Пра Бульбу i Бульбiна або Бульба ёсць!

У той год бульба расла-буяла як нiколi – бульбяныя латкi бялелi, жаўцелi, фiялецiлi: колер цвiтучых загонаў залежаў ад гатунку. Яе ж многiя на прысядзiбных дзялянках i «сваiх латках» да Чарнобыльскай аварыi паспелi ўкiнуць у зямлю.

Пад час эвакуацыi людзi паехалi, а бульба засталася.

«Штосьцi лiхое сталася, калi ўжо чалавек пра мяне забыў», – разважала бульба, чакаючы на людзей праз усё лета.

А яны не прыходзiлi, як было заведзена спакон веку. Яна спадзявалася, што яны з’явяцца восенню. I дарма, што яе не дагледзелi: нiхто не палоў, не акучваў, не капаў яе маладую, а потым даспелую – яна ўсё роўна парадуе людзей сваiм ураджаем, напоўнiць  хаты пахам-парам, накормiць i iх, i худобу.

Яна зноў чакала. Але замест людзей-капачоў да сяла прыйшла-прыгрукацела жалезная тэхнiка. Вялiзныя бульдозеры, дзе апусцiўшы свае грувастыя кашы-забралы, а дзе падняўшы iх угору, пачалi ламаць-трушчыць хаты, хлявы, лазнi. За iмi трактары з навяснымi каўшамi – ссоўваць панявечаныя будынкi i прыбудовы ў вялiзныя катлаваны-магiльнiкi.

Потым дайшла чэрга да агародаў i да яе, бульбы. Няполатай i неакучанай. Не абмiнула i яе суседзяў: буракоў, морквы, капусты, цыбулi з часнаком, рознай iншай гароднiны. Заглыбiўшы шырокiя навясныя каўшы-рылы ў зямлю, трактары пачалi спiхваць iмi зямлю разам з калiвам бульбы i яшчэ шмат чаго ў  глыбачэзныя ямы-магiлы.

Такого страхоцця бульба не бачыла яшчэ нiколi. Нават у апошнюю вайну. Наадварот, яе – мерзлую, гнiлую, самую нявартую, людзi шукалi на палях, а калi знаходзiлi, дык радавалiся, бы самай цудоўнай знаходцы. Як ваду з Буга – пад знiшчальным агнём фашыстаў, так пад страхам смерцi людзi шукалi i капалi яе. I ў сорак першым бульбу паспелi пасадзiць усю, i яна не давала памерцi ад голаду. А тут?

Адзiн з трактароў-магiльшчыкаў праходзiў па агародзе апошнi круг. Вось ён прыхапiў новую порцыю зямлi разам з некалькiмi радамi бульбы i папёр-пасунуў усё гэта да блiжэйшай ямы. Мусiць, чалавек, якi сядзеў за рычагамi жалезнага страшыдлы, быў заняты невясёлымi думкамi пра тое, што вымушаны быў рабiць. I не прыкмецiў, як з крайняй баразны выкацiлася цэлая бульбяная сямейка: мацi Бульба, бацька Бульбiн i iх дзецi – малыя i большыя бульбяняткi.

Бульба-мацi агледзела сваю сямейку – усе цэлыя, не пашкоджаныя. Узнесла хвалу бульбянаму богу Анчутку: мусiць жа, ён збярог яе сямейку!

 – За мной! – скамандавала. Падхапiўшы ў падол самых маленькiх бульбiнак-дочак i бульбянёчкаў-сыночкаў, яна першая скацiлася ў разору. За ёй паспяшаўся муж Бульбiн, якi прыхапiў большых дзяцей у падол сваёй кашулi. Дабегшы-дакацiўшыся да краю агарода, за якiм пачынаўся лес, Бульба i Бульбiн спынiлiся, агледзелiся. Тэхнiка, якая нагнала на iх такого страху, прынесла з сабой такую бяду, грукацела ўдалечынi.

– Што будзем рабiць, стары? – апусцiўшы на шаўковую веснавую траву маленькiх дзетак, спытала Бульба-мацi свайго Бульбiна, якi зрабiў тое ж самае. Усе дзецi бульбачкi збiлiся ў гурт, блiжэй да бацькоў.

