Вогненныя духi

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "АРГАНІСТЫ З РАСОНАЎ" http://www.proza.ru/2014/12/10/801
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/02/992)





ВОГНЕННЫЯ ДУХІ

      Мы селі ля арганістага; у пакоі ўсталявалася цішыня, толькі шум буры чуваць за сцяною. Арганісты пачаў сваё апавяданне так:

      — Адзін малады чалавек Альберт (добра выхаваны і з прыгожым абліччам) атрымаў у спадчыну ад бацькоў некалькі тысяч талераў. Не задумваўся, што грошы лёгка страціць, а набыць цяжка; не ашчаджаў, што меў, любіў гульні ды забавы і зразумеў, нарэшце, што ўжо яго скарбніца як цела без душы, і сябры зніклі, якіх раней было шмат.

      Мальвіна, яго каханая, нарадзілася і вырасла ў горадзе, ведала свет і згаджалася з агульнай думкаю кабет, што сэрца можна аддаць таму, да каго мімаволі цягнецца душа. Але руку — толькі таму, хто золатам і пашанаю абяцае жыццёвы дабрабыт.

      Мальвіна кахала Альберта, любіла з ім доўга размаўляць. За такімі прыемнымі размовамі хутка ляцеў вечар, і гадзіннік часта біў на сцяне, лічачы гадзіны, а шэрая зязюля сумна кукавала з адчыненых дзверцаў.

      — Журботны зязюлін голас наводзіць на мяне невясёлыя думкі, — сказаў Альберт. — Здаецца, ён гаворыць сэрцу, што і вясна мае сваю горыч, хутка час пралятае, хутка міне маладосць, чалавек на схіле свайго жыцця на ўсё глядзіць холадна. Мальвіна! Давай карыстацца часам, пакуль яшчэ маладое пачуццё робіць нам забавы прыемнымі.

      — Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы, — сказала Мальвіна, — калі чалавек на ведае беднасці і мае чым задаволіць усе свае жаданні.

      — Ці ж багацце — найбольшае шчасце?

      — Без гэтага і каханне стыне.

      — Ты любіш, як бачу, грошы? — сказаў Альберт.

      — Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна.

      Пачуўшы гэтыя словы, Альберт доўга сядзеў задуманы, нарэшце ўзяў шапку і хоча выйсці.

      — Што ж сёння так спяшаешся дадому? — спыталася Мальвіна.

      — Я чалавек не багаты, трэба думаць, як жыць на свеце.

      — Трэба было раней гэтым заняцца.

      — Нездарма голас зязюлі наводзіў на мяне смутак; яна мне нешта напрарочыла.

      Сказаўшы гэта, ён імгненна выйшаў.

      Вярнуўшыся дадому, Альберт кінуўся на ложак, але не мог заснуць, — свет паўставаў у ягоных марах зусім інакшы, чым раней. Зразумеў нарэшце, што сапраўдная прыхільнасць і сапраўднае каханне рэдка бываюць на свеце. Дзе ж людскія сэрцы? Розумы толькі пра тое дбаюць, каб апярэдзіць адзін аднаго, гонячыся за марнаю славай, жыць у раскошы, і, ашукваючы блізкіх і саміх сябе, балбочуць пра веру і пра любоў да бліжняга.

      Гэтыя думкі страшна абурылі яго. Знелюбіў усіх знаёмцаў і ранейшых сяброў, пагарджаў каханнем, зайздрасць і злосць напоўнілі яго душу.

      Назаўтра Альберт, захоплены страшнаю думкаю, хадзіў самотны па полі. Нарэшце трапіў у густы лес; там, блукаючы ў ценю высокіх ялін, ад цяжкага смутку прыйшоў да роспачы.

      — О! Калі ёсць злы дух, — сказаў сам сабе, — што абагачае людзей, які б дапамог мне хоць на кароткі час, — я пакланюся яму цяпер.

      Ледзь ён гэта сказаў — бачыць перад сабою: нехта сядзіць пад дрэвам на трухлявым пні, велізарнага росту, нос доўгі, востры, твар шчуплы, румяны, барада і валасы на галаве чырвонага колеру, вопратка хоць і злінялая, аднак адсвечвала яшчэ чырвонаю фарбаю; з трывогаю гледзячы на яго, Альберт застыў у маўчанні.

