Пачатак жывёльнага жыцця
1
Ён пасялiўcя ў нас познiм кастрычнiцкiм вечарам. Але, напэўна, варта сказаць, што папярэднiчала яго прыходу, якi неўпрыкмет шырока расчынiў дзверы двухпакаёвай «хрушчоўкi» шматлiкiм наступнiкам.
На тую пару я была цалкам задаволена тым, што вырашыла прагу сына апекаваць нашых «малодшых братоў» за кошт жвавых маленькiх рыбак, якiя абсалютна не прэтэндавалi на жыллёвую плошчу за межамi свайго васьмiвядровага акварыума. I, галоўнае, я паклапацiлася аб тым, каб сын ведаў, што ў гэтым пытаннi мы з iм паставiлi кропку.
Памянёным вечарам, утульна месцячыся ў крэсле-гойдаўцы,
я даглядала апошнiя тэленавiны, як сын рашуча заступiў мне тэлевiзар.
-- Мама, я прашу толькi адно: паглядзi на яго!
-- На кагоў
-- Разумееш, у падвал нашага дома нехта выкiнуў сляпых кацянят...
Я зразумела ўсё. Але момант быў выбраны ўдала. Расслабленая
тым, што надзённы клопат закончыўся, паглыбленая ў падзеi свету, я зусiм не чакала падвоху ў сваiм доме. Гэта i спрычынiла тое, што сын змог прадоўжыць сваю ўзважаную прамову.
-- ...Ужо адзiн з iх быў мёртвым. Астатнiя ледзь дыхалi. Траiх забралi мае аднакласнiкi. Застаўся апошнi, самы слабы, -- чула я скрозь свае думкi.
...Неяк у размове наш добры знаёмы сказаў майму, тады яшчэ пяцiгадоваму, хлопчыку, што даўно б выбiўся ў прарабы, калi б умеў гэтак жа дамагацца свайго. З таго часу мала што змянiлася...
-- Не збiраюся глядзець нi на каго. Адыдзi ад тэлевiзара, -- адпрэчыла я, адчуваючы, што хатнi спакой iмклiва пакрываецца рабацiннем, як патрывожаная вада.
-- Мама, я не прашу цябе ўзяць яго. Ды ён i не выжыве. Ты
проста зiрнi на яго!..
Карацей, праз паўтары гадзiны сляпое кацяня памерам у мой мiзенец вучылася есцi.
2
Гэтай жа ноччу мы прачнулiся з адчуваннем, што ў кватэру нехта загнаў трактар. Магутныя хрыпы i трэск вырывалicя з грудзей нашага кацяняцi. Яно не рухалася, калi не лiчыць сутаргавага дыхання, якое час ад часу скаланала хлiпкую iстоту.
-- Валер, -- узмалiлася я да мужа, як рабiла заўсёды, калi мая самастойнасць не прыносiла плёну.
Валер, не вагаючыся, загарнуў кацяня ў махровы ручнiк i засунуў скрутак мiж падваконнем i радыятарам ацяплення, тэмпература якога ў тыя шчодрыя часы дазваляла ўзiмку трымаць адчыненымi форткi.
Наступныя дзень i ноч мы па-ранейшаму не мелi спакою ад гэтых,
па-праўдзе, невыносных гукаў. Што было далей – не памятаю.
Успомнiла я пра кацяня толькi праз тры днi. Нязвыклая цiшыня жахам паласнула па мне.
-- Выкiньце яго разам з ручнiком, -- папрасiла я сваiх мужчын.
Сын i муж, адпаведна -- вiнавата i збянтэжана, адправiлiся выконваць маю просьбу.
Магчыма, на гэтым i скончылася б нашае знаёмства, але мне чамусьцi захацелася паглядзець на яго.
У паласатым ручнiку цiха, як i належыць катам, спаў белы ў чорныя i рыжыя плямкi гарачы пушысты камячок. У той жа дзень ён атрымаў iмя -- Ксенiй.
3
Катаванне – не знайду лепшага слова -- якое выпала Ксенiю на пачатку жыцця, нiбыта заклала ў iм патрэбу сцвярджаць сябе жывейшым ад усiх жывых. Канечне, за кошт усiх астатнiх.
Першай ахвярай адразу ж зрабiлаcя навагодняя ёлка. Зжоўклыя ялiны, выкiнутыя потым на гарадскiя памыйкi, здалiся б свежымi маладзiцамi ў параўнаннi з ёй, няшчадна разбэрсанай.
Прайшлi яшчэ тры месяцы i адзiнай неабжытай iм у кватэры прасторай засталася толькi столь. У любы момант з усiх магчымых i немагчымых шчылiн, кутоў i закуткаў драпежная iстота магла кiнуцца на нас, прапануючы адну i тую ж гульню ў «кошкi i мышкi». Мышкамi, вядома, былi мы.
