Плачка

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "СЛЯПЫ ФРАНЦІШАК" http://www.proza.ru/2014/12/10/789
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/29/918)





      Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе — белая, як снег, на галаве — чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы. Яна з’яўляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля захаду сонца яна сядае на камені, наракае на лёс жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто набліжаўся да яе, чулі такія словы: «Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!»

      Калі я ехаў з Полацка, на папасе апавядаў мне карчмар, што там блізка ад дарогі, за бярозавым гаем стаіць пустая хата. Ля яе быў адно невялікі вішнёвы садок. Жыў там даўней селянін, якога з усёй радзінаю выслалі паны кудысьці далёка, забраўшы ў яго некалькі кароў і коней.

      Ішоў там убогі сляпы, якога вёў маленькі хлопчык. Пачуўшы ў тым доме журботны спеў, яны падумалі. што там ужо нехта жыве. Дык ідуць туды жабраваць. Заходзяць у хату, сляпы заспяваў песню: «О! Спасіцелю, наш Пане».

      — Дом без дзвярэй і вакон, ніхто тут не жыве, — сказаў хлопчык сляпому. — Дарэмна толькі звярнулі з дарогі.

      Але тут пасярод хаты з’явілася кабета ў жалобнай вопратцы і са смутным тварам.

      — Маліцеся! — кажа. — Усюды ёсць Бог, які будзе вам дапамагаць.

      Яна кінула жменю срэбраных манет сляпому ў шапку і вокамгненна знікла.

      Гэты ўбогі, ходзячы ад хаты да хаты, паказваў тыя грошы, на якіх з аднаго боку былі ваявы каралёў, а з другога — Пагоня.

      Непадалёку ад дарогі, калі едзеш на Віцебск, стаіць пустая капліца. Там, пасля захаду сонца, бачылі, што яна плакала, седзячы на парозе, і яе маркотны голас далёка адзываўся.

      Рознае думалі людзі пра гэтую Плачку. Адны баяліся, што яна вяшчуе нейкае вялікае няшчасце, вайну, паморак або голад ва ўсім краі.

      Па вёсках старыя людзі гаварылі між сабою пра гэтую кабету, заўсёды прадказваючы нешта дрэннае. Некаторыя ж з маладых мелі зусім іншую думку. Яны даводзілі, што там, дзе з’яўляецца Плачка, напэўна, скарб у зямлі. І ўся ваколіца ўпадабала гэтую думку.

      На канцы тае вёскі жыў убогі чалавек, які даўней абышоў увесь свет. Вярнуўшыся да свае сям’і, жыў толькі з міласціны. Ён часта паўтараў усім:

      — Браты! Слёзы і нараканні гэтае жанчыны абяцаюць вам не золата і срэбра.

      Кабета плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць беднасць і пакуты.

      Аднаго дня, пасмяяўшыся са слоў гэтага старога. вырашылі: калі ўсе будуць спаць, ісці туды і выкапаць з зямлі скарб.

      Старая капліца была за чатыры вярсты ад вёскі. Дык колькі маладых сялян, узяўшы з сабою струмант, борзда выправіліся туды, каб пачаць свае пошукі раней, чым заспявае першы певень.

      Прыйшлі на месца. Змрочны выгляд тае ваколіцы наводзіў на іх неспакой і страх. Непадалёку шумеў густы яловы лес, там маркотна вухала сава, і месяц вельмі рэдка паказваўся з-за чорных хмараў. Капліца, нібы магільны помнік, стаяла на пагорку ў засені бяроз.

      Шчыравалі ўсю ноч. Выкапалі глыбокія ямы ў некалькіх мясцінах, але знайшлі толькі спарахнелыя дошкі ды чарапы. Зразумелі, што былі тут калісьці могілкі, хоць і не ацалела на паверхні знакаў, апрача некалькіх ледзь прыкметных абымшэлых камянёў.

      Улетку ноч кароткая. Вось ужо на ўсходзе пачынае ружавець ранак. Шукалі дарэмна. Дык засыпалі ямы і вяртаюцца дахаты.

