2. У Багдадзе усё спакойна

Бяспека – гэта самая небяспечная ілюзія. (Барыс Крыгер, пісьменнік)

Было добра. Прычым добрым было ўсё: віно, ежа, утульна-цемнаваты інтэр'ер, барвовы аксаміт крэслаў і парцьер, люстэрка, каганец на кожным століку, аркестр – усё, як у старых фільмах. Яны прыйшлі сюды з нагоды палучкі, добрага настрою і чыста з цікаўнасці.

«Манхэтан» быў больш багемным і дэмакратычным, чым установы з прыкладна такім жа інтэр’ерам, якім Улада любавалася, хоць і саромелася ў тым прызнацца. Яны сядзелі і вялі няспешную гутарку, дзяліліся самымі рознымі навінамі і думкамі. Увесь вечар быў наперадзе.

- Я лічу, што чалавеку неабавязкова пераймаць свайго куміра ва ўсім да дробязяў, таму што гэта пэўны спосаб увесь час пачувацца непаўнацэнным і стопарыцца на шляху да самаўдасканалення, вядома, сапраўднага, а не дэкларатыўнага, таму што праўдзівы шлях да дасканаласці немагчымы без душэўнай лёгкасці.

Оля вымавіла гэта на адным дыханні, паднесла да вуснаў келіх бардо, густоўна прыгубіла і падчапіла на срэбны відэльчык кавалачак дацкага сыру з цвіллю.

Яна наогул умела выдаваць шматслоўныя тырады, спрабуючы, падобна немцу, упіхнуць усё ў адну-адзінюткую фразу: думка яе ляцела імкліва, апераджаючы словы, і ўвесь яе выказ быў суцэльнай пагоняй. Але ў красамоўстве і розуме ёй сапраўды няможна было адмовіць. Тым больш, нават губляючы з вачэй адпраўны пункт, яна ўмела завяршыць і кругла, і вытанчана. Уладу ўсё гэта зусім не раздражняла. Нават выклікала захапленне, гэтак жа, як бліскучае веданне этыкету і пратакола: ёй даводзілася напружвацца, а Муравская нібы вырасла ў Версалі.

«Тут не Версаль, да прыёмаў нам абедзвюм далёка, але гэтае месцейка – найвышэйшы клас», - падумала Улада. Аркестр якраз пачынаў новую рытмічную рэч. Музыка яе ў момант скарыла: трошкі асучаснены свінг – гламурнае амерыканскае гучанне, напамінак пра Галівуд, раскошных красунь, аўтамабілі, хмарачосы, фінансістаў з Уол-стрыт і зачараванне звышдзяржаўнага аптымізму.

- Ну так, трэба ж хоць некалі пацешыцца жыццём! – засмяялася Улада.

- Вось, слушна. Pour la joie de la vie (1), - з пачуццём прамовіла Оля, і яны чокнуліся.

Віно ледзь адчувальна расквітала ў роце аксаміцістай фіялкай, яго прысмак плыўна перацёк у вішнёва-малінавы, але заставаўся такім жа пікантным, трошачкі даўкім, як і належыць французскаму сухому.

Улада перажывала, што міністр не ўхваліў бы ні імкнення адзначыцца ў шыкоўнай установе, ні такога эпікурэйства. А Оля казала, што ёй трэба быць прасцей. Яе пакланенне даходзіць да фанатызму. Чаму яна вырашыла, што калі нехта не п'е, то і ёй не дазваляецца ні кроплі? І яшчэ перажывала з нагоды хатняга (хатняга, прабач Пане!) адзення. Ну добра, няхай міністр і дома ў кашулі з гальштукам расхаджвае, калі яму так камфортна. А што дрэннага, калі Уладзе падабаюцца чырвоныя спартовыя трусы ці падраныя джынсавыя шорты і майкі з усялякімі «тупымі» ангельскімі надпісамі тыпу «Сэкс, геапалітыка, рок-н-рол», «Вундервафля – залог міру» і гэтак далей. Апошнім яе дызайнерскім вынаходствам быў хмурны кот у дзелавым гарнітуры з буйным надпісам «NO». Гэтага кацяру, хіхікаючы, малявала Алеся Стамбровская.

- Ды добра, Оля, ты маеш рацыю, - сказала Улада.

