Дзень у дзень

Раніца, стары пяціпавярховік,
Двор з бялізнай, кустамі бэзу,
Ты выходзіш на свой балкон
У гэтых смешных пухнатых тапках
З цыгарэтай і кубкам кавы
І спяшаешся потым на працу -
Дысцыпліна твая нулявая,
Але я табе гэта дарую,
Выглядаеш бо надта кранальна -
Мы спяшаемся разам - цярпліва
За табою я крочу з уздыхам
І нырца даю ў метро.
А у абед калі ўсе ўжо стаміліся
І ў рэдакцыі робіцца пуста,
Я твой голас такі высокі
Слухаю з цёплай усмешкай на твары:
Тэлефон яго не скажае,
Ну а можа, толькі ледзь-ледзь.
Мілы вобраз і мілыя рысы:
Як ты пішаш, схіліўшы галоўку,
Як салату ясі, нібы трусік,
Як аддана дапамагаеш,
Даручэнні чужыя выконваеш,
Як сур’ёзна ты хмурыш бровы,
Калі сайт праглядаеш
Апазіцыйны
І чытаеш, чытаеш паглыблена,
Як ізноў ты друкуеш тэксты
І пакусваеш пульхныя вусны,
Выпраўляешся ўвечары неяк
Ты да сябра свайго на кватэру...
І праходзіш - мяне абмінаеш
Бы я дрэва якое
Ці слуп пры дарозе.
І наогул, канешне, добра,
Што ва ўпор ты заўважыць не можаш,
Што даўно за табой сачу я,
Дзень у дзень,
І паціху справу шыю.


Рецензии