БУРА

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Плачка" http://www.proza.ru/2014/12/10/793
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/29/1288)




      Мой дзядзька са сляпым Францішкам доўга яшчэ гаманілі, успамінаючы розныя выпадкі са свайго жыцця. Надышоў вечар. У снежні дзень кароткі, пасля полудня прайшло не так шмат часу, а ўжо пацямнела ў пакоі, і нечакана пачуўся шум ветру за сцяною.

      — Надвор’е мяняецца, — сказаў дзядзька, гледзячы ў вакно. — Усё неба ў хмарах, не відаць аніводнае зоркі, і месяц цяпер позна ўзыходзіць; ноч будзе цёмная, вецер, здаецца, паўночны, бо мароз не адпускае.

      Бура мацнела ўсё больш і больш; вецер падняў снег у паветра; беспрасветная начная цемра пакрыла ўсю зямлю; імгненна намяло высокія гурбы перад дзвярыма і вокнамі.

      — Цяпер людзі вяртаюцца з Полацкага кірмашу, — сказаў дзядзька. — На возеры ўжо, пэўна, замяло дарогу.

      Кажучы гэта, ён паставіў свечку на падваконне.

      Тут на падворку пачалі брахаць сабакі. Дзядзька надзеў футра і пайшоў паслухаць галасы падарожных.

      Вярнуўся хутка.

      — Трэба нешта яшчэ прыдумаць, бо бура падняла ў паветра столькі снегу, што агонь у вакне ледзь відзён.

      Сказаўшы гэта, ён запаліў у ліхтары свечку і ўдвух з парабкам моцна прывязаў яго да высокае жэрдкі пры самай браме.

      Зайшоўшы ў пакой, сказаў Францішку:

      — Маё жытло — гэта порт на беразе мора; мушу кожную буру такім чынам ратаваць ад няшчасця падарожных.

      Калі Завальня сказаў гэта, пані Мальгрэта, якая была ў гэтым самым пакоі, не магла больш стрымліваць свой даўні гнеў на гэтых гасцей, што Бог ведае адкуль збіраюцца на начлег.

      — Збярэцца тут цэлы кірмаш, — сказала яна, наракаючы на выдаткі і начную мітрэнгу, — ніколі спакойна не заснеш. Усё здароўе страціла.

      — Ты, васпані, гневаешся, бо не разумееш нічога, — азваўся дзядзька. — А можа, пан Марагоўскі з дзецьмі ў дарозе? Такая бура! Барані Божа, калі якое няшчасце.

      — Я сама чула: Марагоўскі абяцаў прыехаць на самую куццю, а куцця яшчэ заўтра. Цяпер ён начуе недалёка ад Полацка.

      — Гэта, васпані, не твой інтэрас. Я пра гэта лепш ведаю.

      — Не мой інтэрас? А хто мусіць думаць пра хлеб і яду, каб было чым накарміць гурт гэтых басякоў, байкі якіх ты так любіш слухаць. Хутка і самім не будзе чаго есці.

      — Ты, васпані, не маеш ані веры, ані любові да бліжняга, — сказаў дзядзька з гневам. — Шкадуеш хлеба людзям, забываючы пра тое, што ўсё ад Бога, і за дарункі зямныя мы набываем спакой сумлення і надзею на добрую будучыню. Анічога не забяром на той свет, і цяжка грашыць хцівы, што не верыць ва Ўсемагутнасць Божую.

      Пані Мальгрэта выйшла з пакоя. Мой дзядзька загаварыў да сляпога Францішка:

      — Чуеш, пане Францішак, як часам людзі шкадуюць чужога, а сваё, пэўна, даражэйшае ім за жыццё; ім здаецца, што яны ніколі не памруць; на цэлую вечнасць хочуць забяспечыць сябе на гэтай зямлі. Не так думалі мае бацькі (вечны ім спакой!) Памятаю, калі было мне блізу васемнаццаці гадоў, мой бацька купіў у Полацку сукна (локаць каштаваў у той час пяць злотых), загадаў пашыць мне капот, даў пояс падперазацца і сказаў такія словы: «Ідзі ў свет, шукай сабе долі, твае продкі не пакінулі нам маёнтка, і мы табе не даём яго ў спадчыну. Бласлаўляю цябе, зарабляй на кавалак хлеба і будзь пачцівы: Усемагутнасць

      Божая цябе не пакіне; любі бліжніх і жыві ў згодзе з людзьмі. А як непрыемнасці цябе спаткаюць у жыцці — трывай. Будзеш служыць — будзь верны і працавіты. Памятай заўсёды такую прыказку: як пасцелеш — так і выспішся. Калі літасцівы Бог дасць табе добры лёс і ўладу над сваімі зямнымі скарбамі — не шкадуй бліжнім, памятаючы, што міласэрныя атрымаюць міласэрнасць і будуць спадчыннікамі каралеўства нябеснага».

      Пасля, убачыўшы слёзы на вачах мае маці, сказаў:

      — Ты не плач, васпані, у маладосці папакутуе — і будзе шчаслівы.

      Прыняўшы блаславенне і маючы заўсёды ў памяці бацькаў наказ, з хатульком за плячыма і з кіем у руках пакінуў я родны дом.