- Ты занадта патрабавальная да сябе. Пакінь аскетызм і строгасць на потым, gaudeamus igitur juvenes dum sumus (2), - горача прамовіла Оля.

- Ды ты юны гусар, - засмяялася Улада.

Олі пасавалі і «Гаудэамус», і «гусарства»: яна была «вечным студэнтам», але не з тых, хто ўсё цягне і кідае, а з тых, хто ўвесь час імкнецца павялічваць кваліфікацыю. І зараз яна вучылася на Спецыяльным факультэце Вайсковай акадэміі імя гетмана Астрожскага. Улада паглядзела ў будучыню:  атрымваўся вельмі каларытны персанаж: вайсковы аташэ і разведчык – гэтакі Джэймс Бонд жаночага полу. Пацешна. Дзіўныя справы чыняцца – як, зрэшты, і заўсёды. 

Не сакрэт, што спецыялісты, або чараўнікі, валодаючы моцным патэнцыялам, ствараюць вакол сябе эпіцэнтр прыцягнення. Яны часам правакуюць прабоі прасторы, абуджэнне здольнасцяў у тых, хто пра іх не падазраваў. Мураўскую таксама «зацягнула ў вір».

Яна ўжо была ў курсе ўсіх палітычных падзей і інтрыг у міністэрстве. Улада расказала, як спрытна яна пазбылася ад Мінскай.

Неяк раніцай на працы Улада яшчэ ў ліфце пачула, што ў міністра новы намеснік. Аксану Мінскую нечакана адправілі ў адстаўку. Улада, вядома, і раней разумела, што знаходзіцца пад пратэкцыяй, але была самалюбная і трываць, як нехта псуе нервы вечнымі шпількамі, не збіралася. Зараз у яе была выдатная нагода для злараднага хіхікання: «Што, мадам Шуфер, з'ела? Куды табе, шлімазлу, з палескай варажбіткай цягацца».

- Ну, і як зараз? – пацікавілася Оля.

- Усяляк лепш! Хоць і новы зам – таксама чалавек своеасаблівы, – засмяялася Улада.

Пазнаёмілася яна з ім у той жа дзень.

Першае, што яна пачула з-за зачыненых дзвярэй, падыдучы да кабінета, быў ускрык: «Ды мне по...уй!!!» і ўдар кулаком па стале. Пачало ўжо шматспадзеўнае. Што ж там адбываецца? Ж калі людзям сапраўды «по...уй», то яны так не гарлапаняць. Улада пастукала зараз жа, але ад збянтэжанасці – даволі-ткі далікатна. Прагучаў рэзкі голас: «Заходзьце!».

Калі яна ступіла за парог, то, вітаючыся, убачыла фанабэрыстага шляхціча з рудаватымі вусікамі і падціснутым ротам. Яго шэра-блакітныя вочы свідравалі яе раздражнёным позіркам. Шкельцы акуляраў холадна паблісквалі. Выгляд у яго быў нецярпімы – такія людзі схільныя зрываць злосць на падначаленых, а свае эмоцыі не тое, каб не здольныя стрымліваць – яны проста не робяць такую ласку. Гэтым разам пад гарачую руку трапіла прыгожанькая паненка: ці то сакратар, ці то перакладчыца. У яе была тыпова заходняя, крыху лялечная, прыгажосць. Дзяўчына стаяла ў края стала, зняважана скурчыўшыся і гледзячы ў падлогу. Але, калі Улада ўвайшла, то кінула на яе дзіўны пагляд спадылба: ён ніяк не выдаваў засмучэнні – не, ён быў нейкі задзірлівы, амаль нахабны – і тут жа зноў апусціла вочы дадолу.

Прайшло не больш за тры секунды, не так ужо шмат, але намміністра кінуў ёй:

- Ну што, вы так і будзеце стаяць і тарашчыцца?

Улада густа счырванела, але адказвала роўным тонам, як ні ў чым ні бывала, выказала сутнасць справы і аддала патрэбныя паперы. Атмасфера назіралася дзіўная: новы намеснік таксама гаварыў з ёй так, быццам нічога не адбылося. А калі яна ўжо выходзіла, то перапытаў:

- Вы Уладзіслава Кунец, ці не так?

-  Так, - пацвердзіла дзяўчына, – а адкуль вы ведаеце маё імя?

