Чараунiк ад прыроды i кот варгiн

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Стогадовы стары i чорны госць" http://www.proza.ru/2014/12/11/401
            (Версия на русском языке: )





ЧАРАЎНІК АД ПРЫРОДЫ І КОТ ВАРГІН

      — Бывалі цуды даўней, — сказаў другі падарожны, — чуў і я ад старых пра незвычайных людзей. Апавяданні пра аднаго з іх наймацней захаваліся ў маёй памяці.

      Жыў у нашым краі просты селянін Тамаш. Пра яго казалі, быццам нарадзіўся, маючы ўсе зубы, а калі вырас, не вучачыся чараваць, ведаў усе сакрэты чараўнікоў, нячысцік ад яго не мог схавацца: у кожнай перамене, у любым абліччы — ён заўсёды яго бачыў і пазнаваў. Да ўсіх людзей ён меў прыязнасць, ведаў нейкія сакрэтныя словы, якімі перамагаў злога духа, дапамагаючы пакутным і нешчаслівым людзям. Змучаныя цяжкай хваробаю паны, калі вучоныя дактары і дарагія лекі не давалі ім палёгкі, пасылалі па Тамаша, і той нейкім таемным словам хутка вяртаў ім здароўе і спакой. Раскажу пра некалькі такіх выпадкаў.

      Аднаго разу пан Н. вярнуўся з горада і прывёз дадому ката. Дзе і як яго набыў — я не чуў, толькі ведаю, што кот той быў незвычайны. Калі пан занёс яго ў пакой і пасадзіў на падлогу, усе сямейнікі абступілі госця і здзіўлена глядзелі, як той паважна пахаджваў па хаце, падыходзіў, варкочучы, да кожнага і з усімі быў такі ласкавы, быццам гадаваўся ў гэтым доме.

      Пан Н. сказаў жонцы:

      — Глянь, Антося, які цудоўны кот, вялікі, поўсць блішчастая, увесь чорны, як вугаль, вочы гараць. Ды гэта сапраўдны кашэчы кароль Варгін[170]. Ледзьве здабыў гэтую найвялікшую рэдкасць.

      Кот ускочыў на стол. Пані пагладзіла яго рукою, ён прымружыў вочы, выгнуў дугою чорную спінку і, муркаючы, пахаджваў па стале. Пані ўзяла яго на рукі: пекны, ласкавы кот быў ёй да душы.

      Кот гэты атрымаў усялякія выгоды: піў смачнае малако, спаў на мяккай пасцелі, на кліч «Варгін!» бег да пані, бавіў яе, і ўсе яго любілі.

      Прайшоў месяц, прайшоў другі. Кот быў фаварытам цэлага дому і жыў як сапраўдны кашэчы кароль. Але праз некалькі месяцаў усе пачалі заўважаць нейкую перамену ў пані: у яе з’явіліся дзіўныя капрызы, ніхто не мог адгадаць, чаго яна хоча; нудная, неспакойная, сварлівая, карала без віны пакаёвак і лёкаяў, лаяла суседак, крычала на мужа; ва ўсім маёнтку адзін кот быў добры і шчаслівы.

      «Што гэта такое? — думае сам сабе пан Н. — Такая нечаканая перамена ў Антосі».

      Параіўся са старымі і дасведчанымі людзьмі. Усе пагадзіліся на тым, што пані хворая, бо часта плача, наракае, хапаецца за галаву, нібыта мучыць яе моцны боль, і падае на ложак. Хворай ніхто не мог дагадзіць. Толькі кот спакойна варкатаў ля яе.

      — У яе напэўна спазмы, — сказаў пан. — Трэба клікаць доктара.

      Прыязджае доктар, пасылае па лекі, лекі дарагія, выдаткі вялікія, а рады няма. Задумаўся доктар, не можа паставіць дыягназ, дык пан Н. запрашае яшчэ некалькі медыкаў. Сабраліся, пагаманілі між сабою, перамянілі лекі — але і гэта не памагло, бо ніхто з іх не мог зразумець хваробу.

      Калі ўжо дактары з усёй сваёй навукай не далі палёгкі (хворая зрабілася яшчэ больш слабая і неспакойная), знаёмыя і суседзі параілі пану паслаць па Тамаша.

      — Тамаш, — казалі, — нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў. Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.