      Узыходзіла сонца. Заспяваў у небе жаўрук, і імгла ўжо знікла. Бачаць перад сабою недалёка ад дарогі ля кустоў ляшчыны — стаіць Плачка, тварам на ўсход. У яе руках ветрык матляе яркую стужку, тая трымціць у паветры, як бліскавіца. Толькі адзін з іх сказаў: «Пайшлі смела да яе» — прывід імгненна знік.

      На тым месцы, дзе стаяла Плачка, з’явілася на галіне велізарнае асінае гняздо. Жамярыцы, што заляталі і выляталі з гэтага гнязда, снавалі ў ранішніх сонечных прамянях, нібы залатыя іскры.

      — Паслухайце мае рады, — сказаў адзін з іх. — Мы абвяжам асінае гняздо хусткаю. Прыйдзем да старога, разбудзім і скажам, што ля капліцы выкапалі скарб і частку ахвяруем яму. А калі ўстане з пасцелі, укінем яму ў вакно асінае гняздо. Няхай ашалее стары.

      Усе пагадзіліся. Разбудзілі старога, укінулі ў хату асінае гняздо, а самі, смеючыся, уцяклі.

      Дзіва нечуванае! Стары бачыць перад сабою рассыпанае на зямлі золата. І калі ён здзіўлена глядзеў на гэта, кажуць, з’явілася перад ім кабета, тая самая, што плакала на парозе старое капліцы, і сказала:

      — Бяры палову гэтага скарбу сабе, а другую — раздай убогім. Бог дапамагае маім пакутным дзецям.

      Сказаўшы гэта, яна ўмомант знікла.

      У Інфлянтах жа было такое здарэнне. У маёнтку пана М. узвышаліся руіны нейкага старажытнага замка. Кажуць, што ў пракаветныя часы быў там горад, бо цяпер паводка размывае часам пясок і дастае да падмуркаў старажытных камяніц. Там часта знаходзяць шкляныя або ржавыя жалезныя рэчы, што даўней рабілі дзеля аздобы, абломкі зброі, а зрэдчас медныя або срэбныя грошы, што вякамі ляжалі ў зямлі.

      Сюды штовечар, пасля захаду сонца, прыходзіла Плачка. Яна вешала на руіны вянкі польных красак, садзілася на камень і, заломваючы рукі, залівалася слязьмі. Не адзін прахожы, чуючы здалёк яе нараканні, смутны вяртаўся дадому і апавядаў пра гэта іншым.

      Былі і такія цікаўныя, што, чуючы лямант дзіўнае кабеты, падышлі ў вечаровым змроку да яе і са слоў, якія пачулі, зразумелі, што нейкая нешчаслівая маці плача па сваіх дзецях. Але толькі надумалі ісці да яе і запытацца, хто яна і якая напаткала яе нядоля, ужо больш не бачылі яе і голас не адзываўся да наступнага вечара.

      Не зразумеў ніхто, што гэта такое. Цьмяныя здагадкі хадзілі па наваколлі. Усюды гаварылі пра яе толькі як пра дзіўную камету, што з’яўляецца на небе ў выглядзе вогненнае мятлы. Хацелі даведацца, дзе яна жыве і адкуль прыходзіць, але ўсё марна. Нібы які дух, апускалася яна на зямлю і знікала ў паветры.

      Кажуць, што і сам пан М. не пярэчыў гэтым дзіўным апавяданням, бо і ён таксама сустрэў яе аднаго разу, вяртаючыся позняй парою дахаты, і чуў, як плакала яна на руінах замка. Не разумеў пан гэтае праявы, аднак, разважаючы, паверыў тым людзям, якія думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб таямнічы дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі. Дык паклікаў пан аканома і такі даў яму загад:

      — Збірай людзей, і заўтра пачынайце капаць на замкавых руінах. Там у зямлі мусіць быць золата, бо як іначай растлумачыш тую праяву? Пэўна, Плачка хоча паказаць нам нейкія скарбы, якія ўзнагародзяць нас за гэтую працу.

