Драуляны дзядок i кабета Iнсекта

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "АД’ЕЗД" http://www.proza.ru/2014/12/11/427
            (Версия на русском языке: )





Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.

      Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць.

      Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.

      — Проша, проша, — шчыра адказаў ён. — Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.

      Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.

      — Не палохайся, — кажа гаспадар, — чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.

      Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: «Klauber Svulpsіt»[174] і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнацыя Лаёлы, Андрэя Баболі[175], Францішка Ксаверыя[176] і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.

      З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям’ю.

      — Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? — спыталася гаспадыня.

      — Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.

      — А як даўно пакінуў родны край?

      — Ужо таму васемнаццаты год.

      Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:

      — Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.

      Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:

      — Я З…[177], мы былі калісьці школьнымі таварышамі.

      І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.

      Пасля пан З… зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:

      — А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.

      — О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.

      — Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.

      Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З… хваліў свае садовыя дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар гадоў пахіліў яго высокую постаць.

      — Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані. Прайшло няшмат часу, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:

      — Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце.

      Пан З… паставіў шклянку на стол.

      — Слухай цяпер, — сказаў мне, — раскажу табе пра дзіўныя здарэнні з Драўляным Дзядком.

      Дзеці, хоць, можа, не раз чулі гэтае апавяданне, поўныя цікавасці, прымайстраваліся ля бацькі.


      ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З ДРАЎЛЯНЫМ ДЗЯДКОМ


      У Полацку, калі езуіцкія муры перабудоўвалі паводле новага загаду[178], выкінулі разам з друзам усё тое, што было бескарыснае і непатрэбнае, асуджаны быў і гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю і пабітаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў і твару ягонага ўжо змяніўся ад дажджоў і спёкі; работнікі, нанятыя расчышчаць тыя мясціны, выкапалі яго з-пад друзу і прынеслі да свайго гаспадара-купца, мяркуючы, можа, на што-небудзь яму спатрэбіцца. Купец задумліва глядзеў на гэтага Дзядка і вырашыў, што гэта, мусіць, бюст нейкага вялікага чалавека, паклікаў да сябе фактара[179] жыда Залмана, пытаючыся, што значыць гэты драўляны бюст; можа, ён мае рысы князя або якога даўнейшага мысляра.

      — Ведаю добра, — усміхаючыся, сказаў Залман, — што ні князь гэта, ні мудрэц, але гэтая галава, калі выглядвала з-за муру, то гаварыла, і кажуць, што часам і вельмі разумна, я яе сам бачыў.

      — Гаварыла? Што за ліха, драўляная галава! Пэўна, нейкія тут чары?

      — А можа, і чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.

      — Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.

      Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьці, апрануты па новай модзе, можа, які чыноўнік або настаўнік, і, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:

      — Гэта галава грэцкага філосафа Сакрата, я чытаў пра яго і бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваёй жонкі Ксантыпы і за праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.

      Купец, радуючыся, што знайшоў такі скарб — бюст вялікага Сакрата, пра розум якога некалі чуў, адагнаў жыда ад Дзядка і вырашыў мець яго ў вёсцы ў сваім доме і, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкі свае жонкі, бо яго жонка Яўхімія была падобная да Ксантыпы.

      Ужо праз колькі дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалі ў вёску, што была за некалькі дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.

      Яўхімія глянула на Дзядка скоса:

      — Гэтае страшыдла драўлянае з барады і носа падобнае на цябе — ці варта было цягнуць яго з сабою.

      Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялікі рарытэт, і ўжо нешчаслівы Дзядок мусіў быць выкінуты з дому і начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед і прыяцель; ён супакоіў Яўхімію і давёў ёй, што гэты твар нічога агіднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльніка або манаха, які некалі жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагі.

      Яўхімія нарэшце згадзілася пакінуць у хаце гэтага Дзядка, аднак не раз плявала на яго, называючы страшыдлам, і заўсёды пазірала гняўлівым вокам. Гаспадар растлумачыў свайму прыяцелю, што гэта бюст славутага мысляра Сакрата, і яго памясцілі на сцяне між двух вокнаў.

      Уначы, калі ўсе спалі і яшчэ не праспяваў певень, Яўхімія з крыкам усхопліваецца з ложка, будзіць мужа, каб хутчэй запаліў агонь, бо той Драўляны Дзядок напалохаў яе і яна ўся дрыжыць з пярэпалаху; муж падхапіўся, здзіўлены гэтым выпадкам, і запаліў святло.

