Белая сарока

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Твардоускi вучань" http://www.proza.ru/2014/12/10/825
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/11/1999)





БЕЛАЯ САРОКА

      Вы, панове, ведаеце акружанае цёмным лесам возера Язна, дзе мяжуюць тры паветы: Полацкі, Себежскі і Невельскі. Недалёка ад гэтага возера быў вялікі маёнтак, жыў у ім пан, якога і цяпер, успамінаючы, называюць Скамарохам, і ён меў падданых у тых трох паветах.

      Дык вось той пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлівы і хцівы, да суседзяў ездзіў толькі з прэтэнзіямі, меў грошы і заўсёды судзіўся, крыўдзіў бедных, удоў і сірот. Яго падданыя мелі пекла на гэтым свеце.

      Рэдка хто наведваў яго дом. Пры ім неадступна быў вялізны чорны сабака. Лёкаі заходзілі ў пакой толькі тады, калі ён свістам даваў знаць, што нехта з іх патрэбен.

      Скамароха быў адзін у пакоі. Ён як зазвычай пазіраў у люстэрка, падкручваў вус і ўважліва прыглядаўся да свайго круглага твару, што, як расказваюць, быў накшталт поўні. Пасля сеў у крэсла, закурыў люльку і задумаўся, а побач на падлозе заснуў чорны сабака.

      Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі цьмяна свяціліся шыбы.

      Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег.

      Высокая худая постаць падышла да пана.

      — Не крычы, — сказала яна. — Ніхто не пачуе твой голас, і твой чорны сабака моцна спіць.

      — Хто ты і як сюды трапіў?

      — Пачакай крыху і пра ўсё даведаешся, — кажучы гэта, прывід выкрасаў агонь і запаліў свечку, якая стаяла на стале перад люстэркам.

      Пры святле Скамароха ўбачыў дзіўнае стварэнне: чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.

      Закрычаў пан дрыготкім голасам:

      — Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух.

      — Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат добрага зрабіць.

      — Чаго ты сюды прыйшоў, ды так ціха, што і сабака не ўчуў?

      — Чуеш шум навальніцы? Я схаваўся тут ад залевы і перуноў, а сабака зараз спіць моцным сном і датуль будзе спаць, пакуль я не абуджу яго.

      — Скажы, хто ты?

      — Сядзь у сваё крэсла, супакойся, і ўсё раскажу табе. Я днём адпачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п’юць. Ведаю сакрэт, як наслаць моцны сон на сабак і варту; слухаю, пра што гаворыць прасталюдзін і выведваю думкі паноў; маё вока хуткае, а слых такі тонкі, што за сцяною (няхай гэта будуць найтаўсцейшыя муры) магу чуць шэпт; па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё; заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не скрыпяць, калі я іх адчыняю.

      Скамароха свіснуў, клічучы да сябе людзей, і штурхануў нагою сабаку.

      — Дарэмна свішчаш: ніхто не пачуе. Шуміць вецер, лье дождж, і сабаку не абудзіш.

      — Чаго ты блукаеш па свеце? Навошта ты ўсё выведваеш?

— Я — пасланец Белае Сарокі, даведаўся пра твае памысныя думкі і прывабныя намеры.

      — І хто ж тая Белая Сарока, якую ты ўспомніў?

      — О! Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар — цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная; адзенне з дарагіх дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў; ёй кланяюцца багатыя паны і мудрыя галовы, духі па яе загадзе здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла да сябе, і яны, як пакорлівыя сабакі, заўсёды гатовыя ёй служыць. Словам, яна мацнейшая за ўсіх чарнакніжнікаў. Толькі часам убіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча бачыць тых, хто спрыяе ёй; і іх узнагароджвае, узбагачае, робіць шчаслівымі.

      Бледны Скамароха, гледзячы на пасланца, вымавіў:

      — Дзіўныя і незразумелыя рэчы мне гаворыш.

      — Заўтра гэтай парою я буду ў цябе, і Белая Сарока прыляціць пад твой дах адпачыць. Пастарайся прыняць яе добра і будзь у размове абачлівы; апоўначы лёкаі няхай не заходзяць у твой пакой, няхай першы візіт гэтае пані будзе таемны.

