Адъезд

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Арганiсты Андрэй" http://www.proza.ru/2014/12/11/424
            (Версия на русском языке: )





АД’ЕЗД


      Вясна. Веяў цёплы ветрык, грэў сонечны прамень, з кожным днём цямнеючы, раставаў на Нешчардзе лёд. Пуста на ўсім возеры. У паветры лёталі толькі белыя крачкі; ручаі збягалі з пагоркаў, шумела, заліваючы ўсю абалонь, рака, вада пакрывала прыбярэжныя лугі і лясы; высокія бярозы і вербы люстраваліся ў чыстым крышталі. Над палямі спявалі жаўрукі, а ўдалечыні адзываліся жураўліныя крыкі.

      У канцы красавіка зямля ўбралася зялёным кілімам. Ужо пастух выгнаў на пашу статак, ужо араты працаваў да захаду сонца. Ясным днём захаплялі вока пекным краявідам горы і лясы, увечары адзываліся ў гаях птушыныя хоры і чароўныя песні салаўёў, уначы на берагах Нешчарды раскладвалі вогнішчы рыбакі; крычалі ў густым чароце качкі і вадзяныя куры.

      Сярод весялосці прыроды, сярод добрага надвор’я я быў журботны, мае думкі азмрочыў смутак; адведваў палеткі і лясы, развітваючыся з веснавою роднаю зямлёю; будучыня паўставала ў маіх думках як далёкая, дзікая і страшная пустэльня, дзе мяне могуць спаткаць прорвы, звяры і гадзюкі.

      Калі сонца хілілася да вечара, дзядзька, вяртаючыся з поля, паклікаў мяне да сябе і сказаў:

      — Чаму ты такі змрочны і задуманы?

      — Думаю пра дарогу.

      — Калі ты збіраешся пакінуць наш край?

      — Хацеў бы заўтра. Ужо наважыўся, і няхай усё споўніцца хутчэй, апрача таго, такое вясновае надвор’е — найлепшы час для падарожнікаў.

      — Не трымаю, калі ўжо вырашыў. Будзеш мець заўтра каня і прыпасы на дарогу, але цяпер, перш чым назусім ад’едзеш з гэтага краю, пабудзь у пана Марагоўскага, пана Сівохі і ў сляпога Францішка. Едзеш у той бок, і ад дарогі недалёка трэба будзе ад’язджаць; яны любяць цябе, шчыра зычаць шчаслівага жыцця.

      Раніцай, калі ўсё ўжо было прыгатавана, пан Завальня сказаў:

      — Янка! Я паўтару табе напамін, які калісьці сам чуў ад свайго бацькі: «Ідзі ў свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Апека Творцы цябе не пакіне. Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не паддавайся роспачы, памятай, што на свеце няма нічога вечнага, толькі на небе ад стварэння свету свецяць тыя самыя зоркі і тое ж самае сонца.

      Калі спаткаеш дзесьці там шчаслівейшых ад нас людзей, калі ў вёсках і ў гарадах у іх заўсёды песні, музыка і вясёлыя забавы, калі ўся зямля нагадвае пышны сад і штогод добра ўзнагароджвае земляробаў, не забывай пра пакуты сваіх землякоў, няхай твая малітва да Бога лучыцца з іх малітвамі. Можа, калі-небудзь і нашыя дзікія пушчы і лясы загучаць вяселлем, Бог магутны і міласэрны.

      Праз шмат гадоў, можа, калі-небудзь наведаеш гэты край, ужо, пэўна, не ўбачыш тых старых людзей, з якімі столькі разоў размаўлялі ў маім доме, і мяне ўжо на свеце не будзе; магілу маю, можа, хто-небудзь пакажа табе. Бывай здаровы і памятай гэтыя мае словы».

      Праз гадзіну ўжо схаваўся ад мяне высокі лес, што акружаў сядзібу майго дзядзькі, схавалася чыстае люстра і зялёныя берагі возера Нешчарды.


Продолжение "Драуляны дзядок и кабета Инсекта" http://www.proza.ru/2014/12/11/430


Рецензии
«Ідзі ў свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Апека Творцы цябе не пакіне. Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не паддавайся роспачы, памятай, што на свеце няма нічога вечнага, толькі на небе ад стварэння свету свецяць тыя самыя зоркі і тое ж самае сонца.

Светлана Самородова   14.01.2015 11:28     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.