Шкаляр люцэфуга

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Драуляны дзядок i кабета Iнсекта" http://www.proza.ru/2014/12/11/430
            (Версия на русском языке: )





  ШКАЛЯР ЛЮЦЭФУГА


      Некалі ў Полацку быў надзвычай лянівы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегіі, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад і холад, пасля доўгае вандроўкі мусіў вяртацца ў бацькоўскі дом. Хоць і ведаў, што за такія ўчынкі будзе пакараны і зноў трапіць пад нагляд настаўнікаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку. Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты і хацеў хоць не маёнткамі, дык, прынамсі, навукамі ўзбагаціць сваё дзіця. Колькі разоў адвозіў яго з дому ў горад, і калі словы-напаміны не дапамагалі, плаціў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўніка, не пакідаючы яго ні ў працы, ні ў адпачынку. Пад такім наглядам Люцэфуга мусіў студыяваць навукі, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзіла яго здольнасцямі, і ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькі па свавольствах і непаслушэнстве.

      У апошнія дні ліпеня ў полацкіх школах пачыналіся вакацыі. Шкаляры пасля іспытаў, перш чым раз’ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелі ведаць, што думаюць настаўнікі пра іх стараннасць і паводзіны, другія — ці перавядуць іх пасля вакацый у вышэйшы клас, ці ўзнагародзяць кніжкаю ці абразкамі за стараннасць і поспехі ў навуках.

      У гурце гэтых вучняў быў і той нядбайны шкаляр.

      — Скажы, Дзядок, — пытаецца ён, — як мае стараннасць і паводзіны ацанілі настаўнікі і ці перавядуць мяне ў наступны клас?

      Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае хмары:

      — О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага святла пад падлогаю або ў цёмнай шчыліне; засмучаючы бацькоў і настаўнікаў, ты і не думаеш выпраўляцца. Святло навук і цнатлівасць — гэта праваднікі на шляхах жыцця, без гэтага ліхтара ты будзеш блукаць сярод цемры і ніколі не даплывеш да Порта Спакою душы і шчасця.

      Усе студэнты, што стаялі вакол, са смехам гучна паўтаралі: «Люцэфуга! Люцэфуга!» — і з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў іншае мянушкі, апрача тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.

      Угневаны, ён пакінуў сваіх сяброў і, бегучы цёмным кляштарным калідорам, мармытаў сам сабе:

      — Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкі, каб толькі пасмяяцца. О! Калі б я меў камень у кішэні, то яго лысая галава зазнала б гора!

      Як і раней, бавіўся ён з прыяцелямі, а калі яму нагадвалі прароцтва Дзядка і называлі Люцэфугаю, казаў:

      — Не навукі даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над кніжкамі, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару.

      Прайшло чатыры гады. Бацькі яго памерлі, і, Люцэфуга вылецеў у свет, як матылёк, шукаючы ўцех і весялосці; ён пералятаў з кветкі на кветку, збіраючы толькі атруту; сустрэў шмат падобных да сябе люцэфугаў і з радасцю пабратаўся з імі. Усё больш і больш прыкрае было яму дзённае нябеснае святло, ён заплюшчваў вочы, спаў дзень навылёт, а ўначы са сваімі прыяцелямі гуляў у карты, а тыя спрытна вызвалялі яго кішэні ад грошай і почасту даводзілі Люцэфугу да нэндзы.

      Выбраўся ён урэшце ў свет, некуды далёка, у вялікі горад. Там хутка знайшоў знаёмствы і ўваход у дамы, куды частыя шумныя забавы вабілі адусюль моладзь. Тут сустрэлася яму нейкая панна Аўрэля, худая, тонкая, бледная, пустая і легкадумная (бо дбала толькі пра тое, каб быць лёгкаю, зграбнаю, найменей мець цела і як вецер лётаць у салонах). Доўгія бяссонныя ночы яна бавіла на балях і пагулянках. Там лёгка скакала вальс, нястомна лётала над падлогаю; рой залётнікаў заўсёды акружаў яе. Уставала з пасцелі, калі сонца хілілася да вечара. Сустрэў Люцэфуга яе на нейкім бале і ўзяў на вока; даведаўся яшчэ, што панна Аўрэля мае ўласную вёску і вялікія грошы. Маёнтак і грошы — рэчы, вядома, патрэбныя.

      Аднаго разу на світанні вярнуўся ён дадому, зачыніў вокны, але не мог заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфірная нейкая, а яшчэ, здаецца, і характарам падобная да яго. О! Калі бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслівейшы з людзей, вечнае каханне і згода панавалі б між імі. А да таго ж — маёнтак і грошы. І ён вырашыў: што б там ні было, паведаміць ёй пра сваё каханне і прасіць яе рукі.

      Люцэфуга дабіўся свайго, ажаніўся з Аўрэляю. Каханне і згода былі між імі цэлую восень і зіму. Час весела ляцеў у тэатрах і канцэртах, ездзілі на балі і самі прымалі гасцей. Ён па сваёй завядзёнцы гуляў у карты да самага світання, а яна захапляла моладзь лёгкасцю ў танцах, жывым сваім характарам і вясёлымі размовамі.