- Папярэдне вырашыў спісы прагледзець, як бы завочна з новымі калегамі пазнаёміцца. Люблю загадзя валодаць інфармацыяй, - прагучаў адказ.

Аднак, нават ведаючы, што яна асабісты сакратар самога міністра, ён не перапрасіў за свой выбух, палічыў за лепшае ўсё спусціць на тармазах. Але Улада проста паціснула плячыма і вырашыла не рэагаваць. Як ні дзіўна, гэты чалавек выклікаў у яе куды меншую агіду, чым Мінская.

Улада падагульніла:

- Прыгледзелася за месяц: чалавек звычайны, працаваў не ў нас, а ў міністэрстве юстыцыі. Разумны як чорт, паліглот. Знешне на нашага выкладача па міжнародным праве падобен. Дарэчы, і замашкі такія ж. А яшчэ вось па канстытуцыйным быў, Вашкевіч, памятаеш? – Мураўская кіўнула. - І ты, Оля, казала, што, маўляў, сцеражыся на экзамене, таму што ў ім ёсць «штосьці польскае і хітрае», - са смяшком успомніла Улада. – Так у гэтым таксама есці і хітрае, і польскае.

Калі яны размаўлялі, Улада адразу пачула характэрны акцэнт – і гэта раптам непрыемна драпнула (хоць яна таксама вырашыла не зважаць).

- Я да палякаў заўсёды нармальна ставілася, - паспяшалася запэўніць яна. – А чаму тут так... Можа, успаміны дрэнныя. Ну, пра гэта, якога я забіла.

«Якога я забіла». Як яна звычайна пра гэта кажа, падумала Мураўская, нават нязмушана. Прафесійны цынізм? Занадта моцная крыўда?

- А насамрэч ён хто?

- Ды паляк ён на самай справе. І нават шляхціч сапраўдны. Нейкі Анджэй Вышынскі герба Ястржэмбец, родам з Кракава.

- Ну ясна, дай Бог, каб у вас усё склалася, - пажадала Оля.

- Ну насмяшыла, - рагатнула Улада, - быццам мы з ім залёты ладзіць збіраемся! І ўвогуле, кажуць, ён ні на каго ўвагі не звяртае, прыкладны сем'янін, і жонка ў яго красуня, стройненькая бландынка, вельмі набожная, ці то Крысціна, ці то Эльжбета, наогул, таксама сапраўдная пані.

Яна глынула віна і закусіла цвёрдай лустачкай старога галандскага сыру.

- Так усё ж, а чаму знялі Мінскую? – паўшэптам спытала Оля, нахіліўшыся да яе праз стол.

- Інтрыгі з замежнікамі, зарвалася, - коратка адказала Улада.

Калі яна задала міністру такое ж пытанне, як ёй цяпер Оля, то ён памаўчаў і спакойна адказаў:

- Аксана Міхайлаўна – прафесіянал выбітны, але ва ўсіх жа свае слабасці. У тым ліку, суб'ектыўныя сімпатыі. Асабіста ў яе – да Масковіі. Мы не раз гутарылі, яна выказвалася на карысць большага збліжэння. Вядома, для гарантыі бяспекі. Ні для каго не сакрэт, па чыста геапалітычных прычынах мы ўвесь час змушаны лавіраваць. Лагічна, чаму б не ўхіліць магчымыя непаразуменні з аднаго боку – з усходняга? Вы ж вось ведаеце, пані Мінская падтрымвала ідэю заключэння дынастычнай уніі.

- Напалеону шлюбныя гульні не вельмі дапамаглі, - чмыхнула Улада.

- Менавіта гэтак, - усміхнуўся міністр. – Хоць цяпер модна казаць пра непахіснасць прынцыпаў міжнароднага права і «абмежавальныя механізмы». Не падумайце, я надаю ім вялікае значэнне, проста маральна трэба быць гатовым і да горшага. Дык вось, я не лічыў гэты крок абавязковым. Але за нязгоды ці за крытыку чалавека не здымаюць. У пані Мінскай былі занадта інтымныя адносіны з некаторымі маскоўскімі баярамі. Яны ўвесь час рабілі ёй візіты, і ў сваім салоне яна адыгрывала ролю «незалежнага эксперта». У прыватных гутарках давала, так бы мовіць, кансультацыі па ўзаемадзеянні з ВКЛ.

- Так гэта ж, лічы, здрада! – выклікнула Улада.

