Стогадовы стары i чорны госць

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096



             Предыдущая часть "Яснасць на небе" http://www.proza.ru/2014/12/11/397
            (Версия на русском языке: )




СТОГАДОВЫ СТАРЫ І ЧОРНЫ ГОСЦЬ

      У маладосці я ведаў старога, які жыў па суседству з намі; зваўся ён Гараська, быў сапраўды старасвецкі чалавек. (Цяпер такіх людзей няма ўжо ў нашым краі.) Прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр, але жыццё і смерць яго былі такія дзіўныя і так запалі ў маю памяць, што, здаецца, нібыта ўчора ўсё гэта бачыў.

      Жонка і ўся яго сям’я даўно ўжо выбраліся на той свет, адзін толькі ўнук быў яму памочнік у штодзённай працы на полі, а нанятая кабета гатавала есці і даглядала адзіную карову, якой досыць было травы вакол самотнага дома, што стаяў на пагорку і быў цераз за поле вярсту ад нашае вёскі.

      Гараська добра памятаў сваю маладосць. У святы або ўвечары, калі вернуцца з поля аратыя і касцы, ён прыходзіў да нас і, седзячы на прызбе, апавядаў, як жылі даўней нашыя продкі, — проста, без прыдумак і ўсялякіх пышных аздобаў; палеткі і авечыя чароды задавальнялі ўсе іхнія жаданні; не зайздросцілі яны жыхарам далёкіх краін, не ішлі да іх набываць багацце, бо не мелі ў тым патрэбы, без таго былі шчаслівыя і спакойныя.

      У восемдзесят гадоў ён быў яшчэ не змардаваны працаю, — з сошкаю на полі і з касою на сенажаці апярэджваў маладых. Сілу меў нечалавечую. Калі не было добрага ўлову, складваў нерат ў човен і, несучы яго на плячах, пераходзіў з усімі сваімі прычындаламі на другое возера. У такой сіле і заўсёды з добрым здароўем прычакаў соты год жыцця і быў яшчэ моцны, як вячысты зялёны дуб. Прыйшла маркотная восень. Доўгімі і цёмнымі вечарамі ўся наша сям’я, сабраўшыся пры лучыне, рабіла тое, што адпавядае гэтай пары года. Мой бацька плёў нерат, кабеты пралі, а я гнуў абручы да розных дзежак. У часе работы пачалася гаворка пра старога Гараську.

      — Чаму гэта, — сказаў мой бацька, — Гараська так даўно не быў у нас? Добры стары, калі з ім размаўляю, час ляціць хутка і прыемна. О! Як бы я хацеў, каб ён прыйшоў да нас — барзджэй мінуўся б гэты восеньскі вечар.

      Ледзь сказаў так — бачым дзіва дзіўнае: дзверы не адчыняліся, а Гараська стаіць пасярод хаты. Са страхам глядзім на яго. Ён стаіць моўчкі нерухома, твар яго смутны і выказвае штосьці незразумелае, уся постаць лёгкая і, здаецца, вышэйшая, чым зазвычай. З кожнаю хвілінаю ён робіцца ўвачавідкі лягчэйшы ды танчэйшы і растае ў паветры. Ува ўсіх нас апусціліся рукі, дрыготка прабегла па целе, пазіраем адно на аднаго, не разумеючы, што ўсё гэта значыць. Нарэшце мой бацька перапыніў маўчанне:

      — Трэба будзе заўтра даведацца, што дзеецца ў Гараськавай хаце, ці здаровы ён? Гэтая здань прадказвае нешта благое.

      Толькі сказаў гэта мой бацька, — заходзіць у хату сусед, хата якога стаяла на другім баку вуліцы, і такую апавядае гісторыю.

      Таго вечара былі ў яго госці. Пасеўшы на лавах, госці і гаспадары гаманілі пра сёе ды тое… Нарэшце пачалася гаворка пра некаторыя апавяданні Гараські, як ён згадваў сваю маладосць, даўнейшых паноў і даўнейшае жыццё. Раптам адчыніліся дзверы, нібыта разнасцежыў іх моцны вецер, суседаў сын падбег да парога і толькі хацеў зачыніць — зайшоў Гараська, нікому не пакланіўся, ціха, як цень, падышоў да стала і зноў вярнуўся ў сенцы. Насупраць, у другую палову хаты, таксама адчыніліся дзверы, і ён зайшоў туды. Дзівіліся ўсе, не ведаючы, што гэта такое; узялі запаленую лучыну, каб пасвяціць, бо цёмна было, але не знайшлі там аніводнае жывое душы. Устрывожыліся ўсе, дзеці і жанчыны баяліся выйсці за дзверы.