      — Убачыў твой смутак, — сказаў незнаёмы, — і гатовы табе дапамагчы. Чаго хочаш?

      — Лепшага жыцця. Пакутую ад нэндзы, і сябры мне здрадзілі.

      — Пакланіся цемры, і дух агню будзе табе служыць, верне табе золата і сяброў; будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры згубіць цябе.

      — Што трэба зрабіць, каб дух служыў мне?

      — Слухай і адразу выконвай мае парады. Здабудзь кроплю крыві са свайго пальца. (Альберт здабывае кроў з пальца.) Яна адна, адна кропля, — сказаў незнаёмы, — напоўніць гадзюку ядам. Дык ідзі цяпер з гэтаю крывёю; выходзячы з лесу, узыдзеш на гару. Там поўзае гадзюка, якая хацела ўкусіць дзіця, але, перапалоханая крыкам маці, страціла яд і цяпер, выгнаная іншымі гадамі блукае адна. Пазнаеш яе лёгка: жоўты хвост значыць адсутнасць сіл, дай лізнуць ёй кроплю твае крыві: умомант займее яд і сіл набярэцца, а потым ідзі за ёй, яна дасць табе сваю мудрасць і багацце, убачыш духа ў кожнай іскрынцы агню, а слугою тваім будзе Нікітрон, на кожны твой кліч ён народзіцца з полымя.

Сказаўшы гэта, незнаёмы ўстаў, пайшоў у гушчар лесу і знік з вачэй. Праз дзікія бары ідзе Альберт у той бок, у які яму паказаў незнаёмец; выйшаў з-пад лясных шатаў, калі быў самы поўдзень; узышоў на вяршыню пясчанае гары, сустракае велізарную гадзюку з жоўтым хвастом, якая, убачыўшы чалавека, не мела сілы ўцякаць, а толькі, падняўшы галаву, пазірала вогненнымі вачыма. Альберт на бярозавым лістку паднёс ёй кроплю свае крыві; гадзюка праглынула, і адразу пачала знікаць жоўтая масць на ёй, а праз паўгадзіны і зусім яна акрыяла.

      Вылечаная гадзюка пакінула гару, паўзе па хмызах і верасе, усё далей і далей паглыбляючыся ў лес, і Альберт ідзе за ёю хуткай ступою.

      Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на сценах — у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў яго сесці за стол, есці і піць — бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры з’явілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце з аднаго боку выбіта полымя, а з другога — карона і выява гадзюкі.

      Калі задумліва пазіраў на дукат, зноў пачуў голас: «Пакуль маеш яго, будзеш мець золата столькі, колькі захочаш».

      Гадзюка знікла, і ён адзін застаўся ў гасцёўні; успомніў параду незнаёмага, якога сустрэў у лесе, і, гледзячы на язычок свечкі, што стаяла на стале, паклікаў:

      — Нікітрон!

      Полымя свечкі ўсё вышэй і вышэй падымаецца ўгору, і тут з яго ўзнікае высокая лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо стаў перад ім чалавек у пунсовай вопратцы.

      — Якія ў пана будуць загады? — спытаўся дух.

      — Хачу імгненна вярнуцца дахаты.

      Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім пакоі.

      Вярнуўшыся дадому, ён выняў з кішэні залаты пенязь, які атрымаў ад гадзюкі, і, кладучы яе ў шкатулку, падумаў сам сабе: «Эх, каб была яна поўная золата!» — і ў міг вока шкатулка напоўнілася дукатамі. Цешыцца ён, гледзячы на скарб гэткі і не верыць, што бачыць тое наяве; доўга стаяў, не адводзячы вачэй ад золата, баючыся, каб не знікла яно.

      Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты — шыкоўныя, лёкаі ў дарагіх ліўрэях, — быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.

      Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў — не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер — толькі адна пыха.

      Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён зазнаў няшчасця і роспачы.

      Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое — успомніў Мальвіну. Памяць ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло жаданне абавязкова яе ўбачыць.

      Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:

      — О, не! — кажа. — Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна сама адразу з’явіцца ў маім доме.

      Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:

      — Нікітрон!

      Бярозавыя дровы стрэлілі, быццам з пісталета: вугельчык вылятае з печы, круціцца па падлозе, расце ўсё больш і больш, уздымаецца ўгору, ператвараецца ў чалавечую постаць, і вось стаіць перад ім вялізны мурын.