      — Гэты драўляны дзед, — сказала Яўхімія, — усю ноч сніўся мне ў жахлівых абліччах, я ўцякала ад яго праз дзікія лясы і багну, а ён гнаўся за мною з паходняю і хацеў мяне скінуць у нейкую вогненную прорву; калі абудзілася ад гэтага сну, дрыжучы ад страху, убачыла яго ў месяцавым святле на сцяне, зіхацелі яго вочы і ён люта пазіраў на мяне, ах! злітуйся, вынесі гэтае страшыдла прэч.

      Муж, прыгадваючы, што некалі яму жыд расказваў, думаў сам сабе: «А можа, і праўда, што ў ім схаваныя нейкія чары», аднак, нічога пра гэта сваёй жонцы не мовячы, узяў Дзядка са сцяны, занёс у пякарню, паставіў на печ, а Яўхіміі казаў, што той сон і грозныя вочы Дзядка прымроіліся ёй ад неспакойных думак, аднак жа святло гарэла ўсю ноч, і Яўхімія заснула спакойна толькі перад світаннем.

      А Дзядок, забыты ў пякарні на печы, праз некалькі тыдняў пачарнеў ад дыму, які там штодня стаяў пад столлю цэлаю хмарай. Праз нейкі час купцовы парабчанкі і яшчэ некалькі дзяўчат з тае вёскі знялі Дзядка з печы, каб напалохаць парабкаў, якія пасля вячэры ў цемры павінны былі ісці спаць на сена. Апярэджваючы іх, дзяўчаты паспяшалі да аборы, абкруціўшы прасцінаю куль саломы, з якога наверсе тырчала галава Дзядка, і хацелі яго паставіць, нібы пудзіла, ля сцяны, але тут нечакана каля іх пачаўся незвычайны шум, і вочы Дзядка засвяціліся агнём; дзяўчаты з крыкам разбегліся, некаторыя пападалі непрытомныя на дарозе, іншыя ўскочылі ў дом, бледныя, быццам нежывыя: даведаўшыся пра гэтае здарэнне, пабеглі ратаваць самлелых, ледзь вярнулі іх да жыцця. Куль саломы і Дзядка знайшлі ля сцяны. Яўхімія крычала, што ў ім сядзіць д’ябал, гаспадар і іншыя мужчыны даводзілі, што дзяўчатам усё гэта прымроілася, бо яны палахлівыя, аднак жа Дзядок ужо не вярнуўся ў хату, кінуты ў адрыне, ён ляжаў там на сырой зямлі.

      Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколіцы. Карчмар Усвойскі, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такія апавяданні пра Драўлянага Дзядка, не даваў ім веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён прачытаў некалькі раманаў, перакладзеных з французскае мовы, і ўжо ўсе незвычайныя здарэнні былі яму зразумелыя, цуды і чары ён называў глупствам. Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлі яны ў адрыну, знайшлі тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала ўжо плеснець ад вільгаці, гаспадар даводзіў яму, што гэта галава Сакрата, які гаварыў свету праўду і якога ненавідзела жонка. Усвойскі даў веры, бо і сам няраз чуў, як расказвалі пра гэтага славутага грэцкага філосафа; і прасіў купца, каб аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым іншым; купец на гэта згадзіўся, бо ведаў, што яго жонка ніколі з галавою нешчаслівага мудраца не змірыцца.

      Усвойскі прывёз яго ў сваю карчму, паставіў у куце на лаве за доўгім сталом і кожнаму, хто прыходзіў да яго выпіць кілішак гарэлкі, з гордасцю паказваў Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусім падобны да даўнейшага мысляра Сакрата, які пакутаваў і памёр за праўду.

      Мінула некалькі тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў і лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п’яным парабкам заманулася пасваволіць і пажартаваць з Усвойскага. Дык калі карчмар на нейкі час выйшаў з хаты, яны ўзялі таго Дзядка, прасвідравалі зверху ў дзвюх мясцінах галаву, налілі туды вады і пракалолі вочы шылам; вадзяныя кроплі, не раўнуючы, як слёзы, беглі па твары, і заплаканага Дзядка зноў паставілі ў куце за сталом. Ледзь Усвойскі зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:

      — Глядзі, твой Сакрат плача, відаць, не даеш яму гарэлкі або пакрыўдзіў чым іншым.

