Гаспадарчыя клопаты

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Дзiуны кiй" http://www.proza.ru/2014/12/11/407
            (Версия на русском языке: )





ГАСПАДАРЧЫЯ КЛОПАТЫ


      — Рады быў бы расказваць пану да ўзыходу сонца якія апавяданні або гісторыі, калі б на душы было спакайней. Не мінулае, а прышласць кранае мне сэрца, толькі гэтым думкі і занятыя, і цяжка гаварыць пра нешта іншае.

      — Мусіць, чакаеш нейкае бяды, калі так маркоцішся, — сказаў дзядзька.

      — Ужо сакавік. Блізка вясна, а гэтая пара года ў нашым краі не ўсіх цешыць, сяму-таму і ўначы спачыну не дае.

      — Увесну не адзін гаспадар дбае, каб падчас сяўбы было чым сеяць. Пэўна, і твае клопаты пра гэта.

      — У нас адна бяда не ходзіць, няшчасці з розных бакоў нападаюць на чалавека так, што ўсё з рук валіцца і няма надзеі калі-небудзь адпачыць пасля цяжкае працы. Мой сын, жывучы цэлую зіму ў горадзе, зарабіў дзесяць срэбных рублёў. За гэтыя грошы я цяпер у Полацку купіў насення. Дзякуй Богу, маю што пасеяць. Але хто будзе араць ніву? Хто пойдзе на паншчыну? У сям’і толькі тры мужчыны робяць, аднак я сам мушу кожны год выжыльвацца, бо сыноў маіх пасылаюць недзе далёка зарабляць грошы, ад якіх хата не мае аніякага прыбытку. Не ведаю, ці змагу сёлета сам працаваць, бо здароўе дрэннае і сіла слабее, а наняць парабка — не маю грошай.

      — Не ведаю, адкуль гэтая хцівасць завялася ў нашым краі, — сказаў дзядзька. — Паны хочуць мець усе выгоды, а на гэта грошай ніколі не хопіць. Я заўсёды паўтараю ўсім: зямля задаволіць усе патрэбы. На яе павінны звяртаць мы ўсю нашу ўвагу, яе павінны старацца палепшыць. Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць. Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.

      — Так і наш стары пан паўтараў часта, каралеўства яму нябеснае, уся воласць яго забыць не можа. Ведаў ён пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як палепшыць ім жыццё. Тады кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба.

      У гэты момант пачалі брахаць сабакі на панадворку і нехта моцна пастукаў у браму. Дзядзька адразу паслаў парабка адчыніць.


Продолжение "Арганисты Андрэй" http://www.proza.ru/2014/12/11/424


Рецензии
Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць. Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.

Светлана Самородова   12.01.2015 11:13     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.