      — Слухаю загад, — сказаў ён, гледзячы на Альберта вогненным позіркам.

      — Не хачу бачыць цябе ў такім чорным і страшным абліччы, — сказаў Альберт. — Вярніся ў агонь і, выкупаўшыся ў белым полымі, з’явіся да мяне з белым тварам, з лагоднейшымі вачыма і ў пекным вобліку маладога чалавека.

      Мурын, як клуб дыму, кінуўся ў печ; праз колькі хвілін адтуль вылецеў язык полымя, з якога ўмомант утварыўся юнак і, стоячы, чакаў загаду.

      — Пакуль я напішу ліст да Мальвіны, ты павінен прынесці мне сюды дыяментавыя завушніцы, дыяментавыя бранзалеткі і ўбор на галаву з рубінаў і дыяментаў.

      Дух, як бліскавіца, вылецеў у вакно, і яшчэ Альберт не дапісаў ліст, а ўжо ўсе тыя каштоўнасці ляжалі на стале і ля яго стаяў дух у абліччы юнака. Альберт, заклеіўшы ліст, загадаў аддаць яго Мальвіне разам з каштоўнасцямі; паслаў коні і карэту сваю, каб тэрмінова прыехала.

      Самотны, шпацыраваў па пакоі; думаў, з якой радасцю яна прыме яго дарункі, з якім пачуццём прывітае яго пасля такога доўгага расстання; бо ведаў, што кабета, бачачы маладога чалавека шчаслівым, у багатым уборы, у пышных салонах, ставіць яго вышэй за іншых людзей; у гэты час ён Бог у яе вачах.

      Мальвіна сядзела ў сваім пакоі з суседкаю, што прыйшла ў гэты вечар, і размаўляла з ёю пра розныя дзіўныя здарэнні. Нарэшце пачалі абгаворваць Альберта: адкуль здабыў ён такія вялікія грошы, бо пра гэта разыходзіліся розныя чуткі. Адны казалі, што ён недзе далёка ездзіў і выйграў мільёны ў карты, другія — што нібыта выкапаў багаты скарб з зямлі, трэція — што навучыўся недзе чарнакніжніцтву і стаў багаты, злыгаўшыся са злым духам. Але ўсё гэта былі толькі здагадкі.

      Мальвіна расказвала сваёй сяброўцы, як раней Альберт часта наведваў яе, нязменна паўтараючы пра сваё шчырае каханне; успамінала і той апошні вечар, калі холадна даводзіла яму, што без грошай каханне стыне, а ён, разгневаны, імгненна выйшаў з пакоя і больш не вярнуўся.

      У гэты момант яны пачулі, як нейкі шыкоўны экіпаж спыніўся ля ганка. Падхапіліся абедзве: бачаць — карэта, а ззаду яе — лёкай. З’яўляецца незнаёмы малады чалавек, аддае ліст і багатыя падарункі. Мальвіна глянула ў вочы пасланцу, і нейкая трывога нарадзілася ў яе сэрцы. Хацела сказаць яму колькі слоў, але не паспела і азірнуцца, — сталася нейкім чынам, што яго ўжо не было ў пакоі.

      Яна здзіўлена глядзіць на бляск дарагіх дыяментаў; такога вялікага багацця і ў сне не бачыла ніколі; сарвала пячатку з ліста, глядзіць на Альбертаў подпіс; дрыжучы, дачытала ліст да канца і стаіць уражаная: не ведае, што рабіць.

      — Альберт прыслаў мне прэзенты, — сказала яна сваёй сяброўцы. — Піша, каб я ў гэтай карэце тэрмінова прыехала да яго. Не ведаю, што мне рабіць.

      — Без сумненняў трэба неадкладна ехаць.

      — Ці ж не страчу яго павагі за такі смелы ўчынак?

      — Ён не думаў пра гэта, пасылаючы да цябе коней і запрашаючы ў гэты самы вечар прыехаць.

      — Як ён перамяніўся! Раней, калі наведваў мяне, дык кожнае слова яго лучылася з нейкай трывогаю, а цяпер такі саманадзейны!

      — Прыслаў багатыя падарункі, — мае права быць саманадзейным. Аднак у вялікім свеце не лічыцца ганьбаю, калі хто добра пакарыстаецца багаццем якога пана.