      Паслухаў пан Н. і паслаў па чараўніка.

      Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач.

      Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак.

 Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе. Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся тая куслівая жамяра знікла.

      — Няхай цяпер хворая крыху адпачне, — сказаў Тамаш. — Праз колькі гадзін будзе зусім здаровая.

      — Скажы, Тамаш, з чаго пачаліся тыя страшныя пакуты мае жонкі? Адкуль і як у яе ў галаве завяліся тыя восы? Дактары не маглі вызначыць яе хваробу.

      — Няма тут нічога дзіўнага, — адказаў Тамаш, — пані любіла бавіцца[171] з катом, і ён сваім нячыстым варкатаннем распладзіў у яе галаве, як у гняздзе, атрутных восаў.

      — Кот?! Варгін?! — закрычаў пан. Ці можа такое быць? Такі пекны, такі лагодны звярок; усе яго любілі, і ўсё ў яго было.

      — Раю пану быць асцярожным. Каты, асабліва чорныя, маюць атруту.

      Сказаўшы гэта, ён узяў шапку і выйшаў з пакоя.

      — Павесіць ката! — закрычаў пан Н., і гэты, поўны гневу загад, перапалохаў усіх. — Паклікаць сюды каго-небудзь, няхай выцягне ката з-за грубкі. Павесіць яго!

      — Сорам, — сказала пані паручнікава, — даваць веры чараўніку, які тут нас усіх сваім шарлатанствам падмануў. Хіба маглі ад гэтага ката нарадзіцца атрутныя восы ў галаве; не чыні, пан, такой жорсткасці — я яго забяру з сабою. Кот рэдкі, і ён у маім доме, пэўна, ніякае шкоды не ўчыніць.

      — Павесіць ката неадкладна! — крычаў пан Н. у гневе.

      Заходзіць у пакоі лёкай, шукае за грубкаю ката, але таго там ужо не было. Пан і лёкай агледзелі ўсе куты, глядзелі пад сталамі і пад ложкамі, шукалі за мэбляй і нідзе Варгіна знайсці не маглі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, як ён уцёк? Стаяць здзіўленыя: кот як праз зямлю праваліўся.

      Пані ўжо была здаровая і спакойная. Ва ўсёй ваколіцы дзівіліся з гэтага здарэння. Дактары кпілі з людское прастаты; але люд верыў у сілу Тамашовых слоў, ішоў да яго па параду і заўсёды меў палёгку ў пакутах. Пані паручнікава хацела мець Варгіна ў сваёй хаце, дужа шкадавала, што не ведае, дзе гаротнік хаваецца ад несправядлівага панскага гневу.

      Аднаго разу, бавячы час дома з суседкамі, так апавядала гасцям пра ката Варгіна:

      — Я не бачыла нічога пякнейшага, як той незвычайны звярок: чорны як вугаль, поўсць бліскучая, гладкая, мяккая — як аксаміт; касматы хвост як у собаля, вочы, поўныя агню, гараць, як свечкі; сам велізарны. О! Калі б магла дзе-небудзь такога ката знайсці — дорага заплаціла б за такую рэдкасць.

      Падчас гэтае размовы забягае Зося, старэйшая дачка пані паручнікавае, і крычыць:

      — Ах, мама! Які велізарны кот сядзіць у вітальні!

      Адчыняюць дзверы і бачаць у цёмным куце чорнага ката — вочы зіхацяць, як свечкі. Гаспадыня адразу пазнала Варгіна і ледзь сказала: «Варгін!», як ён, варкочучы, падышоў да яе. Пані ўзяла яго на рукі, занесла ў пакой і пусціла на падлогу. Варгін паважна пахаджваў па пакоі, а дзеці і госці, стоячы вакол, глядзелі са здзіўленнем і хвалілі незвычайнага ката.

      — Табе, Зося, трэба клапаціцца, каб Варгін быў заўсёды накормлены і дагледжаны, — сказала паручнікава. — Цешыць мяне, што ён з’явіўся ў маім доме. Тут такое няшчасце, якое ён зазнаў нядаўна ў доме ў пана Н., яго не напаткае. Ці ж праўда, што такі прыгожы кот мае атруту і шкодзіць сваім варкатаннем?