      Найперш выправіўся да камісара князёў Агінскіх прасіць пратэкцыі. Той мяне прыняў на службу, загадаў практыкавацца ў пісанні і вучыцца рэгістратуры, і я ў хуткім часе зразумеў увесь гэты парадак; сваёй пільнасцю стараўся заўсёды заслужыць добрую рэпутацыю. З цікавасцю слухаў я размовы пра гаспадарку і, калі ўжо адчуў, што і гэтым магу заняцца, прасіў пана камісара, каб дапамог мне атрымаць месца аканома ў якім-небудзь князевым фальварку.

      — Ты малады, — сказаў камісар. — Каб гаспадарыць у маёнтку — мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй — прадбачыць перамену надвор’я, калі прыйдзе час сенакосу. О! Тут гаспадару трэба паказаць розум; каб сена не згніло на лузе.

      — Дабрадзею, — кажу я, — кожны ж гаспадар некалі вучыўся на практыцы, а калі не хопіць мне прадбачлівасці ў якіх цяжкіх справах — параюся з людзьмі старэйшымі і спрактыкаванымі.

      — Добра, пане Завальня, — сказаў камісар. — Пагавару пра гэта з князем. Толькі глядзі, каб не падвёў мяне.

      — З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.

      Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць талераў гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля раз’ездаў па вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.

      Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.

      Аднаго разу, калі ўжо сонца хілілася да захаду, я быў на лузе, дзе сяляне жвава зграбалі сена. Я хацеў, каб нічога не засталося на заўтра, бо над лесам падымалася хмара і гром абзываўся ўдалечыні. У гэты час князь конна вяртаўся з палявання праз маёнтак Магільна і цешыўся, бачачы ўсюды на палетках добры ўраджай. Ён пад’ехаў да работнікаў, і я пачуў, што ён кліча мяне да сябе:

      — Пане Завальня! Пане Завальня! Хадзі, васпане, да мяне!

      І я, як мог хутка, падбег да яго.

      — Вельмі мяне ўсё цешыць, — сказаў князь. — Ты — дбайны гаспадар; міла глянуць: у гэтым маёнтку ўраджай нашмат лепшы, чым у іншых.

      — Ласка Божая, яснавяльможны княжа, — сказаў я, — лета цёплае, і дожджык часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.

      — Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць. Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.

      Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.

      Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на гэтым свеце.

      Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.

      Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе і цяпер жыву.

      Калі так апавядаў мой дзядзька пра сваё жыццё, на падворку забрахалі сабакі, нехта моцна пастукаўся ў браму і закрычаў:

      — Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.

      Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?

      — Пан Завальня, — адказвае парабак.

      Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:

      — Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе такая бура — аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае нам Усемагутнасць Божая.

      Сказаўшы гэта, ён пайшоў у чалядны пакой.

      Прайшло паўгадзіны. Дзядзька вяртаецца, размаўляючы з падарожным у старым сурдуце, што некалі быў пашыты з добрага зялёнага сукна, валасы коратка падстрыжаныя, густыя бакенбарды і вусы; выраз яго твару і манеры казалі, што ён не просты селянін, а доўга служыў пры двары.

      — І што за прычына, — сказаў дзядзька, — такога далёкага падарожжа? Гэта ж не жарт — наведаць усе куткі Інфлянтаў і Курляндыі!

      — Пан ведае гэтую простую прыказку, — сказаў падарожны, — за дурной галавой і нагам не ўпакой. Вось, уласна, накшталт гэтага і маё цяперашняе падарожжа. Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што добра разумелі гэтую справу, кажучы такія словы:

      «Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і сваіх падданых навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну. Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца мець больш збожжа ў запасе».

      Гэтыя парады не мелі аніякага выніку. Пан заклаў у банку большую частку маёнтка, накупляў машын, выдаткоўваючы на гэта велізарныя грошы, прывёз іншаземца-фабрыканта, частку падданых паслаў у сталіцу вучыцца гэтаму рамяству, а іншых — зарабляць грошы на ўтрыманне фабрыкі. Тым часам у гаспадарцы — найвялікшыя страты; селянін прыйшоў да жахлівае нэндзы. Я сам чуў у полі гэтую песню, поўную роспачы:

Ня будзім жыці, Пойдзім блудзіці. З лецця худые, Паны ліхіе Кароў пабралі, У двор загналі. Нет хлеба, солі, Нет шчасьця, долі. Поля пусьцеіць — І не чым сеіць. Ня будзім жыці. Пойдзім блудзіці.

      І сапраўды, за адзін толькі год амаль трэць падданых пакінулі свае хаты і пайшлі блукаць па свеце.

      Убачыў пан сваю памылку, бо і фабрыка яго, не будучы яшчэ ўпарадкаванай як трэба, пачала ўжо занепадаць; бракавала грошай на воўну, на прывоз замежных фарбаў, на выплату пенсіі фабрыканту — зніклі ўсе надзеі.

      Дайшла вестка ад людзей, якія ездзілі з таварамі ў Рыгу, што яны сустракалі там сялян нашае воласці. Дык пан неадкладна паслаў мяне, каб я з дапамогаю мясцовых уладаў вярнуў тых людзей на ранейшае месца жыхарства.


Продолжение "Арганисты з Расонау" http://www.proza.ru/2014/12/10/801


Рецензии
Калі літасцівы Бог дасць табе добры лёс і ўладу над сваімі зямнымі скарбамі — не шкадуй бліжнім, памятаючы, што міласэрныя атрымаюць міласэрнасць і будуць спадчыннікамі каралеўства нябеснага

Светлана Самородова   29.12.2014 23:22     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.