Цыган базыль

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ" http://www.proza.ru/2014/12/11/392
            (Версия на русском языке: )





ЦЫГАН БАЗЫЛЬ


      Калі мы так гаманілі і кожны выказваў пра апавяданні гэтага вечара сваю думку, вецер нечакана пачаў шумець за сцяною ў дрэвах, якія акружалі дом; дзядзька глянуў на свечку, што дагарала на падваконні, і сказаў:

      — Нездарма певень спяваў адразу пасля захаду сонца. Вось ужо і перамена надвор’я: усхадзіўся вецер, і цяпер самае галоўнае, каб ясна гарэў агонь у вакне.

      Ён падняўся, замяніў свечку і звярнуўся да мяне:

      — Янка, папрасі пані Мальгрэту, каб прыйшла сюды. Дзіўная гэта кабета! Здаралася ў мяне, як і сёння, што госці апавядалі найцудоўнейшыя гісторыі. Я слухаю, нібыта прыкуты да месца, а яна не мае да гэтага аніякае цікавасці ды яшчэ гневаецца, не хоча заходзіць у гэты пакой, даводзячы, што не толькі апавядаць, але і слухаць пра д’яблаў і чары грэх.

      Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:

      — Васпані заўсёды самотная, не хацела паслухаць цудоўную аповесць, якою нядаўна так прыемна бавіў нас пан Сівоха. Бачыў ён у Віцебску чалавека з валасамі, якія крычалі на галаве.

      — Ат, ведаю я вашы гісторыі! Хто дасць веры, каб калі-небудзь валасы крычалі?

      — Няхай будзе па-твойму. Васпані не хоча верыць, а ўсё адно папросім пра адну рэч: загадай нам прынесці добрае гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін. Палёнкаю[160] развітаемся са старым годам і спаткаем новы, а цяпер гэта пітво будзе яшчэ прыемнейшае, бо мароз мацнее і вецер паўночны.

      На падворку дзьмуў вецер, на стале палілася гарэлка. Завальня рупіўся, каб дадаць неабходную колькасць усялякіх патрэбных прыправаў і добры прыгатаваць напой. Пан Латышэвіч гутарыў са сляпым Францішакам. Стоячы каля пана Сівохі, Стась і Юзік апавядалі пра сваіх школьных таварышаў, пра майскія прагулянкі ў полі ды пра студэнцкі тэатр. Я, гледзячы на блакітны агонь гарэлкі, прыгадваў размаітыя гісторыі, якія чуў у дзядзькавай хаце, а найбольш у гэты час мне мроілася ў галаве апавяданне арганіста Андрэя пра вогненных духаў. Здавалася, з гэтага полымя на кліч адразу б выскачыў Нікітрон.

      Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.

      — Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! — гучна абвясціў ён.

      — А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?

      — Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.

      — А можа, таму, — сказаў Сівоха, — што конь ужо далей бегчы не можа?

      — О, не! Конь мой яшчэ прабег бы мілі[161] чатыры.

      — Добра, добра зрабіў, што прыехаў да мяне, будзем разам сустракаць Новы год.

      — А цяпер самы час варажыць, — сказаў Сівоха, — дык скажы ўсім нам: каго які лёс спаткае ў наступным годзе.

      — Навошта варажыць! Што каму лёс прызначыў, так і будзе. Мне, цыгану, ездзіць з кута ў кут або жыць у намёце сярод поля, а пану — кіраваць гаспадаркаю.

      — А ці шмат у гэтым годзе збыў старых коней і выгандлеваў маладых?

      — У гэтым краі і людзі не горш за цыганоў абазнаныя ў конях: не дадуць ашукаць.

      — Скажы ж мне, Базыль, — прамовіў дзядзька, — чаму ты не асядзеш на гаспадарцы? Спакайней жыў бы на свеце.

      — Так жылі нашы продкі; пэўна, яны прыкладвалі да скроні жабер-траву і, даведаўшыся будучыню, пагарджалі ўсім і нам такія свае звычаі пакінулі.

      — Што гэта за трава? — запытаўся я. — Ці расце яна дзе-небудзь у нашым краі, ці мо ў іншым якім месцы?

      — Раскажа пасля пра гэтую траву, — сказаў дзядзька, — а цяпер няхай пагрэецца. Сядай, пане Базыль, можа, ты яшчэ і не вячэраў?

      — Пра вячэру, дабрадзею, яшчэ не думалі ані я, ані мой конь.

      — Конь не будзе галодны: маю сена, маю яшчэ, дзякуй Богу, і хлеб, каб пакарміць падарожнага.

      І Завальня загадаў прынесці цыгану вячэру.

      Базыль, седзячы за сталом, еў з добрым смакам. Калі падхарчыўся, пачаў размову пра мінулае, хваліў зычлівасць і лёгкую руку сваіх знаёмых, у якіх некалі выгадна набываў добрых коней. Жаліўся і наракаў на сябе, што лёгка верыў іншым, а таму меў страты ў гандлі, няраз траціў надзею і адступаўся ад важных намераў, не маючы магчымасці быць на конскіх кірмашах у Бешанковічах і Асвеі.

      Хваліў некаторыя мясціны ў Беларусі, а менавіта берагі Дрысы і Дзвіны, дзе ён, маючы ўлетку багатую пашу, гадаваў добрых коней, і жыў там часта да позняе восені. Апавядаў пра свае зімоўкі і пра зімоўкі іншых цыганоў, як яны, маючы ўладу над агнём, раскладаюць велізарнае вогнішча пад саламянай страхою і агонь салому не паліць.

      Тым часам палёнка ўжо была гатовая. Завальня паналіваў шклянкі, падвёў да стала сляпога Францішка, паставіў перад ім гарачае пітво і іншых гасцей запрасіў бліжэй. Кожны з іх, каштуючы, хваліў смак і колер палёнкі, якая ў святле свечак мела цёмна-рубінавы колер; і тут пачалася размова пра кошт і якасць мясцовых трункаў і замежных вінаў.

      — Як неразумна, — сказаў пан Сівоха, — прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку — не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды — адзіныя лекі!

      — Праўда, дабрадзею, — сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую шклянку і пазіраючы ў місу. — Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі — забылі б на холад, ім бы салоўкі заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.

      — Гэта праўда, — сказаў пан Латышэвіч. — А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк![162] Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю[163], дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на мяне, сказаў:

      — Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?

      — Нездаровы, — адказваю. — Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у жыда, дык і прастудзіўся.

      — Я вылечу, — сказаў ён.

      Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.

      — Прыемныя лекі! — сказаў Завальня. — Але нядаўна Базыль успамінаў пра нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.

      — О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.

      Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.


Продолжение "Жабер-трава"  http://www.proza.ru/2014/12/11/395


Рецензии
— Як неразумна, — сказаў пан Сівоха, — прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі.

Светлана Самородова   07.01.2015 17:36     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.