з яго і ён ласку страціў у пана.

      — І як жа, урэшце, скончылася тая іх узаемная нянавісць? — пытае Завальня.

      — Вельмі дрэнна. Міхась — помслівы чалавек. Ішоў з палявання з пустой торбаю, спаткаў Ахрэма; пачалася між імі звада, і ён прастрэліў дудару правую нагу. Той ледзь не памёр ад гэтае раны.

      Хутка пасля таго лоўчы захварэў, змарнеў зусім, счарнеў, як труп. У маёнтку доктар штодзённа даваў яму лекі, але гэта не памагло. Памёр. А людзі рознае гадалі пра тое. Адны казалі, што яго ў магілу звялі сухоты, другія апавядалі, нібы паднеслі яму нешта ў напоі. Няхай Бог рассудзіць на тым свеце.

      — Гэх, — сказаў дзядзька, — паны не дбаюць, каб іх людзі былі пабожныя і жылі ў згодзе, як браты. Адкажуць яны перад Панам Богам! Як жа можна было дапусціць лоўчага і дудара да такое нянавісці і да лютае помсты? Ну, Аўгіня, кажы далей пра Варку.

      — Той паніч, пра якога я гаварыла, што наязджаў у Праксэдзіну карчму, цяпер ужо не з’яўляўся, і не ведаюць, хто ён і адкуль. Іншыя ж, што хвалілі яе хараство, што захапляліся радзімым знакам на вуснах, зусім пакінулі хадзіць у карчму, баючыся варажнечы дудара з лоўчым. Радзімка праз колькі гадоў зрабілася такая вялікая, што ўжо псавала твар.

      Суседзі гаманілі між сабою: цяпер, мусіць, Варка не выйдзе замуж, будзе перастаркам пры маці, хто яе возьме? Не такая прыгожая, як была калісьці, і слава кепская пра яе далёка разышлася па свеце. Пры самой Варцы, насміхаючыся з яе, паўтаралі: «Чакай, паненка, шляхціца, прыедзе ў шыкоўным экіпажы да цябе ў сваты». Дзяўчына пасля такіх з’едлівых слоў заўсёды маркоцілася, а ўпотай плакала.

      Аднойчы ўзімку полацкаму мешчаніну Якубу Плаксуну, багатаму чалавеку (можа, пан і ведае яго драўляны дом ля самае Палаты, дзе мураваны слуп са стодам святога Яна), што ездзіў па вёсках і скупляў лён, надарылася быць у тым краі, дзе жыла Праксэда, і на колькі дзён спыніцца ў яе ў карчме. Убачыў ён Варку і вельмі яе ўпадабаў. Пасватаўся да дзяўчыны і не адмовілі яму, бо чалавек ён малады, мае свой дом, душою добры і сам сабе гаспадар.

      Плаксун, атрымаўшы згоду, едзе ў маёнтак, абвяшчае пра свой намер пану, аддае за Варку выкуп. Пан ахвотна згаджаецца, а чэлядзь, здзекліва паглядаючы на яго, так размаўляла між сабою: «Якое адпаведнае мае прозвішча. Ажэніцца — заплача горка і будзе тады сапраўдны Плаксун. Дзіўны чалавек: жэніцца з дачкою злое кабеты, а дзяўчына яшчэ з радзімым знакам на вуснах, які нічым не змыеш; ён і цяпер вельмі псуе яе».

      Хутка гэтая вестка ўжо грымела па ўсёй ваколіцы. Дзівячыся, апавядаў сусед суседу пра гэтую неспадзяванку; пайшлі розныя абгаворы і прыдумкі; але найчасцей меркавалі людзі так: Праксэда чарамі наважыла дачку ашчаслівіць, напэўна, паднесла мешчаніну зелля ў напоі ды запаліла ў ім такую прыхільнасць да гэтае дзяўчыны. Некаторыя, што зайздросцілі Варчынаму шчасцю, дрэнна гаварылі пра яе нарачонаму, прадказваючы вялікую бяду. Але ён так кахаў Варку, што нікому не хацеў даваць веры.

      Прыехаў Плаксун у Полацак і, не адкладваючы свайго намеру, ідзе ў кляштар да езуітаў. Яго спавядаў ксёндз Буда, якога Плаксун найбольш шанаваў і з якім заўсёды раіўся.

      — Як маешся, Якубе? — спытаўся ксёндз. — Даўно цябе не бачыў, пэўна, па гандлёвых клопатах ездзіў некуды?

      — Узімку рыхтуемся да вясны, каб было чым нагружаць стругі, як Дзвіна вызваліцца ад лёду.

      — То праўда, — прамовіў ксёндз Буда. — Дык, значыцца, закупіў ільну, бо ведаю, што найчасцей яго возіш у Рыгу. Не думаю, каб высокая была цана на гэты тавар. Чуў я ад ксяндза-пракуратара, што ў Альбрыхтове і ў іншых нашых маёнтках у Полацкім павеце лён вырас вельмі добры.

      — Дзякуй Богу. Мяркую, што ў гэтым годзе за такі тавар і плаціць будуць добра. Але от! Яшчэ мушу, ойча, паведаміць: шукаючы тавару, знайшоў і жонку.

      Купіў і тое і другое.

      — Віншую! Дык ты ўжо жанаты?

      — Не, дабрадзею. Толькі заручаны. Яна прыгонная, і я заплаціў грошы, каб выкупіць яе. Вельмі падабаецца мне гэтая дзяўчына, спакойны і лагодны характар мае.