      — Я чуў словы тае Плачкі. Яна аплаквала смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей, а пра скарбы, схаваныя ў зямлі, і не ўспамінала. Гэтая таямніца нам недаступная.

      Мне здаецца, тут нейкае папярэджанне і перасцярога.

      — Ты падобны да няясыці ці то да савы, якая страшыць людзей жахлівымі прароцтвамі. Я ні ў што такое не веру і не хачу спрачацца пра гэтую таямніцу. Даўно быў у мяне намер раскапаць руіны. Можа, знойдзем там памяткі старажытнасці, дзеля гэтага не шкада і працы. А калі хто думае, што гэты скарб будзе ў абліччы Плачкі, дык і гэта нядрэнна; што б там ні было, заўтра пачнём раскопкі.

      — А калі гэты скарб закляты і вартуюць яго злыя духі, ды немагчыма яго дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю, — тады толькі час страцім, а калі і здабудзем што, дык больш будзе бяды, як чаго добрага. Бо я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязь, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі.

      — Брыдка слухаць. Пляцеш лухту, як дурны мужык. Мне аніякі пенязь не шкодзіць.

      — А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?

      — Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе пачынаць

      Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; паціснуў ён плячыма і пайшоў выконваць панскі загад.

      Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.

      Дол быў не глыбейшы, чым на паўтара локця. Знайшлі мураваны склеп, дык раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту. Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склепа былі маленькія вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.

      Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў сонечны прамень, — глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў страх: паўсюль — пасярод і ля сцен — у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.

      — Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, — сказаў пан М., — і прывязіце мне. Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.

      Завезлі кайданы пану. Ён, паказваючы іх гасцям і сваім суседзям, ганарыўся, што такія старажытныя рэчы здабыў з зямлі, хоць з выгляду яны былі зусім падобныя да цяперашніх.

      Косці нябожчыкавыя людзі сабралі, пахавалі ў адной магіле на бліжэйшых могілках, запрасілі святара і з набажэнствам паставілі велізарны драўляны крыж.

      Кажуць, што ў той самы вечар з’явілася Плачка ў сваім звычайным жалобным уборы, аздобіла магілу кветкамі і, укленчыўшы перад драўляным крыжам, тварыла малітвы, заліваючыся слязьмі. Людзі бачылі гэта, але ніхто не падышоў да яе. Паглядаючы здалёк, яны адмаўлялі «Вечны супакой» за душы памерлых.

      Яшчэ колькі вечароў Плачка малілася, пасыпала магілу кветкамі, але цяпер ужо яе ніхто не бачыў.

      На беразе Палаты, за пяць вёрст ад горада, дзе гэтая рэчка мінае бары і набліжаецца праз абшары палеткаў да Дзвіны, з’явілася тая самая Плачка. Бачылі яе на пагорку, таксама пры захадзе сонца. Яна сядала на камень, які там ляжаў у засені разложыстых бяроз. Бачылі яе сяляне, ідучы дахаты пасля дзённае працы, і падарожныя, што вярталіся з горада ўвечары.

      Разышлася вестка пра гэтую праяву. Людзі, так як і ўсюды, мелі розныя меркаванні, але большасць трымалася тае думкі, што там ляжаць закапаныя ў зямлі скарбы. У Полацку асобныя казалі, што ваколіцы іх горада і даўней вельмі часта былі тэатрам вайны. Засталася легенда, быццам частка нейкага войска, зразумеўшы трагічнасць свайго становішча і баючыся, каб іх багацце не дасталося непрыяцелю, закапала золата і срэбра, якое мела пры сабе, на тым пагорку ў зямлю, паклала наверх дзікі камень, каб пазначыць гэтае месца, калі хто з іх вернецца шукаць схаваны там скарб. Але прайшлі стагоддзі, той камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім — некрануты скарб.

      Чуючы такія размовы, некалькі юнакоў, што жылі ў Полацку, дамовіліся пайсці ноччу на той пагорак, дастаць скарб і падзяліць яго між сабою. Узялі патрэбны струмант і, калі ўсе спалі, выйшлі за горад.

