Арганiсты Андрэй

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Гаспадарчыя клопаты" http://www.proza.ru/2014/12/11/422
            (Версия на русском языке: )





АРГАНІСТЫ АНДРЭЙ


      Адчыняюцца дзверы, заходзіць у пакой Андрэй, увесь зацярушаны мокрым снегам. Атрасаючы шапку і адзенне, кажа:

      — Пахвалёны Езус Хрыстус! Мір гэтаму дому.

      — На векі вякоў. Аман. І таму, хто гаворыць. Але, відаць, пане Андрэй, — сказаў дзядзька, — што на дварэ няма спакою.

      — Няхай Бог бароніць, што там дзеецца: дождж, снег, вецер, завіруха; едучы праз лес яшчэ паўбяды было, але як выехаў у поле, згубіў дарогу і загінуў бы, пэўна, калі б не ўбачыў таго ліхтара, што свеціць цяпер над брамаю пана Завальні. Убачыўшы гэтае святло, дзякаваў Богу, што блізка ўжо порт, дзе можна схавацца ад буры.

      — Я ўдзячны, што не забываеш пра мяне, — сказаў дзядзька. — Гіне зімовая дарога, хутка прыйдзе той час, калі буду жыць тут як пустэльнік: рэдка хто мяне адведае.

      У часе гэтае размовы падарожныя і парабкі — усе разам — пайшлі ў чалядны пакой.

      — Я перапыніў прыемныя забавы, пэўна, госці апавядалі пану Завальню розныя цікавыя гісторыі.

      — Няхай ужо адпачываюць, — сказаў дзядзька. — Вецер шуміць на падворку — цяжка пачуць спеў пеўня, а можа, ужо і поўнач.

      — Яны ехалі па возеры? Думаю, лёд яшчэ моцны. Я цяпер вяртаюся дахаты і заўтра таксама буду ехаць цераз Нешчарду.

      — Лепей іншай дарогаю, хоць гэта і далей, але бяспечней, бо на самы бераг ужо цяжка выехаць. Конь у гэтых падарожных уваліўся ў ваду, ледзь выцягнулі яго ўсе разам. Аднак падарожнаму трэба сагрэцца і пад’есці. Янка, папрасі панну Мальгрэту, каб згатавала госцю вячэру. У мяне ёсць выдатная рыба. Сёння прынёс рыбак Родзька, добры чалавек, не забывае пра мяне.

      — Я чуў, нібыта Родзька чараўнік; пра гэта такая гісторыя ходзіць між людзьмі.

      Недалёка ад Гарадзецкай гары, дзе рэчка ўпадае ў возера, Родзька часта перад захадам сонца закідваў нерат і заўсёды з поўным чоўнам рыбы вяртаўся дахаты. Адзін рыбак, які жыў там недалёка, пазайздросціў ягонаму шчасцю, паскардзіўся, што Родзька ловіць рыбу ў чужой частцы возера, і такім чынам забараніў яму плаваць блізка каля тых берагоў. Родзька прыгразіў, што пакарае зайздросніка так, што той не толькі ніякае карысці ад возера мець не будзе, але і такое ўбачыць страхоцце, што давеку не забудзе. Так і выйшла. Той рыбак пасля захаду сонца ў ціхае і яснае надвор’е выплыў на возера і закінуў нерат. Цягне яго з вады, цешыцца і думае, што злавіў добрую чараду ляшчоў, і тут бачыць у нераце жахлівых пачвар: велізарныя галовы, вогненныя вочы, з піскам і крыкам б’юць скуранымі крыламі па вадзе, а некаторыя ўзляцелі ў паветры і лётаюць над яго галавой. Задрыжаў рыбак, валасы ўздыбурыліся, крычаў як непрытомны. Пэўна, выпаў бы з чоўна і патануў, але суседзі, пачуўшы крык, паспелі яму на ратунак.