      Ён адчыніў вакно, паглядзеў угору:

      — Хмары разышліся, толькі вецер шуміць. Здаецца, стрэлы перуноў не спаткаюць мяне на дарозе, не міне і паўгадзіны, як буду размаўляць пра цябе з Белай Сарокаю.

      Сказаў гэта і выскачыў у вакно. Гаспадар бачыў толькі, быццам нейкі чорны звер прабег праз панадворак і імгненна знік.

      Доўга Скамароха стаяў, нібыта слуп, сярод пакоя; нейкая трывога апанавала думкі, і дрыготка прабегла па целе. Што значыць гэты прывід? Няўжо гэта відма? А можа, злы дух хоча ўблытаць яго ў нейкае няшчасце? На сцяне прабіў гадзіннік.

      Скамароха глянуў на яго і ўбачыў, што ўжо поўнач. Свіснуў. Сабака прачнуўся, натапырыў поўсць, вочы загарэліся агнём, і ён, скуголячы, абышоў пакой. Прыбеглі лёкаі і, стоячы ля дзвярэй, чакалі панскага загаду.

      — Таму з паўгадзіны, не больш, я клікаў вас да сябе, але аніводзін не з’явіўся.

      Што гэта значыць? Мружыце вочы на святле — спалі, мала вам ночы, гультаі!

      Першы лёкай. Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе мімаволі заснулі.

      Скамароха нейкі час стаяў задуманы.

      — А ці мроілася вам што-небудзь у сне?

      Першы лёкай. Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі жахлівых звяроў і закрычаў: «Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». — «О, доўгая і страшная будзе ноч, — адказаў ён мне, плачучы. — Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься ад мяне». Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.

      Другі лёкай. А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву — і я імгненна прачнуўся ў вялікім страху.

      Трэці лёкай. Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам…

      — Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.

      Скамароха зноў у адзіноце неспакойна хадзіў па пакоі. Дзіўныя думкі снаваліся ў ягонай галаве, жахлівая здань увесь час стаяла перад ім. Уздрыгваў, прыгадваючы яе агідную постаць, але золата любіў так, што хацеў мець яго як мага болей, няхай сабе і з шатанавых рук, і прыгажосць Белае Сарокі вабіла яго. Хацеў пабачыць яе як найхутчэй і быць у ліку яе прыяцеляў.

      Ён то парывіста хадзіў па пакоі, то задумаўшыся, стаяў як слуп. Браў кніжку і адразу кідаў яе ды гладзіў свайго сабаку. Спадзяваўся, што стомленыя думкі супакоіць сном, але імгненна ўскокваў з ложка, запальваў святло і думаў усё пра адно. Толькі перад узыходам сонца крыху задрамаў, ды і ў тым неспакойным сне мроіўся яму пасланец Белае Сарокі.

      Ціхі ранак. Ужо сонца было высока. На пагорках пасвіліся чароды, аратыя працавалі ў полі. Пан Скамароха на ложку разважаў пра дзіўны ўчарашні выпадак і прарочыя сны. Нарэшце свіснуў. Прыбег лёкай і стаў чакаць загаду.

      — Паспяшайце, каб сёння ўсе пакоі былі як найлепей прыбраныя. Вымыць падлогу, сцены і столь добра агледзець, каб не было пылу і павуціны. Таксама адпаліраваць мэблю і бронзу; люстры, каб адбівалі найяснейшае святло; абразы і шыбы старанна пачысціць, каб былі як новыя. Скажы аканому, каб паўсюль вакол маёнтка таксама быў парадак.

      — Пан сёння чакае нейкіх знакамітых гасцей? — спытаўся здзіўлены лёкай.

      — Не твой клопат ведаць, каго чакаю, выконвай, што чуў. Ідзі і гэты мой загад перадай іншым.

      Сказаўшы гэта, пан Скамароха выйшаў у парк, доўга хадзіў у задуменні пад шатамі ліп, свіснуў, паклікаў сабаку да сябе і пайшоў у поле. Блукаючы паўсюль, нецярпліва чакаў вечара.

      Тым часам лёкаі, гаворачы між сабою, дзівіліся нечаканай перамене пана, апавядалі адзін аднаму страшныя сны, якія бачылі ў час учарашняе буры. А між тым праца ў пакоях ішла спорна, і перад захадам сонца адпаліраваная мэбля, бронза і люстры былі як новыя.

