Госцi у хаце Завальнi

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Думкi самотнiка" http://www.proza.ru/2014/12/10/812
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/06/1871)





ГОСЦІ Ў ХАЦЕ ЗАВАЛЬНІ

      Перад Новым годам мой дзядзька, сляпы Францішак і двое суседзяў успаміналі мінулыя часы, гаварылі пра ўраджаі і пра няшчасці, якія зазнаў гэты край, калі пасеяны хлеб загінуў у полі і жывёла прапала ад пошасці; гутарылі, як палепшыць палеткі і сенажаці, як завесці добры статак; пра выгаду, якую можа мець з гэтага дбайны гаспадар, і як прышчэпліваць садовыя дрэвы; да полудня і папалуднаваўшы, нязменна гаварылі пра гэта. Нарэшце, дзядзька сказаў гасцям:

      — На другі дзень Каляд я гасціў у пана Марагоўскага: шмат там было асоб, якіх я бачыў упершыню, а іх размовы не маглі мяне захапіць; Бог ведае што там казалі, пераходзячы ад аднае тэмы на другую; размаўлялі пра сабак і коней, пра шчасце і няшчасце ў картах, лаялі і хвалілі сваіх прыяцеляў, перайшлі, нарэшце, да Бібліі. Тут ужо сапраўды паказалі, хто яны: разважалі пра тое, чаго не разумелі, ды, можа, і не чыталі. Пан Марагоўскі не мог вытрываць і папрасіў іх, каб не паказвалі дурнога прыкладу моладзі і кабетам. Цудоўна баўлю я сённяшні дзень з добрымі суседзямі; нашы размовы не абражаюць Бога.

      — Гэта залатая моладзь новага часу, — сказаў пан Сівоха. — Будзе мароз на маладую зеляніну — апамятаюцца, як іх кране ў гневе рука Божая.

      — Я заўважыў, — сказаў дзядзька, — што Янка ў час тых размоў сядзеў моўчкі і пазіраў здалёку, зусім не хацеў лезці ў тыя спрэчкі.

      — Памятаю, дзядзечка, словы, якія чуў я ад майго настаўніка: людзі робяцца недаверкамі не таму, што бачаць у веры нейкія недарэчнасці, а таму, што, маючы бездапаможны розум і прытупленыя распусным жыццём пачуцці, не могуць ні адчуваць, ні кахаць, ні разумець праўду рэлігіі, дык я маўчаў, бо якая карысць спрачацца з людзьмі, якія маюць такія абмежаваныя веды і пачуцці.

      — Гэта праўда. Яны не разумеюць, што значыць быць добрым чалавекам, а думаюць толькі пра заслугі ды гербы сваіх продкаў. Але чаму ж не пераймаць іх у даўніх цнотах: даўней шанавалі веру і Бог бласлаўляў жыццё.

      Стась, перапыняючы размову, сказаў бацьку:

      — А хто сёння будзе расказваць гісторыі?

      — Твая чарга, — сказаў той, усміхаючыся.

      — Я, тата, раскажу пра Твардоўскага.

      — Добра, раскажы пра яго, будзем усе слухаць.

      — О! Я шмат чуў пра Твардоўскага, — сказаў пан Латышэвіч. — Гэта быў вялікі чарнакніжнік, але Стась, можа, раскажа нешта новае.


Продолжение "Твардоуски вычань"  http://www.proza.ru/2014/12/10/825


Рецензии
— Гэта залатая моладзь новага часу, — сказаў пан Сівоха. — Будзе мароз на маладую зеляніну — апамятаюцца, як іх кране ў гневе рука Божая.

Светлана Самородова   04.01.2015 17:33     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.