Мае memoires, ч. 9

                ІХ
         Зараз раскажу больш падрабязней пра тое, як склаліся абставіны сямейнага жыцця і працы кожнай з маіх сясцёр.

         Пачну са старэйшай – Альбіны. Пасля заканчэння педвучылішча яна працавала ў спецшколе для глуханямых дзяцей. Спачатку было цяжка прывыкаць да спецыфікі ўзаемін  у гэткім калектыве: прыйшлося вучыць азбуку жэстаў, асвойваць пэўныя правілы дыдактыкі і педагогікі. Бывала, нават  плакала ад наваліўшыхся цяжкасцей. Але цярпенне і ўпартасць бралі сваё – з цягам часу справа наладзілася і дыскамфорт  ужо не адчуваўся, калегі і вучні прызналі Альбіну Валяр’янаўну паўнапраўнай калегай, настаўнікам і сябрам дзяцей. (Акрамя таго станаўленню маладога педагога спрыяла і завочная вучоба ў Ленінградскім педагагічным інстытуце імя Герцэна, у які яна паступіла на дэфекталагічны факультэт). А мову глуханямых, прынамсі,  засвоіла так трывала, што магла прадэманстраваць гэта нават у старасці.  У далейшым кіраўніцтва  адзначала яе стараннасць, ініцыятыўнасць і поспехі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе, за што  не раз заахвочвала маральна і матэрыяльна.
   
        Школа знаходзілася ў былой сядзібе  магната Лейбы Стругача (да 1906 г.) і яго сыноў Давіда і Абрама ( с 1906 па 1939 гг.) у маляўнічым месцы на беразе рэчкі Ашмянкі. Тут былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для жыцця, вучобы, заняткаў па інтарэсах і адпачынку выхаванцаў. Мне не аднойчы даводзілася бываць у Альбіны на рабоце і нават завесці сяброў сярод яе вучняў. І скажу вам, што больш адданых і сапраўдных таварышаў, чым яны, я да таго моманту ў сваім дзіцячым жыцці яшчэ не сустракаў.
        Сястра адпрацавала ў гэтай школе-інтэрнаце каля пяці гадоў, а затым  вектар лёсу змяніў накірунак – і яна з задавальненнем рушыла ў адпаведным напрамку.            

        У нас на кватэры (у доме па Савецкай) жыла  альбініна сяброўка  Геня, выпускніца медыцынскага вучылішча, працаваўшая лабаранткай біяхіманалізу ў бальніцы. У яе складваліся рамантычныя адносіны з ашмянскім хлопцам шафёрам аўтабазы Тадзікам, які часта заходзіў да нас, каб запрасіць каханую пайсці з ім на танцы, у кіно ці проста на шпацыр. Малады чалавек ужо адслужыў у арміі і меў сур’ёзны намер узяць Геню ў жонкі (што ў выніку і адбылося). Дык вось, аднойчы Тадэвуш прыйшоў разам са сваім сябрам з Гальшанскай вуліцы Уладзімірам Сокалавым. Валодзя толькі-толькі вярнуўся дамоў з тэрміновай вайсковай службы ва Ўсходняй Германіі і ўладкаваўся лабарантам і настаўнікам  рысавання па сумяшчэнні  СШ № 2 г. Ашмяны (ён даволі някепска маляваў, акрамя таго разбіраўся ў радыётэхніцы, крыху іграў на акардыёне, прывезеным з Нямеччыны, займаўся фатаграфіяй).  Калі не памыляюся, гэта быў 1958 год, ад якога і пачалося знаёмства Альбіны і Ўладзіміра, пераросшае ў сяброўства, а затым – у каханне і сямейны саюз.
Сямъя Сокалавых пераехала ў Ашмяны з Віцебскай вобласці. Бацька Рыгор Сяргеевіч, ветэран вайны, працаваў касірам у банку, маці Аляксандра Максімаўна, хатняя гаспадыня, займалася дзецьмі і гаспадаркай. У іх, акрамя старэйшага Валодзі (1934 г.н.), было яшчэ трое дзяцей: Сяргей (каля 1940 г.н.), Іван (1947 г.н.) і самы малодшы Міхаіл (каля 1950 г.н.). Жылі яны ў асобным невялікім жылкамгасаўскім драўляным доме на скрыжаванні вуліц Гальшанскай і Пушкіна. Пры доме быў агарод і сарай, дзе трымалі свінчо і курэй.
         У далейшым, калі нашы сем’і парадніліся, мы нярэдка гасцявалі адно ў аднаго і ладзілі сумесныя застоллі. Мой бацька і дзядзька Рыгор адразу знайшлі  паміж сабой агульную мову: абое - равеснікі, гадаваліся і раслі ў вясковым асяроддзі, былі на вайне, любілі слухаць і спяваць аднолькавыя песні (напрыклад, “На Мурамскай дарожцы”,  “Стэп ды стэп кругом”, “Рушнікі” і інш.). А мамы, натуральна, сышліся ў нейкіх жаночых уяўленнях.
Хачу тут адзначыць адну асаблівасць Рыгора Сяргеевіча. Пасля другой ці трэцяй чаркі ён любіў паразважаць пра камунізм. (У той час пад кіраўніцтвам  Нікіты Хрушчова савецкія людзі ўжо прыступілі да будаўніцтва светлай будучыні). Па яго меркаванні, новы стан грамадства павінен быў усталявацца гэткім спосабам: “Калі дакладна тое адбудзецца, мы з вамі не ведаем і ведаць не можам. Народу у нейкі момант проста скажуць, што вось, сягодня, пачынаецца камунізм. Грошы адменяць  - і ўсё! - разумееш?” І далей Сяргеевіч пускаўся ў грунтоўнае і падрабязнае тлумачэнне сваёй тэорыі, а Аляксандра Максімаўна штурхала яго пад бок, прыгаворваючы: “Ну хопіць ужо табе, хопіць! Колькі можна пра адно і тое!” Сват замаўкаў, але праз чарговы кілішак ізноў узнаўляў свае славесныя экзерсісы…
Пад канец 1960-х гадоў Сокалавы з’ехалі на жыхарства ў Віцебск. Сяргей, Іван, Міхаіл  стварылі там свае сем’і, у якіх нарадзіліся і выраслі дзеці, з’явіліся ўнукі. На жаль двое з братоў не дажылі да сённяшніх дзён, заўчасна пайшлі з жыцця: Сяргей у выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці, а Міхаіл – па хваробе. Іван зараз пенсіянер, жыве ў Віцебскім раёне. Некалькі дзясяткаў год мінула ўжо і па смерці Рыгора Сяргеевіча і Аляксандры Максімаўны.      

