Как родился фестиваль в Гродно

                ЯК НАРАДЗІЎСЯ ФЕСТЫВАЛЬ У ГРОДНЕ

Прайшло 12 гадоў, як у горадзе над Неманом адбыўся першы фестываль нацыянальных культур. Селета прадстаўнікі культурна-нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў ужо ў семы  раз збяруцца на вялікае свята ў Гродне.
Як пачынаўся фестывальны рух на Гродзеншчыне? Хто быў яго першым арганізатарам? Аб гэтым хочацца нагадаць гродзенцам і гасцям.
У 1993 годзе аддзел культуры Гродзенскага  гарвыканкама ўпершыню арганізаваў свята-конкурс нацыянальных абрадаў. У ім прынялі ўдзел  30 калектываў мастацкай самадзейнасці і культурна-нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. Мерапрыемства ўсім вельмі спадабалася, і  гарвыканкамам было прынята рашэнне праводзіць такія святы-конкурсы  штогод.
У 1995 годзе гарадскімі нацыянальнымі святамі  зацікавілася Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзе і знайшла падтрымку прапанова работнікаў культуры горада аб правядзенні ў 1996 годзе ў Гродне першага рэспубліканскага  фестывалю нацыянальных культур. Над яго ідэяй многа папрацавалі У.А.Гілеп, А.М.Білык, Т.І.Стружэцкі, В.І.Мацюшэнка, І.І.Яновіч, П.А. Гуд, В.І.Брыкач, В.А. Губіч, Г.А.Крупенка,  І.І.Кліменка і іншыя.
У канцы 1995 года прайшоў чарговы гарадскі фестываль нацыянальных культур. Палажэнне аб ім было пакладзена ў аснову палажэння аб правядзенні першага рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Загадам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь быў створаны арганізацыйны камітэт фестывалю. Яго ўзначаліў У.А.Гілеп. Рэжысерамі першага нацыянальнага свята ў Гродне былі  А.Г.Фядотаў, У.М.Панін, П.А. Гуд і В.А. Губіч, дырэктарам – І.І.Кліменка. Да фестывалю гарвыканкам падрыхтаваў  фотаальбом “Гродна”, буклеты, значкі, прызы і сувеніры. План мастацкага афармлення горада распрацаваў У.В.Маршак, а выканала яго гродзенская фірма “Арт-Лайн”.
24 мая 1996 года ў Гродна прыехала больш 600 удзельнікаў і гасцей. Пры адкрыцці  свята прывітанне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зачытаў  У.В.Русакевіч. 12 нацыянальных суполак – азербайджанцы, армяне, беларусы, карэйцы, літоўцы, немцы, палякі, рускія, украінцы, татары, цыгане і яўрэі – тры дні паказвалі свае мастацтва, традыцыі і абрады. Асабліва цікавымі былі парад удзельнікаў, шляхецкі баль, нацыянальныя падворкі і заключны гала-канцэрт, якія праходзілі ў гістарычным цэнтры горада.  На фестывальных мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці і дыпламаты з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, а таксама дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Беластока, Ліможа і Міндэна.
У артыкуле “Пад адным небам” тады  “Народная газета” пісала: “Такога не было ні ў адной з былых рэспублік былога Савецкага Саюза, ні ў адной з краін СНД. Упершыню прадстаўнікі нацыянальных меншасцей Беларусі – а гэта лепшыя творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў - так хораша і з гордасцю ладзілі свята нацыянальных культур, свята еднасці і брацтва”.
Арганізацыйны камітэт прааналізаваў вынікі першага фестывалю нацыянальных культур і прапанаваў у будучым праводзіць яго адзін раз у два гады.
Другі  рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбыўся ў 1998 годзе. Праграму яго дапаўнялі мерапрыемствы з нагоды 870-годдзя горада Гродна.
“Расцвіла прыгажуня Гародня,
         Старажытная і маладая,
         Як нявеста шчаслівая сення,
         Фестывальных гасцей сустракае.
         Усей зямлі беларускай народы
         Тут пакажуць, чым душы багаты.
         Для Гародні – узнагарода –
         Быць сталіцай такога свята”.
Гэтыя вершаваныя радкі прагучалі на адкрыцці фестывалю. На ім з прывітальнымі словамі ад імя Прэзідэнта краіны і аблвыканкама выступіў старшыня аблвыканкама, Герой Сацыялістычнай Працы А. І. Дубко. Гімнам свята стала новая песня В. Войціка на словы Л. Панізнік “Беларускі дом”.  Новымі раздзеламі ў праграме сталі конкурс нацыянальных анекдотаў, дзіцячае свята “Дарогі творчасці”, выстава мастака У. Качана “Вялікі гарадзенскі сабор П тысячагоддзя: партрэтная галерэя славутых гістарычных асоб ХП-ХХ стагоддзяў”і піратэхнічнае прадстаўленне.
Другі фестываль нацыянальных культур быў праведзены на высокім арганізацыйным і творчым узроўні. Ен пацвердзіў свае права на пастаянную прапіску ў Гродне. У рашэнні арганізацыйнага камітэта было прапанавана  надаць трэццяму  фестывалю нацыянальных культур у 2000 годзе  статус міжнароднага. Заключныя мерапрыемствы чацвертага, пятага  і шостага фестываляў нацыянальных культур  адбываліся таксама ў Гродне ў 2002,  2004 і 2006  гадах.
Так Гродна стаў сталіцай фестываляў нацыянальных культур. Зараз гэта – візітная картка горада над Неманам, горада-музея  з багатай гісторыяй і нацыянальна-культурнымі традыцыямі.
        Вядома, кожны фестываль мае свае асаблівасці, свае рысы. Не выключэнне і Фестываль  нацыянальных культур  у  Гродне. Ен паказвае, что ў Рэспубліцы Беларусь робіцца ўсе магчымае, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця культур нацыянальных меншасцей, захаваць стабільнасць і мір у краіне.
 
                Яўген ЖАБРУН, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення-
                начальнік аддзела па архівах і справаводству
                галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама


Рецензии