Мае memoires, ч. 10

                Х

         Надзея – маладзейшая за Альбіну на 4,5 года, але 7 класаў СШ № 1  і педвучылішча ў Ашмянах яны заканчвалі з розніцай усяго толькі ў 2 гады, таму што  ў часе вайны Альбініна вучоба перарвалася, бо пад акупантамі школы  на Лагойшчыне не працавалі.
         
         
Такім чынам, Надзея ў 1956 годзе атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і была накіравана на працу ва Ўкропаўскую (в.Укропава) сямігадоваю школу Маладзечанскага раёна. Пачала з кіраўніцтва 1-ым класам, дзе за партамі сядзела каля двух дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, з шырака раскрытымі вачамі на зацікаўленых  тварах, прагнучых штодня адкрываць для сябе няведамы дасюль свет. “І ў гэты новы свет ведаў іх павядзе за сабой яна, маладая настаўніца Надзея Валяр’янаўна” , - так думала Надзя, пачынаючы свой першы самастойны ўрок. Агульную мову з дзецьмі знайшла адразу, паступова пазнаёмілася з іх бацькамі і хатнімі ўмовамі, рэгулярна бываючы ў сем’ях і сумесна абмяркоўваючы праблемы выхавання. 
         Працавала творча, грунтоўна рыхтавалася да заняткаў, імкнулася падаваць матэрыял цікава, з ізюмінкай. У хуткім часе заслужыла павагу  вяскоўцаў і шчырую любоў сваіх вучняў.А неўзабаве напаткала і сапраўднае каханне, знайшла сваё жаночае шчасце.

         Аднойчы  ўвечары Надзя з сяброўкамі пайшлі  ў клуб  паглядзець новы кінафільм, пасля кіно засталіся на танцы. Дзяўчаты танчылі і з хлопцамі, і самі з сабой, паміж танцамі вялі ўсялякія дзявочыя размовы і назіралі за іншымі. У нейкі момант у клуб зайшла невялічкая новая кампанія маладзёнаў, сярод якой выдзяляўся мажны курчавы хлопец сярэдняга росту у матроскай форме. “Хто такі?” – запыталася ў сябровак. “Дык гэта ж Юзік Ціхановіч. Ён толькі што вярнуўся дамоў са службы на флоце. Жывуць удваіх з састарэлым бацькам на хутары, што ў 2-х км ад вёскі Семяны. Ой, Надзя, а які ён хвацкі музыка!  Можа, зараз пагодзіцца зайграць на гармоніку, - тады сама ўбачыш.”    Купка юнакоў   рассыпалася і  разышлася па клубу, уключылася ў агульны рытм вечара, які, тым часам,  працягваўся. Вальс змяняў польку, кадрыль пераходзіла ў “ручаёк” і г.д.
         Той марак адразу чымсьці глянуўся Надзеі – і яна краёчкам вока ўвесь час назірала за хлопцам. Між тым, аб нечым задумаўшыся, не заўважыла, як незнаёмец апынуўся перад ёй: “Вас можна  запрасіць?”  -  “Калі ласка,” -  і яны закружыліся ў вальсе, затым перайшлі на павольны танец. Пазнаёміліся,  па ходу і ў перапынках між танцаў разгаварыліся. Краналі розныя тэмы: яго службу на Балтыцы, яе настаўніцтва, гаварылі аб агульных знаёмых і сваіх сем’ях. Іосіф пацвердзіў, што жыве з айцом на хутары, а мама  памёрла яшчэ ў 1950 годзе. У яго ёсць тры старэйшыя замужнія сястры: Яніна, жыве недалёка ў вёсцы Гарадзілава, Станіслава – у Рызе (Латвія),  Паліна – у в. Семяны, паблізу бацькавага хутара.

