Твардоускi i вучань

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Госцi у хаце Завальнi" http://www.proza.ru/2014/12/10/822
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/08/787)





ТВАРДОЎСКІ І ВУЧАНЬ


      — Гаспадар, у якога мы жывём, — сказаў Стась, — апавядаў нам, што Твардоўскі хадзіў у школы ў Полацку, вучыўся добра, ды толькі не слухаўся настаўнікаў, пакрыёма чытаў забароненыя кніжкі і такім чынам дайшоў да таго, што зусім не баяўся смяртэльных грахоў. Нарэшце навучыўся чарнакніжніцтву і душу сваю прадаў злому духу, а прафесары і ксёндз-прэфект нічога пра гэта не ведалі і зрабілі яго дарэктарам некалькіх шкаляроў з пачатковых класаў.

      Твардоўскі ў вольны ад заняткаў час бавіў даручаных яму вучняў, сяды-тады паказваючы ім дзіўныя рэчы. Аднаго дня надвор’е было яснае і ціхае, вучні ў пакоі з адчыненага вакна пускалі ў паветра мыльныя пухіры. Твардоўскі, стоячы побач, сказаў:

      — Глядзіце! На вашых пухірах д’яблікі лётаюць у паветры.

      І сапраўды, яны ўбачылі, што на мыльных пухірах сядзелі нейкія стварэнні накшталт крылатых купідонаў: вочкі маленькія, светлыя, робячы дзіўныя грымасы, паглядалі на ўсіх. Адзін перапалоханы шкаляр закрычаў: «Езус, Марыя!» — і ўсё вокамгненна знікла, а пра гэта ані ксёндз-прэфект, ані прафесары нічога не ведалі.

      Сярод тых шкаляроў быў Гугон, якога Твардоўскі любіў болей за іншых; на праходках за горадам найбольш з ім гутарыў, калі Гугон хацеў што купіць і прасіў грошай, ніколі яму не адмаўляў, хваліў яго заўсёды, нібыта той вучыўся лепей за іншых.

      Твардоўскі а дзевятай гадзіне вечара, калі вучні клаліся спаць, меў звычку выходзіць з дому і да поўначы бавіўся дзе-небудзь у горадзе ў сваіх знаёмых; асобны пакой, дзе ён часам заставаўся адзін, зачыняў на замок; ніхто з калегаў не ведаў, якія ў яго былі кніжкі, і Гугону не дазваляў заходзіць туды аднаму.

      Неяк ён выйшаў з дому і, забыўшыся, пакінуў ключ у замку і дзверы незачыненыя; а дзесятай гадзіне ўсе пайшлі спаць; Гугон жа не тушыў святла і сядзеў адзін; калі прабілі поўнач на званіцы езуіцкага касцёла, а Твардоўскі яшчэ не вярнуўся дадому, Гугон убачыў у замку ключ і незачыненыя дзверы. Уваходзіць у пакой, на стале бачыць велізарную кнігу ў старасвецкім пераплёце з пергамену; глянуўшы ў яе, ён здзівіўся, бо першы раз у жыцці сустрэў белы друк на чорнай паперы, і ледзь прачытаў паўстаронкі, з’явіўся перад ім чараваты карузлік, вочы свяціліся белым агнём, твар чорны, як вугаль.

      — Навошта ты мяне выклікаў? — сказаў злы дух, гледзячы на Гугона, але таму заняло мову ад пярэпалаху. Угневаны шатан выцяў яго і забіў на месцы, а сам знік.

      Пасля поўначы Твардоўскі вярнуўся дадому і знайшоў у пакоі мёртвае цела свайго прыяцеля і разгорнутую кнігу. Зразумеў усё і хуценька выклікаў да сябе шатана.

      — Чаму ты забіў няшчаснага юнака? — спытаўся гнеўна чарнакніжнік.

      — Таму, — сказаў злы дух, — каб не раскрыў тваю таямніцу ўсім, хто не павінен ведаць пра яе.

      — Тут трэба было зрабіць іначай, ані ты, ані я ажывіць яго не можам; цяпер мяне могуць пакараць як забойцу, трэба затаіць гэтае злачынства, залазь у яго цела, будзеш Гугону замест душы, пакуль не прыйдзе яму час паміраць.

