Мае memoires, ч. 8
Пасля свайго ўладкавання тата перавёз на новае месца і сям’ю. Альбіне было 12, Надзі -7, Віцю ішоў трэці год. Я нарадзіўся ўжо ў Ашмянах, праз год, 6 лістапада 1946 года.
Спярша наша сям’я і дзядзька Станіслаў жылі на падсяленні ў доме панны Янкі (прозвішча не знаю) каля педвучылішча (зараз- школа-інтэрнат).
Тут жа, за фанернай перагародкай у малюсенькім пакойчыку кватэравала маладая настаўніца вучылішча Тамара Ярмошкіна, з якой у Стася завязаліся сур’ёзныя адносіны – і яны пажаніліся.
Станіслаў Людвікавіч скончыў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, пасля чаго быў прызначаны кіраўніком дзіцячага дома ў Астравецкім раёне, затым шмат год працаваў дырэктарам Рымдзюнскай сямігадовой школы і Гірскай (у в. Гіры) васьмігодкі там жа, на Астравеччыне. Разам з ім настаўнічала і жонка Тамара Леанідаўна: выкладала рускую мову і літаратуру, біялогію. Яны нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей: сына Уладзіміра, дачок Ларысу і Зінаіду.
Дзядзька Станіслаў на працягу першых дзесяцігоддзяў пасля пераезду ў Астравецкі раён час ад часу наведваўся да нас у Ашмяны, ці папутна, вырашаючы нейкія службовыя справы, ці спецыяльна. З ім заўсёды было цікава і ў бяседзе, і ў застоллі. Некалькі разоў прыязджаў разам з жонкай Тамарай, а аднойчы – з дочкамі-школьніцамі, у 1980 годзе быў на пахаванні таты, пасля – сустракаліся вельмі рэдка. Апошні раз мы бачыліся з дзядзькам Стасем і цёткай Тамарай у 1999 годзе (незадоўга да яго смерці), тады я, мая сястра Надзея і яе сын Міхаіл прыехалі да іх у Гіры. Станіслаў ужо пачуваўся моцна хворым і амаль не ўставаў з ложка, Тамара падавалася крапчэйшай, але ж гады таксама бралі сваё. У бацькоў на той момант знаходзілася дачка Зіна (жыхарка Вільнюса) і дачушка-дашкольніца Ларысы, заўчасна памёрлай ад анкалогіі ў г. Жыгулёўску. З Валодзям, яго жонкай і дарослай дачкой я сустрэўся і пазнаёміўся ў іх мінскай кватэры ў 1998 годзе, таксама даведаўся, што іх сын-афіцэр служыць ваенкомам у адным з раённых цэнтраў Беларусі.
Напрыканцы 1946 года мы пасяліліся ў доме Генуэфы Шушкевіч на вуліцы Польнай (зараз – Аўдзеева). Затым атрымалі невялічкую, метраў на 20, кватэрку па вул. Камсамольскай.
У сакавіку 1957 года нам выдалі ад аддзела камунальнай гаспадаркі ордэр на кватэру ў двухпавярховым доме па Савецкай вуліцы, былыя жыльцы якой з’ехалі ў Польшчу. Перабраліся вельмі хутка, балазе наша жыллё па новаму адрасу аказалася зусім побач. Агульная плошча больш за 50 кв.м., што ў два с паловай разы перавышае папярэднюю, ёсць падвал, сарай і каля 2-х сотак зямлі пад агародам. Кватэра светлая, з вялікімі вокнамі і высокім паталком, з кафельнай печкай і плітой. Месца для заняткаў і адпачынку хапіла ўсім, нават нейкі час у нас на кватэры пастаяльцы былі. Праз некалькі гадоў жылкамгас зрабіў капітальны рамонт. У выніку, замест двух пакояў, і і пярэдняй атрымалася 4 меншыя комнаты, прыхожая і кухня. Стала ўтульней. У 1962 годзе ўстанавілі газавую пліту с балонам. А ў 1979 г. нам падвялі халодную і гарачую ваду, каналізацыю і цэнтральнае ацяпленне, абсталявалі ванну і санвузел - дайшла цывілізацыя! У гэтай кватэры я жыву і сёння.
У перыяд ашмянскага жыцця тата працаваў экспедытарам, нарыхтоўшчыкам, сторажам, суправаджаючым гатовай прадукцыі. Пражыў 77 гадоў, памёр з прычыны інфаркта міякарда ў 1980 годзе.
Маці ў Ашмянах спярша хадзіла “па людзях”: у доме прыбраць, бялізну памыць, адпрасаваць, агарод прапалоць і да т.п. А потым працавала тэхнічкай (прыбіральшчыцай класных памяшканняў) у першай сярэдняй школе. Памёрла ў 1993 г. на 80-м годзе жыцця пасля абвастрэння хваробы.
Альбіна і Надзя пайшлі вучыцца ў базавую (пры педвучылішчы) школу ў 3 і 1 класы адпаведна (Альбіна ў 2 клас хадзіла яшчэ ў Лагойску), у наступных класах навучаліся ў СШ № 1. У першую сярэднюю школу, па дасягненні 7 гадоў, у 1950 годзе залічылі Віцю, а ў 1953 прынялі і мяне.