- Вось і Яго Вялікасць так сказаў. Хоць Масковія – не варожая нам дзяржава. Казаць пра здраду не даводзіцца. Але князь, вядома, быў абураны да глыбіні душы.

Улада тады жыва ўявіла сабе манархаў гнеў: міністр часта расказваў пра вялікага князя і пра справы двара. Вялікі князь Літоўскі Вацлаў Першы быў чалавекам тэмпераментным, хаця ў існасці дабрадушным, але пачуць ад яго ў хвіліну гневу ўскрык: «Расстраляць!» было звычайнай справай. На непадрыхтаванага чалавека гэта рабіла жахлівае ўражанне. Тым больш, тварам Яго Вялікасць быў падобны да прускага фельдмаршала і любіў насіць мундзіры з ордэнамі. Але на гонар манарха варта сказаць, што ён ведаў за сабой гэту імпульсіўнасць і заўсёды чакаў, калі парыў пройдзе, каб прыняць рашэнне. Таму вялікі князь заслужыў рэпутацыю чалавека досыць разважнага і ў нейкім сэнсе нават самакрытычнага. У міністра з ім былі цудоўныя адносіны. Вялікі князь зваў яго па імені і на «ты», у сваю чаргу, міністр звяртаўся да яго таксама па старажытным звычаі: «ты, гасудар», «ты, княжа» - і той лічыў гэта належным (хоць усе іншыя казалі «вы»). І наогул неяк пахваліў скандынаваў за тое, што яны скасавалі «выканне». За мяжой нашага князя лічылі папулістам. А ён сапраўды любіў строіць з сябе народнага правадыра, хоць абраны быў шляхтай. Але, у прынцыпе, у яго гэта атрымлівалася цалкам арганічна.

Калі князь Вацлаў даведаўся пра паводзіны Мінскай, то адкрыта прамовіў слова «здрада» і рашуча выказаўся на карысць суда. Міністр заўважыў, што падобная мера – гэта залішне: можна абмежавацца адстаўкай і ўсталяваннем назірання. Манарх пагадзіўся, «але, вядома, на ваш страх і рызыку».

Улада на секунду задумалася. Адну цэль яна паразіла: на кар'еры Мінскай пастаўлены тлусты крыж, дакладней, тлустая руна Хагалаз. А зараз – чым бы яе пракантраляваць? Разбурыць здароўе ці скаваць волю?

«А можа, не трэба», - незласліва падумала Улада. Пэўна што, хопіць і сакрэтнага паліцэйскага нагляду. Яна была ў добрым, залагоджаным настроі. Ёй было добра. Яны з Оляй стаміліся гаварыць і расслабляліся, слухаючы музыку: аркестр выводзіў павольную рамантычную мелодыю з саксафонам, глыбокімі пераборамі на басэтлі і аксамітавым кантральта. Ну і што? Хіба абавязкова дакараць сябе за дабрыню, прабачэнне? Хіба гэта ганебна – мысленна абвяшчаць камусьці амністыю? Можа, калі б яна ўмела заўсёды захоўваць супакой і атрымваць задавальненне ад жыцця, яна б многіх прабачыла.

Злыя людзі, перадусім, няшчасныя. Яны прычыняюць іншым боль таму, што ім самім балюча – ад пакутаў яны звярэюць. Каб быць дабрэйшым, трэба быць шчаслівейшым, і наадварот. Зважаць таксама трэба перадусім на добрае, а не на дрэннае. А хіба зараз нешта дрэнна?

Нават гэта дзіўная варажба, якая так нечакана знервавала. Яна паўстала ў абсалютна новым святле.

Яны з міністрам неяк разам гадзін у шэсць выходзілі на Грунвальдскую плошчу, якая пад звон трамваяў песцілася ў цяпле вечаровага красавіцкага сонца. Калі яны дайшлі да прыпынку, то міністр запрасіў яе зазірнуць на гарбату. Дарэчы, у тым, каб убачыць яго ў грамадскім транспарце, не было нічога дзіўнага. А жыў ён недалёка, на вуліцы Заслаўскай, каля касцёла Святога Гаўрыіла. Улада жыла далей ад цэнтра, але ездзіла тым жа маршрутам, а ў сям'і міністра ўжо канчаткова стала сваёй і набыла кранальны статус «малодшанькай». Вось якраз за чаем міністр пры ўсіх, што сабраліся, зрабіў аб'яву, што хутка ёй давядзецца прадстаўляць краіну перад усім светам – то бок, зрабіцца прэс-сакратаром.