      Вясною яны прыехалі ў вёску, каб вечарамі прагульвацца пад ясным небам, адпачываць у засені ліп, слухаць салаўіныя і жаўруковыя спевы. Але, ах! Гэтаю вясною напаткалі Люцэфугу найвялікшыя пакуты і ляснулі ўсе яго надзеі.

      Увечары, на захадзе сонца, выйшлі яны прагуляцца ў поле. Неба было пагоднае, паветра ціхае. Ідучы недалёка ад лесу, размаўлялі пра сваіх знаёмых. Аўрэля захоплена казала пра аднаго маладога кавалера, які быў надзвычай спрытны ў танцах, Люцэфуга хваліў свайго сябрука, што, гуляючы ў карты, ніколі не прайграе. Між імі ўсчалася спрэчка, і калі Аўрэля, даводзячы сваё, усё больш і больш злавалася, — нечакана зашумеў лес і вецер засвістаў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная істота, як пяро, узляцела і хутка, так што нельга было яе стрымаць, падымалася ўсё вышэй і вышэй. І вось ужо ляціць над бярозавым гаем, муж глядзіць на яе, ломячы рукі, і не ведае, што яму рабіць.

      Аўрэля ляціць разам з ветрам, нібы лёгкі матыль. Люцэфуга бяжыць праз палеткі, лясы і горы з надзеяю, што, можа, яна затрымаецца дзе-небудзь на вяршыні гары ці на высокім дрэве. Людзі рознага звання, што праязджалі непадалёк, паглядалі на гэта са здзіўленнем. Адны смяяліся, другія спачувалі Люцэфугу, але ніхто не мог яму дапамагчы.

      Муж бег, пакуль яшчэ мог бачыць яе здалёк, але калі ноч апусцілася на зямлю, Аўрэля знікла з вачэй. Бедны Люцэфуга спыніўся сярод цёмнага лесу, чуе вакол сябе толькі савіныя галасы, не ведае, у які бок падацца; хадзіў усю ноч, і гэты лес, здавалася яму, не меў нідзе канца. Змардаваны, ён сеў пад дрэвам, глянуў на зорнае неба, успомніў прароцтва Драўлянага Дзядка. Цяжкі сум лёг яму на сэрца:

      — Дзе Аўрэля? Ці яна жывая? Ці вернецца калі да мяне? — уздыхнуў, і слёзы паліліся з вачэй.

      Так і блукаў ён без сну цэлую ноч па лесе. На ўсходзе пачало світаць, зарумяніліся аблокі. Люцэфуга, бачачы дзённае святло на небе, крыху супакоіўся. Вырашыў ісці на ўсход. Калі сонца ўжо было высока, пачуў голас касцельных званоў, і яны вывелі яго з лесу да чалавечага жытла.

      Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ён ад свайго дому; заходзіць у сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў і здзіўляўся, што кабета была такою лёгкаю і паляцела з ветрам. Гаспадар задаволена глянуў на сваю жонку, што завіхалася па гаспадарцы, злітаваўся, запрасіў госця адпачыць і паабяцаў адвезці дахаты.

      Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлі. Паслаў людзей паўсюль, каб даведаліся пра яе. Пасланцы вярнуліся без аніякае весткі. Разышлася пагудка па ўсёй ваколіцы, і нават у горадзе было вядома, што Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалі яму, другія, чуючы такія дзівы, рвалі ад смеху бокі.

      Ён не выходзіў з дому, усё разважаў, што рабіць. Аднаго разу сядзеў увечары самотны ў пакоі: шэры змрок і маўчанне былі яму сябрамі. Тут забягае лёкай і паведамляе, што прыехаў нейкі пасланец з лістом. Ён глянуў на яго з невыказнай радасцю: ліст быў падпісаны рукою Аўрэлі.

      Люцэфуга прачытаў ліст і застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страціла назаўсёды. Піша, што закончыла паветранае падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга свайго прыяцеля і вяртацца да мужа, у якога характар і погляды зусім іншыя, чым у яе, не думае. І таму яна рупіцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта аніякіх грошай.

      Люцэфуга хутка страціў жонку, маёнтак і ўсе надзеі; прыяцелі і знаёмыя, што прыязджалі да яго на гасціны і на начныя забавы, бачачы яго няшчасным, пагарджалі ім і здзекаваліся з яго. Не маючы сіл трываць гэтыя здзекі, ён схаваўся назаўсёды ад усіх знаёмых.

      Мінула колькі гадоў. Пра Люцэфугу ніхто нічога пэўнага не чуў. Успаміналі толькі яго вяселле і развод. Пасля пайшлі пагалоскі, што жыве ён на гэтым свеце без усялякае мэты, узненавідзеўшы ўсё пад небам, праклінае сённяшні дзень і не верыць у будучыню.