      Пасля гэтага апавядання яшчэ некалькі чалавек прыйшлі да майго бацькі і таксама расказвалі цуды пра старога Гараську, які гэтаксама шмат да каго заяўляўся. Нехта бачыў яго і ўдзень: сядзеў на прызбе самотны і задуманы, а калі падышлі да таго месца — нікога не знайшлі.

      — Заўтра нядзеля, вольны дзень, — сказаў сусед. — Пасля святое імшы пойдзем усе і даведаемся пра Гараськава здароўе. Стогадовы стары хоць на выгляд дужы і здаровы, аднак у такім вяку бывае лёгкая і хуткая перамена.

      Наступнага дня перад самым полуднем мой бацька, я і іншыя людзі з нашае вёскі наважылі ісці да Гараські, і толькі падышлі да дзвярэй, як заходзіць яго ўнук і кажа:

      — Дзед паслаў мяне прасіць усіх вас, каб вы сёння яго пераведалі.

      — Як ён маецца? Ці здаровы? — спытаўся мой бацька. — Засумавалі ўжо ўсе без ягоных гісторый, нават турбавацца пачалі, ці здаровы. — Здаровы. Праўда, цяпер больш маўчыць, нейкі задуманы і апошнім часам шмат працаваў.

      — Што ж ён там рабіў? — спытаўся сусед. — І на каго ж гэта працаваў?

      — На сябе.

      — Што ж ён усё-такі рабіў?

      — Убачыце, калі пераведаеце.

      — Ну, дык хадзем, не бавячыся доўга, — сказаў мой бацька. Там задаволім нашую цікаўнасць.

      І ўсе выйшлі за дзверы.

      Заходзім у Гараськаву хату і бачым: стаіць пасярод пакоя на двух зэдліках дубовая труна. У хаце ўсё прыбрана, падмецена і лавы чыста вымытыя. Гаспадар у новым палатняным адзенні і ўвесь белы, як лебедзь. Сустракаючы нас на парозе, сказаў:

      — Проша, проша ў маю хату. Запрасіў сёння вас да сябе паказаць вам дом вечнасці, які сабе збудаваў сваімі рукамі. Хутка думаю перабрацца ў гэтую вечную хату.

      — О! Яшчэ дзеду моцны, — сказаў мой бацька, — можа, раней каго-небудзь з нас пахаваеш.

      — Малады можа, а стары мусіць паміраць, але яшчэ пачакаем пра гэта гаварыць. Сядайце, дарагія госці, рады буду пабавіць з вамі час у мілых размовах.

      Сказаўшы гэта, ён запрасіў усіх нас сесці за стол. Унук прынёс гарэлку, а наймічка паставіла перад намі розныя пачастункі. Гараська, сеўшы ля нас, прымушаў піць і есці, а сам не крануў ані ежы, ані пітва.

      — Як гэта сталася, дзеду, — спытаўся адзін госць, выпіўшы кілішак гарэлкі, — што ты ўчора з хаты не выходзіў, а людзі цябе ўсюды бачылі?

      — Быў і ў мяне ў хаце, — сказаў бацька. — Я, дзеці і жонка — усе добра бачылі: твая постаць з’явілася пасярод пакоя і ўмомант знікла.

      — Заходзіў і да мяне. Не пакланіўся ані гасцям, ані гаспадару, а потым хутка выйшаў у сенцы і схаваўся ў цёмнай палове хаты, а там цябе і з агнём не знайшлі.

      Гараська неспакойна глянуў на гасцей, твар яго спахмурнеў. Крыху падумаўшы, стары сказаў:

      — Будуючы сабе гэты дом, я думаў пра вас, душа мая вас адведвала, успамінаў мінуласць, і дух мой лётаў па тых ваколіцах, дзе я нарадзіўся, вырас, хадзіў па жыццёвых пуцявінах, зазнаў шчасце і гора, вясёлыя і сумныя гады, але ўсё гэта мінулася, як сон кароткі.