      — Дык я еду.

      — І трэба спяшацца. Бо ад нецярплівасці зменіцца яго настрой, і сустрэне не добрым вокам.

      Мальвіна паспешіва пачала апранацца; бярэ найлепшую сваю сукенку, сяброўка ўбірае ёй галаву, стараецца, каб усё ёй пасавала. Надзела на сябе і дыяменты, што прыслаў Альберт, сядае ў карэту; паўгадзіны ехалі — і ўжо на месцы.

      У вітальні сустракае яе Альберт, запрашае ў гасцёўню, дзе ўсё зроблена з густам і багацце ззяе паўсюль. Дзівіцца Мальвіна з такое нечаканае перамены яго долі. Альберт у яе вачах зрабіўся зусім іншы. Яго постаць і твар набылі дзіўную прыгажосць, у яго размовах Мальвіна заўважыла незвычайны розум і дасціпнасць.

      Імгненна дарагая садавіна і размаітыя сочывы з’явіліся на сталах; просіць яе выбіраць сабе пад густ і ў час гэтае пачосткі расказвае, як у яго прачнулася жаданне абавязкова сёння яе ўбачыць.

      Кожнае слова каханага было ёй прысудам.

      — Ці ўспамінала ты хоць калі пра мяне, — спытаўся Альберт, — з тае пары, як апошні раз бачыліся з табою?

      — Як жа не ўспамінаць, калі пра тваё шчасце ва ўсіх дамах штодня гавораць?

      — А што гавораць?

      — Рознае, але нічога пэўнага.

      — Няхай людзі мучаць сабе галовы; я ж скажу толькі, што забагацеў, не крыўдзячы блізкіх.

      — І я не чула, каб каго-небудзь Альберт пакрыўдзіў.

      Застаўшыся ў пакоі адны, яны размаўлялі, прыпамінаючы ўсё тое, што было між імі раней. Гадзіннік на сцяне зайграў мелодыю, і ўжо прабіла поўнач.

      — Ці хочаш, Мальвіна, — сказаў Альберт, — убачыць мой хатні тэатр?

      — Хто ж будзе іграць у тэатры, калі нас толькі двое?

      — Маю актораў, зачыненых у шкатулцы, ураз усе з’явяцца перад табою.

      — Ці не будзе толькі чаго страшнага? Злітуйся, не палохай мяне, цяпер якраз поўнач.

      — Думаеш, я такі жорсткі, што магу жартаваць з твае палахлівасці? Не будзе аніякага страху, толькі пабачыш цуды, табе незразумелыя.

      Сказаўшы гэтак, ён узяў агатавы крэмень, крэсіва і, стоячы ля яе, пачынае высякаць агонь. Нечуваныя цуды бачыць Мальвіна: іскрынкі, што падаюць на падлогу, ператвараюцца ў язычкі полымя, а з гэтых язычкоў нараджаюцца дзеці, на іх галовах гарэлі кучары валасоў — як бавоўна ці лён, што ўзяліся агнём; вочы, як іскрынкі, мігалі чырвоным святлом, і празрыстыя матылёвыя крылцы былі ў іх на плячах. Адны лёталі пад столлю, вырабляючы самыя неверагодныя фігуры, другія сваволілі на сталах, канапах, на падлозе, каля люстраў і карцін — перакідваліся ў зверанятаў, птушак, жамяру.

      — Ах! Досыць, досыць ужо! — закрычала Мальвіна. — Не магу больш глядзець на гэтыя жахі. Нейкі страх мяне забірае.

      — Палахлівае стварэнне! Ці ж іх выгляд мае што-небудзь страшнае? Гэта ж купідоны, якіх ты можа, няраз бачыла на карцінах пекнае Венеры.

      — Ах, Альберт! Полымя ў іх на галовах і гэтыя жахлівыя пагляды!.. Кроў мая замірае.

      Альберт махнуў рукою, і ўсё знікла. Быццам было гэта толькі ў сне. Перапалоханая Мальвіна доўга яшчэ не магла супакоіцца. Ён смяяўся з яе палахлівасці. Калі мінуўся страх і скончыліся жарты, яны бавілі час, пераходзячы ў размовах ад аднаго да другога, аж пакуль узышла не небе дзянніца.