Улада сумелася так, што заціхла з гарбатай у роце. Яна ў адну секунду іспытала найдзікі кактэйль эмоцый, галоўнымі з якіх былі бурная весялосць і моцная паніка. Праглынуць аказалася цяжка, яна трошкі закашлялася і, паставіўшы кубак, прамовіла:

- Я паспрабую апраўдаць ваш давер, пан міністр. Але вы праўда лічыце, што я падыходжу для гэтай пасады?

- Вам трэба расці, Улада, - адрэзаў міністр. – Вы выходзіце на новы ўзровень. А яшчэ вам трэба больш адкрытасці. А якасці ў вас ёсць. Проста на цяперашняй працы яны не могуць раскрыцца як след, а у будучыні гэта ж вам вельмі, вельмі дапаможа.

Усё ведалі, што Уладзіславе рыхтуюць вялікае плаванне. Але нават няважна, у чым бы яно складалася: можа, яна пакіне потым службу і пойдзе ў навуку і выкладанне, як дзеці міністра, Анатоль і Эмілія. Асноўны яе патэнцыял ляжаў у вобласці неявленных уменняў, таго, што па крыві, на жаль ці на шчасце, ім не перадалося.

Вось гэта і ёсць яе Хагалаз. Рэзкі, балючы пералом. І адначасна – прарыў новых сіл. Тады Ера – сапраўды папярэднія высілкі, якія вядуць да выніку. А перавернутая Манназ пасярэдзіне... Яе замкнёнасць і сарамлівасць – яе ўнутраны вораг. Міністр выдатна гэта бачыў і вырашыў звярнуцца да шокавай тэрапіі, каб зрабіць з яе сапраўднага ваяра. Хоць гэтая закрытасць таксама паходзіла з Еры – папярэдняга развіцця і вопыту...

Усё дзівосным чынам устала на месцы. Усё здавалася лагічным і мерным.

Нават непрыемнасці здаваліся дробнымі і непазбежнымі, хоць раней як бы яна перажывала! Амерыка, як звычайна, вінаваціла ВКЛ у экспансіянізме і вяла шашні з Польшчай наконт месцавання натаўскіх сістэм ПРА. Што да збліжэння з Поўначчу, у адрас скандынаваў рэзкіх меркаванняў гучала яўна менш: няйнакш, Княства ў Вашынгтоне лічылі звадыяшам, а Швецыю – спакушанай. Дурдом, дый толькі. Масковія негатыўна адрэагавала на адстаўку Мінскай і зрабіла Літве папрок наконт адсутнасці даверу і безгрунтоўных падозранняў. Перамовы з малдаўскім гаспадарам пра гандлёвае і вайсковае супрацоўніцтва трохі зацягваліся, яго пазіцыя была нерашучай, а энергаінфармацыйныя ўплывы не давалі пладоў. Хоць вакол манархаў звычайна такі шчыт выстаўляецца, што нядзіўна... А яны з міністрам жа яшчэ не звярнуліся да самых моцных мер.

У цэлым: «здаецца, усё досыць нармальна, але ўсё роўня нейкая фігня». 

Але ж так заўсёды адбываецца! Занадта ўсё складана. І вырашыць усе праблемы заліхвацкім наскокам нікому не пад сілу. Нават чараўніку. Нават найвышэйшаму.

Як ні дзіўна, Уладзе здавалася, што гэта адзін з самых гарманічных перыядаў яе жыцця. Таму што галоўнае – не акалічнасці, а адносіны да іх – спакойныя, у меру аптымістычныя і мужныя. Напэўна, яна нарэшце сталее.

_______________________________________
1)За радасць жыцця (фр.)
2)Будзем вясёлыя, пакуль маладыя (лац.)


Рецензии
«Якога я забіла».

Адмоўных персанажаў мне часцяком бывае шкада, але гэтага не. Усё правільна зрабіла))

Нероли Ултарика   27.01.2015 19:47     Заявить о нарушении
Эге ж бо. Гэты персанаж - з тых, што не вартыя.

Янина Пинчук   27.01.2015 22:18   Заявить о нарушении