      — Не вер, пане Андрэй, такім плёткам, гэта — відавочная хлусня. Родзька добры і пабожны чалавек, я маю пэўныя доказы: ён новым нератам не пачне лавіць рыбу, аж пакуль ксёндз свянцонаю вадою не пакрэпіць. У святы дзень заўсёды бывае ў касцёле, у Гарбачове і ў Расонах. Калі адбываліся набажэнствы падчас Юбілею, Родзька як найлепей сябе паводзіў і быў на святой споведзі. Акрамя таго, вядома ўсім, як ён не любіць асташоў — вось гэта ўжо сапраўды бязбожныя чараўнікі.

      Пасля дзядзька апавядаў пра сяброўства асташоў са злым духам і пра ўсё тое, што чуў пра іх ад Родзькі. Пакуль закончылася размова, сабралі на стол.

      Павячэраўшы, Андрэй сказаў:

      — Дзякуючы гаспадару за гасціннасць, перад сном добра было б расказаць што-небудзь цікавае, але тым часам анічога мне на памяць не прыходзіць. Дык ахвярую пану кніжку, цікавейшую і карыснейшую за ўсе апавяданні. Гэта віленскі каляндар на гэты 1817 год. Тут прачытаеш шмат разумных рэчаў, карысных і цікавых. Тут ёсць парады гаспадару, тут сакрэты, якіх, пэўна, яшчэ пан Завальня не ведаў. Напрыклад, як ахаваць капусту ад вусеняў, як бяліць палатно, як гадаваць свойскіх птушак і як гатаваць воцат, як палепшыць розныя садовыя дрэвы. Апрача таго, ёсць тут загадкі, показкі, апавяданні.

      — Вялікі дзякуй. Гаспадару гэтая рэч вельмі патрэбная. Там пішуць і пра змены надвор’я, хоць і не заўсёды ўдала, аднак жа часам каляндар вельмі дапамагае сваімі парадамі адносна сенажаці і жніва. Але раскажы, пане Андрэй, што значаць гэтыя фігуркі: бык, леў, рак, паненка, шалі, блізняты — заўсёды сустракаю іх у календарах, а не разумею, навошта яны тут патрэбныя.

      — Гэта знакі на небе, пад якімі нараджаюцца людзі і якія маюць уплыў на іх жыццё. А ўрэшце, не ведаю добра: усе школы не канчаў і па небе яшчэ не падарожнічаў. Янка гэта павінен ведаць лепей.

      — У гэтым годзе будзе зацьменне сонца, — сказаў дзядзька, чытаючы каляндар далей.

      — Зацьменні сонца людзі прадказваюць, — адказаў Андрэй, — але не могуць прадказаць тое зацьменне, якое можа акунуць іх сэрцы ў смутак.

      — У цябе ёсць нейкія непрыемныя весткі? — спытаўся дзядзька.

      — Вельмі непрыемную вестку пачуў ад ксяндза-пракуратара. Сумная вестка, але мушу паведаміць пану Завальню. Дай Божа, каб яна не спраўдзілася.

      І нешта сказаў па сакрэту.

      Бачу смутак на дзядзькавым твары, перапынілася размова, доўга ён сядзеў, апанаваны нейкімі думкамі. Нарэшце прамовіў:

      — Час ужо і спаць, можа, прысніцца што-небудзь лепшае. Ужо, пэўна, поўнач мінулася.

      Прынеслі ложак у пакой. Андрэй, стомлены дарогаю, хутка заснуў. Дзядзька даўжэй, чым звычайна, шаптаў вячэрнія малітвы і патушыў агонь, калі певень заспяваў ужо другі раз.


Продолжение "Адъезд" http://www.proza.ru/2014/12/11/427


Рецензии
Дык ахвярую пану кніжку, цікавейшую і карыснейшую за ўсе апавяданні. Гэта віленскі каляндар на гэты 1817 год. Тут прачытаеш шмат разумных рэчаў, карысных і цікавых.

Светлана Самородова   13.01.2015 11:47     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.