Бацькі, як маглі, садзейнічалі нам, дзецям, у атрыманні адукацыі. Дакладней – не пярэчылі авалоданню пэўнымі ведамі, не навязвалі выбар, бо поўнасцю дапамагаць матэрыяльна, а тым больш дыдактычна, было не ў іх магчымасцях.
Сёстры Альбіна, Надзея і брат Віктар пасля заканчэння 7 класаў, кож- ны ў свой час, паступілі вучыцца ў Ашмянах жа: дзяўчаты – у педвучылішча, а ён – у сельгастэхнікум. Жылі мы небагата,таму і стыпендыі студэнтаў сталі пэўнай прыбаўкай у сямейным бюджэце.
Бацькі пастаянна займаліся асабістай гаспадаркай: гадавалі адну, а то і двух свіней, трымалі курэй, дзесьці ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі больш-менш сталі на ногі, завялі карову, пачынаючы з жытла на Камсамольскай вуліцы і пасля, на Савецкай, мелі каля дома агарод, як і ўсе людзі, бралі належныя ад гарсавета соткі пад бульбу. У нейкія перыяды тата меў каня (казённага – у гады яго нарыхтоўчай працы, а як пайшоў на пенсію - і свайго), бывала, пад настрой, займаўся і пашывам нейкай адзежы. Мы, дзеці, з маленства дапамагалі бацькам ва ўсіх справах, і на рабоце, і дома. Напрыклад, я быў памочнікам маме на працы ў школе: пераварочваў парты і падмятаў палы ў класах пасля урокаў, выносіў смецце, пасля чаго яна рабіла вільготную ўборку, разам з Віцям мы выконвалі заданні па догляду за канём і іншай жыўнасцю. А найлепшая радасць, гэта – праехацца на Орліку конна, калі бацька загадваў адвесці яго папасвіцца на лужок да рэчкі, дзе заадно можна было і скупнуцца. Усёй сям’ёй капалі бульбу, убіралі гародніну, нарыхтоўвалі сена і салому, іншы фураж і корм для жывёлы. Хадзілі ў лес па грыбы і ягады.
Зрэдку, на дзяржаўныя і сямейныя святы, бацькі ладзілі застоллі ў нас ці ішлі ў госці да нешматлікіх сваякоў, або землякоў-лагайчан і ашмянскіх сяброў. (У 1940 – 50-я гады людзі, ідучы ў госці, як правіла,, прыносілі з сабой нейкую бутэльку напою з закускай, і нават посуд, якога ў гаспадароў часта на ўсю кампанію не ставала).
Моладзь рэгулярна збіралася ў нашым двары (асабліва на Камсамольскай – аднакурснікі, сябры і сяброўкі Альбіны і Надзі), гулялі ў валейбол, розныя рухомыя гульні, шашкі, даміно, у падкіднога дурня (у карты). Большасць хлопцаў ужо адслужылі ў войску, з дзяўчатамі паводзілі сябе карэктна і паважліва. Вечарамі хадзілі на танцы, у кіно.
Сёстры мае былі прыгожымі дзяўчатамі, шмат якім хлопцам хацелася б заваяваць іх сэрцы, але Альбіна з Надзей, асобы адказныя і сур’ёзныя, патрабавалі адпаведных адносін і ад іншых. Занадта надаедлівых кавалераў яны “адшывалі” тактоўна, з гумарам, а калі трэба - і рашуча. Напрыклад, заўважыўшы праз акно М. - аднаго з такіх- сёстры ўсаджвалі мяне, 7-8-гадовага падлетка, ў пакоі за стол, даўшы патрэбныя інструкцыі пра змест размовы з нязваным госцем, а самі хаваліся за сценкай на кухні і давіліся нямым смехам ад нашай з М. бяседы, па ходу якой я плёў розныя небыліцы ў адказ на яго пытанні. У рэшце, зразумеўшы, што яму нічога не свеціць, М. сыходзіў з хаты вон.
Пасля выпуску ў 1954 годзе з педагагічнага вучылішча Альбіна засталася працаваць у горадзе, важатай школы глухіх дзяцей, а Надзя ў 1956 г. паехала па накіраванні на працу настаўніцай пачатковай школы ў Маладзечанскі раён, дзе хутка выйшла замуж. У канцы 1950-х гадоў Альбіна таксама выйшла замуж і выехала ў Ленінградскую вобласць, дзе і пражыла да сыходу з жыцця. Надзея ў 1970 годзе вярнулася ў Ашмянскі раён, у вёску Кальчуны, жыве там і сёння.
Абедзве сястры завочна закончылі педагагічныя інстытуты: Альбіна ў Ленінградзе, Надзея ў Мінску, і да выхаду на пенсіі выкладалі рускую мову і літаратуру ў сярэдніх школах. Выгадавалі дзяцей, падраслі ўнукі, з’явіліся і праўнукі.
-------------------
Працяг будзе.
Свидетельство о публикации №215070601177