Прывiды

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Летуценнiк Севярын" http://www.proza.ru/2014/12/11/443
            (Версия на русском языке: )





ПРЫВІДЫ


      Пан Зямельскі загаварыў да мяне:

      — Вось так і мой даўні сябар пакінуў Бацькаўшчыну, і васемнаццаць гадоў не ведалі мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край і лепшыя людзі. Бог яго ведае, нашы бацькі жылі і тут спакойна, нам жа наканавана іншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзіўся. Можа, дасць Бог, і косці мае тут спачнуць.

      — Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу…

      Сказаў так стары Ротмістар і слёзы паліліся з ягоных вачэй. Гэта засмуціла мне сэрца і думкі.

      — Бог вялікі і Ўсемагутны, — сказаў я, — і на яго трэба спадзявацца.

      Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай слёзы нарэшце абазваўся:

      — Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.

      І тут перад нашымі вачыма з’явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.

      Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова. Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш пакой гаспадыня.

      — Што такое? — дзівіцца яна. — Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.

      — Пан Ротмістар, — сказаў Зямельскі, — так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.

      — У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: «Маліся!»

      Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што — прачытаць не магу. Зноў падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:

      — Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: «Бог справядлівых уславіць перад светам».

      Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і прыйшла расказаць сон.

      Сказаўшы гэта, яна выйшла.

      Ротмістар уздыхнуў і сказаў:

      — Вялікая міласэрнасць Божая! — і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.

      Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.

      — Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, — сказаў гаспадар. — Свеціць дзянніца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.

      Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.


Продолжение "Развитанне" http://www.proza.ru/2014/12/11/446


Рецензии
Пан Ротмістар, — сказаў Зямельскі, — так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў руках.

Светлана Самородова   25.01.2015 20:45     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.