Горды фiлосаф

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Шкаляр Люцэфуга" http://www.proza.ru/2014/12/11/433
            (Версия на русском языке: )





ГОРДЫ ФІЛОСАФ


      Дык вось, быў у тыя часы ў Полацку шкаляр, якога калегі і знаёмыя звалі толькі Філосафам, — з тае прычыны, што найбольшую прыхільнасць ён меў да гэтага прадмета. Мала яму было аўтараў, дазволеных у школах. Ён імкнуўся розным чынам набыць або прачытаць забароненыя ды антырэлігійныя кніжкі французскіх філосафаў. Чытаў ён звычайна ўначы, калі ўсе спалі, а ўдзень і ўвечары апавядаў прачытанае сваім калегам і пачынаў з імі дыспуты, у якіх з вялікім трыумфам перамагаў.

      Даведаўшыся пра гэта, прафесура і ксёндз-прэфект колькі разоў неспадзявана прыходзілі да яго ў пакой, рабілі заўвагі, забіралі кніжкі, на яго вачах кідалі іх у агонь, а самому прызначалі кару. Але праз гэта ён адно зрабіўся асцярожны, добра хаваў забароненыя кніжкі і пасля прачытання нікому нічога не расказваў.

      Калі ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты і здзівіць свет сваёй адукаванасцю; развітаўшыся з настаўнікамі, ён з прыяцелямі пайшоў да Драўлянага Дзядка.

      — Скажы, галава мудрага Сакрата, — пытаецца, — ці шмат філасофскіх твораў я ўжо прачытаў?

      — Шмат, шмат, — адказаў Дзядок, — а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы жыцця будзеш найдурнейшы і памрэш дурнем.

      Усе, хто там быў, засмяяліся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.

      — Лухту вярзе пустая драўляная галава, — сказаў ён і пайшоў.

      Пасяліўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бібліятэку. Купляў філасофскія творы на розных мовах без разбору. Моладзі, якая часта збіралася ў яго, каб паслухаць пра высокія матэрыі, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў таямніцы прыроды, якіх сам не разумеў, і быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны філосаф.

      Ён знайшоў сабе яшчэ асістэнта, нейкага чужаземца (таксама філосафа), добра яму плаціў і стварыў усялякія выгоды. А той, хвалячы яго, называў геніем у філасофіі і, карыстаючыся з яго легкавернасці, дадаваў да свае дурное філасофіі яшчэ і блюзнерствы.

      Хутка малады філосаф заганарыўся, лічыў сябе за выдатную асобу, пазіраў на ўсіх людзей, як глядзяць з горнае вяршыні на мурашак.

      Аднойчы ў нядзелю, пасміхаючыся, Філосаф запытаўся ў свайго таварыша:

      — А ці паедзем мы сёння ў касцёл?

      — Што там рабіць у касцёле, хіба, можа, табе трэба з кімсьці пабачыцца?

      — Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў і запрасіць іх да сябе.

      — То добра. На гэта шмат часу не трэба.

      Прыехалі на імшу. Святыня поўная вернікаў. Філосаф выскачыў з карэты, заходзіць у касцёл, і калі стаў пасярод натоўпу — дзіва нечуванае! — дзе ягоныя шырокія плечы і высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такі маленькі, як драўляная дзіцячая лялька. Хто стаяў блізка — пазналі яго і пазіралі адны са страхам, другія — з насмешкаю. І ўсе прэч адступаліся ад яго. Ён жа, сам перапалоханы, не памятаючы, што з ім дзеецца, хуценька ўцёк са святыні Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзіўны выпадак. Сябар смяяўся да слёз і даводзіў, што ўсё гэта ад таго, што нервы разгуляліся, ці ад нейкае іншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Філосаф больш у святыню не заходзіў і вярнуўся дахаты ўстурбаваны.

      Па ўсім Полацкім павеце простыя людзі, апавядаючы пра гэта адзін аднаму, казалі, што Філосаф цяжка правініўся перад Панам Богам. Праз некалькі дзён запрошаныя суседзі сабраліся ў Філосафа. Сярод гэтых гасцей была моладзь, якая вельмі ўпадабала гаспадаровы разважанні; кожнае слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменні было найвышэйшай мудрасцю. Госці дзівіліся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькі Філосаф ні расказваў, мудрыя яго заўвагі захаплялі ўсіх. І гаспадар быў трыумфатарам, бо мог і растлумачыць любую таямніцу.

      Быў пагодны дзень, неба яснае, усе госці выйшлі ў поле на шпацыр, і гаспадар з імі. Паветра чыстае, вока цешылася маляніўчым наваколлем, на пагорках пасвіліся шматлікія чароды, на спакойным возеры плавалі качкі і белыя гусі, у гаях адзываліся птушыныя спевы, на лугах і жоўтых ад квецені ліпах гулі, снуючы сюды-туды, працавітыя пчолы; ясны дзень і пекныя краявіды захаплялі ўсіх. Філосаф разважаў пра размаітыя з’явы жыцця. Урэшце — пра чалавека, што ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбіўшыся ў даследаванні, разумее ўсе цуды, бачыць усе таямніцы. Добрыя ўчынкі ён называў анёламі, а грэх — нячыстым духам ці шатанам.

      У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмілася ў вачах, і зніклі ўсе малюнкі прыроды. Філосаф зрывае капялюш, і госці бачаць перад сабою жудаснае відовішча: не было ў яго галавы, толькі над шырокімі плячамі вісеў на тонкай шыі нейкі шарык накшталт макавае галоўкі. Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзіва перапалохала гасцей, усім мову пазаймала.

      Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Філосаф, круцячыся на адным месцы, нейкім пісклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырываліся з грудзей яго ўздыхі, а калі падняў рукі ў неба, імгненна ўбачылі над яго плячыма звычайную чалавечую галаву.

      Госці паглядалі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго сябар-асістэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзіва здарылася ад сонечнае спёкі, і раіў усім вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.

      Усе паверылі, што бачылі звычайную рэч, і пераканалі гаспадара, што ўсё гэта ад прыліву крыві. А хутка і забыліся пра ўсё. Філосаф жа па-ранейшаму трымаўся сваіх поглядаў і нязменна трыумфаваў.

      Ён не пакінуў займацца ашуканствам, а пасля асмеліўся нават надрукаваць свае разважанні, што супярэчылі рэлігіі і здароваму розуму, у часопісе. Яго старыя суседзі, якім гэта чытаў, папярэджвалі:

      — Пакінь свае памылкі; вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры? Бог яе сам аб’явіў у Евангеллі, і гэтая мудрасць, як сонца нябеснае, асвятляе цэлы свет і кажа пра таямніцы. Чалавечы розум няхай супакоіцца, бо гэта за мяжою яго разумення. Памылковыя думкі вядуць народ да бяды, а веру — да ганенняў.

      Аднак усе парады і напаміны былі марныя.

      На змярканні Філосаф, вяртаючыся са шпацыру, мінаў пагорак, дзе ў засені некалькіх бяроз стаяла старая драўляная каплічка, узвышаліся камяні і пахіленыя крыжы на могілках. Там ён убачыў некалькі сялян, што, укленчыўшы, маліліся за душы памерлых. Філосаф здзівіўся іх прастаце. «Бедныя людзі, — падумаў сам сабе, — вераць, што жыхары таго свету чуюць іх ці патрабуюць ад іх малітвы».

      Ледзь падумаў так, як агарнула яго нейкая трывога, а калі заспяшаўся дахаты, убачыў нечакана, што побач з ім ідзе велізарны шкілет. Гэта так яго напалохала, што, вярнуўшыся дадому, ён доўга быў як непрытомны. Дарэмна стараўся пераканаць яго прыяцель, што гэта адбылося з якойсьці самай звычайнай прычыны. Здаралася колькі разоў, што ўвечары той шкілет заходзіў у ягоны пакой і станавіўся ля стала. Тады Філосаф пранізлівым крыкам склікаў да сябе ўсіх, хто быў у доме. Калі заплюшчваў вочы, каб заснуць, здавалася яму, што страшны крывасмок, абапіраючыся спарахнелай рукою, навісаў над яго тварам і жахліва заглядваў яму ў вочы; пранізліва крыкнуўшы: «Труп, труп!» — Філосаф усхопліваўся з ложка. Доўгі час бачачы такія відовішчы, ён зусім перамяніўся: па****неў з твару, саслабеў і заўсёды меў неспакойныя думкі. Да таго ж асістэнт, засмучаны гэтымі пераменамі, пакінуў яго і выехаў у нейкія далёкія краіны.

      Раней Філосаф быў моцны духам, ні ў што не верыў; цяпер прымхі мучылі яго душу і даводзілі да роспачы. Калі часам пачуе сярод начное цішы стогны ўдода або журботныя савіныя крыкі, рабіўся надзвычай устрывожаны, чакаў якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголіць сабака на панадворку — ён бяжыць паглядзець, у які бок павернута сабачая пыса, бо, на яго думку, там жахлівы пажар знішчыць вёску або выпаліць лес. А яшчэ больш раздражняліся яго аслабленыя нервы, калі бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галавы, а нібыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць камусьці ў яго доме. І ён, не могучы пазбавіцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней і ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых ці суседзяў. Са страхам апавядаў ім, што здарылася ў яго доме, і тыя марна стараліся пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.

      Дзіўны ўплыў на Філосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, і Філосаф не мог сядзець у тым пакоі, куды лілося з неба бледнае месяцавае святло.

      У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалі; цешыў яго добры ўраджай, і меў ён надзею ў гэтым годзе на вялікія даходы з маёнтка.

      Нечакана пачуў ён у пакоі стрэл, нібыта з пісталета, які скалануў усе ягоныя нервы. Філосаф адскочыў ад вакна і ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькі яго перапалохаў, што праз некалькі дзён ён памёр.

      Гаспадар загаварыў да мяне:

      — Памятаеш, калі мы хадзілі ў школу, колькі было моладзі рознага характару і здольнасцяў? Цяпер раз’ехаліся па свеце. Думаю, між іх ёсць шмат люцэфугаў і гордых філосафаў. Гора нам, калі такі заняў месца ў духоўным або грамадскім кіраўніцтве.

      — Цяпер жалезны век, — сказаў я, — чалавек лёгка робіцца горшы.

      — Сапраўды, век жалезны, — прамовіў Ротмістар. — Знікае спакойнае і вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзін аднаго, часта чуеш стогны і скаргі. О, як добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маіх калегаў, які быў надзвычай арыгінальнага нораву і ў весялосці пераступаў усе межы; калі даходзіў да такога стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў абліччы нейкіх дзіўных веліканаў. Імя яго — Севярын. Я за характар называў яго Летуценнікам. Раскажу вам пра дзівосную гульню яго фантазіі.


Продолжение "Летуценик Севярын"  http://www.proza.ru/2014/12/11/443


Рецензии
— Сапраўды, век жалезны, — прамовіў Ротмістар. — Знікае спакойнае і вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзін аднаго, часта чуеш стогны і скаргі.

Светлана Самородова   22.01.2015 17:42     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.