Алтайская

Кажуць, вершы
Павінны ўтрымліваць сэнс,
А які ён у гронках ружовых,
Што мігцяць сярод зеляніны,
Якой ушчэнт захлынулася вуліца?
Які сэнс у засмяглым асфальце?
Вее ветрык амаль барселонскі,
У дварах за платамі святло зелянее,
І альтанкі – у карунках фіранкі,
Фарба яркая трошачкі
Адстае ад вузенькіх дошчачак...
Правады знемагаюць ад спёкі
І вісяць на блакіце так млява...
І нікога не бачна – але вось бялізна,
Коткі слізгаюць так рухава
У гародчыках сярод квецені...
І бярэ ў палон Алтайская
Са сваімі старымі альтанкамі,
І з садамі праз краты штыкецінаў...
А за імі дамы як канструктары
Чырванеюць, красуюцца цэглаю,
На пагорках стаяць, нібы цацкі,
У калонію збіліся цэлую...
Успаміны ствараюць карціны
І кладуцца, як мяккая рэтуш,
На былую трывогу і горыч,
І малюеш ты, як умееш,
Бяссэнсоўна і задуменна,
І здаецца мне, я не паэтка,
Успрымаю і ў марах лунаю,
І цягнуся па чэрвеньскай спёцы -
Я мастак, і што бачу, тое пяю.


Рецензии