Мае memoires, ч. 4

                IV

           А зараз самы час для размовы аб сям’і Івана і Тэклі Якшэвіч, дзеда і бабулі па маме. Трэба заўважыць, што гэтыя звесткі больш аб’ёмныя, чым папярэднія, але ж і яны зусім не вычарпальныя.
           Дзяўчынай Тэкля Мяховіч служыла ў доме Мікалая Якшэвіча  і выйшла замуж за гаспадарскага сына Івана. Іх шлюб бацька блаславіў наступнымі словамі: “Бяры, Яська, Тэклю, жаніся – працавітая дзеўка!”. І вяселле адбылося. Пазней сям’я Якшэвічаў пасялілася ў в. Сцюдзянец (гэта сучасная афіцыйная назва аднаго з населеных пунктаў Нестанавіцкага сельсавета, ва ўспамінах сваякоў вёска часта называецца як Студзёнка ці Сцюдзёнка).
           Адкуль і як Тэкля Мяховіч першапачаткова папала к Якшэвічам, звесткі аб тым , у цэлым, заслугоўвыаюць даверу, але ў адным моманце маюць недакладнасць.

ВЫТРЫМКА З ЛІСТА АД СЯСТРЫ АЛЬБІНЫ.

           Як успамінала наша мама, сям’я Мяховічаў жыла бедна. Тэклю і яе сястру Прузыну  іх бацька, абнадзеіўшы дачок выказваннем: “Там дзе-небудзь уладкуецеся на працу,” перавёў праз  мяжу з Польшчы ў Беларусь і пасяліўся ў нейкай вёсцы, меркавана,  на тэрыторыі сучасных Вілейскага ці Маладзечанcкага раёна. Вось Тэкля і нанялася ў работніцы да заможнага Якшэвіча, які жыў у “муру” (мураваны, цагляны дом). Ну а дзе канкрэтна знаходзіўся памянёны “мур”, не ведаю.
А ў гэтага Якшэвіча быў сын Іван, якому дзяўчына спадабалася, даспадобы яна прыйшлася і гаспадару сваёй працавітасцю – і ён пагадзіўся, нават сам падштурхнуў, на шлюб сына. Так Тэкля і выйшла замуж. А што далей сталася с Прузынай, мама пра тое нічога не знала.
           Крыху пазней маладым айцец, быццам бы,  выдзяліў ці, мабыць, купіў зямлю ў Студзёнцы. Пабудаваліся, ці з домам зямля?.. - ?..
………
15.11.04 г.

ВЫТРЫМКІ З ЛІСТОЎ АД ВІТАЛЯ ЯКШЭВІЧА.
---------------------------------------------------------

           Добры дзень, вельмішаноўны Пётр Валяр’янавіч!

           Вялікі дзякуй за ліст, за вельмі цікавыя і каштоўныя звесткі. Выбачаюся за доўгае маўчанне. Рэч у тым, што ў кастрычніку працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродне, адшукаў там звесткі, якія доўга пасля парадкаваў і якія дазволілі ўдакладніць радавод.
.........
 
           Пры спробе асэнсаваць успаміны Вашай сястры (заўвага: копіі ўспамінаў Альбіны і лістоў Віталя я дасылаў і аднаму, і другой - /П.Ш.\) незразумелым падаецца перавод праз мяжу. Ён мог адбыцца паміж 1890 і 1905 годам, калі падзелу на Заходнюю і Ўсходнюю Беларусь не існавала, а Польшча ўваходзіла ў Расіскую імперыю, падзеленую на губерніі. Тады не зразумела, праз якую мяжу пераходзілі Тэкля з сястрой. Магчыма, Тэкля, альбо яе бацька былі праваслаўнымі, бо бацька насіў імя Патап…
…….
10.01.05 г.

           …Яшчэ даведаўся, што некаторы час Якшэвічы арандавалі фальварак Вайтэлі пад Радашковічамі. Магчыма, там і быў “мур”, у якім жыў Мікалай Якшэвіч, калі да яго наймалася Тэкля…
……..
24.08.07 г.

            ...Выбачайце за доўгае маўчанне. Даўно збіраўся напісаць, але бракавала часу.Дзякую за кніжку, дасланую з папярэднім лістом.
            З апошніх архіўных знаходак уражваюць метрыкальныя запісы аб хросце дзяцей, народжаных у фальварку Вязынка, зробленыя ў 1884 годзе. Такім чынам, браты Ігнат, Мікалай і Сымон Якшэвічы, хутчэй за ўсё, былі наступнымі пасля Луцэвічаў арандатарамі Вязынкі. І Вашыя прадзядуля Мікалай і дзядуля Іван некаторы час маглі жыць у хаце, дзе нарадзіўся Янка Купала. Але ўжо ў 1886 годзе яны арандавалі фальварак Вайтэлі, адкуль і пераехалі на Лагойшчыну.
………
28.12.09 г.
------------------------