         -Мне казалі, што Вы вельмі прыгожа граеце на гармоніку, - гэта так? – спытала Надзея хлопца.
         -Аб ступені майго майстэрства меркаваць не мне. Знаю толькі, што людзям падабаецца. А наогул, я валодаю інструментам з дзяцінства, і не толькі гармонікам, а яшчэ і баянам, - адказаў той – і прыкладна з гадоў 10 – 11-ці мяне сталі запрашаць іграць на танцах, вяселлях, хрэсьбінах і іншых святах.
         -А дзе вучыліся музыцы?
         -Спецыяльна нідзе не вучыўся, нотаў не ведаю, падбіраю мелодыі на слых.
         -Хацелася б прама тут паслухаць што-небудзь у Вашым выкананні. Можа, зайграеце.
         -А запраста!

         Іосіф падышоў да музыканта, папрасіў у таго гармонь, і, прабегшы  для пачатку зверху ўніз пальцамі па бліскучых кнопках, зайграў “Паланез Агінскага”. ”Божухна! - Як жа ён хораша іграе!” – музыка захапляла ўсю Надзіну істоту, зачароўвала, брала ў палон і вяла, вяла за сабою, кранала душу і сэрца. Новы знаёмы  не проста выводзіў знаёмую мелодыю, а іграў з  нейкімі мудрагелістымі пераборамі на галасах і басах, прыгожымі пераходамі і ўсялякімі іншымі каленцамі,-  стараўся як найлепш паказаць свае здольнасці. “Ну вось, бачыш – а што мы табе казалі?! Адно слова – віртуоз!”- штурхнула ў бок сяброўка. І з гэтым нельга было не пагадзіцца.

         Пасля танцаў Іосіф вызваўся праводзіць Надзею дадому. Развітваючыся ля брамкі  дамовіліся ў наступны выходны зноў спаткацца ў клубе. Потым сустракаліся ўсё часцей і часцей, а далей, як водзіцца, узнікла моцнае ўзаемнае пачуццё. У 1958 годзе яны пажаніліся.

         Вяселле гулялі “на дзве стараны”. Спачатку на хутары Ціхановічаў, куды  сышлася і з’ехалася амаль уся іх блізкая і далёкая радня. Тата з мамай, Альбіна, Віця і я таксама прыехалі туды, дзе ўпершыню ўбачылі і пазнаёміліся з новымі сваякамі: зяцем, сватам, швагеркамі і шваграмі. Праз месяцы тры-чатыры яшчэ раз адзначылі шлюб  ўжо ў нас, у Ашмянах. Падчас вясельных застолляў і мы  ў поўнай меры змаглі адчуць задавальненне і ацаніць музыкальнасць Іосіфа: па просьбе гасцей ён не раз іграў на баяне ці гармоні.
         А наогул, у зяця былі рукі не толькі для музыкі, але і  для шматлікіх іншых патрэбных спраў, напрыклад будаўнічых ці гаспадарскіх. І яшчэ ён меў светлую галаву, у якой нараджаліся талковыя думкі ў адпаведнасці з яго разуменнем аб вырашэнні пэўных праблем і задач, быў чалавекам сціплым, самакрытычным, начытаным і інфармаваным, аргументавана адстойваў сваю кропку погляду, любіў гумар і жарты. Неяк адразу Юзік прыйшоўся да месца:  стаў сваім і ў нашай сям’і. (З гэтай пары мы да яго звярталіся менавіта “Юзік”, гэтак сама, як і яго родныя).         
         Надзея перайшла жыць  да мужа і паралельна са школьнай працай адразу ж уключылася ў сумесныя гаспадарскія турботы па дому, якіх было даволі шмат. На хутары ў свёкра Іосіфа Казіміравіча меўся  невялікі кавалак зямлі, пладаносны сад (яблыні, грушы, слівы, вішні, кусты парэчак і агрэсту),  трымалі каня, карову,  гадавалі кабана. “Дык ёй жа не прывыкаць!” – з дзяцінства выхоўвалася  ў працы.      