      Мальвіна, вярнуўшыся дадому, не магла забыць тыя цуды; расказала пад сакрэтам сваёй сяброўцы, і, размаўляючы між сабою пра гэта, вырашылі, што ў вобліку тых дзяцей з’яўляліся злыя духі. Альберт — чарнакніжнік, і праз гэта зрабіўся багаты.

      Такі сакрэт, пераходзячы ад сяброўкі да сяброўкі, у хуткім часе ўжо быў вядомы ў гарадах і вёсках; усюды са страхам пра гэта гаварылі.

      Старыя нагадвалі маладым і недасведчаным; каб пазбягалі Альберта і сяброўства з ім. У яго доме непрыстойныя забавы, размовы і віно, што пілі без меры, нішчылі маральныя і цялесныя сілы ўсіх тых, хто збіраўся там бавіць час у ганебных уцехах.

      Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.

      Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы. Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады сказаў:

      — Ці праўда, Альберт, што ты — чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя?

      Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.

      — Я ведаю, — сказаў Альберт, — хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. — Глянуў на полымя свечкі і паклікаў: — Нікітрон!

      Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.

      — Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.

      Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:

      — Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех перад гуртам тваіх бяседнікаў?

      — Не будзеш адна.

      Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа:

      — Вось табе таварышкі.

      І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы палатно, сышлі са сцяны.

      Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.

      — Нікітрон! — паклікаў Альберт. З’явіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.

      Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт — страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.

      Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго страшныя праклёны.

      Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў. Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.

      Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям.

      Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.

      Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце.

      Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.

      Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.

      — Чаму і цяпер ты незадаволены? — спытаўся чырвоны чалавек.

      — Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.

      — Можа, Мальвіна табе здрадзіла?

      — Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.

      — Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.

      — Але спакою купіць не магу.

      — Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.

      — Але і ён спакою не можа прынесці.

      — Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.

      — Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.

      — Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш чым праб’е на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных агнёў — прасі іх да сябе на забавы.

      Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.

      Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт аплытых свечак.

      — Халодныя духі! — сказаў Альберт. — Сёння вас запрашаю да сябе, хачу вашай дапамогі, хачу быць падобны да вас і пагарджаць светам.

      Калі сказаў гэта, дык з’явіліся перад ім белыя прывіды волатаў у дзіўных і страшных абліччах. Яны кланяліся, прысягаючы, што ахвотна выканаюць яго жаданне.

      У доме ў Альберта шум і вясёлыя размовы чуваць у асвечаных салонах. Вярнуўся бледны гаспадар, неспакой на яго твары.

      — Што з табою дзеецца, Альберт? Чаму ты такі смутны? Які неспакой хвалюе твае думкі? Пра што турбуешся? Сто гадоў раскідваючы скарбы, што дала табе фартуна, не зможаш іх усё адно страціць. — Гаворачы гэта, віталі яго адзін за адным госці.

      — Хто з нас будзе так доўга жыць?! — сказаў Альберт. — Не затрымае чалавек захаду сонца, каб дзень падоўжыць, і весялосць не прыкліча, калі яна прэч уцякае.

      — Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём, — сказаў адзін з гасцей. — Выпі з намі — змрочныя думкі прэч уцякуць.

      — Vіnum cor laetіfіcat! — сказаў другі. — Што будзе пасля, навошта думаць цяпер.

Нясі віна мне жыва, Хай пройдзе дзень шчасліва; Душой клянуся, дружа, Што мушу ўпіцца дужа!

      — Чакаю запрошаных гасцей, — сказаў Альберт. — Яны ўпершыню наведаюць мой дом.

      — Адкуль і якіх гасцей чакаеш?

      — Убачыце і будзеце ведаць.

      — Дык старайся іх прыняць весялей, чым нас. Вып’ем за здароўе гаспадара.

      Пеніцца віно ў келіхах; грымяць віваты:

      — Няхай жыве Альберт!

      Падхмеленыя моцнымі трункамі, яны пахваляліся адзін перад адным: хто больш выпіць можа; шум і гамана вясёлых гасцей адзываецца ва ўсіх пакоях. Сам гаспадар, захоплены вясёлай грамадою, асушыў не адзін келіх моцнага віна. Але яно слаба падзейнічала на яго; хвіліннае забыццё дало спачыць думкам, і зноў вярнуўся смутак мучыць ягоную душу.

