Арганiсты з Расонау

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Бура" http://www.proza.ru/2014/12/10/797
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2014/12/30/628)




АРГАНІСТЫ З РАСОНАЎ


      У гэты момант нечакана адчыняюцца дзверы — заходзіць увесь абсыпаны снегам арганісты з Расонаў; ледзь ступіў на парог — гучна прамовіў:

      — Laudetur Jezus Chrіstus. Вясёлых святаў! — і кладзе стус аплатак розных колераў на стол.

      — А! Дзякуй, вялікі дзякуй! — сказаў дзядзька. — Чакаў пана Андрэя і ўжо думаць пачаў, што сёлета ён, можа, забыў, дзе жыве Завальня.

      — Як можна забыць пра пана Завальню, асабліва ў такую лютую буру, бачачы зыркі ліхтар на доме, добры і ветлы гаспадар якога клапоціцца пра жыццё падарожных.

      — У той толькі час і госці ў мяне, калі пакрые Нешчарду лёдам, але за гэта вясной і летам жыву, нібы пустэльнік які, акружаны вадою і лесам.

      Арганісты звяртаецца да сляпога Францішка:

      — О, даўно не бачыліся! Грамадзянін усяго свету! А пра Расоны ўжо зусім забыў. У нас і цяпер успамінаюць, як некалі ў час Юбілею спяваў ты на хорах. Хто з ксёнжкі, а пан Францішак — усе песні на памяць. Ну калі ж ты нас наведаеш?

      — Жыву я цяпер вельмі далёка.

      — Але ж ты жывеш там, дзе сустракаеш ласкавых і сапраўдных сяброў, а такіх у цябе шмат па ўсёй Беларусі.

      — Цяпер з ласкі пана Б. маю свой дамок на выспе пасярод возера Рабло. Там маю намер пакласці канец свайму тулянню (пакуль мне пан Бог дазволіць жыць).

      — Ведаю пана Б., добры ён чалавек. Маёнтак яго ля самага возера Рабло ў Рабшчызне. Я бываў там некалі, а адгэтуль будзе не менш за шэсцьдзесят вёрст.

      Але як мяне трасе, увесь замёрз: такі моцны вецер і мароз, што нельга вытрымаць.

      — Вып’ем гарэлкі, пане Андрэй, — сказаў дзядзька, — а там вячэру цёплую прынясуць на стол — то і сагрэешся.

      — А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы — грэе.

      Пасля гарэлкі і закускі павесялелы арганісты сказаў:

      — Пан Завальня сёння мае гасцей, мае і новыя апавяданні.

      — Кожны чалавек нешта адрознае ад іншых сустракае ў сваім жыцці, дык кожны адрознае ад іншых і расказвае.

      — І Янка — філосаф езуіцкае акадэміі — мусіў ужо расказаць шмат гісторый. Чуў я, што калі ён быў яшчэ ў школах, дык вельмі любіў чытаць кніжкі.

      — Яго гісторыі вучоныя; расказваў мне пра нейкія паганскія народы, што жылі Бог ведае ў якія даўнія часы; імёны іх такія цяжкія, што на другі дзень ужо не памятаю.

      — І я хадзіў да езуітаў у школы, альвар і цяпер ведаю на памяць, перакладаў прамовы Цыцэрона, і з «De arte poetіca». Гарацыя яшчэ памятаю гэты верш: «Оmne tulіt punctum quі mіscuіt utіle dulcі». Але калі я ўбачыў, што гэта ўсё vanіtas vanіtatіs, не захацеў паглыбляцца ў далейшыя мудрасці; навошта філасофстваваць, лепш верыць сэрцам. Дык пачаў вучыцца музыцы, і цяпер, дзякуй Богу, маю месца пры касцёле і задаволены.

      — І ўсё ж цяпер чарга пана Андрэя расказаць што-небудзь.

      — А ці не будзе гэта ўжо позна? Колькі часу?

      — Не маю гадзінніка, — сказаў дзядзька, — але ведаю, што яшчэ далёка да поўначы.

      — У мяне дома ёсць гадзіннік — памятка ад ксяндза-пракуратара; калі б’е, — з’яўляецца зязюля і кукуе столькі разоў, якую выбівае гадзіну. Адзін падарожны начаваў ў мяне і, пачуўшы голас гадзінніка і зязюлін спеў, расказаў мне апавяданне пра роспачнага маладога чалавека і вогненных духаў.


Продолжение "Вогненныя духи" http://www.proza.ru/2014/12/10/808
 


Рецензии
— А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы — грэе.

Светлана Самородова   30.12.2014 20:15     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.