Думкi самотнiка

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Куцця" http://www.proza.ru/2014/12/10/811
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/06/469)


 


      На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.

      Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы; якая цішыня пануе ў паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.

      Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.

      Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае — надзеяю і, быццам у бяспечным порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія хвалі.

      Мора! У тваіх глыбінях быў для мяне іншы свет, шчаслівы і дзіўны, пра які столькі я чуў апавяданняў з вуснаў простага люду. Там жыла калісьці дзяўчына Ганна, дачка вялікага Акіяна, каралева духаў, цуд хараства; нябачная моц зямлі і мора імгненна выконвалі ўсе яе загады. Цуд дабрыні, яна ацаніла шляхетнасць маладога хлопца, які спусціўся на дно і стаў перад вялікім Акіянам, каб адслужыць яму за вяртанне свайго бацькі на родную зямлю. Але ён быў слабы чалавек і не мог выканаць наказы Пана Мора, і тады Ганна, выручаючы каханага, загадала духам, і за адну ноч з’явіліся палацы з караляў і дарагога жомчугу. Ацаніў Акіян дабрачыннасць і мудрасць хлопца, даўшы яму за жонку сваю дачку Ганну.

      Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю на марскіх вандроўнікаў. О мора! Ты нагадваеш свет, па якім чалавек ідзе рознымі пуцінамі жыцця.

      Хутка зменіцца надвор’е — вецер з усходу; бялеецца над вадою надзьмуты ветразь. О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў! Над горадам вісяць густыя воблакі, а з іх нараджаюцца ўгары дзіўныя прывіды, у паветры будуе нехта велізарны замак, валы і сцены акружаюць яго, вырастаюць высокія гмахі і вежы, непадалёк становяцца ў баявы парадак на конях волаты-рыцары, а праз колькі хвілін відаць толькі руіны, а ўсё войска перамянілася ў клубы дыму; як вужака, прабегла вогненная маланка пасярод хмары.

      О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў, зразумейце гэтыя знакі ў пэўных абрысах аблокаў, якія заўсёды перад вашымі вачыма; Божая рука папярэджвае вас, што няма нічога сталага на зямлі, гмахі вашы ператворацца ў руіны, моц, багацці, гонар і слава рассеюцца і знікнуць, як лёгкі дым у паветры.

      Вясна! Кароткі твой усмех, кароткі твой павеў лагоднага ветрыку, нядоўга цешаць вока барвы садоў; вільготныя туманы засцелюць зямлю, паляцяць птушкі ў вырай, пачнецца вецер і разнясе жоўтую лістоту па могілках, раскідваючы ля ўзножжа цудоўных помнікаў і нямых стодаў, якія стаяць на магілах знакамітых людзей; калісьці фартуна на дарозе жыцця сыпала ім кветкі, сёння халодны мармур заносіць пяском вецер, і імя іх сканае ў пустэльні нябыту, калі ў жыцці не ўвянчалі яны свае галовы каронаю праўды.

      Праўда — пасланніца неба ў гэту юдоль цярпення — ты анёл, вартаўніца і настаўніца ў жыцці, асвятляй нас сваімі промнямі, калі праўдзівую веру — найдаражэйшы скарб нашых бацькоў, найчысцейшае святло неба — хочуць зацьміць туманы вытанчанае мудрасці пыхлівых і хлуслівых філосафаў. Калі прырода спіць пад снегам, вые паўночны вецер, мінаюць доўгія цёмныя ночы, тысячы агнёў палаюць у вокнах гмахаў, не перапыняецца вясёлае жыццё сталіцы, і я, самотны, люблю аддавацца марам, мая думка ляціць далёка, да радзімых ваколіц, выклікае з магіл паважаных старых, бачыць іх забавы і чуе размовы пра шчаслівыя часіны, пра залаты век, калі чалавек араў сваё поле, будаваў дом сабе і сваім дзецям. Тады ўраджаі былі лепшыя, весела спяваючы, працаваў араты ў полі, у лясах вялося безліч ласёў і дзікіх коз, і паляўнічы лёгка знаходзіў звера, і рыбак з пэўнай надзеяй закідаў нерат у ваду.