      Ноч была пагодлівая. Неба — высыпанае зоркамі, і поўня плыла ўверсе. Ішлі яны ціха і асцярожна, каб ніхто не сустрэў іх на дарозе. Мінулі касцёл св. Ксаверыя, дзе спачываюць астанкі законнікаў і абывацеляў гэтага краю. Пачуўшы на Спасе голас вартаўнікоў, што пераклікаліся між сабою, яны звярнулі з дарогі і доўга ішлі берагам рэчкі аж да самага месца.

      Прыйшлі на пагорак, знайшлі дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верх пакрываў сухі мох. Акапалі яго вакол і супольна сапхнулі з таго месца. Глыбока ў зямлю ўбілі рапіру. Востры канец стукнуў так, нібы крануў нейкую металёвую рэч. Бясспрэчна тут скарб. Пачалі капаць

      Працавалі доўга. Часта паролі зямлю рапіраю. Скарб быў неглыбока, але пясок некалькі разоў засыпаў яму. Стаялі нейкі час здзіўленыя: ім здавалася, што зачараваны скарб хаваецца глыбей, не хоча давацца ім у рукі.

      Пакуль раіліся між сабою, што рабіць, з усходу паплылі чорныя хмары, закрылі ўсё неба і схавалі месяц. Зрабілася так цёмна, што яны адзін аднаго ледзь бачылі. Зацерусіў дожджык.

      — Лепей будзе капаць, калі пясок зробіцца мокры, — сказаў нехта з іх. — Дык давайце не марнаваць часу.

      І, падахвочваючы адзін аднаго, супольна пачалі капаць. Дол выкапалі доўгі і шырокі, такі, што ўжо лёгка не засыплецца. Рыдлёўкі скрабуць па жалезе.

      — Чыгун! Чыгун з грашыма! — закрычалі ўсе з вялікай радасцю, але, калі абкапалі вакол і хацелі падняць чугун з зямлі, — убачылі, што гэта цяжкі жалезны панцыр. Ён закрываў грудзі шкілета, ля якога ляжаў меч, а на чэрапе — жалезны шалом-шышак. Стаяць усе задуменныя, бачачы, якім дзіўным чынам падманула іх надзея.

      Тут адзін смялейшы кажа:

      — Давайце пакінем гэты шкілет, а зброю забяром сабе. Няхай хоць яна будзе памяткаю пра гэтую ноч.

      Толькі хацелі зрабіць гэтак — аж раптам маланка асвятліла пагорак, бачаць: стаіць Волат у жалезным панцыры, трымаючы ясны меч у іх над галовамі. Страх працяў сэрцы. Гром скалануў зямлю. І Волат такімі словамі азваўся:

      — Нікчэмныя людзі! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах Героя, які слаўна скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час падняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!

      Азваўся ў хмарах гром, і Волат знік.

      Страх апанаваў іх душы. Доўга стаялі нема, як начныя здані. У святле бліскавіцы зноў бачаць перад сабою засыпаны пяском дол, і здаецца, што на гэтым месцы зямля некранутая.

      Забылі на пагорку рапіру і свае рыдлёўкі; забылі, якая дарога вядзе да горада; беглі праз лугі і палеткі, і здавалася ім, што той Волат з мячом у руках доўга гнаўся за імі.

      Раніцаю вярнуліся ў горад. Знясіленыя, з бледнымі тварамі — нібы змучаныя цяжкаю хваробаю, са страхам успаміналі тое здарэнне. Расказвалі іншым, але не ўсе далі веры.

      Пасля гэтага Плачку бачылі ў розных мясцінах паблізу горада, на могілках, сярод якіх стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя. Там, заломваючы рукі, хадзіла яна ад аднае магілы да другое, часам, як слуп мураваны, моўчкі стаяла над астанкамі нябожчыкаў. Не адзін прахожы, мінаючы начной парою гэтыя мясціны, уцякаў спалоханы, нібы ад вампіра, і расказваў дзівы іншым.