      Д’ябал імгненна залез у цела, і Гугон ажыў, але стаў зусім іншы: вочы блішчалі, ды гэты бляск быў прыкры; твар у яго быў той самы, ды ў ім было штосьці агіднае.

      Прыйшоў у школу; прафесары і аднакласнікі бачылі ў ім нейкую перамену, аднак ніхто не мог дазнацца таямніцы.

      На імшы паводзіў сябе нясціпла, смяшыў іншых, а калі ксёндз падносіў святое прычасце, дык ён не мог вытрываць і выбягаў з касцёла, прыкладваючы хусцінку да носа, нібыта спыняў кроў.

      Калі пакаранні і напаміны не дапамагалі, яго выгналі са школы, і ён заўсёды быў вялікі непрыяцель усім езуітам; на ксяндзоў пісаў пасквілі, выступаў супраць святое рэлігіі, усім паказваў паганы прыклад, хто толькі з ім пачынаў размову; пасля пакінуў Полацак і невядома дзе згінуў.

      — Брава, Стась, — сказаў пан Сівоха. — Кароткае апавяданне, але добрае.

      Пэўна, сёй-той з нашых маладых панічоў і цяпер яшчэ паўтарае думкі таго д’ябла, што быў у Гугонавым целе.

      — Гэта навука, Стась, — сказаў дзядзька, — што трэба ўнікаць злых людзей.

      Сяброўства з Твардоўскім загубіла Гугона, а шатан мог беспакарана чыніць зло.

      — О! Калі б той пан Гугон, — сказаў Латышэвіч, — у сваім жыцці на гэтым свеце быў суддзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?

      У час гэтае размовы пані Мальгрэта прынесла ліст з чаляднага пакоя і сказала:

      — Якуш прыйшоў. Вось ліст ад пана Марагоўскага.

      Дзядзька прачытаў і, аддаючы мне, сказаў:

      — Пан Марагоўскі вельмі ласкавы да цябе, просіць, каб ты да яго прыехаў; можаш сабе ехаць заўтра пасля святое імшы і пабыць дзён колькі. Але няхай зойдзе сюды Якуш. Гэта чалавек гаваркі; вельмі я ўпадабаў ягонае апавяданне пра ваўкалака.

      Калі той зайшоў у пакой, дзядзька загадаў даць яму выпіць, закусіць, а сам загаварыў пра гасцей, якіх бачыў у доме пана Марагоўскага. Найбольш дзіўным майму дзядзьку здаўся доўгавалосы, худы, вусаты пан Чубкевіч, які заўсёды бубнеў пра знакамітасць сваіх продкаў, пра намер ажаніцца, бо яго справы ў крытычным стане, і абавязкова трэба шукаць жонку, якая мела б, прынамсі, хоць дзвесце душ пасагу.

      Пачуўшы пра Чубкевіча, Якуш пагардліва зморшчыўся і сказаў, ківаючы галавою:

      — Няхай бы той Чубкевіч перш глянуў на сябе, чаго вартая ягоная душа.

      Прадаваў маладых хлопцаў і дзяўчат Бог ведае якім людзям, не зважаючы на слёзы бедных матак. Памучыў людзей, адкажа перад Богам. Хай бы сабе пашукаў Белую Сароку, адпаведная пара была б. Дзіўлюся, што наш пан, які пра сваіх падданых клапоціцца, як бацька пра дзяцей, запрашае яго да сябе.

      — Ты раскажы мне, — папрасіў дзядзька, — што гэта за Белая Сарока, пра якую згадаў?

      — А ўжо лепей пану пра Белую Сароку распавяду, чым гаварыць пра Чубкевіча, няхай яго Бог карае.


Продолжение "Белая сарока"  http://www.proza.ru/2014/12/11/384


Рецензии
Тут трэба было зрабіць іначай, ані ты, ані я ажывіць яго не можам; цяпер мяне могуць пакараць як забойцу, трэба затаіць гэтае злачынства, залазь у яго цела, будзеш Гугону замест душы, пакуль не прыйдзе яму час паміраць.

Светлана Самородова   04.01.2015 17:46     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.