Седзячы за абедзенным сталом, мы сцераглiся, каб незнарок не варухнуць нагой, бо кожны падобны рух падлягаў з пункту погляду Ксенiя жорсткаму пакаранню.
Больш ад усiх трапляла сыну, да якога Ксенiй чамусьцi раўнаваўся. Ён не толькi наровiў заняць месца хлопчыка за абедам, але i атакаваў у адкрытую, выбiваючы з наскоку нават узятую ў рукi талерку.
Калi мы глядзелi тэлевiзар i не варушылiся, Ксенiй выбiраў нашыя галовы ў якасцi апорных слупоў, не мiнаючы нiводную на шляху пералёту з калiдора ў спальню i назад. Галовы, натуральна, былi патрэбны яму для прамежкавага прызямлення ў гасцёўнi.
Адпачывалi мы толькi з прыходам гасцей. Ксенiю больш падабалiся свежыя ахвяры.
З часам прыём гасцей у нас пачаў нагадваць чайную цырымонiю японцаў.
4
Безупыннасць i паслядоўнасць, з якiмi выкладаў сваю навуку суiснавання Ксенiй, надзвычай спрыялi яе выдатнаму засваенню.
Магчыма, з цягам часу Ксенiю ўдалося б нават замацаваць сваё правiла ў нашых генах. Але, напэўна, было не ў лёсе.
Як нi дзiўна, пераварот у нашай свядомасцi адбыўся, дзякуючы раслiннаму свету.
Ксенiю вельмi падабалася нюхаць кветкi. Дзеля гэтага ён заскокваў на стол i залазiў усiмi чатырма лапамi на край вазы з кветкамi, балансуючы там, каб трапiць у самы цэнтр пахаў. Выпадкам чарговая ваза або гляк заставалiся цэлымi.
Аднойчы быў якраз не той выпадак.
Па зацятаму маўчанню мужа i яго стаiчнаму выгляду я зразумела,
што пара прысвяцiць сябе выхаванню нашага малодшага сямейнiка.
Давялося задзейнiчаць увесь свой спрыт, каб адлавiць свавольнiка. Зацiснучы Ксенiя пад рукой, я вымусiла назiраць яго, як прыбiраю аскалабкi, падбiраю разлiтую ваду, парадкую кветкi ў слоiк. Не зважаючы на тое, што ад яго кiпцюроў мая апранаха на баку ўжо нагадвае махровы ручнiк, ад трудавога выхавання мы адразу перайшлi да эстэтычнага.
Трымаючы злыдня за каршэнь, я абаперлася cвабоднай рукой на край стала i пацягнула носам паветра ў напрамку кветак, даводзячы яму, як паводзяць сябе выхаваныя асобы ў адносiнах да букетаў.
Муж не раз казаў, што я без тармазоў, таму далей спынiць мяне было ўжо немагчыма: cпаць на маёй пуховай хусце – нельга; займаць не сваё месца за абедам – нельга; есцi з чужых талерак -- нельга; раскiдваць рэчы – нельга; караскацца па гардзiнах – нельга; на лесвiчную пляцоўку – нельга; паляванне – толькi па ўзаемнай згодзе i г.д., i т.п...
Зразумела, што ўсе гэтыя «нельга» я даводзiла яму як на ўласным прыкладзе, так i з дапамогай сямейнага «тэатру».
5
Ксенiй са свайго боку таксама выказаў вялiкiя здольнасцi да навукi суiснавання. Ён не толькi засвоiў усё прапанаванае яму, але i самастойна пайшоў далей.
Было смешна глядзець, як ён, ледзь не ламаючы сабе шыю, робiць выгляд, што яму зручна адпачываць гэтак жа , як i нам – галавой на падушцы, а тулавам на канапе.
Падчас ён не пакiдаў мне магчымасцi засяродзiцца на змесце якога чытва, спрабуючы сядзець падобна мне, абапiраючыся на спiнку канапы. Гнуткi хрыбет не трымаў яго i Ксенiй зноў i зноў звальваўся мне пад бок, аднаўляўчы свае намаганнi.
Напэўна, ён палiчыў за ўцiск сваю асобную парашу, бо адным разам выйшаў з прыбiральнi злы i пагардлiвы. Адзiнае, у чым можна было папiкнуць яго – дык гэта ў не нацiснутай за сабой кнопцы змыўнога бачка.
Цяпер ён нюхаў кветкi роўна па майму сцэнарыю, дазваляючы сабе толькi самымi кончыкамi пярэднiх лап абаперцiся на край стала.
Ашчадна ставячыся да спакою шаноўнай пуховай хусты, ён ажно cцiшаў каля яе хаду.