      Бачылі яе і ля касцёла св. Казіміра. Сядзела яна перад дзвярыма гэтае святыні ад захаду аж да ўзыходу сонца; няраз плакала ў полі, седзячы на камені або на беразе Дзвіны. Але плач яе і нараканні не шмат каму краналі сэрца. Мала было такіх, што, узняўшы вочы ў неба, прасілі міласэрнасці Божае. Адны не зважалі, іншыя марылі пра скарбы.

      — На маю думку, — сказаў Завальня, — гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але прыкра, што людзі цяпер такія разумныя, што ўсё яны ўжо ведаюць, ні ў якія цуды не вераць, ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі цанілі некалі даражэй за жыццё.

      — Аднак няблага і скарбы шукаць, — сказаў я. — Багаты чалавек шмат дабра можа зрабіць.

      — Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Гэта праўда, — сказаў дзядзька. — Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і любіць тое, што ёсць дабро. А тады Бог зробіць яго годным уладаром зямных скарбаў, як таго старога чалавека, якому ў вакно кінулі асінае гняздо, і яно перамянілася на вачах яго ў залатыя пенязі. Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім дабро, а каб нічога не рабіць або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей?

      Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з гэтых паноў ніхто на яе не зважае.

      Недалёка ад возера Рабло, дзе цяпер на выспе стаіць мой дамок, калі пан Завальня ведае той край, пэўна, бачыў ён Пачаноўскую гару, яна там вышэйшая ад усіх іншых. Схілы яе пазарасталі лесам, а вяршыня роўная і гладкая.

      Пра гэтую гару між людзей розныя ходзяць апавяданні. Кажуць, што колісь там быў кляштар і касцёл, і хоць не відаць ніякіх знакаў, кажуць, быццам чуваць з-пад зямлі спевы і галасы званоў.

      Іншыя расказваюць, што на самай вяршыні гэтае гары, уначы, у сваім жалобным уборы, упаўшы на калені, рукі і вочы ўздымаючы да зорак, малілася са слязьмі Плачка. Перад ёю адкрылася неба, найяснейшае сонечнае святло разлілося ўверсе гэтак, што ў лясах і на палетках прачнуліся ўсе птушкі і звяры і ад слёз гэтае кабеты ўтварылася крыніца жывое вады.

      З таго часу чалавек, які першы раз наведае вяршыню Пачаноўскае гары, той, хто раней не чуў пра гэтае дзіва, сустрэне чысцюткую крыніцу, а недалёка ад яе стаіць журботная сіраціна ў сялянскім уборы. Хто нап’ецца з гэтае крыніцы і пазнае сірату, той будзе вешчуном, усе таямніцы убачыць ён з вяршыні гары.

      Узыходзілі людзі на гару. Былі і такія, што бачылі крыніцу і смутную сіраціну, аднак не зважалі на іх. Пачуўшы ад іншых пра тыя дзівы, узыходзілі другі раз, але ўжо не сустракалі нікога і не знаходзілі месца, дзе была тая крыніца.

      — Няўжо гэта тая самая Плачка, якую бачылі ў ваколіцах Полацка і ў іншых кутках Беларусі, прыходзіць у абліччы сялянскае сіраты?

      — Пэўна, тая самая, — сказаў сляпы Францішак, — але людзі шукаюць адно выгодаў, поўныя пыхі, яны не пазналі яе, хоць яна па ўсім краі з’яўляецца ў адным вобліку. Ніхто яе не зразумеў.

      — Ты, Янка, — чалавек вучоны. А ці разумееш, хто была тая Плачка?

      — Цуды можна разумець сэрцам, а не навукаю.

      Яшчэ нейкі час мы гаманілі пра гэтую Плачку, і заспяваў певень.

      — За поўнач ужо, — сказаў сляпы Францішак. — Дазволь, пане Завальня, падарожнаму адпачыць.

      — Дзякуй табе, — сказаў дзядзька, — цудоўнае апавяданне.

      Ён патушыў святло, і я пайшоў у свой пакой. Пра Плачку думаў, аж пакуль другі раз не праспяваў певень.