      Колькі тыдняў Варгін быў найшчаслівейшы з катоў: меў добрае малако, усе яго любілі, а найбольш дзеці. Яны кідалі кату мячык, а той спрытна лавіў яго лапамі, бегаў з дзецьмі па пакоі, скакаў па крэслах, сталах і канапах, гуляў з малымі ў садзе, забаўляў іх, лазячы па дрэвах. Пасля забаў і праменадаў ён ляжаў з дзецьмі на траве пад шатамі густых ліп; а калі вяртаўся ў пакой, яго сустракала Зося, брала на рукі, гладзіла белаю ручкаю, і няраз шчаслівы Варгін, варкочучы, засынаў у яе на каленях.

      Нарэшце дзіўныя перамены заўважаюць усе: дзеці, раней спакойныя, цяпер лезуць на сталы, на камоды, страшна крывелюцца, часам мружаць вочы, як совы, баючыся святла, глядзяць, як пачвары, выкрыўляюцца целам, кідаюцца ў вокны, бягуць да вады, усіх лаюць. Зося зусім змянілася. Часам разгневаецца на ўсіх, сядзіць смутная, наракае на ўсіх людзей і на цэлы свет, а часам — занадта вясёлая, танцуе адна, кружляе па пакоі, пляце лухту; зрабілася легкадумнаю, пераборліваю, ніхто ёй дагадзіць не можа.

      Аднаго дня пані паручнікава бавілася з гасцямі, дзеці коўзаліся на падлозе, Зося павярнулася колькі разоў у пакоі і села ў куце, самотная і сумная, а Варгін прымайстраваўся ў фатэлі і варкатаў, прымружыўшы вочы.

      — Дзіўныя перамены бачу я ў тваім доме, — сказала прыяцелька пані паручнікавае, — дзеці, а асабліва твая старэйшая дачка, непадобны да саміх сябе. Чула я пра чорных катоў, што яны вельмі шкодзяць. Ці не Варгін гэта іх заразіў? У такім няшчасці, як кажуць людзі, дактары не дапамогуць. Прасі Тамаша. Ён адзін можа вылечыць.

      Калі сказала гэта, то кот Варгін завішчаў некаціным голасам, скочыў у вакно і вокамгненна знік.

      Паручнікава пабялела, і ўсіх гасцей ахапіў страх. Раскрыліся ў маці вочы, зразумела яна сваю памылку і нешчаслівыя вынікі яе. Хутка пасылае карэту па Тамаша, просячы, каб паспяшаўся і ўратаваў яе ад няшчасця.

      Прыехаў Тамаш. Маці расказала яму пра бяду, што прыйшла ў дом. Чараўнік глянуў на паненку, на дзяцей, паціснуў плячыма і кажа:

      — Будзь, пані, спакойная, хоць дзеці ўжо хворыя, але яшчэ не позна: з іх галоў лёгка можна выгнаць пачвар, што завяліся ад кацінага варкатання.

      Ён загадаў паставіць усіх дзяцей пасярод пакоя, а сам, наблізіўшыся да іх, прашаптаў таемныя словы.

      Страх агарнуў усіх, хто глядзеў на гэта: з дзяцей сыпаліся нейкія дробныя страшныя і дзіўныя звяркі, накшталт жаб і мышэй, поўзалі па пакоі і шукалі сховаў у шчылінах, пранізлівы іх піск закладаў людзям вушы. З галавы ж паненкі Зосі выляталі матылі размаітых памераў і расфарбоўкі, мітусіліся пад столлю, а маці, гледзячы на гэта, дрыжэла ад страху і была як непрытомная. Тамаш, бачачы яе пакуты, махнуў рукою, і адразу зніклі матылі і ўсе пачвары.

      Нарэшце Тамаш, каб яшчэ больш супакоіць расхваляваную маці, запэўніў, што дзеці яе не захварэюць больш на гэтую немач, калі яна не забудзе цяперашніх пакут і будзе пільнаю, баронячы дзяцей ад гэткіх забаваў.

      Калі пасля чараў дзеці пайшлі ў свой пакой, а Тамаш узяў шапку, каб ісці дадому, прыехаў суддзя Дадэмуха, чалавек багаты і, кажуць, разумны, бо ўсе суседзі і знаёмыя заўсёды ў яго прасілі рады ў судовых справах. Пан суддзя зайшоў у пакой, прывітаўся з гаспадыняю, зірнуў на Тамаша і сказаў:

      — А гэты чараўнік чаго тут?