      Вось ужо і вечарэе. Скамароха загадаў лёкаям вывесці сабаку і каб ніводзін з іх не заходзіў да яго, пакуль не пакліча. Самотна ходзячы па пакоі, паліў люльку.

      Пасля адчыніў вакно: усюды панавала цішыня і ўжо колькі зорак свяцілася на небе. Запаліў свечку, паставіў на стале — і тут убачыў у куце ўчарашняга госця. На тонкіх нагах, вочы, як дзве іскрынкі, кідалі святло, і дзікая ўсмешка прабягала па яго брыдкім твары. Перапалоханы Скамароха адскочыў на некалькі крокаў і сказаў:

      — Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.

      — Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць.

      Толькі сказаў гэта — залятае ў вакно сарока, большая і зграбнейшая за іншых сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на стол. Здзіўлены гаспадар паглядае на жвавыя і імклівыя рухі прыгожае птушкі. Яна зляцела на падлогу — і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Скамароха аслупянеў, слова вымавіць не асмельваецца. Яна ж такімі словамі перапыніла маўчанне:

      — Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы гэтае краіны, тут вельмі шмат азёр. Думаю, жыхарам нічога не бракуе?

      — Так, пані, — сказаў з паклонам ціхім голасам гаспадар. — Наш край прырода адарыла ўсім, што толькі трэба чалавеку.

      — Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў.

      Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлівых прыяцеляў.

      — Шмат хто будзе мець за шчасце ўбачыць пані.

      — А як маюцца тутэйшыя падданыя?

      — І яны шчаслівыя. На лугах і пагорках даволі травы для вялікіх чародаў. Белая Сарока села на крэсла, а пан Скамароха — ля яе. Доўга апавядаў ёй пра берагі Дрысы і Дзвіны. Расказваў, хто і як жыве ў ваколіцы, якую славу мае сярод суседзяў, якія даходы фальваркаў. Расказваў, як гандлююць з Рыгаю, калі разальюцца вясною рэкі, і якая выгада ад таго жыхарам гэтага краю. Размова без перапынку цягнулася да поўначы.

      — Я яшчэ наведаю гэты край. І ты пазнаёміш мяне са сваімі добрымі суседзямі. А зараз мушу спяшацца дадому: ужо поўнач, а дарога далёкая.

      Сказаўшы гэта, пакланілася гаспадару, імгненна перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.

      Скамароха доўга стаяў здзіўлены і глядзеў туды, дзе схавалася яна ў начной цемры. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела гэтая прыгажуня, убачыў пасярод пакоя яе пасланца. Той трымаў велізарны мех золата.

      — Белая Сарока ахвяруе табе гэты падарунак, каб быў верны сам і іншых знайшоў, адданых ёй. Яна наведае твой дом, калі тут ужо будзе некалькі тваіх суседзяў, сапраўды зычлівых да яе.

      Сказаўшы гэта, пасланец выскачыў у вакно і знік.

      Скамароха самотны хадзіў па пакоі. Дзіўныя мроі снаваліся ў ягонай галаве. Багаты ўбор і незвычайная прыгажосць Белае Сарокі і цяпер стаялі ў яго ўваччу. Ні на хвіліну не мог забыць пра яе, і ад гэтых думак прапаў сон. Ні на волас не заснуў, а ўжо ўсё прачнулася і сонца было высока.

      Свіснуў. На панаў выклік прыбег лёкай, і, скуголячы, ускочыў у пакой чорны сабака. Гладзячы сабаку, Скамароха загаварыў да слугі:

      — А што, і сёння, можа, мучылі вас жахлівыя сны?

      — Ах, пане! Нейкая туга напала на нас і гэтае начы, — адказаў лёкай. — Ва ўсіх нас сон быў кароткі і неспакойны. Вартаўнікі расказваюць, што чулі яны ўначы, як па вёсках вылі сабакі, рыкала жывёла, і бачылі, як з поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам. А аканом казаў, што некаторыя бачылі кабету, якая плакала на цвінтары, ды так, што яе голас наводзіў на ўсіх трывогу і смутак.

      Скамароха, крыху змяніўшыся з твару і задумаўшыся, шпарка прайшоўся па пакоі.

      — Не кажы больш такое лухты. У вас заўсёды ў размовах нейкія цуды і прароцтвы, вы як тыя забабонныя бабы — кожная рэч вас узрушае і пазбаўляе спакою. Скажы, каб запрагалі коней, паеду сёння да пана Л. і пана С., а можа, і іншых суседзяў наведаю.