             Маё меркаванне па дадзенай сітуацыі наступнае. Наша мама і яе сёстры з братамі ў сваё свядомае и самастойнае жыццё ўваходзілі у той час, калі, пасля Рыжскай  дамовы 1921 года, мяжа паміж Усходняй Беларуссю, дзе жылі яны, і Заходняй Беларуссю ў складзе Польшчы, рэальна існавала да 1939 года. Таму, відаць, у памяці мамы і іншых, тэрыторыя, адкуль Тэкля перайшла да Якшэвічаў, замацавалася як іншаземная, польская. Гэта сумяшчэнне паняццяў падмацоўвалася яшчэ, напрыклад, тым, што маміна старэйшая сястра Надзея не аднойчы, по начах, цераз памежнае мястэчка Крайск, таемнымі сцяжынамі прабіралася праз блізкую граніцу ў Польшчу, за дыфіцытнай  тады соллю.
             Што датычыць вызначэння канкрэтнага месца, дзе знаходзіўся мураваны дом Якшэвіча, - гэта ўжо не так і  важна. Істотна іншае: мы дакладна ведаем, за каго і як  выйшла замуж наша бабуля Тэкля, калі з’явіліся на свет яе дзеці, у тым ліку і наша мама, якая, у рэшце рэшт, дала жыццё нам, яе дзецям.
---------------------------------   
    
             Дзядуля Іван пражыў усяго каля 50-ці гадоў, памёр ад прастуднага захворвання меркавана ў 1926 годзе. Па маміных успамінах, быў майстар на ўсе рукі: валяў валёнкі, рамантаваў абутак, плотнічаў, вырабляў мэблю, будаваў дамы, усе гаспадарчыя пабудовы ў сядзібе зрабіў сам. Калі заканчваліся палявыя работы,  мужчыны, у тым ліку і Іван, выпраўляліся на далёкія заробкі. Дзед нават і ў шахтах працаваў. У Якшэвічаў было каля 18 дзясяцін зямлі (прыблізна 20 га), частку якой прыкупілі ў 20-х гадах. Каля дома – сад.  У гаспадарцы мелі па пары коней і валоў, трымалі кароў, авечак, свіней, гусей, курэй. Мелася ў наянасці і нейкая тэхніка: касілка, малацілка, веялка, сячкарня і інш. неабходнае абсталяванне. Бабуля Тэкля займалася хатняй гаспадаркай. У помач ёй бралі яшчэ наймічку, якая дапамагала гатаваць ежу на ўсю вялікаю сям’ю. 

             Як ужо адзначалася, дзяцей было шмат, але выжылі толькі 8 з народжаных 16-ці. Старэйшыя працавалі на гаспадарцы і ў полі. А мая мама, як малодшая, пасвіла гусей. Яшчэ жала сярпом зерневыя ва ўборачную пару. Казала: “Людзі ўжо даўно сваё ўбяруць, а мы ўсё яшчэ жнём,  капаем - так шмат вырошчвалі зерневых,  бульбы і гародніны. І зайздросцім суседзям.” У гумне ўсю восень ішла  малацьба. Збожжа  і прадуктовыя прыпасы захоўвалі ў падсобных памяшканнях. У свіране ў засеках знаходзіліся зерне, крупы, мука, гарох і інш. “Пальцам пханыя” каўбасы падвешвалі за вяровачкі высока на жэрдках, адкуль пры патрэбе іх зразалі касой. На гарышчы сушылі сыры, зёлкі, у начоўках – вішні. У сховішчы для агародніны была печка, якую прапальвалі ў маразы ці ставілі ў вуглах на падлозе гарачае вуголле. Мелі баню-зямлянку, калодзеж.  Для кожнай жыўнасці было абсталявана месца ў сараях і павецях, збудаваных сваімі сіламі.

             У сям’і прытрымліваліся рлігійных канонаў, трымалі пасты, вялі цвярозае жыццё. Гасцей частавалі найлепшай ядой, якая была ў доме, без выпіўкі, а з самаварам, заварка – чай ці зёлкі, з сахарынам, а потым паявіўся і цукар. На стол прыносілі шынку (кумпяк), каўбасу, сыр, масла, баранкі і інш.  Калі прыходзіла свята, тады ўжо дзед Іван дазваляў сабе выпіць кілішак і спяваў святочныя песні.  Бабуля Тэкля моцна любіла дзядулю і вельмі цяжка перажывала яго смерць: выйдзе на двор і галосіць, крыкам крычыць, нават страчвала прытомнысць і яе пад рукі прыводзілі ў дом. Аб  мужу  Івану смуткавала да канца свайго жыцця. Маім старэйшым сёстрам Альбіне і Надзеі ў дзяцінстве давялося жыць разам з бабкай, дык яны  ўспаміналі, што нельга прыпомніць, каб хоць калі можна было бы ўбачыць на бабулькіным твары ўсмешку, і адзначалі строгасць яе характару.  Патрабавальнасць Тэклі адзначала і мама. Бабуля крыху не дажыла да 80-ці, і памёрла ў 1953 годзе.

--------------------

Працяг будзе.


Рецензии