Куцця

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Вогненныя духi" http://www.proza.ru/2014/12/10/808
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/04/1942)


 


      Я прачнуўся і, лежачы яшчэ ў пасцелі, прыпамінаў апавяданні сляпога Францішка і арганістага: Плачка, Сын Буры, Вогненныя духі — усе гэтыя цуды паўставалі ў маіх думках у дзівосных, самотных і страшных карцінах. Тут дзядзька адчыніў дзверы і, гледзячы на мяне, сказаў:

      — Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.

      Завальня надзеў футра, выйшаў на падворак, загадаў парабкам паадкідаць снежныя сумёты ад вокнаў і ад сцен спіжарні.

      Я хуценька ўстаў. У хаце было ціха і змрочна; святло слаба прабівалася праз шыбы, пакрытыя лёдам і засыпаныя снегам. Уваходжу ў чалядны пакой, там на лаве сядзеў сляпы Францішак, а пані Мальгрэта, гатуючы куццю, расказвала яму пра сваю гаспадарку: пра курэй розных парод, якіх яна разводзіла, маючы велізарнага пеўня на высокіх нагах, але ён быў такі нязграбны, што звычайны маленькі пеўнік яго перамагаў і няраз крывавіў; пра гусей, за якімі ўлетку хоць і заўсёды добра наглядала, але не магла ўпільнаваць ад лісіц. Расказвала, як аднаго разу на возеры паляўнічы адным стрэлам забіў некалькі свойскіх качак, мяркуючы, што гэта дзікія, і з таго часу трэба мець іх на воку, каб далёка не адплывалі ад дому.

      Калі так размаўлялі, дзядзька пастукаў у вакно, кажучы:

      — Бачу здалёк: па возеры нехта едзе; здаецца, гэта пан Марагоўскі з дзецьмі вяртаецца з Полацка. Загадай каму, васпані, хутчэй навесці парадак у пакоі: дасюль яшчэ падлога не падмецена.

      Імклівыя коні павярнулі з вялікай дарогі, мінулі бераг возера і ўжо ля брамы. Дзядзька сустракае гасцей: у возе сядзеў пан Марагоўскі, ля яго — трое дзяцей, ухутаных мядзведжым футрам і абвязаных хусткамі так, што толькі вочы відаць; выбегла з дому пані Мальгрэта, і дзяцей унеслі ў пакой.

      На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на памяць, каб павіншаваць бацьку.

      Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі абразкі Клаўбера розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.

      Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на розныя школьныя патрэбы.

      Доўга цягнулася размова пра Красны полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

      У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе — з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.

      Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.

      За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія ўраджаі.

      Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і гародніны ўвосень.

      О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны — наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе заклапочаная душа.


Продолжение "Думки самотника" http://www.proza.ru/2014/12/10/812


Рецензии
— Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.

Светлана Самородова   02.01.2015 15:14     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.