      Пані паручнікава расказала пра няшчасце, якое яна зазнала ад чорнага ката. Дадэмуха смяяўся да ўпаду, слухаючы пра такія цуды, і сказаў, звяртаючыся да Тамаша:

      — Добры ты круцель. Я няраз чуў пра твае чары, але сцеражыся, каб не зазнаў праз іх бяды.

      — Аднак я нікому зла не зрабіў, — адказаў Тамаш.

      — Людзей ашукваеш.

      Госці і гаспадыня, баронячы Тамаша, даводзілі, што ў тых цудах, якія яны бачылі на свае вочы, не было ніякага ашуканства.

      — А дзе ж усё-такі той Варгін? — спытаўся суддзя. — Хачу яго пабачыць. Гэта звер незвычайны. А можа, пані паручнікава, не жадаючы мець у сваім доме ката, што, як люты вораг, учыніў ёй столькі гора, дазволіць мне ўзяць яго сабе? Я люблю такія рарытэты. Чуў гісторыі, што дзесьці ў пекных садах каты апавядалі байкі і розныя старыя паданні, прыязджалі туды багатыя паны і князі, каб пабачыць і пачуць такія цуды. І гэты кот у мяне не менш здзівіў бы ўвесь свет, творачы сваім варкатаннем рознакаляровых матылёў, жамярыц і розных звяркоў. З далёкіх краёў прыязджалі б да мяне паглядзець на такія дзівосы.

      — Ахвотна аддала б пану суддзю, але ж ён уцёк у вакно.

      — Ах! Як шкада, — сказаў Дадэмуха, а павярнуўшыся да Тамаша, дадаў: — Ці не можаш ты злавіць яго якімі чарамі і прывезці мне?

      — Можаш, пане, узяць яго і цяпер з сабою.

      Толькі Тамаш гэта сказаў, як раптам з’явіўся кот Варгін. Змоўклі ўсе і дзівіліся на яго. Кот стаяў ля печы, натапырыўшы выгнутую дугою спінку; кашлаты хвост, як вужака, звіваўся на падлозе, вочы гарэлі, як два распаленыя вугельчыкі.

      — Да яго страшна падысці, — сказаў суддзя. — Пэўна, ён быў жорстка пакараны, што так гневаецца. Але ж які велізарны кот!

      — Бяры, пане, цяпер смела, потым толькі будзь асцярожны.

      Суддзя Дадэмуха загадаў лёкаю занесці ката ў карэту і сам, трохі забавіўшыся, развітаўся з пані паручнікавай. Тамаш таксама заспяшаўся дахаты.

      Прайшло няшмат часу. Дзіўныя гісторыі пра пана суддзю папаўзлі па павеце. Што з ім зрабілася? Абрыд усім, усіх падазраваў, што раяць яму дрэннае, зычаць злое, хочуць яго загубіць, выдумляюць нейкую страшэнную здраду, штовечар аглядаў зброю, набіваў стрэльбы і пісталеты, уначы не спаў, быццам баяўся нейкага нападу. Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў лёкаяў, ва ўсім яго доме не было жывое душы, якая чулася б у бяспецы і спакоі.

      Толькі кот Варгін, найлепшы прыяцель, седзячы ля яго, свяціў вачыма і нязменным варкатаннем бавіў пана. А найбольш мроілася пану суддзі, нібыта ўсе маёнткі ў Полацкім і Невельскім паветах належалі калісьці яго фаміліі. Апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх у суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі: добра пілі, добра елі, жылі пышна, як сапраўдныя паны.

      Аднаго дня за нейкаю патрэбаю прыехала да пана Дадэмухі некалькі чыноўнікаў. Не ведаю, што там было, але кажуць, пан суддзя быў на той час вясёлы, гасцей прымаў ласкава. За жартамі і размоваю адзін з іх убачыў на фатэлі ката Варгіна.

      — А гэта ж той самы кот, які некалі быў у доме пана Н. і пані паручнікавае, і там быццам бы ад яго варкатання завяліся ў галовах восы, матылі і розныя звяркі.

      Вучоныя дактары не маглі даць рады, а Тамаш, шэпчучы нейкія сакрэтныя словы, вылечваў усіх.