      Але калі людзі размежылі жалезным ланцугом палі ды лясы, калі кожны захацеў стаць багатыром, мець дарагую вопратку і пышныя карэты, — усё змянілася на свеце, багатыя пачалі прыгнятаць бедных, і ўгневаны Бог не блаславіў людскую працу, змяніліся ўраджаі, мядовая раса, падаючы страшнаю атрутаю на травы перад узыходам сонца, няраз вельмі шкодзіла жывёле.

      І цяпер яшчэ старыя, апавядаючы маладым аповесці даўніх часоў, успамінаюць дзіўныя знакі на небе, калі на беразе Балтыйскага мора сышліся дружыны шведаў з велізарным войскам паўночнага Цэзара, дрыжала Нарва і іншыя фартэцыі ад зброі пераможцаў. Зарыва страшных пажараў, плывучы ў аблоках ад марскіх берагоў, няраз апоўначы залівала крывёю неба над усёй Беларуссю. Люд, дрыжучы, паглядаў угору, дзе ў хмарах, што дыміліся крывёю, змагаліся палкі конных і пешых волатаў, і няраз гэты прывід трываў на небе да ўзыходу сонца.

      Часта тэмаю іх размоў бывае год Лебяды, калі падчас тае шведскае вайны валадырылі па ўсёй Беларусі голад і чума. Зямля тады была без снегу, пагоркі без травы падобныя былі да бясплодных стэпаў, паўночны вецер, пралятаючы над голымі палеткамі, нібы над пясчанымі стэпамі, змятаў сухую зямлю і забіваў сваім дыханнем кволую рунь, ад моцных марозаў трэскалася зямля, гінула рыба ў скаваных таўшчэзным лёдам азёрах.

      Прыйшла вясна, ажылі дрэвы і лугі, але сэрца гаспадара працяў цяжкі смутак: палі былі пакрытыя лебядою, жытнёвыя каласы раслі за некалькі сажняў адзін ад аднаго, на берагі азёр хвалі выкідвалі мноства нежывое рыбы, голад і чума распаўзліся па цэлым краі.

      У вёсках апоўначы пад вокнамі некаторых хацін здараліся незвычайныя і страшныя цуды: сонных абуджаў моцны крык дзіцяці, але калі хто выходзіў, каб забраць дзіця ў хату, дык нікога не бачыў на панадворку і плачу не чуў, а толькі абзываліся каля суседніх дамоў сабакі. Такія выпадкі, часта паўтараючыся, даводзілі ўсіх да найвялікшае роспачы.

      «Кара Божа за цяжкія грахі», — казаў люд і штодня перад абразом Прачыстае Маці заліваўся слязьмі.

      Успамінаюць у размовах сваіх з удзячнасцю і пачуццём і пра Вас, вялікія душы, што былі дабрадзеямі Вашым падданым, суседзям і няшчасным землякам: падчас неўраджаю шчодраю рукою давалі Вы дапамогу бедным сялянам, удовам і сіротам; люд, гнаны жорсткім лёсам і несправядлівасцю, падтрымлівалі мудраю парадаю, уваскрашалі ў сэрцы надзеі, паказваючы Ўсемагутнасць Божую і міласэрнасць; ніхто без суцяшэння не выйшаў з Вашага дому, і прыгрэты жабрак, пакідаючы Вашы парогі, з суцехаю ў сэрцы бласлаўляў неба. Не шукалі Вы ўзнагароды на гэтай зямлі за дабрачыннасць, не шукалі Вы марнае славы, за якой ганяюцца слабыя людзі, як дзеці за цацкаю. Вашы ўзнагароды, Ваша слава перад тварам Бога.

Слынны продак! Магілы твае без аздобы, Там ніхто не паставіў слупоў мармуровых, Там бярозы рассыпалі цені жалобы Па каменні імшыстым ды крыжах хваёвых. Слынны продак! Бязлітаснай праўды анёла Бог пашле, каб твае абудзіліся дзеці; І натхніцца тваёй дабрачыннасцю моладзь, І вякі залатыя над намі засвецяць… Днём святога суда свет агорне трывога, Збудзіць мёртвых сурма, і зямля скаланецца. Слынны продак! Ты станеш тады перад Богам У пашане і славе навечна, здаецца.


Продолжение "Госци у хаце Завальни" http://www.proza.ru/2014/12/10/822


Рецензии
Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю на марскіх вандроўніка

Светлана Самородова   02.01.2015 15:19     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.