         Побач з сядзібай - неглыбокая сажалка, куды ў летнюю пару прыходзіла купацца ўся дзятва з вёскі Семяны, бо іншых вадаёмаў паблізу не было, - тады навакольная цішыня на некалькі гадзін парушалася пляскам вады і вясёлымі дзіцячымі галасамі. (І я не аднойчы скупнуўся ў той сажалцы!).   

         Іосіф спачатку працаваў рабочым, а пасля зменным майстрам на торфабрыкетным заводзе “Беразінскае”. Торфакрошку для вырабу брыкету дабывалі на балоце ў пойме ракі Беразіна, ад в.Гарадзілава да в.Палачаны і далей, распрацоўкі вяліся да поўнага вычарпання тарфянога слою (да 1980 гг.). У 1950-х гг. для рабочых і служачых прадпрыемства пачало будаўніцтва жылога пасёлка, якому далі аднайменную з заводам назву. Фактычна Беразінскае  - гэта працяг вёскі Гарадзілава (зараз носіць статус аграгарадка). У 1960 годзе маладыя Ціхановічы атрымалі ў пасёлку двухпакаёўку  ў васьмікватэрным доме, гэтым жа часам Надзея перайшла на працу ў мясцовую сярэднюю школу. Але яны марылі аб сваім асабістым жыллі. У 1965 годзе мара збылася:  на адведзеным  у Гарадзілаве ўчастку з’явіўся іх новы дом, узведзены часткова з разабраных і перавезеных хутарскіх будынкаў, часткова – са свежых бярвенняў, з тых жа матэрыялаў побач збудавалі хату для Іосіфа Казіміравіча.

         Іосіф Іосіфавіч у 1959 годзе паступіў вучыцца ў Мінскі завочны палітэхнічны тэхнікум на аддзяленне “Распрацоўка тарфяных месцанараджэнняў”, па заканчэнні якога ў 1964 годзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка і ў далейшым працаваў на розных інжынерна-тэхнічных пасадах.
         Надзея Валяр’янаўна ў 1967 годзе закончыла завочна Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага,  яшчэ ў працэсе набыцця вышэйшай адукацыі перайшла на працу настаўніцай рускай мовы і літаратуры і вучыла гэтым прадметам дзяцей усе наступныя гады  ў школе.
         У 1959 годзе ў Ціхановічаў нарадзіўся сын Міша, у 1960 і 1967 – Вова і Пеця.
         Падчас жыцця сястры ў Маладзечанскім раёне мы рэгулярна наведваліся адно да аднаго:  альбо мы да іх , ці то яны да нас у Ашмяны – і па адным, і ўсёй сям’ёй. Адзначалі разам нейкія адметныя даты, падзеі. Дзяцей на рэч час “падкідвалі” дзядулі з бабуляй, прывозілі на канікулы.
         І я, у свае школьныя гады часта самастойна ездзіў у госці да сястры. Бацькі не баяліся адпускаць мяне аднаго, пачынаючы дзесьці з 12-цігадовага ўзросту, бо дарога была нескладанай –даехаць на аўтобусе да Маладзечна, а там таксама аўтобусам ці па чыгунцы да Гарадзілава (Беразінскага) – вось і ўвесь маршрут! Папутна я калі-нікалі ў Маладзечне заходзіў   да стрыечнага брата Івана (а то і заставаўся начаваць), кватэра якога знаходзілася ў вялікім драўляным (дарэвалюцыйнай пабудовы) доме прама каля  таварнай чыгуначнай станцыі. Тут мне падабалася назіраць за сарціроўкай вагонаў з дапамогай горкі і паваротнага кола, фарміраваннем саставаў, запраўкай паравозаў вуглём і вадой (яны яшчэ спраўна працавалі, хаця  ўсё больш і больш выцясняліся цеплавозамі). Помню ветлівыя адносіны да сябе іванавай жонкі Галі.      

