Развiтанне

                Пецярбург,
                1844, 8 верасня
                Ян Баршчэўскі

   Начало:    "НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА" http://www.proza.ru/2014/12/09/1096


             Предыдущая часть "Прывiды" http://www.proza.ru/2014/12/11/445
            (Версия на русском языке: )





РАЗВІТАННЕ


      Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне і сказаў:

      — Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому. — Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна ўставаць.

      У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.

      Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сям’ёю вярнуліся дахаты.

      Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:

      — Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне недалёка да магілы.

      Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з суседзямі.

      Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.

      — Гаспадарка, — сказаў ён мне, — вымагае не прыдумак розных, а досведу і руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.

      Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі пляснуў рукамі — і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.

      — Ад іх, — сказаў ён, — адна шкода. Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькі начэй знішчыў усё, пакінуў толькі здратаваную салому. Гэты звер не толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы пустошыць. У мяне добрыя сабакі. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпільнаваць ад шкоды.

      Так мы, ідучы, размаўлялі. Павеяў вецер, і далёка за лесам абазваўся гром. Глянулі мы ўгору: велізарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як вужака, прабегла колькі разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалі туды, дзе работнікі зграбалі сена. Ледзь паспелі скончыць і вярнуліся ўсе дахаты, як сонца схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзіўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусі, выцягваючы шыі і махаючы крыламі, нібы ветразямі, з крыкам уцякалі з поля.

      Раптоўны дождж з градам сек у вокны. Ускінулі на вуголле свянцоныя зёлкі, і ўся сям’я, укленчыўшы, прасіла Бога быць міласэрным. Шум дрэў і залевы, стрэлы грому наганялі страх. Але хутка моцны вецер разагнаў хмары. Скончылася навальніца, блакітнае неба і сонца паказаліся з-за аблокаў.

      Гаспадар выйшаў у поле і хутка вярнуўся вясёлы.

      — Дзякуй Богу, навальніца не нарабіла шкоды. Дробны дожджык ідзе, няхай, работнікі адпачнуць у хаце.

      Дзень хіліўся да вечара. Я расказваў сваім землякам аб прыгодах, што здараліся ў маім жыцці, як пакінуў Беларусь. Усе з цікавасцю слухалі пра дзівосы паўночнай сталіцы, пра тэатры, канцэрты, пра норавы жыхароў. Але найбольш іх займалі небяспечныя марскія падарожжы, буры, малюнкі гор і берагоў чужых краін.

      — Я ніколі не меў ні ахвоты, ні цікавасці наведаць чужыя краіны, — сказаў гаспадар. — Заўсёды мяне захаплялі тыя памятныя вершы, якія некалі ў Полацку ў езуіцкім тэатры спяваў хлопец, іграючы на гуслях:

Шчаслівы, хто ад спрэчак далёкі, Як і ў тыя, мінулыя рокі, Не сядзіць, а старанна працуе, Дык яму ва ўсім вечна шанцуе.

      — Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі мы вершы.

      Анэля настроіла гітару і заспявала, як вясновая птушка, мілагучным і прыемным голасам:

Славяцца дрэвы красою Ў пушчы у нашай і ў гаі. Там салавейка вясною Цэлую ночку спявае. Ў лузе на пашы багатай Статкі жывёлы пасуцца. Грэчкі ў нас ніва за хатай — З мёдам там пчолкі снуюцца. Як гаспадар на палетку З неразагнутай спіною, Бог тут дарадца і сведка — Жыта сцяною. Нетры лясоў бласлаўляе Наш паляўнічы руплівы. Рыба ў азёрах гуляе, І рыбалоў тут шчаслівы.

      Пасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль і ядваб.

      Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і. Я быў невыказна шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.

      Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы.


Окончание "Душа не у сваим целе" http://www.proza.ru/2014/12/11/448


Рецензии
— Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі мы вершы.

Светлана Самородова   27.01.2015 15:31     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.