      Калі карчмар, дзівуючыся, пазіраў на Дзядка, на панадворку сабакі, падняўшы морды, пачалі выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасадні, неспакойна, з крыкам бегалі па зямлі, вецер шумеў ля карчмы, усіх апанавала вялікая трывога, працверазелі ўсе і маліліся, аж пакуль гэта не супакоілася. Я чуў таксама, што, калі гэтыя свавольнікі вярнуліся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз’юшаны і загадаў за тое, што доўга бавіліся ў карчме, пакараць іх розгамі.

      Усвойскі агледзеў Дзядка і расказваў усім пра гэтае здарэнне, просячы кожнага, каб не чыніў яму ніякай знявагі; прайшло некалькі месяцаў, усё забылася, і сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў і стрыечнікаў і добра падвесяліўшыся, забыў пра ўсё і кажа да Драўлянага Дзядка:

      — Ты гарэлкі з намі не п’еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькі прыезджы пан, табе не пашкадую.

      І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.

      Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але баяўся з ім абысціся недалікатна — кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе. У тых самых мясцінах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкі, які меў колькі падданых сялян, быў нейкі час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалі ў школах, і так вывучыўся, што не верыў ні ў што і з усяго кпіў.

      Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы і, ставячы на стале, кажа:

      — Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?

      Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:

      — Нейкі мужык лысы ды барадаты.

      — Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць яму, — і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.

      Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.

      — Ну, Дзядок, — кажа, — гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.

      Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.

      — Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!

      — Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім мысліць.

      Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.

      — Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.

      Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.

      Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.

      Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.

      Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з’яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў людзей дабрачыннасці, нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.

      Іншыя расказвалі, што перад заходам сонца была аднаго разу дзіўная праява, бачылі яе пастухі і аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамі цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, і калі цікаўныя людзі захацелі падысці бліжэй, дык тая кабета, як бы дух які, аддалялася ад іх — ні равы, ні густыя хмызы ёй не заміналі, узышла на возера і, нібы белы воблак, узнялася над чыстай вадою і знікла. Шмат такіх дзівосаў апавядалі.

      Цяпер раскажу, якім чынам пасля доўгае і дзіўнае вандроўкі гэты Драўляны Дзядок трапіў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагі госцю, пры любых няўродах адзін толькі лён найчасцей можа задаволіць нашы патрэбы, калі Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамінулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусі, вязуць Дзвіною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым інтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялікі беспарадак, ягоная жонка Яўхімія ад вялікага пярэпалаху і гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькі гадзіну назад вярнуўся дадому і, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусім у гэтым не вінаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогі. Ён мне паведаміў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з’явілася ёй перад вакном і цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, і прасіў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён і вярнуўся дахаты.

      Праз нейкі час пачуў такую гаворку між суседзяў:

      — Яўхімія, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбіла яго і хацела пакінуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ і прыяцеля, які яе да гэтага падбіваў. Дык калі муж быў у ад’ездзе, яна збірала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакінуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно і ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль і якім чынам з’явілася тая перад вакном. Яўхімія закрычала ад страху і самлела. Пачулі ў другім пакоі сямейнікі, прыбеглі на ратунак, ледзь прывялі яе да прытомнасці, скінулі Дзядка з вакна, каб ён другі раз не трапіў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, і тут пачалася жахлівая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакінуць свайму мужу пусты дом.

      Ужо другі год маю ў сябе гэтага Дзядка, і, дзякуй Богу, усё ідзе шчасліва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.

      Калі пан З… закончыў расказваць, абазваўся Ротмістар:

      — А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат.

      КАБЕТА ІНСЕКТА


      Даўней жыла ў нашым краі багатая пані. Я не памятаю яе прозвішча, але гэта неістотна. Дык вось тая пані здзекавалася са сваіх падданых і лёкаяў, забыла пра веру і хрысціянскія абавязкі, ёй здавалася, што чалавек — гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як і кожная рэч, і што яна мае права чыніць над людзьмі што захоча.

      Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае іхняе працы пускала на раскошу. А людзі ў той час разлучаліся з душою ад голаду. Яна хадзіла ў дарагім ядвабе і дыяментах, а яе падданыя не мелі чым накрыцца ад холаду і ветру; калі хто завінаваціўся ў чым — кара была неміласэрная, ды яна часта і без віны жорстка карала. Пані так лютавала, што загаралася гневам, калі дзяўчына з яе воласці захоча замуж за чалавека вольнага і багатага. Адразу гэтую гаротніцу садзіла ў кайданы, быццам тая ўчыніла нейкае страшнае злачынства.

      Так жывучы, гэтая зласлівая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалі жорсткае панаванне, ды і здароўе пачало слабець. Бачачы свой блізкі скон, яна перамяніла свае звычкі, зрабілася пабожнаю і міласэрнаю, давала міласціну жабракам, адпісала нейкія грошы на кляштары ў Полацку, абы маліліся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе і дазволіў доўга жыць на свеце. Зазванілі ва ўсіх касцёлах, сабраўся люд, абвясцілі пра гэта з амбона, паляцелі ў неба малітвы пабожных людзей і весткі пра святыя ахвяры. Залагоджаны малітвамі вернікаў, Бог злітаваўся над грэшніцаю, дазволіў доўга жыць на гэтай зямлі і чакаў пакаяння.

      Пані пражыла гадоў сто, ды не толькі не змянілася на лепшае, але гнеў і жорсткасць яшчэ болей выраслі ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакінуўшы свае хаціны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, і лёкаі разбягаліся, кленучы сваю пані. Суседзі яе ненавідзелі, ніхто не хацеў адведаць, ніхто не хацеў яе сустрэць ці нават наблізіцца да яе жылля. А гнеў нішчыў яе цела, выпетрала ад злосці, і постаць яе дзень пры дні змяншалася.

      Доўга так жывучы, забытая людзьмі, яна сохла і пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузліка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту, з аднаго і другога боку выраслі ў яе доўгія празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.

      Прамінула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў абліччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзіў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлівым крыкам і адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.

      Прыехаўшы здалёку, новы дзедзіч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калі суседзі расказалі яму пра напады страшнае Інсекты, ён загадаў адчыніць усе вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у сад і схавацца між дрэваў. Але злосць кіпела ў яе сэрцы, і яна хацела што б там ні было выгнаць новага гаспадара з дому.

      Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю і па кутах, часам з’яўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы — ад іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.

      Праз некалькі дзён апоўдні неба было пагоднае. Пан А. адчыніў вокны і сядзеў адзін, задумаўшыся, у пакоі. Тут залятае Інсекта, кружыцца па пакоі, у пісклявым яе голасе чуваць страшная лаянка і праклёны. Яна села перад панам на стале — ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногі і рукі сухія, падобныя на пчаліныя, і сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальніцы, кружляе вакол галавы пана А. і ўжо хоча ўбіцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю і баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам і зачыніць вокны.

      Прайшло некалькі дзён. Калі пан А. чытаў у садзе пад ліпаю раман, зноў з’явілася тая Інсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапаліла старонкі і вопратку пана. Інсекта, віючыся ля галавы, лаяла і кляла яго пісклявым чалавечым голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоі і доўга думае, як пазбыцца гэтае жахлівае пачвары.

      Пры кожным зручным выпадку Інсекта помсціла яму. Аднаго разу, калі пан верхам аб’язджаў свае палеткі, яна, лётаючы побач, пранізлівым крыкам спудзіла каня, які наўскапыт паляцеў праз равы і пагоркі і скінуў гаспадара. І той ляжаў скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглі аратыя. Яны прынеслі пана дахаты, і лекар ледзь выратаваў яго ад смерці.

      Па ўсёй ваколіцы разышліся гэтыя чуткі, толькі і гаварылі пра злую кабету, якая перамянілася ў страшную Інсекту. Усе суседзі шкадавалі пана А., але ніхто з іх не пераведаў хворага, бо ўсе баяліся падысці да яго маёнтка.

      Калі пан А. ачуняў і думаў, як пазбыцца праклятае Інсекты і злых духаў, з якімі яна, пэўна, пасябравала, ён успомніў параду сваіх лёкаяў і вырашыў запрасіць каплана і пасвянціць дом. Дык пасля захаду сонца, калі Інсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней і ўначы паехаў у Полацак.

      Раніцаю пасля святое імшы сустракалі яго знаёмыя, з цікавасцю распытвалі пра дзіўную Інсекту і пра нешчаслівы выпадак, калі яго скінуў конь, бо ўжо пра гэта чулі і ў горадзе.