         Добра запомніў і яшчэ пару цікавых момантаў.

         1959 год, лета. Надзя нарадзіла свайго першынца – Мішу. Бацькі выправілі мяне адведаць сястру і перадаць тое-сёе з гасцінцаў і бялізны для нованароджанага, а самі збіраліся прыехаць праз некалькі дзён, бо адразу не атрымлівалася. Я аўтобусам, з адной перасадкай, прыехаў у Гарадзілава, а там – пешшу да хутара кіламетры чатыры. Сярэдзіна дня, іду па дарозе, сонца  прыпякае ўсё больш і больш – і мая ноша ўжо не такая лёгкая, як была ў пачатку. Прысеў на нейкі камень перавесці дух і адпачыць. Сяджу, аглядаюся наўкола. Бачу набліжаючагася здаля да мяне высокага чалавека. Падышоў, падае мне руку, вітаецца кіўком  галавы і знакамі на пальцах, усміхаецца. І мы пазнаём адзін аднаго. Аказваецца, гэта Паўлік, якога я ведаў раней як вучня ашмянскай школы глухіх дзяцей. Ён старэйшы за мяне гадоў на 5-6. Закончыў школу два гады назад. Цепяр жыве недзе тут недалёка ( дзе канкрэтна, я не зразумеў), а зараз ідзе да сваяка ў Семяны. Павел падхапіў маю сумку –а я і рад памочніку! – і мы пайшлі далей удвух, раз-пораз узнаўляючы  “гаворку”. Да хутара дайшлі хутка, ад майго запрашэння зайсці ў сядзібу ён адмовіўся, спаслаўшыся на недахоп часу. Тады я падзякаваў за дапамогу, і мы развіталіся. Паша пайшоў сваёй дарогай, я ж праз сад - к дому. Праз колькі шагоў бачу гэткую карціну: пасярод саду стары Ціхановіч завіхаецца вакол складзенай з цэглаў пліты, падкідае ў топку дровы – падтрымлівае  агонь. На пліце стаіць малочны бідон з адведзенай  ад крышкі трубкай, прапушчанай праз выварку з халоднай вадой, з якой у падстаўлены трохлітровы слоік капае празрысты струменьчык вадкасці.

         -Дзень добры! А што гэта Вы робіце?
         -Здароў быў, Пеця! А ты раней ніколі такога не бачыў ?  Гэта ж я гарэлку ганю на хрэсьбіны ўнука.
         І сапраўды, я першы раз убачыў самагонны апарат. І мне дзіўна было, што дзед не баючыся, пасярод белага дня, займаецца гэткай справай.
         -А  не баіцеся, што Вас міліцыя спаймае? Напрыклад, нашы ашмянскія міліцыянеры  самагоншчыкаў рэгулярна пудзяць.
         -Ды якая тут міліцыя?! Яна ад нас далёка. Хіба што, выпадкова ўчастковы заявіцца, дык я паднясу яму кілішак і з сабой яшчэ дам бутэльку – і разыдемся, як у моры караблі. А мая ж самагоначка добрая – на вось, пакаштуй.
         Іосіф Казіміравіч падставіў пад струмень стограмовы кілішак,  напоўнішы на трэць, працягнуў яго мне.
         -Дык я ж не п’ю.
         -А ты не пі, а пакаштуй.
         Я ўзяў кілішак, паднёс да роту, памачыў губы, паспрабаваў на язык, але глытаць гарэлку не стаў: было горка і зусім не смачна, пра што і сказаў старому.
        -Ну і правільна! Рана табе яшчэ!
        Ён наліў чарку да краёў, выпіў за маё здароўе, мы закусілі маласольным агурком, і я пайшоў у хату. Прывіталіся з Надзяй, Юзік быў на рабоце. Яна мне паказала спавітага пляменніка, які соладка спаў у калысцы, я ўручыў бацькоўскія падарункі, пасля чаго сястра накарміла мяне абедам. Потым ізноў паспяшыў да Іосіфа Казіміравіча: дапамагаў мяняць ваду ў баку са змяявіком, падкідваў дровы ў пліту, адстаўляў у халадок напоўненыя слоікі, гарэлку з іх пасля злівалі ў чысты вялікі бідон, - працэс самагонаварэння аказаўся цікавым. Па яго завяршэнні мы мелі каля 20 літраў гарэлкі, больш за 40 градусаў моцы, што Казіміравіч вызначыў пры дапамозе спіртамера.    
         З дзедам (так я стаў называць старога, хаця дочкі, сын - і Надзя, таксама,- звалі яго “татка”) мы неяк хутка пасябравалі, нам цікава было нешта рабіць разам ці весці нейкія размовы. Ён пражыў доўгае жыццё, шмат чаго пабачыў, у свой час служыў у польскім войску ветэрынарам, умеў лекаваць жывёлу, а пры патрэбе  - і людзей, знаў і збіраў зёлкі, не цураўся ніякай працы, пра ўсё гэта мог даходліва расказаць і паказаць на справе. Патакаў ён і маім дзіцячым прыдумкам, у выніку чаго бывалі сітуацыі, калі Надзея з Іосіфам зусім лагічна маглі сказаць: “Што малы, што стары – адно і тое!” Пра адзін з такіх выпадкаў і раскажу.