         Адпрацаваўшы ў школе адзін  год, Валодзя падаў дакументы і паступіў вучыцца ў  Ленінградскую вышэйшую школу КДБ. Падчас навучання яны з Альбінай вялі пастаянную перапіску па пошце. Канверты з лістамі ад яго былі важкімі на вобмацак (калі-нікалі і я даставаў іх са скрыні і аддаваў сястры) – значыць, шмат светлых пачуццяў і значымых слоў было ўкладзена ім у тыя лісты. Аб якасці яе пісьмаў  да Валодзі судзіць не бяруся, бо  ў руках не трымаў, - Альбіна сама іх адпраўляла. Усё ж мяркую, што і яны дасягалі не меншай вышыні эпісталярнага жанру. На канікулах Валодзя прыехаў на пабыўку ў Ашмяны у прыгожым ваенным мундзіры курсанта – і ўсе дзяўчаты зайздросцілі Альбіне, калі бачылі іх  разам на вуліцы. Пасля водпуску Сокалаў вярнуўся ў Піцер і прадоўжыў вучобу на другім курсе. Але хутка мусіў падаць заяву аб адлічэнні з вучылішча з прычыны недастатковых здольнасцяў да засваення замежных моў, а выдатнае валоданне мовамі было, бадай што, ці не самым галоўным патрабаваннем. Пакінуўшы вучэльню, паступіў на службу  дзяжурным  у аддзяленне міліцыі Ленінградскага метро, адначасова вучыўся завочна ў спецыяльнай міліцэйскай школе. У гэты час Валодзя з Альбінай пажаніліся,  яна пераехала ў Ленінград да мужа (маладой сям’і далі комнату ў інтэрнаце)  і уладкавалася на працу настаўніцай-выхавацелем у такой жа, як і ў Ашмянах, школе для дзяцей з дэфектамі слыху і гаворкі. На рубяжы 1960/1961 гг. Уладзіміра пераводзяць участковым інспектарам аддзела ўнутраных спраў у невялікі райцэнтр Осьміна (зараз гэта пасяленне ўваходзіць у склад Лужскага раёна). Але хутка ім з Альбінай давялося ізноў пакаваць чамаданы і пераязджаць на іншае месца ў Ленінградскай вобласці: у зусім новы пасёлак Сяміазер’е Рошчынскага (цяпер Выбаргскага) раёна, дзе ён гэтак жа стаў працаваць упаўнаважаным РАУС, а яна – настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў суседняй вёсцы Паляны. (Сваё імя “Сяміазер’е” пасёлак атрымаў ад фінскай назвы сямейства  невялікіх азёр “Сайтсенярвет”).

         Трэба адзначыць, што  швагру і сястры вельмі пашанцавала, бо лёс іх закінуў у найцудоўнейшае месца Карэльскага перашыйка з амаль некранутымі маляўнічымі прыроднымі ландшафтамі, чысцюткімі вадаёмамі і паветрам. Пасяленне размясцілася сярод густога лесу з векавымі высачэзнымі соснамі, багатага на грыбы і ягады,  навокал - шмат азёраў, адно прыгажэй другога, і па выгляду і па назвах: Гітарнае, Акунёвае, Сподачак, Кубачак, Срэбнае, Вясёлае, Чарэшня, Лясное… Менавіта тут яны пражылі ўсе наступныя гады, аж да самых сваіх апошніх дзён, тут будавалі сямейны лад, пераадольвалі перашкоды, пазнавалі задавальненне ад поспехаў у жыцці і працы.
 