      Калі прыйшоў у кляштар і расказаў, што з ім прычынілася, усе дзівіліся. Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:

      — Гэта, напэўна, злыя духі і нейкая чараўніца, якая зусім выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапаціцца пра яго спакой і пра яе душу.

      І тае ж раніцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Інсекты, выправіліся дадому.

      Прыехалі ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малітвы, пачаў крапіць святою вадою пакоі. Страх успомніць, што там рабілася. Са страшным піскам і сыканнем з усіх кутоў пасыпаліся страшыдлы: матылі, у якіх заместа крылаў вырасталі з бакоў вогненныя языкі; тоўстыя чэрві, што дыхалі дымам, быццам пухіры ўзнімаліся ўгору; крыклівыя цвыркуны і крылатыя гады лёталі над падлогаю.

      — Гэта грахі чараўніцы, — сказаў ксёндз. Ён загадаў адчыніць вокны.

      Жахлівыя стварэнні з піскам і сыканнем адляталі і ніклі ў паветры.

      Калі свянцонаю вадою выслабанілі дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза ў сад, адкуль вылятала тая шкадлівая Інсекта. Там, калі каплан адмаўляў святыя пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пісклявы голас, у якім чуліся кленічы і розныя блюзнерствы, а пасля нараканні, енк і плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на гэтыя дзівы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець адтуль і сесці на ліпавай галінцы. Яна імгненна, як страла, вылецела і села на ліпавым лісціку. Усе дзівіліся на яе: у гэтай Інсекце лёгка можна было ўгледзець жаночую постаць з крыльцамі. Ксёндз зняў яе з лісціка, пасадзіў у шкляны слоік і занёс у пакой.

      Ужо без страху глядзелі ўсе зблізку на гэтую маленькую пачвару: доўгія валасы спадалі з галоўкі, якая была не большая за звычайную гарошыну; іскрынкамі блішчалі завушніцы ў вушах, і нешта ружавела на шыі, нібыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, відаць было, што ў гэтыя хвіліны курчылася ад гневу.

      Наступнага дня пані Інсекта з ксяндзом прыехалі ў Полацак. Бачылі гэтае дзіва ўсе ў кляштары, і жыхары натоўпамі прыходзілі паглядзець на нечуваныя цуды. Кідалі ёй ежу ў шкляны слоік, але Інсекта сядзела моўчкі і не каштавала нічога; увесь гэты час была нямою, толькі відаць былі яе гнеў і неспакой.

      — Трэба цяпер падумаць пра яе душу, — сказаў ксёндз і панёс яе ў слоіку ў зацішны куток кляштара, дзе быў доўгі калідор: з аднаго боку Архітэктанічная зала, з другога — музей; непадалёку ад гэтае залы пазіраў з муру, нібы з вакенца, драўляны бюст філосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Інсекту на філосафаву галаву і перад шматлікімі гледачамі чытаў ёй малітвы і гаварыў на духоўныя тэмы. Але што рабілася з галавою Сакрата! Страх успомніць! Яна ў той час была падобная на запаленую бомбу, кідалася сюды-туды; спалатнелі ўсе, хто блізка стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася і не зашкодзіла гледачам, ксёндз безупынку чытаў малітвы і вучыў пра міласць Пана Бога і пра любасць да бліжняга.

      Штовечар адбываліся такія адправы дзеля гэтае Інсекты. І яна дзіўна выглядала з тою нешчасліваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто толькі праходзіў гэтым калідорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулі столькі парад мудрых і пабожных, бэсціў і лаяў, не разбіраючыся, усіх прахожых. Шкаляры баяліся падысці да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў ім не зычлівым настаўнікам, а зацятым ворагам.

      Гэтыя навукі і малітвы доўжыліся некалькі месяцаў. Нарэшце трапіла іскра веры і міласэрнасці ў сэрца той кабеце Інсекце, і драўляны бюст угаманіўся і палагаднеў. І ўжо з вуснаў Інсекты зляталі словы, поўныя боязі Божае і міласэрнасці да бліжняга. З’явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным абліччы, падобная да анёла, німб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малітвы, навукі і клопаты дзеля яе і ў міг вока знікла. Ксёндз укленчыў перад алтаром і дзякаваў небу за вяртанне і збаўленне гэтае душы.