      — Але, пэўна, і не снілася старасвецкім людзям, — сказаў мой бацька, — тое, што мы цяпер зазналі; паны любілі гаспадарыць, і лепей было за сённяшняе.

      — Шмат якім панам глядзеў я ў вочы, — сказаў стары, — адгадваў іх думкі, выконваў загады, дагаджаючы ўсялякім іх жадункам. За мае паслугі, дзякуй Богу, мне верылі і давяралі. Нашы вёскі калісьці колькі разоў перапрадавалі, шмат тут было гаспадароў, і кожны кіраваў па-свойму, ды за тым часам яшчэ жылі нішто сабе. А вось калі пан З. па смерці сваіх бацькоў запанаваў у гэтым маёнтку Казуліне, усе мы зазналі гора. Хацеў здзівіць суседзяў сваёй раскошаю: прывозіў дарагія кветкі і садовыя дрэвы з далёкіх краін; ездзіў у шыкоўных экіпажах; трымаў мноства лёкаяў, а парадку ў доме не было; збіраліся госці, пілі дарагое віно; штогод выдаткі былі большыя за прыбытак з маёнтка. Дык і пачаліся крыўды і рабункі.

      — Дрэнны будзе з гэтага канец, — казалі абазнаныя людзі пану З., але ён не слухаў добрае рады, больш да душы былі яму намовы несумленных людзей, якія карысталіся з ягонае някемнасці.

      У той самы час з’явіўся ў нашым маёнтку — невядома адкуль — дзіўны чалавек. Я забыў яго прозвішча, але твар як сёння бачу: худы, заўсёды бледны, нос велізарны, бровы густыя, пагляд як у вар’ята, вопратку меў чорную, доўгую і нейкую дзіўную. Не выпадала мне ў жыцці нікога ў такім уборы бачыць. І гэты госць, як неадступны цень, нязменна быў з панам З., хваліў ягоныя ўчынкі, маўляў, ён бавіцца і весяліцца, як і належыць сапраўднаму пану — нашчадку знакамітых продкаў, абяцаў паказаць яму нейкія цуды і адкрыць крыніцу бяздоннага багацця, апавядаў пра цуды, што дзеюцца дзесьці на краі свету; кпіў з нашых звычаяў і завядзёнак, якія нам дасталіся ад продкаў. Былі такія паны, што ўхвалялі яго думкі, а лёкаі і сяляне пракліналі яго і з пагардаю называлі чорным госцем.

      Мінае год, мінае другі, і робіцца ўсё горш і горш. Сяляне пана З. дазвання згалелі, кінуўшы хаты, блукалі па свеце і шукалі сабе спажывы; ды і ў панскім доме панавала бяда; суседзі і знаёмыя, едучы па блізкіх дарогах, міналі наш маёнтак. Чорны госць прыходзіў толькі часам, раіў прадаваць людзей і такім чынам збіраць грошы. Паслухаўся пан, шмат вывез моладзі ў далёкія краі, але і з гэтага не забагацеў, а госць той чорны хутка знік.

      Даймалі пана праз суд крэдыторы, вымагаў нясплочаныя за колькі гадоў падаткі ўрад. Суд апісаў маёнтак і перадаў яго апекуну, а пану З. дазволілі мець пры сабе да паслуг адно лёкаяў. Сярод іх быў тады і я. Мы жылі ў далёкім фальварку; пан быў самотны. Праз колькі месяцаў я заўважыў у ім дзіўныя перамены. Почасту ён гадзінамі сядзеў моўчкі на адным месцы, часта задуманы, нібыта ў роспачы, хапаўся за галаву і размаўляў сам з сабою, ходзячы па пакоі, не спаў ад захаду да ўсходу сонца.

      Аднаго разу акурат апоўначы пачуў я панаў голас, убачыў агонь у вакне; падумаў: кліча каго-небудзь з нас — і заходжу ў пакой. Пан гаворыць сам з сабою так гучна, быццам з некім спрачаецца. Здзіўлены, я доўга глядзеў на яго, а ён мяне не заўважаў. Нарэшце я сказаў:

      — Пачуў панскі голас і падумаў, што клічаш каго з нас, а пан быў самотны і размаўляў сам з сабою.