– А што тут зробiш, патрэбна дзесьцi схавацца на зiму, каб неяк перазiмаваць, а там прыйдзе новая вясна, i пачнём новае жыццё! – трохi адхекаўшыся ад хуткай хадзьбы-качэння, сумна, але ўпэўнена адказаў Бульбiн-бацька. Так i вырашылi. Адпачыўшы, ён  пайшоў-пакацiўся ў адзiн бок, а мацi Бульба – у другi. Дзецям яны наказалi цiхенька ляжаць i нават не дыхаць, каб iх не заўважыў хто з лясных насельнiкаў. Дзеткi былi паслухмяныя: яны стаiлiся i сталi чакаць бацькоў. Тыя доўга не затрымалiся, бо баялiся за дзяцей. Бульбiн знайшоў непадалёку даволi глыбокую яму пад карчом-вываратнем, Бульба таксама знайшла, але не такую пахватную i яна пагадзiлася ўладкавацца ў ямцы пад карчом. Сабраўшы дзяцей, бацькi скiравалiся да вываратня. Мацi Бульба перад самым уваходам да iх будучага сховiшча-нары паклала каменьчык, той, што падхапiла па дарозе да схованкi, са словамi:

– Вось тут будуць нашы дзверы на выхад вясной, а мышкам – забарона нас пагрызцi. Зубкi паламаюць, перш чым да нас дабяруцца.

Сабраўшы дзяцей на самым дне ямкi, бацькi накрылi яе мохам i рознымi сухiмi галiнкамi, потым i самi коўзнулi ўсярэдзiну. Бульбiн закрыў за сабой адтулiну i разам са старэйшымi сынамi, паказаўшы iм як гэта рабiць, страсянуў адну з лап вываратня. З яе пасыпаўся пясок i накрыў зверху мох i галiнкi. Атрымаўся гэткi капец-хованка. Цяпер нiхто i нiзавошта не здагадаўся б, што пад карчом-вываратнем хтосьцi ёсць. Пасля ўсяго гэтага бульбяная сямейка зацiхла-затаiлася i паснула ажно да самай вясны, як спяць мядзведзi, раслiны i дрэвы.

I вось надышла вясна. Пачаў раставаць-плавiцца снег, пацяклi раўчукi. Яны прабiлi-праторылi сцяжынкi зверху пня-вываратня, размылi з бакоў пясок i ў бульбяную схованку зазiрнула ласкавае веснавое Сонейка. Агледзеўшы пад пнём незвычайную для гэтых мясцiн сямейку, Сонейка кожны ранак казытала-будзiла яе сваiмi прамянямi.

– Гэй вы, сонi! Прачынайцеся, я ўжо высока, – смяялася Сонейка. I дамаглося свайго – яны прачнулiся i пачалi прадзiраць вочкi. Першым прахапiўся бацька Бульбiн:

– Слухай, жонка, вясна прыйшла, а мы яе ледзь не праспалi. Дзякуй табе, Сонейка, што разбудзiла нас! Дзеткi, жонка, падзякуйце Сонейку за цяпло i ласку, ды давайце выбiрацца з нашай дамоўкi. Трэба штосьцi рабiць, годзе ўжо спаць.

Бульбяная сямейка выбралася са сваёй схованкi i аглядзелася. Вакол стаяла цiшыня: нi гуркату тэхнiкi, нi ляманту людзей.

– Куды ж мы цяпер? – запыталi хорам дзецi.

– Дамоў, на свой агарод! – рашуча адказаў бацька Бульбiн, паглядзеўшы на жонку Бульбу. Тая кiўнула. – Пасадзiмся там, дзе садзiлiся нашы дзяды i бацькi i куды будуць вяртацца людзi!

Выбраўшыся з ямкi-капца пад вываратнем, бульбяная сямейка накiравалася на свой былы агарод. Яе спагадлiва i ласкава суправаджала Сонейка. Бацькi-бульбы дапамаглi бульбяняткам роўненька, у шнурочак, палегчы ў больш рыхлую глебу на агародзе, ёю ж прыкрылi iх зверху, а потым i самi пахавалiся па баках.

Веснавыя, а потым цёплыя летнiя дажджы шчодра палiвалi-паiлi сямейку вадой, а Сонейка сагравала яе з усiх бакоў. Хутка на тым месцы, дзе засталася сямейка, з’явiлiся першыя парасткi, якiя з кожным днём станавiлiся мацнейшымi i вышэйшымi.

– Расцi, бульбяная сямейка – вялiкая, расная, дружная! А як зацвiцеш – сюды вернуцца людзi, я прывяду iх да цябе, не сумнявайся! – так казала Сонейка Бульбе, Бульбiну i iх дзеткам кожны ранак.

***

I людзi вярнулiся. А тут – цвiце-буяе, як нi ў чым не бывала бульба!
– У нас жа бульба ёсць! Бульба ёсць! Бульба ёсць! – закрычалi на ўвесь голас.
Радасцi было – не перадаць!


«Метаморфозы». 2015
"Лiтаратура i мастацтва»  № 16 ад 24 красавiка 2015


Рецензии