      СЫН БУРЫ


      Узыходзіла, прабіваючыся праз імглу, сонца. Моцны мароз замаляваў узорамі шыбы. Бярозавыя дровы гарэлі ў печы. Завальня і сляпы Францішак сядзелі ля агню, размаўляючы пра знаёмых суседзяў, пра багатых і бедных, пра жабракоў, што блукаюць па свеце, пра шчаслівае жыццё, аб прадказаннях і дзівах незразумелых.

      — Зімою, — сказаў Завальня, — заязджаюць да мяне людзі, і толькі ў гэтую пару маю выпадак, каб мне хто-небудзь расказаў, што дзеецца на свеце, а ўвесну і ўлетку жыву як пустэльнік. Бачу вакол ваду і цёмныя лясы, рог паляўнічага і стрэлы часам толькі даносяць вестку пра блізкіх гасцей. З лясоў выходзяць сюды на адпачынак з гуртамі лоўчых панічы гэтых краёў, але ад іх не пачуеш такога, што магло б заняць думку. Іх размовы толькі пра сабак і коней.

      — Я амаль усё сваё жыццё быў вандроўнікам, сустракаў людзей з рознымі думкамі і душамі. Будучы сляпым, не бачу іхніх твараў і постацяў. У маім уяўленні яны паўстаюць у выглядзе нейкіх страшных і дзіўных духаў. Размовы іх, снуючыся ў маёй галаве, нагадваюць, як рознымі шляхамі ў жыццёвым віры Ўсемагутнасць Божая вядзе нас да вечнасці, дзе мы чакаем адпачынку, уцехі і ўзнагароды.

      — Размовы людзей, якія пакутуюць, кранаюць сэрца і надоўга застаюцца ў памяці. І як сумна слухаць показкі тых паноў, якія, жывучы заўсёды сярод вясёлых забаваў, хочуць паказаць свой розум і іншых пацешыць!

      — Я сустракаў некалі ў вандроўках пілігрыма — не ведаю, хто ён быў і адкуль, — які называў сябе Сынам Буры. Ад яго я даведаўся, што ў жыцці паспытаў ён гора на ўсю поўніцу. Не выгнанне хвалявала і не давала спакою ягоным думкам, а іншае разуменне шчасця.

      — Ці расказваў ён пра сваё жыццё? Дзіўны нейкі чалавек! Называў сябе Сынам Буры.

      — Ён гаварыў са мною некалькі гадзін.

      — Мусіць, цікавая была размова?

      — Раскажу, як было. У дарозе напаткала мяне бура, лінуў дождж, падзьмуў моцны вецер. Мой павадыр, не бачачы нідзе блізка ані карчмы, ані вёскі, пагнаў каня да густога лесу, каб, прынамсі, схавацца ад залевы пад дрэвамі. Шумелі вакол лес і дождж з градам. Стрэлы перуноў наводзілі трывогу. Я, накрыўшы галаву плашчом, пад шатамі густое яліны прамаўляў малітвы.

      — Нехта стаіць недалёка ад нас, — сказаў мой спадарожнік. — Вандруе ён пеша, у бурцы, на плячах уздзеты на кій хатулёк, пазірае ў неба. Здаецца, грымоты і маланкі не палохаюць яго, а забаўляюць. Твар апалены сонцам і бледны, нібыта змучаны доўгім падарожжам.

      — Можа, які чужаземец вандруе праз Беларусь далей на поўнач.

      — З буркі льецца вада. Ён, здаецца, на гэта не зважае. Па дарозе ідзе ціхай ступою да нас.

      — Пэўна, гэта ў яго не першая бура, — сказаў я. — Прызвычаіўся да нягодаў.

      — Не першая для мяне гэтая бура, — кажа пілігрым, пачуўшы мае словы. — Прызвычаіўся да нягодаў. І яшчэ болей скажу: люблю слухаць шум ветру, люблю глядзець на хвалі чорных хмараў і на пажары перуноў.