      Поўнач. На далёкай вежы б’е дванаццаць. Прабіў гадзіннік у кутку гасцёўні і ледзь дайграў мелодыю — нечакана патухлі васковыя свечкі. Адна толькі лямпа свяціла бледна, нібы пакрытая густою імжою. З’явіліся па кутах і пасярод салона жахлівыя монстры: велізарныя стварэнні ў белым, вочы гарэлі, як агонь, гангрэнавыя плямы палілі іхнія твары. Учарнелыя шкілеты абапіраліся спарахнелымі рукамі на мэблю. Знік гарэлачны чад, перапалоханыя госці з крыкам уцякалі з дому, іншыя, знепрытомнеўшы, пападалі на падлогу. Нямы і бледны Альберт пазіраў на гэтых пачвараў; дрыготка прабегла па целе і адчуў у гэты час, што нейкі холад увайшоў у яго грудзі, і ён застыў увесь ад холаду.

      Зніклі гэтыя страшныя монстры; ачуліся перапалоханыя бяседнікі, але не вярнулася цяпло, каб сагрэць Альберта; увесь быў халодны, як кавалак золата.

      Жыў ён яшчэ некалькі гадоў, але ўжо нішто не магло яго адагрэць. Увесну і ў летнюю спякоту мароз прабягаў па ўсіх яго жылах. Кажуць, што калі хто сядаў блізка ля яго, каб пра што-небудзь пагаманіць, — з вуснаў яго зыходзіў такі холад, што нельга было вытрываць і колькі хвілін.

      Уначы прыходзілі да яго тыя самыя страшныя здані, якіх ён запрашаў да сябе з магіл, і часта чуў нейкія дзіўныя галасы, якія клікалі яго па імені «Альберт! Альберт!» — не толькі ў змроку, але і сярод белага дня. Пытаўся ён у людзей, што яго часам наведвалі, ці не чуе хто-небудзь з іх галасы, што клічуць яго па імені? Усе са здзіўленнем адказвалі, што не чуюць аніякіх галасоў.

      Абазнаныя ў сваёй справе медыкі, прывезеныя з далёкіх краёў, параіўшыся, прызначалі яму размаітыя лекі, але руплівасць і веды дактароў не маглі яму дапамагчы.

      — Божая кара нарэшце кранула чарнакніжніка і спакусніка, — паўтаралі старыя людзі.

      А між простым людам па вёсках і мястэчках хадзілі чуткі, што Альберта за бязбожнае жыццё мучаць усе трасцы разам, ні на хвіліну не даючы яму спакою.

      Найчасцей ён быў самотны; назаўсёды зніклі балі і шумныя забавы; рэдкі госць наведваўся, і той, змучаны халоднаю размоваю, стараўся як мага хутчэй пакінуць ягоны дом. Пакінулі ўсе. Часам толькі слуга з’яўляўся на голас пана.

      Дзень быў хмурны, шумеў вецер, сонца засланялі воблакі; у Альбертавым доме панавала цішыня, нібыта ў якой пустэльні. Чуваць былі галасы крумкачоў, вялікая чарада якіх кружылася ў паветры над палацам. У вечаровым сутонні вокны былі нібыта завешаныя чорным мошастам; доўга не гарэў у шыбах агеньчык свечкі. Знайшлі яго труп; сканаў, седзячы на крэсле. Рукі і ногі здранцвелі, нібыта ад моцнага зімовага марозу.

      — А з Мальвінай, каханкай яго, што сталася? — спытаў Завальня.

      — Мела дыяменты і грошы, лёгка і мужыка знайшла; гадзіннік з зязюляю не наводзіў на яе сумных думак. Выехала ў сталіцу і сярод шуму вялікага свету забылася пра мінулае і пра Альберта.

      — Заўсёды такая смерць тым людзям, — сказаў дзядзька, — што шукаюць шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты няшчасны Альберт!

      Арганісты ўстаў з месца і сказаў, гледзячы ў вакно:

      — Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае надвор’е; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра раненька ўстаць.

      Гасцям ужо прыгатавалі пасцелі, пасля пацераў патушылі агонь, і я, думаючы пра няшчаснага Альберта, заснуў.


Продолжение "Куця" http://www.proza.ru/2014/12/10/811


Рецензии
" — Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае надвор’е; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра раненька ўстаць."

Амиля Тарасёнская   02.01.2015 08:47     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.