      Ездзячы ад маёнтка да маёнтка, ён усюды з захапленнем апісваў прыгажосць, багацце, розум і шчодрасць Белае Сарокі. Са здзіўленнем усе слухалі гэтыя апавяданні і рознае пра іх казалі. Некаторыя даводзілі: тут схавана нейкая здрада і што заплацяць за яе вялікім няшчасцем. Іншыя радаваліся і прасілі пана Скамароху, каб пахваліў іх перад Белай Сарокаю, калі яна другі раз наведаецца ў ягоны палац, і з нецярплівасцю чакалі дня, калі змогуць яе ўбачыць.

      Прыехалі да Скамарохі госці. Былі яны ўсе з ліку заўзятых прыхільнікаў Сарокі, хоць бачыць яе яшчэ не мелі мажлівасці. З самага пачатку забаранілі лёкаям заходзіць у святліцу, каб тыя не чулі сакрэтных панскіх размоваў. Келіхі з цудоўным віном стаялі на стале. Скамароха весела апавядаў, якую гаворку меў некалі з Белай Сарокаю. Натхнёна і з запалам гаварыў пра яе розум і хараство, даводзячы, што за ўсё жыццё не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх высакародных і прыгожых кабетаў.

      Гадзіннік прабіў поўнач. Ноч была пагодная, ціхая, і поўня свяціла ў адчыненае вакно. Гаспадар наліў у келіхі віно:

      — Вып’ем за здароўе пані, якая ўвесь час была галоўнай асобаю нашых прыемных размоў.

      Ледзь сказаў — з хуткасцю бліскавіцы залятае ў вакно Белая Сарока і апускаецца на стол пасярод поўных келіхаў. Уражаныя гэтым, усе, гледзячы на яе, паўскоквалі са сваіх месцаў. Нечаканае маўчанне ў пакоі. Зрабіўшы колькі хуткіх рухаў на стале, яна глянула на гасцей, лёгка, як вецер, зляцела на падлогу, — і вось ужо бачаць усе перад сабою кабету дзіўнае прыгажосці, усю ў дыяментах і перлах.

      — Здалёку спяшалася да вас, спадзеючыся знайсці тут зычлівых сваіх прыяцеляў, — сказала яна. — Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, у гэтай грамадзе ўсе добрыя сэрцы. Я ўмею ацаніць іх жаданні і буду шчыра думаць пра ваша шчасце.

      — Так, пані, — сказаў гаспадар. — Імя Вашай Мосці ўвесь гэты час нязменна было на нашых вуснах. Усе, каго пані бачыць перад сабою, найшчырэйшыя вашы прыхільнікі і самыя адданыя лёкаі — да скону.

      Затым Белая Сарока села ў крэсла, ласкава размаўляла з кожным госцем, распытвала пра гаспадарку і прыбытак з фальваркаў, выказвала свае заўвагі і давала парады.

      Хутка бег у гэтых размовах час. Гаспадар узяў са стала поўны келіх і сказаў:

      — Давайце вып’ем за здароўе нашае пані.

      І ўсе госці з поўнымі келіхамі ў руках закрычалі разам:

      — Няхай жыве Белая Сарока! — І адным глытком выпілі да дна.

      Яна ўстала з крэсла, дзякуючы ўсяму застоллю, пакаштавала віна і паставіла келіх на стол. Так амаль уся ноч прамінула ў размовах і віватах.

      Ужо заранка паказалася на небе, заружавеліся воблакі перад узыходам сонца. Яна падзякавала гаспадару за гасціннасць, а гасцям за іх зычлівыя пажаданні, перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.

      Кажуць, што яна гэткім чынам наведвала начамі ўсіх тых, з кім пазнаёмілася ў палацы пана Скамарохі, і ўсюды за яе здароўе лілося віно і гучалі віваты.

      У хуткім часе пачалі спраўджвацца прадчуванні простых людзей. Тая страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі бедных сялян. Раскажу панам выпадак, які ў той час здарыўся недалёка адсюль у вёсцы Клішкове, там усе пра гэта і зараз успамінаюць.