      — Га, га, га! — рваў смехам бакі пан суддзя. — Ці можна верыць такой лухце!

      Ужо колькі месяцаў гэты кот заўсёды са мною, аднак я зусім здаровы і ніводзін паразіт не дакучае мне ў галаве.

      — Аднак, пане суддзя, — сказаў, жартуючы, другі госць, — ці не кот гэты параіў распачаць справу аб маёнтку з панам ротмістрам Ц. Мне здаецца, што гэта закончыцца анічым, бо я не бачу ў патрабаваннях пана ніякае слушнасці.

      — Гэты кот не вучыўся праву, — сказаў суддзя. — Я сам ведаю, што раблю.

      — Я не бачыў ніколі таго Тамаша, — сказаў адзін з гасцей. — Ці не можна паклікаць яго сюды? Здаецца, недалёка дзесьці жыве. Няхай бы пашаптаў свае чарадзейскія словы, можа, і мы ўбачылі б якія цуды.

      — Пэўна, хочаце даведацца, — сказаў, смеючыся суддзя, — ці ёсць у мяне ў галаве якая-небудзь жамяраў Каб задаволіць вашу цікаўнасць, зараз пашлю па яго. Няхай прыйдзе і лечыць мяне самога. Убачым, ці здолее нас ашукаць сваім шэптам.

      Калі суддзя загадаў лёкаю ісці па Тамаша, кот пырхнуў, скочыў з крэсла і, седзячы пад сталом, дзікім і неспакойным варкатаннем выказваў свой гнеў. Яго вочы гарэлі агнём, на спіне і хвасце тапырылася поўсць; здавалася, кот бачыць перад сабою ворага.

      — Варгін баіцца Тамаша, — сказаў нехта з гасцей. — Толькі ўспомнілі імя, ужо спакою яму няма.

      Суддзя ўзяў яго на рукі, пасадзіў каля сябе, гладзіў, каб супакоіць, але вочы ў ката ўсё адно гарэлі, і поўсць тапырылася на спіне і хвасце.

      Неба закрылі воблакі, а зямлю зацьміў вячэрні змрок. У доме ў пана суддзі гарэлі свечкі і не перапыняліся размовы і спрэчкі аб розных судовых справах. Гаспадар імпэтна даводзіў законнасць усіх сваіх юрыдычных патрабаванняў, сцвярджаў, што павінен абавязкова дамагчыся свайго, што не пашкадуе на гэта выдаткаў, каб завалодаць маёнткамі сваіх ворагаў, а іх прымусіць жыць на жабрачым хлебе.

      Знячэўку здзіўляе ўсіх нечуванае дзіва: кот вырастае да сабакі і вые лютым сабачым голасам. Гаспадар і госці, уражаныя гэтым, акамянелі. Ад спалоху не маглі і слова вымавіць.

      Адчыніліся дзверы, зайшоў Тамаш. Кот скочыў і з такім імпэтам сігануў у вакно, што зламаная рама ўпала за сцяною, шыбы разляцеліся на друзачкі, і ён знік у начным цемрыве.

      Тамаш падышоў да гаспадара, і калі той глядзеў на яго як непрытомны, пачаў казаць чарадзейныя словы. І тут можна было ўбачыць яшчэ страшнейшае відовішча: з усіх адтулін з галавы пана суддзі выляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяніліся ў жахлівых пачвараў — тут і крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў. Усё гэтае страхоцце лётала над галовамі, на падлогу падалі косці і галовы нябожчыкаў. Ад жаху ўсе самі нагадвалі трупаў, што паўставалі з магіл. Нарэшце Тамаш махнуў рукою: усе тыя гадзюкі, цмокі і шкілеты зніклі — і ён сам выйшаў за дзверы, пакінуўшы гаспадара і гасцей анямелымі ад страху.

      Праз выламанае вакно вецер кранаў полымя свечак на сталах, недзе ў далёка заспяваў певень, і гадзіннік выбіў поўнач. Гаспадар і госці пасля доўгага маўчання нарэшце апрытомнелі. Яны пабачылі на свае вочы цуды, ад якіх яшчэ бегалі ў іх па спінах мурашкі, і цяпер паверылі ў сілу Тамашовых слоў, якіх слухаюцца нават духі. Суддзя Дадэмуха са слязьмі на вачах прызнаўся, што ўсе яго намеры і вымогі былі несправядлівыя, і прысягнуў, што жыцьме з усімі ў згодзе і сяброўстве і не прымусіць болей сваіх бліжніх плаціць непатрэбныя выдаткі.