      Ён зірнуў на мяне неспакойным вокам і сказаў, паказваючы рукою на сцяну:

      — Самотны? А гэта хто?

      Бачу: на сцяне цень у рост чалавека, нос доўгі, валасы натапыраныя — пазнаю чорнага госця. Апанаваў мяне страх, дрыготка скаланула цела, стаю на месцы, як скамянелы, а цень той пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік.

      — Пайшоў. Не дае мне спакою, — сказаў пан, — а ты ідзі, няма табе тут чаго рабіць.

      Я выйшаў адтуль, увесь агорнуты страхам; здавалася, што той страшны цень стаіць перада мною, і я ўсю ноч не мог заснуць. А калі апавядаў іншым пра той жахлівы прывід, ніхто мне не верыў, усе смяяліся, кажучы, што я перапалохаўся свайго ценю, але я думаў іначай і забыць гэтага не мог.

      Прайшло колькі тыдняў. Пан заўсёды быў самотны і неспакойны. Аднаго разу ўвечары ён сказаў мне:

      — Сёння я блага пачуваюся. Пасля вячэры адразу прыходзь і будзеш спаць тут, бо, можа, здарыцца якая патрэба, а ты ў сваім пакоі моцна заснеш і мяне не пачуеш.

      Я паслаў сабе пасцель на падлозе, патушыў агонь. Ноч была ціхая і ясная, свяціў месяц. Пан не мог заснуць: уздыхаў, уставаў, сядаў і зноў клаўся. Доўга я чуў кожны яго рух і толькі заснуў — моцны голас абудзіў мяне. Усхопліваюся і бачу: пан, седзячы на ложку, гучна гаворыць як бы сам з сабою, але я той гаворкі зразумець не мог. Поўня свяціла ў самае вакно, бледнае святло разлівалася па ўсім пакоі так, што ўсе рэчы можна было добра бачыць. Раптам я заўважыў жахлівы цень у рост чалавека, што быў на сцяне насупраць самага ложка і, павярнуўшыся тварам да вакна, рухаўся, нібы жывы. Нос доўгі, валасы натапыраныя — пазнаў чорнага госця. Ахапіў мяне люты страх і я, як непрытомны, ускочыў з месца і закрычаў:

      — Кажы, пане, запаліць агонь!

      — Навошта запальваць агонь, — сказаў пан. — Цяпер яшчэ толькі поўнач.

      — Гэты жахлівы цень палохае мяне, — адказваю.

      — Не табе, а мне не дае ён спакою.

      Сказаўшы гэта, ён устаў з ложка і паходжваў па пакоі, а мне загадаў не сыходзіць з месца. Тут заспяваў певень. Цень пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік. Пан сядзеў нерухомы, як камень. Я лёг на сваё месца і пазіраў на яго; дрыжыкі прабягалі па маім целе, і да самага світання я ўжо не заснуў.

      Аднаго разу той жахлівы цень з’явіўся на сцяне апоўдні пры ясным сонцы. Я заўважыў на твары ў пана страшную перамену: ён быў бледны, як навец, і, шпарка ходзячы, казаў нейкія няўцямныя словы.

      Я, перапалоханы, ледзь змог прамовіць:

      — Загадай, пане, паклікаць ксяндза, каб прачытаў малітвы і свянцонаю вадою пакрапіў сцены. Відаць, гэты дом доўга стаяў пусты, вось нячысцік тут і пасяліўся. Або нейкі чарнакніжнік выклікаў яго сюды, каб ён нас мучыў не толькі ўначы, але і ўдзень.

      Пан здзекліва глянуў на мяне і сказаў:

      — Стары дом, можа, няраз ужо крапілі свянцонаю вадою. Не з тваім розумам сюды лезці.

      Неяк, калі заходзіла ўжо сонца, пан, вярнуўшыся смутны са шпацыру, зайшоў у пакой, сеў і ашчаперыў рукамі галаву.

      — Пэўна, у пана моцна галава забалела? — пытаюся.

      — Так шуміць у галаве, — сказаў ён, — што даўно ўжо ніякага паратунку няма.

      — Параіў бы пану, як вылечыцца, ды не ведаю, ці паслухае мяне пан.

      — Паслухаю, калі што добрае скажаш.