      Дойныя каровы, усе адразу, пачалі сохнуць, і малако ў іх зусім прапала. Бясспрэчна, чары. Па ўсіх ваколіцах былі чуваць скаргі і нараканні, ды не можна было ўведаць, адкуль прыйшло тое зло. Выпадкам адзін вартаўнік з Клішкова, перад самым узыходам сонца вяртаўшыся дадому, убачыў, што сарока, белая, як снег, вылецела з хаты аднае кабеты, якой пан у той вёсцы пабудаваў новую хату з вялізнымі вокнамі. Вартаўнік расказаў гэта іншым. Сталі падазраваць, што там жыве чараўніца, пачалі сачыць рознымі спосабамі, каб вывесці на чыстую ваду гэта злачынства.

      Нарэшце пра ўсё даведаліся дзіўным чынам. Калі чараўніца на Купалле, схаваўшыся ў дзікім лесе, брала ў прыгаршчы расу і заклікала злых духаў, каб яны, збіраючы з усіх ваколіц малако, напаўнялі яе посуд, а нанятая за колькі дзён перад тым пахолка, не ведаючы пра намеры свае гаспадыні, павымывала ўсе гліняныя збанкі і драўлянае начынне, перакуліўшы, паставіла сушыць. Злыя духі, не ўбачыўшы гэтага, цэлую ноч насілі малако, вылівалі на падлогу, і раніцаю ўся вёска ўбачыла, што з-пад чараўніцынай хаты плыве глыбокая малочная рака. Не мінула б чараўніцу смерць, ды, калі даведалася пра ўсё, імгненна ператварылася ў птушку і адляцела недзе далёка.

      Тады было шмат заломаў у жыце, з’явіліся такія порсткія звяркі, што забіць іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы ўсюды на пчальнікі, нішчылі пчол.

      Яшчэ больш дзіўную рэч скажу панам: паўсюль снавалі такія зграі ваўкалакаў, што страх было выйсці ў поле.

      — Чаму ты іх называеш ваўкалакамі? — спытаўся дзядзька. — А можа, гэта былі сапраўдныя ваўкі, што набеглі з іншых лясоў, ратуючыся ад пажараў? Гэтак мядзведзі і іншыя звяры пераходзяць з аднае мясціны ў другую.

      — Ведаю добра, — сказаў Якуш, — што гэта былі ваўкалакі, бо, як расказваюць, шыі ў некаторых з іх былі белыя, чорныя і іншых колераў.

      — А чаму?

      — Таму што яны — людзі, перавернутыя ў звяроў. Якога колеру раней насілі хусткі на шыях, такая поўсць на шыях зрабілася.

      — Дзіўныя кажаш рэчы!

      — Але праўдзівыя. Нешчаслівы быў час, наракалі на гора сваё людзі, раздзірала сэрца выццё ваўкалакаў.

      — Што ж потым здарылася з панам Скамарохам і іншымі прыхільнікамі Белае Сарокі?

      — Белая Сарока, чуючы людскія праклёны і даведаўшыся ад д’яблаў, што стральцы з набітымі стрэльбамі сочаць за ёю, адляцела далёка і больш не з’яўлялася ў нашым краі. Але зло, якое яна пакінула, распаўзлося па наваколлі. Тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага люду. Пан Скамароха выехаў з гэтае мясцовасці, і кажуць, быццам ён у палацы Белае Сарокі ў абліччы страшнага мядзведзя вартаваў яе незлічоныя скарбы.

      Тут Якуш скончыў сваю аповесць пра Белую Сароку, узяў шапку.

      — Куды спяшаешся? — спытаўся дзядзька. — Ці табе пан казаў абавязкова сёння вярнуцца?

      — Пан дазволіў мне зайсці ў карчму на ігрышча, пабачыцца са знаёмымі ды павесяліцца. А заўтра перад світаннем, перш чым устануць у маёнтку, абавязкова трэба быць дома. Ужо сонца нізка, хутка цямнець пачне.

      — Кланяйся ад мяне пану і скажы, што Янка заўтра пасля святое імшы абавязкова ў яго будзе.


Продолжение "Пакутны дух" http://www.proza.ru/2014/12/11/388


Рецензии
Але зло, якое яна пакінула, распаўзлося па наваколлі. Тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага люду. Пан Скамароха выехаў з гэтае мясцовасці, і кажуць, быццам ён у палацы Белае Сарокі ў абліччы страшнага мядзведзя вартаваў яе незлічоныя скарбы.

Светлана Самородова   04.01.2015 18:17     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.