Мае memoires, ч. 12
Што датычыць мяне, дык я – сапраўдны ашмянін. Як кажуць,дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся: на Ашмяншчыне ўвесь час жыву і працую. З першага па дзявяты клас вучыўся ў гарадской СШ № 1, а затым – у вячэрняй, сярэднюю школу закончыў у 1964 годзе.
Працаваў рабочым, інспектарам аддзела сацзабеспячэння. С 1965 па 1968 год служыў у Савецкай Арміі (таксама, як і брат, аператарам зенітна-ракетнага дывізіёна).1968 – 1970 гг. – настаўнік фізкультуры і выхавацель прышкольнага інтэрната Жупранскай СШ. Ад 1970 да 1985 года займаў розныя службовыя пасады ў дзяржаўных, партыйных і сельскагаспадарчых органах: інспектар райсацзабеспячэння, ст.эканаміст інфармацыйна-вылічальнай станцыі, інструктар райвыканкама і райкама КПБ, аграном-інспектар станцыі аховы раслін і пагранічнай каранціннай інспекцыі. З 1985 года – настаўнік, затым дырэктар Янканцаўскай няпоўнай сярэдняй школы, намеснік дырэктара Рудзішскай базавай, дырэктар Цудзенішскай сярэдняй і Анкудскай базавай школ. Увогуле: з 20 год педагагічнай дзейнасці – 5 працаваў настаўнікам, 5 – завучам і 10 – дырэктарам. Ад верасня 2003 года – на пенсіі.
У 1975 годзе закончыў завочна Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут і атрымаў спецыяльнасць вучонага агранома, у 1992 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці: біёлаг,выкладчык біялогіі і хіміі.
Акрамя працы і вучобы, вядома, як ва ўсіх нармальных людзей, ёсць іншыя пэўныя запыты, нтарэсы і зацікаўленні: літаратура, музыка, спорт, яго гульнёвыя віды, більярд (асабліва – у маладосці), у свой час я абараняў гонар раёна па настольным тэнісе на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На аматарскім узроўні меў справу з матацыклам і аўтамабілем.
Заўсёды побач са мной былі і ёсць бліжэйшыя сябры і таварышы, гатовыя працягнуць руку дапамогі ці падставіць плячо, калі тое спатрэбіцца. Не абмінула і любоў: жанчына для мяне заўжды – аб’ект захаплення і асоба, крыніца натхнення і творчасці, прыгажосці і радасці ў жыцці.
Не могуць не закрануць душу адвечныя цуды прыроды, яе непаўторныя з’явы, узаемаадносіны чалавека з наваколлем.
Усе пералічаныя акалічнасці так ці інакш знаходзяць адлюстраванне ў маім светапоглядзе, і пэўна ж, - у творчасці.
*********
На гэтым пакуль пастаўлю кропку. Далей будзе яшчэ шэраг замалёвак аб вядомых мне падзеях і цікавых сустрэчах. Спадзяюся, што мае сціплыя нататкі пакінуць нейкі станоўчы след у чытача, падштурхнуць задумацца аб яго радаслоўнай спадчыне, успомніць добрым словам сваіх блізкіх людзей і ніколі не забывацца пра адметнасці жыцця і здабытках нашых папярэднікаў і сучаснікаў.
----------------------
Ашмяны, ліпень 2015 г.
Свидетельство о публикации №215072501102