         Захацелася мне паплаваць па сажалцы на лодцы. Але ж ніякай лодкі на хутары не было. І я вырашыў выкарыстаць у якасці плаўсродка старыя драўляныя начоўкі (некалі зробленыя самім дзедам), якія стаялі каля сценкі дома пад страхой, у іх збіралася дажджавая вада, а яшчэ Надзя замочвала ў начоўках бялізну, таму яны не рассыхаліся, а значыць – у сажалцы не патонуць.  Папрасіў дзеда дапамагчы, і мы ўдваіх аднеслі начоўкі да вадаёму, заадно я прыхапіў з сабой невялікаю дошчачку, што будзе замест вясла. Паставілі “лодку” на ваду ля берага,  дзед прытрымліваў яе рукой, а я пачаў памалу заходзіць на “палубу”. Нам бы, як след падумаўшы, трэба было б заднюю частку начовак пакінуць на беразе, мне акуратна сесці ў іх пасярэдзіне, а ўжо тады Іосіфу Казіміравічу ссунуць у ваду. У гэткі спосаб, магчыма, і паплыў бы. А так, калі я, уткнуўшы ў дно сажалкі дошку і абапёршыся на яе,  паставіў  у начоўкі правую нагу ды стаў падымаць левую, у той момант пад цяжарам майго цела   “лодка” тыльнай часткай зачэрпнула вады, зрушыла з месца і затанула - у выніку я страціў раўнавагу і бултыхнуўся ў чым быў апрануты ў ваду. Другой папыткі  рабіць не сталі,  аднеслі начоўкі на месца,  дзед, хаваючы ў вусах усмешку, дапамог мне выкруціць штаны і рубашку - і я іх ускінуў на вяроўку сушыцца. Той выпадак на доўгія гады стаў нагодай для жартаў у сямейным асяроддзі. Не-не, а хто-небудзь і сказане: “Ну што, паплывем у начоўках?..”  Вось такая показка!