      — Кажуць, што калі мучыць шум у галаве, найлепей пастаяць ля самае званіцы, паслухаць касцельных званоў, як на імшу звоняць, потым зайсці ў святыню, укленчыць перад алтаром, шчыра памаліцца і паслухаць святую імшу. Такім чынам шмат хто вылечыўся. Няхай і пан паспрабуе[169].

      Ён глянуў на мяне, і здзеклівая ўсмешка з’явілася на хваравітым твары.

      — Табе гэтыя лекі, можа, і дапамаглі б, а мяне касцельныя званы не вылечаць.

      — Я шмат бачыў няшчасцяў і страшных дзіваў, жывучы на гэтым свеце, — сказаў стары. — Але гэтае самае жахлівейшае. Не вытрымаў пан, памёр ад несупынных пакутаў.

      Сказаўшы гэта, ён схіліўся перад абразом Божай Маці і ціха маліўся, а ўсе госці моўчкі глядзелі на яго.

      Ужо вечар. Сонца схавалася за лесам. Гараська, закончыўшы малітву, глянуў у вакно: на небе свяцілася адна вячэрняя зорка. Ён нейкі час сачыў за ёю. Сляза пакацілася па Гараськавым твары. Нарэшце, павярнуўшыся да гасцей, сказаў:

      — Хутка ляціць час у размовах з добрымі сябрамі. Так і ўсё жыццё наша мінаецца. Колісь у маладыя гады любіў я глядзець на гэтую вячэрнюю зорку, там шукаў у смутку надзеі і ўцехі.

      Ён запаліў васковую свечку, паставіў яе ля труны і казаў далей:

      — Збудаваў сабе дамок без дзвярэй і без вокан. Тут адпачну спакойна, сон мой не перапыніць ні смутак, ні трывога, ні клопаты. На Бога мая надзея.

      Сказаўшы гэта, стары паставіў труну на падлогу і хацеў легчы ў яе.

      — Што ты робіш! — закрычаў адзін з гасцей, хапаючы яго за руку. — Навошта, здаровы і моцны, лезеш у дамавіну? Прыйдзе пара, самі цябе туды пакладзём. А пакуль тое, жыві і радуйся сонейку!

      — Але больш ты ўжо не вырасцеш, — сказаў мой бацька. — А цяпер, бачым, труна акурат па табе. Не нагадвай нам, што некалі цябе страцім. Давай пагамонім лепей пра тое, што было даўней.

      — Хачу адпачыць пасля працы. Ужо ноч, зоркі свецяцца на небе, — сказаўшы гэта, Гараська лёг у труну.

      Стоячы вакол, глядзім на яго: твар смяртэльна збялеў, і вочы закрыліся.

      — Досыць, досыць гэтае пробы. Падымайся, — сказаў мой бацька, беручы яго за руку.

      — Уставай, уставай, Гараська! — крычалі госці.

      Хацелі падняць яго з труны, але як убачылі, што ён ужо нежывы, пабялелі ўсе і доўга стаялі вакол у здранцвенні.

      — Дзіўны стары, — сказаў Завальня, — ведаў, што жыве апошнія гадзіны і, развітваючыся з гэтым светам, запрасіў да сябе ў гасціну знаёмых, каб у іх на вачах пайсці ў свой вечны дом. Пэўна, ён усё жыццё памятаў пра смерць, за гэта ў старасці літасцівы Бог і абвясціў яму часіну свайго суда і міласэрнасці. А вось той чорны госць, што не даваў спакою пану, ужо трэці раз з’явіўся на сцэне ў нашых гісторыях. Не спіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто забывае пра бліжніх сваіх. То кара Божая.

      Паслухаем жа цяпер, што твой таварыш скажа.


Продолжение "Чарауник ад прыроды и кот Варгин" http://www.proza.ru/2014/12/11/403


Рецензии
У святы або ўвечары, калі вернуцца з поля аратыя і касцы, ён прыходзіў да нас і, седзячы на прызбе, апавядаў, як жылі даўней нашыя продкі, — проста, без прыдумак і ўсялякіх пышных аздобаў; палеткі і авечыя чароды задавальнялі ўсе іхнія жаданні; не зайздросцілі яны жыхарам далёкіх краін, не ішлі да іх набываць багацце, бо не мелі ў тым патрэбы, без таго былі шчаслівыя і спакойныя.

Светлана Самородова   09.01.2015 12:02     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.