Мае memoires, ч. 11

                ХІ

           Асобная размова пра брата Віктара. Ён  – наш  гонар і боль. Ганарымся тым, што з нас чацвярых Віця быў самы здольны  і  таленавіты,  але  жаль, што      лёсам яму было адпушчана ўсяго 50 гадоў жыцця.

           Дапытлівасць, цяга да ведаў праявіліся ў хлапчука яшчэ ў раннім дзяцінстве. У свае 3-4 гады ён, гуляючы з газетамі, кніжкамі, перакладаючы іх і так, і гэтак, нейкім чынам, самастойна пачаў разумець літары, затым і складаць іх у словы, у рэшце рэшт – чытаць. Сёстры, заўважыўшы гэта, здзівіліся і  прадэманстравалі  братавы  дасягненні  маці. Сваё ўражанне тая выказала словамі: “Глянь ты, і праўда – чытае!”. Вось з той пары Віктар так усё жыццё і чытаў  “узахлёб” розныя кніжкі: і дзіцячыя, і мастацкія, і спецыяльную літаратуру, і  іншыя  друкаваныя выданні. К яго 50-ці гадам ва ўсіх ашмянскіх бібліятэках, мусіць, не было ні адной кніжкі, якую брат не прачытаў ці хоць бы прагледзеў, гартаючы старонкі.  Нават ніколі не сядаў есці без кніжкі, або газеты ці часопіса. Дома меў вялікую асабістую бібліятэку з любоўна падабраных тамоў мастацкай і спецыяльнай літаратуры.

           Я, як  меншы брат, цягнуўся за Віцям, і дзякуючы  яму, яшчэ  малодшым школьнікам прачытаў шмат твораў пісьменнікаў, якіх бы з асабістай ініцыятывы, па той сваёй наіўнасці, сам бы і не заўважыў.

           Калі Віктар пайшоў у першы клас, то ён усё, чаму  там  навучалі,  ужо ведаў. І настаўніца хадайнічала перад адміністрацыяй школы аб залічэнні яго адразу ў другі клас. Але гэтага не зрабілі з-за Віцінага малога росту. Сказалі: “Няхай перш падрасце.”

           Яшчэ брат добра рысаваў, меў музыкальны слых, у дзяцінстве мы з ім ігралі на гармоніку і мандаліне. На жаль, музыкай  шчыльна не  займаліся, а вось  малюнкі, карціны Віктар  пісаў усё жыццё:  яго творы ёсць  у  ашмянскіх краязнаўчым музеі і сельгаскаледжы, у многіх  родных і блізкіх, сяброў і знаёмых. У асабістым архіве брата захаваліся некаторыя літаратурныя творы: апавяданні, вершы, замалёўкі, аналітычныя артыкулы і іншыя пробы пяра. Тыя з іх, што мне ўдалося адшукаць, альбо ўзнавіць з дапамогай родных і сяброў, я дапрацаваў і змясціў у  зборнік пад аўтарствам Віктара, які самастойна выдаў на рускай мове (мове яго рукапісаў)  невялікім тыражом -  пара дзясяткаў кніжак. (Виктор Шаколо. Я люблю тебя, жизнь! Ошмяны. 2013, декабрь. 110 стр. с иллюстр.).

           Закончыўшы Ашмянскі  сельгастэхнікум (цяпер гэта – каледж), брат  атрымаў   спецыяльнасць бухгалтэра-планавіка і да прызыву ў армію паспеў крыху папрацаваць у саўгасе  “Жэмыслаўль”  Іўеўскага р-на, Ашмянскім  калгасна-саўгасным  упраўленні, завочна  скончыць  першы  курс  Мінскага  інстытута  народнай  гаспадаркі. Тэрміновую армейскую службу праходзіў з 1962 па 1965 год аператарам у зенітна-ракетным дывізіёне войскаў супрацьпаветранай абароны.Пасля дэмабілізацыі працаваў у Ашмянах рэвізорам райфінаддзела і прадоўжыў завочную вучобу ў сваёй ВНУ,якую закончыў у 1969 годзе па спецыяльнасці “Бухгалтэрскі ўлік у сельскай гаспадарцы.” 

           З 1968 года да канца жыцця (25 год) выкладаў палітэканомію, аналіз  і  статыстыку, асновы філасофіі ў Ашмянскім сельгастэхнікуме, загадваў кабінетам грамадскіх дысцыплін. Брат вучыў студэнтаў і пастаянна вучыўся сам, удасканальваўся  ў  прафесіі. У 1970-х гг. скончыў педагагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага  ўніверсітэта, а ў пачатку 80-х – аспірантуру пры Адэскім  дзяржуніверсітэце. Кандыдатскую дысертацыю не абараняў з-за хваробы. Віктар хварэў цукровым дыябетам. Хвароба  пастаянна  прагрэсіравала, абрастаючы  яшчэ цэлым суквеццем папутных недамаганняў, што і стала прычынай его заўчаснай смерці.
           У канцы жыцця,ужо будучы моцна хворым, знаходзячыся на стацыянрарным лячэнні ў бальніцы, брат завяршыў напісанне падручніка для  сярэдніх  спецыяльных навучальных устаноў “Асновы філасофіі.”

           Віктара Валяр’янавіча цанілі і любілі студэнты за сціпласць, паважлівае стаўленне да кожнага чалавека, гатоўнасць прыйсці ў любы момант на дапамогу  пры вырашэнні  розных  сітуацый.

           Калегі па рабоце і суседзі па дому жартліва называлі  Віктара  “хадзячай энцыклапедыяй”, бо ў яго  заўсёды  можна  было  атрымаць  інфармацыю ці  тлумачэнне  па  незразумелых пытаннях  з  самых  розных абласцей ведаў. А колькі яшчэ  завочнікаў   ВНУ, ССНУ  не толькі  з Ашмян, але і з іншых  гарадоў і весяў, удзячны яму за выкананне кантрольных работ і падрыхтоўку па эканоміцы, бухуліку, вышэйшай матэматыцы, статыстыцы, філасофіі, паліталогіі, гісторыі  і  іншых  прадметах!..

           Памёр Віктар Шакола ў снежні 1993 года.  Жонка Яніна Іванаўна (таксама выкладала эканамічныя дысцыпліны ў   Ашмянскім тэхнікуме),   дачка Вольга (урач-педыятр) і два яе сыны – Альберт (нарадзіўся яшчэ пры дзядулі ў 1992 годзе) і Андрэй - зараз  жывуць  у горадзе Ваўкавыску   Гродзенскай  вобласці.


-------------
Працяг будзе
          


Рецензии