         У канцы 1960-х гадоў у Ашмянскім раёне непадалёку ад вёскі Кальчуны быў уведзены ў строй новы торфабрыкетны завод (з 2000 г. – рэспубліканскае ўнітарнае торфапрадпрыемства “Ашмянскае”). Адначасова з вытворчымі цахамі для рабочых і служачых пабудавалі жылы пасёлак Завадскі, як працяг в. Дэбясі ў бок Кальчун (З 2000 гг. усе тры пасяленні  утвараюць  адзіны аграгарадок Кальчуны), у 1968 годзе адчыніўся дзіцячы садок, у 1970 г. – школа-васьмігодка (з 1988 года – сярдняя школа).   
         Заводу патрабаваліся вопытныя спецыялісты, частку якіх перавялі з Беразінскага. Новапрыбыўшыя ітээраўцы адразу атрымоўвалі добраўпарадкаваныя кватэры. У 1969 годзе прапанавалі змяніць месца працы і Іосіфу Ціхановічу, на што ён, параіўшыся з жонкай, даў згоду. Спачатку пераехаў адзін, аформіўся на работу, атрымаў ордэр і ключы ад трохпакаёвай кватэры,  а праз нейкі час, к чарговаму навучальнаму году, перавёз і сям’ю.
         У іх ужо было трое сыноў, гарадзілаўскі дом стаў цеснаватым, дык новае жытло прыйшлося  якраз да месца. Надзея з Мішам і Вовам паступілі ў Кальчунскую школу: яна – настаўніцай рускай мовы і літаратуры, хлопцы – у 5 і 4 клас адпаведна; Пеця – у дзіцячы сад. Нашы  мама з татам, Віця і я таксама былі задаволены тым, што Надзіна сям’я апынулася зусім побач   (ад Ашмян да Кальчун - 6 км), - мы сталі сустракацца часцей, з’явілася магчымасць аператыўней і дакладней вырашаць узнікаючыя праблемы, разам адзначаць святы. Так жыццё далей і кацілася па накатанай каляіне, покуль лёс не ўносіў свае карэктывы.

         Мае пляменнікі, адвучыўшыся ў Кальчунскай базавай школе, завяршалі сярэднюю адукацыю ў ашмянскай СШ № 1, там жа атрымалі правы шафёраў. Міша завочна закончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці тэхнік-механік, Валодзя – Гродзенскі тэхнікум фізкультуры. Усе трое адслужылі тэрміновую службу ў Савецкай Арміі.
         Міхаіл нядоўга папрацаваў механікам аўтатранспарта, пасля ўвесь час працуе шафёрам у розных прадпрыемствах, жыве ў Кальчунах. Быў жанаты, мае дарослую замужнюю дачку Алену (жыве ў Мінску, гадуе сваю дачку), з якой падтрымлівае цесныя сувязі.
         Уладзімір працаваў спартыўным інструктарам  на Гродзенскай абутковай фабрыцы, настаўнікам фізкультуры ў сельскіх школах Ашмянскага раёна. Апошняе месца работы: торфабрыкетны завод “Ашмянскі”, дзе, на вялікі жаль, у выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці  ў 1995 годзе атрымаў несумяшчальныя з жыццём траўмы і праз тры дні памёр у бальніцы. У Гродна жывуць  яго ўдава Ганна і жанаты сын Віктар (мае двух дзяцей).
         Вельмі шкада, але ў 1999 годзе сястра пахавала і свайго мужа Іосіфа, які заўчасна пайшоў з жыцця з прычыны інфаркта  на 65 годзе.
         Пётр пасля арміі пасяліўся ва Украіне. Працаваў шафёрам, зараз займаецца рамонтам аўтамабіляў. Ажаніўся на прыгажуні Аляксандры, у шлюбе народжана двое сыноў: Яўген, ён нядаўна скончыў сярэднюю школу, вучыцца на тэхнолага грамадскага харчавання;  Дзяніс – пакуль школьнік.      
         Надзея з 1993 года – пенсіянер, але яшчэ каля 10 гадоў, будучы на пенсіі, яна адпрацавала ў некалькіх ашмянскіх школах настаўнікам і выхавацелем, пасля чаго пакінула школьную працу канчаткова. Зараз – хатняя гаспадыня, займаецца агародам, асвоіла камп’ютэр і падарожнічае па інтэрнету.

--------------
Працяг будзе      


Рецензии