         Пасёлак Сяміазер’е абавязаны сваім паяўленнем пясчана-гравійнаму месцанараджэнню (на ўзвышшы Юліканкаанмаа),  пачатак распрацоўкі якога прыпадае на 1960 год. Ад станцыі Каннельярві (на 75 км лініі Ленінград – Выбарг) к кар’еру была падведзена чыгуначная ветка, даўжынёй 7 км, па якой у 1961 годзе пайшоў першы састаў з пясчана-гравійнай сумессю.У гэтым жа годзе з’явіліся і першыя трохпавярховыя дамы пасёлка, у адным з якіх Сокалавы атрымалі двухпакаёвую кватэру з усімі выгодамі. Пасёлак рос. Разам з грандыёзным будаўніцтвам вытворчых карпусоў завода не прыпынялася  будоўля жылля і  сацыяльна-культурных  аб’ектаў. На момант майго першага прыезду да сястры ў 1962 годзе ў пасёлку працавалі: прадмаг, медпункт, аддзяленне сувязі, рыхтавалася памяшканне пад прамтаварны магазін. І ў наступныя гады, бываючы ў Сяміазер’і,  я кожны раз заўважаў пэўныя змены ў яго вобліку. Паяўляіліся дамы-пяціпавярховікі,   у  1964 годзе адкрыўся дзіцячы садок, у 1970 – школа-васьмігодка, (пазней стала сярэдняй), у якую Альбіна перайшла на працу з Палянскай СШ, у 1974 – Дом культуры. Ужо ў 1967 годзе ў пасёлку было каля 1,5 тысячы жыхароў. А былая прампляцоўка ператварылася ў буйнейшае ў сваёй галіне прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў – драбільна-сартыравальны завод, пастаўляючае спажыўцам Галоўленінградбуда каля 1 млн тон пясчана-гравійна-друзавых сумесей у год.

         У 1961 годзе Альбіна нарадзіла дачку Люду, у 1964 – Наташу.

         Пасля заканчэння сяміазерскай васьмігодкі Людміла паступіла ў Ленінградскае педагагічнае мастацка-графічнае вучылішча, па завяршэнні вучобы ў 1980 годзе атрымала спецыяльнасць настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння. У гэтым жа годзе пераехала да нас у Ашмяны і ўладкавалася  мастаком-афарміцелем у гарадскі кінатэатр. У 1984 годзе выйшла замуж за ашмянскага хлопца Валодзю Трусава, з якім яны ў 1987 годзе праз ваенкамат накіраваліся вольнанаёмнымі рабочымі ў Групу савецкіх войск у Германіі. Адпрацаваўшы некалькі гадоў па кантракту ў ГСВГ вярнуліся ў Сяміазерье, дзе жывуць і працуюць па сённяшні дзень: Людміла настаўніцай па сваёй спецыяльнасці, Уладзімір абслугоўвае электрыку на заводзе. Маюць дарослага сына Сяргея.
         Наталля пасля заканчэння сярэдняй школы набыла спецыяльнасць швяі, праз пэўны перыяд шляхам завочнага навучання атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю. У 1985 годзе выйшла замуж за выпускніка Леніградскага вышэйшага ваеннага вучылішча чыгуначных войск Андрэя Сергіенку – і пачалося іх сямейнае жыццё ў расійскіх вайсковых гарнізонах. Зараз жывуць у прыгарадзе Белгарада. Андрэй, пасля звальнення з ваеннай службы, працуе вахтавым метадам на Крайняй Поўначы. Маюць дарослых дзяцей:  Людмілу (замужам, у мінулым годзе нарадзіла дачку) і Сяргея.       

         Уладзімір Сокалаў знаходзіўся на службе ў міліцыі да 1966 года,  алначасова вучыўся завочна ў Ленінградскай міліцэйскай спецшколе і ў 1963 годзе атрымаў дыплом юрыста. С 1966 года  да выхаду на пенсію ў 1994 годзе працаваў ст.майстрам па абслугоўваніі і рамонту тэлефонных ліній на пасялковай АТС. Шмат год па сумяшчальніцтву вёў у мясцовай школе ўрокі выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання. Закончыў тры курсы гістарычнага факультэта педінстытута імя Герцэна. Валодзя грунтоўна захапляўся радыётэхнікай, рамантаваў, разбіраў і сабіраў прыёмнікі і тэлевізары, уся кватэра была завалена рознымі дэталямі і прыборамі. Да прыкладу, я ў 1962 годзе  прывёз дамоў з Сяміазер’я  ў Ашмяны тэлевізар (з памерам экрана прыкладна 25-27 см  па дыяганалі) , які швагер сабраў з дэталяў двух ці трох няспраўных і падарыў мне. Тэлебачанне яшчэ толькі набірала моц, свае тэлевізійныя прыёмнікі мелі лічаныя сем’і ашмянцаў – дык глядзець перадачы да нас  прыходзілі ўсе бліжнія суседзі.

          Уладзімір пражыў 65 год і памёр ад раптоўнага спынення сэрца ў снежні 1999 года. Альбіна пайшла ад нас на 82 годзе жыцця, пасля працяглай хваробы, у сакавіку 2015 года.

--------------
Працяг будзе


Рецензии