      — Віншую, — кажа ксёндз. — Спакойны і лагодны характар — гэта добрая якасць. А што была прыгонная, дык гэта ні ёй, ні табе аніякае ганьбы не робіць. Не высокае нараджэнне павялічвае дабрачыннасць чалавечую, а сумленнае і цнатлівае жыццё.

      — Мушу прызнацца, ойча, — сказаў Плаксун, — турбуюся я, што шмат у яе непрыяцеляў. Бог ведае чаму кажуць, нібыта яе маці — чараўніца, і дачка таксама — штораз болей — са злым духам знаецца. Ці можна, ойча, верыць гэтай лухце? Я ў карчме ў яе маці, Праксэды, жыў цэлы тыдзень і нічога такога не заўважыў.

      — То праўда, — сказаў ксёндз, — што людзі грэшнікаў раяць забіваць камянямі, забываючы, што сказаў Хрыстос: «Няхай кіне камень той, хто без граху». Але нельга і людзям пярэчыць, што няма чараў на свеце. Аднак таму, хто просіць Бога, няма чаго баяцца. Памаліцеся з нарачонаю перад шлюбам і паспавядайцеся. Я цябе бласлаўляю і аддаю пад Божую апеку. Вось два абразкі Божае Маці; яны пасвянцоныя і маюць здольнасць адпускаць грахі. Адзін табе, другі тваёй будучай жонцы. Жывіце з Богам, і Бог вас не пакіне.

      Плаксун, атрымаўшы блаславенне ад свайго спаведніка, загадаў пашыць ядвабную сукенку нарачонай, накупляў ёй дарагіх хустак і каснікоў, наняў гарадскіх музыкаў, запрасіў шмат сваіх знаёмых і сяброў і вось з багатымі дарункамі і дружынаю прыязджае да Варкі.

      Бацькі, якіх пан вызваліў ад работы на дзень вяселля, і дачка сустрэлі яго з невыказнаю радасцю. Плаксун паднёс Варцы шыкоўныя падарункі і абразок, якім блаславіў яго ксёндз Буда. Прыняла дзяўчына ўсё гэта з удзячнасцю, бо шчыра ацаніла яго прыхільнасць.

      Назаўтра маладыя перад шлюбам выканалі старанна ўсё, што ксёндз радзіў. Пачынаецца шумнае вяселле. Прыйшло колькі гаспадароў з суседніх вёсак, чэлядзь вызвалілі ад працы, і іншыя цікаўныя з блізкае ваколіцы сабраліся на бяседу. Усе задумліва пазіралі на Варку; багата ўбраная, прыгожы твар, а радзімы знак на вуснах зрабіўся такі маленькі, што ледзь яго ўбачыць можна.

      Зайграла музыка, моладзь скача, п’юць віно за здароўе маладых, зычачы ім багацця, шчасця і доўгага веку.

      Не спынялася вясёлая забава да позняе пары. Ноч была спакойная, і на чыстым небе свяціліся ўсе зоркі. Апоўначы чуюць госці, як ляснуў моцна бізун. Глянулі ў вакно: спынілася каля карчмы карэта — шэсць чорных коней, на козлах — фурман, ззаду — лёкаі ў багатых ліўрэях. Выбягаюць Плаксун і Праксэда з мужыком. Імгненна на вачах ва ўсяе грамады коні, карэта і лёкаі зніклі. Уражаныя вяртаюцца ў карчму Плаксун з цесцем, Праксэда ж — неспакойная, бледная, як нябожчыца. І тут бачаць людзі, што ў вакно пазірае нейкая пачвара. Усіх гасцей агортвае жах. Дрыжыць бедная Варка, збялела, ледзь прытомная.

      — Супакойся, — суцяшае яе мужык, — Бог апякуецца намі. — І просіць гасцей, каб весяліліся, не зважаючы на гэтыя цуды і страхі.

      Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак.

      Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла.

      А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку. Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была Варка прыгожая, як анёл.

      Але, паночку, гаворачы, і не заўважыла, як звечарэла. Познім часам мушу вяртацца дахаты.

      — Цяпер вечар ціхі і ясны. Няма чаго баяцца, — сказаў Завальня. — Ды і дахаты не будзе больш за вярсту.

      — Маю я просьбу. Пан людзям дапамагае, дык, мусіць, і мне сёння не адмовіць.

      — Блізкім сваім дапамагаць — абавязак хрысціянскі.

      — Хутка Каляды, а так здарылася, што не маю цяпер ані каліва жыта. Будзь ласкавы, дай хоць колькі гарцаў. Прыйдзе вясна — спатрэбяцца гаспадарам лемяхі і іншыя жалезныя прылады: мой мужык зробіць, і заплацім пану. Або ў якой патрэбе адслужым.

      — Ахвотна. Твой мужык — чалавек добры і старанны. Пані Мальгрэта, загадай даць Аўгіні чацвярык жыта, гарнец ячных круп і гарнец гароху. Гэта вам на куццю.

      Каваліха пакланілася дзядзьку і пайшла з паняй Мальгрэтай у спіжарню.


Продолжение "СЛЯПЫ ФРАНЦІШАК" http://www.proza.ru/2014/12/10/789


Рецензии
" — Мушу прызнацца, ойча, — сказаў Плаксун, — турбуюся я, што шмат у яе непрыяцеляў. Бог ведае чаму кажуць, нібыта яе маці — чараўніца, і дачка таксама — штораз болей — са злым духам знаецца. Ці можна, ойча, верыць гэтай лухце? Я ў карчме ў яе маці, Праксэды, жыў цэлы тыдзень і нічога такога не заўважыў."

Адэля Смажань-Патэльня   22.12.2014 14:51     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.