Муза

З’явіўся ты непрыкметна
Паўстаў з-за чужога твару
А я проста трапіла ў пастку
Канспіратыўных чараў
Твая роля ў гэтым рамане
Была другараднай
Але адначасна
У гэтай імперыі зла
Ты быў злодзеем самым галоўным
Загадкавым
Адыёзным
Карацей, падступна-чароўным
Ніхто не сказаў бы
Што ты
Натхніш мяне на верлібры
Напэўна ты цэліўся вельмі доўга
Сваёй філасофскай рыфмай
Але проста ў сэрца патрапіў
Куляй буйнога калібру
Усім з чым ты звязаны
Я пагарджаю
Усё чым кіруеш
Я ненавіджу
Свядома і вельмі спакойна
На ўзроўні праграм і тэзісаў
Але вось азёры твае
Блакітныя
За тонкім ільдом акуляраў
Вось цяжкі цень твой
Устаў за маёю спінай
І я раблюся бяззбройнай
Прычым абсалютна знарок
І раўнадушна да кпінаў
Я быццам бы Шцірліц
Блізкая да правалу
Да здрады ганебнай блізкая
Але ўсё адно паддаюся
Мо так і трэба?
Давай згатуем гарбату
Пагутарым пра філасофію
Нам гэткіх спакойных размоў
Увесь час па жыцці не хапае
Як у Маркеса – усе Буэндыа
Мы абодва заўжды самотныя
Для іншых незразумелыя
Жалезныя Феліксы
На сотню замкоў замкнёныя
І патаемна гаротныя.
І лёт вераломны часу
Мы адчуваем таксама
Вось вечны наш заклік
“Пачакай затрымайся”
Час – гэта нашая драма.
Вось пачынаецца дзень
Доўгі нібы твая постаць
А у галаве пытанне
Як пачуваешся
Абсурд гэта проста
Мне так пяшчотна
Што самой ажно злосна
Я ведаю твае чорныя справы
Але думаю пра твае вусны
Уяўляю цябе
З той шпіёнкай Вірджыніяй
У фантазіях
Поўных распусты
І нічога тут не разумею
У іншых вось жах
Ці агіда ці холад
А ў мяне
Вось жа бачыш - слёзы
А у мяне нават вершы
Паэзія
Усё сурь’ёзна
Не святы
А бязлітасны Юры
І не светлы
Злавесны вершнік
Ты думаеш
Ты тут уладу ўзяў?
Ты думаеш ты ў мяне першы?
Ты нават не першая муза
Са злашчаснага тога Саюза
Але вось зачапіў жа нечым
Можа гэта была вычварнасць
Можа гэта была дыверсія
Можа я вастрыні захацела
Дэкадэнцтва - мая бяда
Але зараз я разумею
Мне проста стала цябе
Вельмі-вельмі
Невымоўна
Балюча
Надзвычай шкада.


Рецензии