      Калі пан Ротмістар скончыў, панна Анэля і малыя дзеткі пана З., аддаўшы бацькам «дабранач», пайшлі ў другі пакой памаліцца нанач.

      — Цікавую рэч расказаў пан Ротмістар, — сказаў гаспадар. — Пра такое здарэнне з Дзядком, калі галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшніцы, я яшчэ не чуў. Вось і новае апавяданне да жыццяпісу Драўлянага Дзядка.

      Да позняга вечара гаварылі мы пра мінулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых — жывых і тых, што ўжо спачываюць у магілах. У размовы нашы нязменна запляталіся смутак і надзея. Нарэшце пан Ротмістар узяў свой кій і шапку і хацеў ісці дахаты, але гаспадар пакінуў яго начаваць. Патушылі агонь, і я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў[180].

      ПРАХОДКА Ў ПОЛІ


      Адпачынак мой быў прыемны, хоць і кароткі. Прачнуўся я на світанні. Пан Ротмістар яшчэ спаў, і я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў і разважаў аб прыгодах Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазіраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якія чакаюць чалавека на яго жыццёвай пуцявіне, тая кабета-грэшніца з’яўлялася ў маіх марах то ў абліччы страшнае Інсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькі вера, міласць да Бога і да бліжняга — шлях да сапраўднага жыцця.

      Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранішняга сонца зазірнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усіх і даваў парабкам загады на дзень.

      Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмістар; калі мы апраналіся і ён думаў пра дом, а я — пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскі, павітаўся і загаварыў да мяне:

      — Чаму ты так рана ўстаеш? Ісці такую дарогу — цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Відаць, думаеш, што я дазволю развітацца з намі сёння? Пагасцюеш у мяне колькі дзён, бо калі ад’едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, ці ўбачымся, хіба толькі на тым свеце. І пана Ротмістара прашу застацца на сёння з намі, бо ёсць у яго доме каму кіраваць гаспадаркаю.

      Я паслухаўся гаспадара, і пан Ротмістар пагадзіўся з ім.

      Галасы дзяцей, што ўжо прачнуліся, даляталі з другога пакоя; абазвалася гітара, пачуўся цудоўны мілагучны спеў. Гэта быў голас Анэлі. Яна кожнае раніцы, як анёл, што вітае новы дзень, усхваляла Божую Ўсемагутнасць і спявала пад гітару:

Калі ўзыходзіць дзянніца, Усе да Цябе павяртаюць лікі, Спявае кожная істота: Слаўся, Божа вялікі![181]

      Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, і ў тую раніцу я маліўся са слязьмі на вачах.

      Неўзабаве ўся сям’я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлі ў поле; пан Зямельскі завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было відаць дбайнага гаспадара, і гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалі тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькі гадоў зашумеў тут гэты гай. І там і тут між зараснікаў асушаныя лугавіны з сакаўной высокаю травою і размаітымі духмянымі кветкамі. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамінаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Інсекту, паказваў пану Ротмістару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, ці такая была кабета Інсекта. Іншыя дзеці збіралі лепшыя кветкі і аддавалі іх Анэлі, а тая аздабляла дзіцячыя галоўкі вянкамі.

      Няспешна шпацыруючы і адпачываючы часам ў засені густое бярэзіны, мы бавілі час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалі гаспадрку, аж пакуль сонца не схілілася да захаду, не ўпала раса на травы і парабкі з косамі і граблямі не вярнуліся з сенажаці.

      Увечары, калі ўся сям’я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмістара, ці не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, ці, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.

      — Калі быў яшчэ студэнтам у Полацку, — сказаў пан Ротмістар, — я любіў слухаць апавяданні. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуітаў.

      Ён часта расказваў незвычайныя гісторыі, якія сам чуў ад іншых. Гэта былі прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькі тых апавяданняў я і цяпер яшчэ памятаю.

Продолжение "Шкаляр Люцэфуга" http://www.proza.ru/2014/12/11/433


Рецензии
Ужо без страху глядзелі ўсе зблізку на гэтую маленькую пачвару: доўгія валасы спадалі з галоўкі, якая была не большая за звычайную гарошыну; іскрынкамі блішчалі завушніцы ў вушах, і нешта ружавела на шыі, нібыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, відаць было, што ў гэтыя хвіліны курчылася ад гневу.

Светлана Самородова   19.01.2015 16:11     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.