Фокус

 

З дзяцінства я вельмі любіў цырк і асабліва захапляўся фокусамі. Гэтыя хвіліны, калі на арэне парушаліся ўсе законы фізікі, калі наперакор сцвярджэнню Ламаносава, рэчыва знікала бясследна і ўзнікала з нічога, калі без фізічных уздзеянняў рэчы мянялі свае месцазнаходжання, былі для мяне найвялікшай асалодай. Я і цяпер, калі трапляецца вольная часіна іду не ў кіно, не ў тэатр, а абавязкова ў цырк, і, як толькі вядучы аб’яўляе выхад фокуснікаў,  затойваю дыханне, ловячы кожны рух чалавека, які ўвачавідкі робіць цуды. Не, што ні кажыце, фокуснікі - людзі незвычайныя.

  Вось бы сустрэцца ненарокам з такім чалавекам, не ў цырку, а ў звычайных абставінах,  паглядзець на яго ў жыцці. Гэта не тое, што на арэне, гэта… і ўявіць сабе цяжка. Колькі разоў  я адчуваў, што ў глыбіні душы жыве затоеная мара: вось аднойчы, нечакана, дзе-небудзь у цягніку ці ў гасцях… Але не давялося. Прайшлі гады і нікога я так і не сустрэў. Мабыць не з маім шчасцем. І хоць з гадамі захапленне цыркам не прайшло, мары тыя блазнецкія аднак  патухлі, змяніліся на больш сур’ёзныя і рэальныя. Але аднойчы…

  …Як заўседы я прачнуўся ў сем гадзін раніцы. Жонкі ўжо не было, пайшла на працу. На стале стаяў прыгатаваны ею сняданак і запіска. Яна пісала, што прыйзде сягодні позна, дык каб я купіў сее-тое з прадуктаў. Тут жа ляжала дзесяць рублёў. Гэта было не ў першы раз, бо я працаваў шаферам і заўседы меў магчымасць, ганяючы па горадзе, забегчы на хвіліну ў магазін ці сталоўку, а дапамагчы жанчыне ў яе гаспадарчых справах я ніколі не адказваўся.

  Наспех праглынуўшы сняданак, я схаваў грошы ў ваздіцельскія правы, яшчэ раз прабег вачамі паперку, стараючыся запомніць усе, што патрабавала жонка, і выбег з хаты.

  Да аўтабазы, дзе я парцаваў, было не так далека, і праз паўгадзіны я ўжо выязджаў з варот гаража на сваім самазвале.

  Дзень выдаўся гарачым і ў прамым і ў пераносным сэнсе. Будаўнічую пляцоўку, куды мы вазілі шчабёнку, ліхарадзіла тэрміновае выкананне плана. План заўсёды выконваўся ў нас у апошнія дні месяца і, паколькі ад поспеху будаўнікоў залежыла і наша прэмія,  стараліся таксама.

  Перадышкі не было да самага вечара. Ужо ў канцы змены, зрабіўшы апошні рэйс, я заглушыў матор прама на пляцоўцуы і вылез з кабіны, каб крыху размяцца.цяпер спяшыць не было куды, заставалася толькі даехаць да аўтабазы, паставіць машыну і можна спакойна адпачываць з адчуваннем выкананага абавязку. Нылі зацёкшыя за дзень суставы. Ва ўсім целе адчувалася прыемная цяжасць. Не паспеў я, аднак, абысці машыну, як перада мной з’явіўся, быццам вырас з-пад зямлі, прараб.
 
  ; Вось добра, што ты яшчэ не паехаў, ; загаварыў ён, беручы мяне пад руку, як старага дружбака, хоць зналіся мы пастолькі-посколькі. ; Тут такая справа: толькі што званілі з “птушкі”, у іх дошак не хапае. Усяго два кубаметры, якраз на машыну. Дык трэба завесці, брат, а то цэлая брыгада плотнікаў прастаіць на другой змене.

  “Птушка” – гэта птушкафабрыка, якая знаходзілася недалека за горадам. Там наша будаўніча-мантажнае ўпраўленне ўзводзіла новы корпус.

