Мае memoires, ч. 3

                ІІІ

            І Шаколы, і Якшэвічы – сяляне, працавалі на сваёй зямлі,трымалі  жывёлу, вялі асабістую гаспадарку, па веравызнанню – каталікі, дзяцей хрысцілі ў касцёле.  У  радаслоўі, як быццам, ёсць і нейкія шляхецкія карані. Але, сапраўды гэта так ці не, катэгарычна сцвярджаць не бяруся, хаця, напрыклад, дакладна вядома, што першым войтам Мінска быў мой цёзка Пётр Шакола, былы смаленскі мытнік, кіраваўшы магістратам да 1501 года (“СБ Беларусь сегодня” № 69, 12.04.2014 г.).

            Пра дзядулю Ігната мне мала чаго вядома. Па словах мамы, людзі пра яго казалі: “Хвасты каровам круціў”, тое значыць, што дзед, хутчэй за ўсё, быў пастухом, бо менавіта так, “працаваць пастухом”, трэба разумець гэты фразеалагізм вясковай гаворкі. А маю бабулю Грасылю мама запомніла курчавай брунеткай. Калі яна перайшла жыць у дом да свякрухі, тая перадала маме ў валоданне ўсе чапёлы, гаршкі, міскі, лыжкі, прамовіўшы: “Цяпер, ты гаспадарнічай!”, адышла ўбок, старалася не замінаць і ў далейшым.  Праз нейкі час ад няўдалага падзення і ўшыбу Грасыля моцна захварэла і хутка памёрла.
 
           Пра дзяцей Ігната і Грасылі Шакола, маіх дзядзькоў, іх жыццё, падрабязных звестак пра кожнага не маю, але тое-сёе  захавалася.
            
            1. Казімір, самы старэйшы, нарадзіўся ў 1895 годзе. Па дасягненні прызыўнога ўзросту быў мабілізаваны у войска, і ў 1916 годзе ў складзе Рускага экспедыцыйнага корпуса накіраваны ў Францыю на Першую сусветную вайну. Лес яго аказаўся складаным: давялося зведаць шмат выпрабаванняў, з вялікімі цяжкасцямі вярнуцца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расію і толькі амаль праз сорак гадоў зноў убачыць сваіх блізкіх. Большую частку  жыцця ён правёў у г.Армавіры Краснадарскага краю, свае апошнія гады жыў у Адэсе. Жонка Дар’я была паходжаннем з Чачні, г. Грозны (руская). Мелі дачку Валянціну. (Падрабязнае апісанне гісторыі дзядзі Казіміра будзе ў асобным апавяданні пазней).

            2.  Гіляр (Іларыён), 1897 г.н., з жонкай Марыяй усё жыццё пражылі      ў вёсцы Сцюдзянец. Мелі дзяцей: Надзею, Пятра, Марыю. Ён з жонкай і дачкой Марусей быў вывезены ў 1943 годзе ў Германію, пасля вайны вярнуліся дамоў.
Надзея Іларыёнаўна Мамчык – настаўніца, была тройчы замужам, нарадзіла сына і дачку. Яе сын Мікалай Осіпчык жыў у Мінску.
Марыя Іларыёнаўна Малей. Лагойскі р-н, в. Ляда, была швяёй. Муж Іосіф - механізатарам.
Пётр. Пасля службы ў аарміі ў 50-х гг. жаніўся, жыў у Мінску, працаваў адміністратарам тэатра. Сямейнае жыццё не склалася, развёўся і выехаў у Казахстан.   

            3. Амбрук (Амвросій, Андрэй). 1900 г.н. Жонка Юзэфа. Мая сястра Альбіна пазнаёмілася з імі ў 1951 годзе, калі іх сям’я жыла на Усяжы (торфа прадпрыемства). Мне там таксама давялося пабыць разам з мамай у 1984 годзе, дзесь у канцы 1950-х у іх гасцявала і мая сястра Надзея.  Мелі 5 дзяцей: Іван, Пётр, Ала, Ядзвіга і Лена. Іван вайсковую службу праходзіў у Туркменіі. Пасля жаніўся, жыў у Маладзечне, працаваў у дэпо на чыгунцы.  У канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў Надзея і я па  некалькі разоў былі ў яго ў гасцях. Пётр жыў у Баранавічах. Ядзя і Ала перабраліся ў Мінск. Дарэчы, я быў ў Алы ў 1979 годзе. Малодшая, Лена, засталася на Усяжы.

             4. Валяр’ян, мой бацька, 1903 г.н.. Гаворка аб ім пойдзе ніжэй у расказе пра нашу сям’ю.

-------------------=

Працяг будзе.


Рецензии