      Праз нейкі час кожны, хто ішоў па калідоры езуіцкага калегіума ў Полацку ля Архітэктанічнае залы, чуў голас Дзядка. Той паўтараў:

      — О! Люцэфуга! Люцэфуга!

      Пачуўшы гэта, шкаляры і настаўнікі смяяліся, гаворачы між сабою, што Драўляны Дзядок праз столькі часу згадаў пра Люцэфугу.

      Надышла поўнач. Шмат хто ў кляштары езуітаў яшчэ не спаў. Чуючы нейкі незвычайны шум на калідоры, людзі павыходзілі з келляў, каб даведацца, што там чыніцца, і бачаць: стаіць ля сцяны ў слабым месяцавым святле нейкае страшыдла на мностве лапаў. Перапалоханыя, яны разбегліся і расказалі ўсё іншым. Пасля ўсім гуртам з запаленымі свечкамі выйшлі другі раз, але гэтае страшыдла, аслепленае святлом, ужо некуды знікла. Але лёскат і шум па-ранейшаму адзываўся ў цёмным калідоры. Перапалоханыя, усе сядзелі ў сваіх келлях і да відна не маглі заснуць.

      Ранкам, збіраючыся адусюль, манахі апавядалі адзін аднаму пра тыя начныя жахі. Езуіт-брамнік казаў, што гэтае начы ён чуў на калідоры нейкі дзіўны лёскат, а пасля нібы енкі і падземныя стогны. Калі ён выйшаў з келлі, убачыў жахлівыя дзівы: нейкая пачвара сунулася па калідоры, быццам човен па вадзе, і мноства лапаў з аднаго і з другога боку падымаліся і апускаліся, нібы вёслы.

      Перапалоханы, ён закрычаў:

      — Усё жывое славіць Пана Бога!

      Страшыдла імгненна знікла, а ён, запаліўшы свечку, ноч навылёт прамаўляў пацеры.

      Дзіўнае відовішча бачылі некаторыя вучні, калі познім часам, не запальваючы святло, сядзелі ў сваіх келлях. Шмат хто, чуючы нейкі неспакой і страх, павярнуўшыся, заўважаў ля сябе страшыдла, якое адразу ж знікала; збіраліся ўсе ў адну грамаду, і ніхто ўжо не начаваў у келлі адзін.

      Але і ўдзень было адно вусцішнае здарэнне. Нейкі музыка, што служыў пры езуіцкім касцёле, раней калісьці сябраваў са студэнтам Люцэфугаю. Гэты музыка быў адзін у пакоі, калі гадзіннік прабіў паўдня; ён на флейце развучваў духоўныя п’есы славутых кампазітараў. Потым склаў ноты, стаў спінаю да вакна і па памяці іграў варыяцыі, якія яму прыходзілі ў гэты час у галаву. І тут бачыць, як у цёмным куце з-пад падлогі вылазіць прусак, паўзе на сярэдзіну пакоя, спыняецца, пачынае надзімацца і расці. Пасля з-пад чорнай скарлупіны з’яўляецца чалавечая галава і страшнымі вачыма пазірае на музыку. Музыка пазнае Люцэфугаў твар; перапалоханы, выпусціў з рук флейту, скочыў ад вакна, а сонечны прамень стрэліў праз шыбу на страшыдла, і яно імгненна знікла. Музыка выскачыў з пакоя і, бегучы па калідоры, крычаў:

      — Люцэфуга! Люцэфуга!

 Усе са здзіўленнем глядзелі на яго, распытвалі, што з ім, але ён, бледны, як труп, маўчаў і дзіка аглядаўся. Прайшло шмат часу, перш чым ён апрытомнеў і расказаў пра тое страхоцце.

      Яшчэ колькі начэй паўтараліся гэтыя жахі. Нарэшце ксёндз-рэктар загадаў запаліць у асобных мясцінах кляштара грамнічныя свечкі, ды так, каб іх святло разлівалася па калідорах. Такім чынам вярнуўся спакой, і Люцэфуга больш не з’яўляўся.

      Калі Ротмістар расказваў такое, дзеці стаялі ля бацькі, і адзін з іх заплакаў.

      Бацька спытаўся малога, чаму той плача.

      — Баюся Люцэфугі, — адказаў сын.

      Тады пан Зямельскі загадаў ім усім ісці па сваіх пакоях, памаліцца і класціся спаць.

      Малыя дзеці разам з маці і паннай Анэляй, пажадаўшы добрае ночы бацьку і гасцям, выйшлі.

      — А мы яшчэ пасядзім, — сказаў гаспадар, — Ротмістар ведае шмат цікавага пра Драўлянага Дзядка, няхай расказвае нам яшчэ што-небудзь.

      — Вы чулі, як Драўляны Дзядок прарочыў студэнту Люцэфугу, — прамовіў Ротмістар, — а цяпер раскажу, што прадказаў ён гордаму Філосафу.


Продолжение "Горды филосаф"  http://www.proza.ru/2014/12/11/439


Рецензии
— Не навукі даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над кніжкамі, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару.

Светлана Самородова   20.01.2015 22:20     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.