  ; Не магу, ; запярэчыў я, далікатна вызваляючы сваю руку, ; гэта ж не бартавая машына ; самазвал. А калі ДАІ…

  ; Ну і што з таго?.. Паднімем задні борт, прывяжам як мае быць груз… І дарэчы, як  буду падпісваць пуцявы ліст за сягодняшні дзень ; дык улічу рызыку, скардзіцца не будеш.

  Апошні довад прараба быў настолькі пераканаўчым, што я згадзіўся.
Пакуль выбіраўся з горада ехаў паволі. У часы “пік” не разгонішся, дый  давалі аб сабе знаць восем гадзін, праведзеных за рулем амаль без перапынку. “Прыціснуть” рашыў потым, за горадам, на “чыстай” трасе.
Неўзабаве апошнія будынкі горада мінулі, радзей стаў сустрэчны паток транспартных сродкаў, і я да адказу націснуў на педаль газу. Але не паспела машына набраць хуткасць, як я быў вымушан скінуць газ:  уперадзе,  ускрай дарогі, віднелася постаць аўтаінспктара. “Няўжо затрымае?” ; мільганула думка. ; Толькі гэтага яшчэ не хапала… Ну так і ёсць!” Як толькі я пад’ехаў бліжэй, ён ускінуў паласаты свой жэзл і паказаў ім на абочыну, загадваючы спыніцца.

  ; Вашы правы, ; зухавата казырнуўшы запатрабаваў ён, калі я затармазіў.

  “Ну цяпер пачнецца, ; падумаў я, дастаючы правы. ; Адкуль ды куды ды чаго так позна, на кожную трэску ў кузаве паперку пра’яві. Вось ужо натура у гэтых інспектараў: ледь што такое  ; адразу ім вярзецца злодей, “левы рэйс”.
Але на маё здзіўленне гэты аказаўся зусім не такім. Ледь толькі заглянуўшы ў правы ; хуценька вярнуў іх назад і ветліва прамовіў:

  ; Калі ласка, можаце ехаць.

  “Бач ты, ; здзівіўся я, едучы далей, ; і між іх ёсць кемлівыя… Адразу сцяміў, што левым рэйсам тут і не пахне і няма чаго турбаваць чалавека дарэмна ; затрымліваць толькі”.

  Праз некалькі хвілін я быў на месцы. Мяне чакалі і таму з разгрузкай затрымкі не было. Седзячы ў кабіне і перабіраючы ў памяці падзеі дня, я толькі цяпер успомніў аб просьбе жонкі. Дарэчы, на птушкафабрыцы быў “свой” магазін і пакуль разгружалі машыну якраз можна было збегаць.

  Ужо ля прылаўка, калі падышла чарга, аказалася, што мне няма чым разлічыцца. Грошы прапалі ; як у ваду канулі. Чакаць мяне доўга не маглі, давялося папрасіць прабачэнне і выйсці з магазіна без пакупак.

  Дзе ж падзелісь грошы? Я добра памятаў, што ўранні паклаў іх у правы. Можа як выпалі? Але карманы таксама былі пустымі, дый выпасці яны маглі толькі з правамі, бо я засунуў іх пад вокладку так, што бачны быў адзін краёчак. Аднак правы былі, а грошай не было. І раптам маланкай мільганула здагадка: інспектар… І адразу ўсе стала зразумелым. Незвычайныя ветлівасть інспектара здзіўлення больш не выклікала. Проста ён зразумеў мяне па-своему…
Дзіўна было іншае: як ён змог зрабіць гэта так, што я нічога не заўважыў, хоць і адбылося ўсе на маіх вачах. Сапраўдны фокуснік і ўсе тут.

  Вось і давялося сустрэцца… ў жыцці…

  “Праўда была жончына, ; думаў я, калі ўжо паставіў машыну і ішоў да дому, ; нічым фокуснікі не адрозніваюцца ад іншых людзей. Проста лоўкасць рук, якую можа набыць любы чалавек, калі доўга трэніруецца”.

                Яўген   Грыгарэнка


Рецензии