Вечар перад новым годам

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Пакутны дух" http://www.proza.ru/2014/12/11/388
            (Версия на русском языке: http://www.proza.ru/2015/01/13/2432)





 ВЕЧАР ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ


      Воблакі, нібы туманы, закрывалі неба; моўчкі стаялі ля дома майго дзядзькі клёны і бярозы; аснежаныя яліны нагадвалі белыя слупы; вячэрні змрок разліваўся ў паветры; у пакоі гарэла на стале свечка. Дзядзька, сляпы Францішак, пан Сівоха і пан Латышэвіч ад апавяданняў перайшлі да размоў пра шчаслівае і нешчаслівае жыццё сваіх знаёмых і суседзяў.

      — Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ год, — сказаў Завальня. — Я нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць пабачыў у жыцці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы свае радзіны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне, — да якіх часоў дажывуць мае дзеці? Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю што магу, але калі выйдуць на свет з-пад вока майго і настаўнікаў, няхай ужо Бог бароніць іх душы ад злых і бязбожных людзей.

      — Ат, пане Завальня, — сказаў Сівоха, — мы самі вінаватыя, што д’яблы размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму — глупства шляхты, хцівасць і нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:

Кошка Цяліцу забіла, Жук, Жаба Кошку судзіла, А жэ справа была кепска — То пшэнесьлі до Вітэбска.

      А што зрабілі ў Віцебску? Кошка быў з паноў, дужа прагных да багацця. Абараняючыся сяброўскімі пратэкцыямі, не пакінуў, а яшчэ болей пачаў шкодзіць усім. Цяліца памёр за праўду, і пра яго заўсёды ўспамінаюць як пра добрага чалавека.

      — Так заўсёды ў нас, — сказаў пан Латышэвіч, — за Дзвіною ва Ушачах сабраліся на раду…

      — Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае. Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.

      Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.

      — Брава, брава! — сказаў Завальня. — Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў — гэта знак, што ўсходзіцца вецер і хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю будзем сустракаць Новы год.

      Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на падваконне і дадаў:

      — Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.

      Сівоха паглядзеў у вакно:

      — Бясспрэчна, будзе хутка перамена надвор’я; аніводнае зоркі на небе, і я заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра раніцою пасылай касцоў — абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.

      — Дасведчаны гаспадар на кожную рэч павінен зважаць, — сказаў Латышэвіч. — Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам жыта і пшаніцу не вымаразяць.

      — А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надвор’я, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая — яснае надвор’е.

      У час гэтае размовы ў пакой зайшла пані Мальгрэта.

      — А гэта што такое? — пытаецца, убачыўшы свечку на падваконні. — Ноч ціхая, падарожныя не будуць блукаць па возеры.

      — Вашэць не чула, што нядаўна колькі разоў праспяваў певень; вецер можа нечакана перамесці дарогу ды так усхадзіцца, што за пяць крокаў нічога перад сабою не ўбачыш; у нас здараліся няшчасці: на возеры замярзалі людзі і ніяк нельга было ўжо вярнуць іх да жыцця.

      — Дзіўны чалавек! Калі сам любіць бавіцца з мужыкамі, дык думае, што гэта і гасцям прыемна.

      Сказаўшы гэтак, яна выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.

      — От, кабета, — прамовіў дзядзька, — што ў яе галаве роіцца. Такая іх натура: кожная ганарыцца сваім тытулам. На маю думку, шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, выконвае адно прыказанні Божыя.

      — Я ведаў і мужчын слабае волі, — сказаў сляпы, — што хваліліся знакамітасцю сваіх продкаў, а самі жылі так, што нявартыя былі чалавечага наймення.

      — Адхіліліся далёка мы ў сваіх размовах; пан Сівоха нядаўна абяцаў нам нешта расказаць.

      — Памятаю, — сказаў пан Сівоха і так пачаў апавяданне.


Продолжение "Валасы, якия крычаць на галаве" http://www.proza.ru/2014/12/11/392


Рецензии
А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надвор’я, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая — яснае надвор’е.

Светлана Самородова   05.01.2015 18:11     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.