      Падышоў да мяне і кажа:

      — Я бачыў справа ад гэтых лясоў, на гары, мураваны палац. Ці не ведаеш, чый ён?

      — Я не тутэйшы жыхар, а да таго ж — сляпы. Усё схаванае ад мяне.

      — Сляпы! Жывеш на свеце, не бачачы яго. Журботнае такое жыццё!

      — Што ж рабіць! Бог паслаў гэтае няшчасце. Трэба цярпліва трываць.

      — А ці ўмееш цярпліва трываць? О! Тады ты шчаслівы. Я такім быць не магу, хоць вандрую па ўсім свеце адзін, без павадыра.

      — І што ж пагнала цябе ў далёкае падарожжа?

      — Так мне наканавана. О! Калі б ты меў вочы, сляды пакут на маім твары шмат сказалі б табе пра маё жыццё.

      — З якіх ты ідзеш краёў і як завуць цябе?

      — З далёкіх краёў. А імя маё — Сын Буры.

      — Дзіўнае імя.

      — Няма тут нічога дзіўнага. У багатым палацы, абкружаным мноствам лёкаяў і лісліўцаў, жыве Сын Шчасця. Ён ясны і халодны, як кавалак золата, з пагардаю пазірае на сваіх падданых, якія мусяць, як пчолы, дзеля яго выгоды і ўцехі збіраць па лугах мёд. У хаце, пад саламянай страхою, жыве Сын Цярпення. Гэты ўсім сэрцам прывязаўся да таго кутка зямлі, які корміць яго і апранае. Я — Сын бацькоў, гнаных Бураю і Неспакоем. Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці мае, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакаю няшчасця на чале.

      — Ты падобны на тую Плачку, — сказаў я, — пра якую чуў, што нядаўна з’яўлялася ў розных мясцінах, заломваючы рукі і заліваючыся слязьмі.

      — Чуў ты, але не бачыў яе, бо не маеш вачэй.

      — І тыя, хто яе бачылі, не зразумелі і цяпер не ведаюць, хто яна і адкуль.

      — Не зразумелі, — сказаў ён, — бо ніхто пра яе не думаў. Ах! Як хутка прамінуў той час, калі я ведаў толькі палі і гаі, якія акружалі ўбогі дамок бацькоў маіх. Любіў самотна блукаць па гарах і лясах, кожнае дрэўца і красачка жывілі мае мары. О цудоўная багіня! Ты спаткала мяне ў той час у сукенцы вясёлкавых барваў і з кветкамі на галаве, з высокіх гор паказала ты мне далёкі свет, над якім пад аблокамі луналі арлы. З таго часу гэты цуд заняў усе мае думкі і жаданні. Вырашыў я высока, далёка ляцець і пабачыць, што дзеецца на свеце. Але ты знікла, і я блукаю па волі буры!

      — І хто ж была тая багіня, пра якую ты ўзгадаў цяпер?

      — Тая самая, якую ты называеш Плачкаю.

      — Дык ты яе ведаеш?

      — Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе тужлівы голас заўсёды гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, — шумныя хвалі не маглі заглушыць яе журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінаю марай. Вось ужо вецер разагнаў аблокі. Бывайце! Да захаду сонца я буду далёка.

      Ён пайшоў. Але яго дзіўнае імя і сумнае апавяданне так запалі ў мае думкі, што колькі начэй, уяўляючы дзіўны характар гэтага чалавека, не мог я заснуць.

      — І ніколі яго больш не сустракаў?

      — І не чуў нават, каб хто-небудзь успамінаў пра яго.

      — Нешчаслівае стварэнне! Будзе туляцца па ўсім свеце і ўсюды пакутаваць. Чаму ж ён не прыйдзе да Бога: заступніцтва Божае ўваскрашае надзеі. Госпад супакоіў бы ягоны смутак.


Продолжение "Бура" http://www.proza.ru/2014/12/10/797


Рецензии
— Давайце пакінем гэты шкілет, а зброю забяром сабе. Няхай хоць яна будзе памяткаю пра гэтую ноч.

Светлана Самородова   29.12.2014 23:24     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.