      Тамаш шмат дапамагаў у няшчасці і простым сялянам. Немагчыма нават усё расказаць. Шкада толькі, што ён пакінуў нашу старонку і пайшоў у край далёкі.

      — Якая прычына, — спытаўся Завальня, — што ён пакінуў сяброў і бацькаўшчыну?

      — Розныя пра гэта засталіся думкі між людзей. Кажуць, нібыта некаторыя паны і вучоныя лекары даводзілі ўсім, што слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць, што ўсе чалавечыя хваробы яны ўжо даследавалі, вывучылі і ў аптэках кожны знойдзе патрэбныя яму лекі, што такіх атрутных шкадлівых катоў на свеце няма, што Тамаш ашукваў усіх, творачы цуды, і карыстаўся з людское наіўнасці. Нарэшце дайшло да таго, што чараўніку пачалі чыніць розныя ўціскі. Ён уцёк і схаваўся ад непрыяцеляў.

      Іншыя ж даводзяць, што быццам і сябры яго нават згадзіліся з думкаю вучоных галоў і крычалі: «Не словы нам патрэбны! Пакажы нам зёлкі, мы самі збяром іх і будзем сябе лячыць». Тамаш ведаў моц кожнае травы і тым дагаджаў сябрам, што па лугах, балотах, берагах рэчак і азёр збіраў зёлкі, вучыў, якое з іх атрутнае, а якое — лекавае, расказваў, дзе якая трава расце і як яе карыстаць. Так, дбаючы пра сваіх прыяцеляў, у травені, калі весяліцца ўся прырода, спяваюць птушкі ў полі і ў гаях, задуманы Тамаш блукаў па родным краі, збіраючы травы і кветкі. На захадзе сонца на даліне сярод лёгкае, празрыстае смугі ён убачыў русалку незвычайнае прыгажосці; на галаве яна мела сплецены з кветак вянок, на валасах зіхацелі кроплі расы, сукенка, белая, як снег, была высыпаная размаітымі кветкамі. Яна, спяваючы чароўным голасам, забавіла Тамаша да сябе. Ён пайшоў за ёю і не вярнуўся дахаты.

      — А ці з’яўляўся яшчэ дзе-небудзь той кот Варгін? — спытаўся дзядзька.

      — З’яўляецца і цяпер. Нядаўна ў нашым маёнтку, калі паніч з людзьмі прыйшлі апоўначы да афіцыны, дык убачылі ў першым пакоі велізарнага чорнага ката. Дзверы і вокны былі зачыненыя, і ўсе дзівіліся, якім чынам ён туды залез. Калі хацелі яго злавіць і выкінуць, кот, ратуючыся, не зрабіў аніводнага шораху, а як лёгкі вецер пералятаў цераз сталы, шафы і канапы, нідзе не затрымліваючыся. Нарэшце сеў у куце і, калі яго акружылі, каб схапіць, — імгненна знік. Усіх агарнула трывога, і дрыжыкі пабеглі па целе.

      Часам у навальнічную ноч, калі вецер вые за сцяною, можна пачуць жахлівае варкатанне таго ката, і цяжкая туга лажыцца на душу; бачаць сяды-тады апоўначы яго агнёвыя вочы, нібы дзве свечкі; трывожна тады на сэрцы. Але не ўсе даюць веры гэтым страхам. Толькі просты люд моліцца, просячы Бога, каб збавіў ад таго нячысціка.

      — Бура на падворку, — сказаў дзядзька, — шуміць вецер за сцяною, замятае ўсе дарогі снегам, заўтра не паедзеце вельмі рана, ды і няма вам патрэбы спяшацца: хлеб і сена, дзякуй Богу, маю, дык можам яшчэ нейкі час пагаманіць, пакуль певень заспявае.

      Што ж нам раскажа цяпер ваш трэці таварыш?


Продолжение "Диуны кий" http://www.proza.ru/2014/12/11/407


Рецензии
— Тамаш, — казалі, — нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў. Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.

Светлана Самородова   10.01.2015 11:11     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.