Карыстаўся ён выключна сваёй талеркай, грэбуючы любым прысмакам за яе межамi, i сына давялося вучыць есцi, не захiнаючы з усiх бакоў свой харч.
Карацей, жыццё з Ксенiем пад адным дахам зрабiлася асалодай.
I хаця зрэдзь яго буйны тэмперамент браў верх, мы толькi дзiвiлiся гэтаму, як дзiвяцца ў прыстойнай сям’i грубаму слову, прынесенаму неразумным дзiцём з вулiцы.
Увогуле, ён нагадваў вытанчаную, далiкатную асобу, можа быць, мы б сказалi – крыху манерную, калi б яно тычылыся чалавека.
Асаблiва ён уражваў сваiх былых ахвяр, памяркоўна не заўважаючы iх паддобрывання, з годнасцю абыходзячы працягнутыя ад стала пачастункi, усiм сваiм выглядам сцвярджаючы, што яго з кiмсьцi блытаюць.
Я не памятаю, каб ён лашчыўся да чыiх ног, або забiраўся каму на каленi. Уважлiвы i ўдумлiвы, ён зрабiўся, як бы сам па сабе – асобай. Але...
6
Аднойчы пасля вячэры я расклала свае паперы на кухонным стале. У такiх выпадках дамашнiя трымалiся ад мяне, як ад граху -- падалей. Да таго ж я адкрыта забараняла турбаваць мяне пад час працы. Гук тэлевiзара прыбiраўся i нават ваду дазвалялася пiць толькi ў ванным пакоi. Пры такiх умовах муж i сын часцей ад усяго адразу клалiся спаць.
Напэўна, прайшло добра часу, бо ў думках я паспела абсалютна адключыцца ад рэчаiснасцi, як мяне «ўключылi» самым грубым чынам.
Дзверы на кухню адчынiлiся так, што ажно бразнулi аб сценку. Я затрымала дыханне, каб не выказаць адразу ўсе свае думкi пра нахабную рэчаiснасць, i падняла вочы.
У дзвярным праёме нiкога не было. Гэта не паспела мяне азадачыць, як у прыцемку калiдора абазначылася знаёмая пыска.
Але ж вочы на гэтай пысцы былi неяк цяжка прымружаныя. Лапы мой «эстэт» ставiў на падлогу так, нiбыта рабiў iмi мах з-за пляча. I галава яго боўталася ў бакi на кожным кроку.
У гэтым аблiччы было штосьцi добра знаёмае мне... Я не паспела дадумаць.
Адзiны рух вопытнай лапы – i дзверца шкапiка пад кухоннай мыйкай адлятае. Ксенiй нырае ў памыйнае вядро...
Праз нейкi момант я ачуняла ад гэтага вiдовiшча.
-- Та-а-ак, -- зазначыла я, – звычайны памыйны кот!
З вядра высуналася здзiўленая пыска. Ксенiй памкнуўся нават зрабiць выгляд, што не бачыць мяне, але я не спускала з яго вачэй, не дазваляючы ўхiлiцца ад адказнасцi за свой учынак. Тады ён няспешна вылез з вядра i паволi, з годнасцю пакiнуў кухню.
Наступнага дня яго не было нi чутна, нi бачна. Пад вечар ён вылез з-пад канапы i накiраваўся на балкон.
З таго вечара Ксенiй аблюбаваў парэнчы балкона, дзе мы часта бачылi яго засяроджаным на нейкiх сваiх думках. Мы радавалiся, што наш кот сталее i хутка зробiцца, як i ўсе яго хатнiя суродзiчы, лянiвым мудрацом.
Але Ксенiй вырашыў iнакш. Напярэдаднi сваёй сталасцi, не парушаючы нi адну з маiх забаронаў, ён пакiнуў нашу кватэру зацяжным скачком з любiмых парэнчаў балкона.
Праз хвiлiну мы збеглi па лесвiцы з пятага паверху ў дворык, але не знайшлi яго i следу.
На працягу двух месяцаў палову кожнай ночы мы праводзiлi на памыйках квартала, спадзеючыся, калi не вярнуць Ксенiя, дык хаця якiм дзеяннем аблегчыць свае душы.
Аднойчы нам здалося, што мы бачылi яго. Белы з рыжымi плямкамi кот выскачыў з памыйнага баку, адбегся крыху i азiрнуўся. Ён як бы нешта ўзважыў i праз хвiлю знiк.
Мы тут жа вырашылi, што больш нiколi не завядзём у сваёй сям’i катоў. Яшчэ...
Я моўчкi пажадала ўслед, каб на той дарозе, якую абраў Ксенiй, у яго заўсёды была свабода заставацца сабой.
Свидетельство о публикации №215080501976
Владимир Грубин 30.11.2015 23:40 Заявить о нарушении