Ксеня. Джус

                МIСIЯ УРФIНА ДЖУСА


1

     Плынь жыцця – наровiстая рэч. Толькi ваб’ецца ў якое дасцiпнае рэчышча, як на табе – вiры, парогi, вадапады, мелi... Можна, канечне, асесцi дзе-небудзь на беразе i глядзець збоку на ўсе гэтыя выкрунтасы. Але хiба гэта жыццёў Каментарый да яго – i толькi.
     Наша кошка Ксеня любiла назiраць, але яе шырокай душы часам рабiлася цесна. Не паспела яна адпачыць пасля тэрору Джорджа ды абжыццца дабром з Мiртай, як надумалася прадоўжыць свой род.
     Дзень i ноч, перапыняючыся на дзьве-тры хвiлiны, надрывала яна голас, клiкаючы аднамыснiка ў сваiм намеры.
     Такiя збiралicя пад наш балкон, але, цвяроза ацэньваючы свае магчымасцi даскочыць да пятага паверху, зноў разбрыдалicя па наваколлi.
     Ксеня яшчэ не ведала, што рыцары на нашай зямлi аказалiся меньш жывучымi, чым прусакi, таму iх можна чакаць усё жыццё.
     Не магу растлумачыць, адкуль гэтыя замашкi з‘явiлiся ў нашай рыскi, але спускацца да ўсякага зброду яна зусiм не жадала, пакiдаючы на мне глыбокiя адмецiны абароны свайго гонару пры кожнай спробе спусцiць яе па лесвiцы.
     Мы пакiнулi б гэта на яе сумленнi, але «катафонiя», расцягнутая, бадай, на паўгода, гучала не толькi ў  нашай кватэры. Параеныя суседзямi бром з дзiмедролам супакойвалi Ксеню хвiлiн на пятнаццаць.
     Прылашчыць кошку было немагчыма – любы дотык успрымаўся ёю, як разрад электрычнага току. Нават Мiрта старалася прайсцi так, каб не зачапiць няшчасную.
     Нервовая, здзiчэлая, занятая сваiм неадкладным клопатам Ксеня перастала даглядаць сябе. Поўсць яе злiплася, вочы, пастаўленыя ў адну кропку, зрабiлiся, нiбы шкляныя.
     А першабытная сiла з хронаметрычнай паслядоўнасцю расшчапляла кашэчую глотку, каб вырваць адтуль раздражняльны, працяглы клiч стварэння жывёльнага свету.
     Мiрта ажно моршчыла вочы ад шчымлiвага спачування да пакуты сваёй мучыцелькi.
     Раней Ксеня прыкладала ўсе намаганнi i вынаходнiцтва, каб справакаваць сабаку i нас на ўзаемныя непаразуменнi. Любiмым яе заняткам было, прагульваючыся каля Мiрты, раптоўна даць уцекача перад самым сабачым носам, на што адрэагуе кожны прадстаўнiк гэтага роду.
     Каб упэўнiць нас у варожых намерах сабакi, яна  рабiла выгляд, што раптам баiцца iсцi ў прыбiральню паўз Мiрту. Нам адводзiлася роля целаахоўнiкаў на гэты яе занятак.
     Калi не хапала натхнення, Ксеня выбiрала статычную ролю. Каб даказаць нам, што жыццё пад адным дахам з такой  неўраўнаважанай асобай, як сабака, проста немагчымае, яна, грэблiва моршчыла пыску, кiдаючы гiдлiвыя позiркi ў бок Мiрты.
     I, хаця мы разумелi яе iнтрыгi, нам не аднойчы даводзiлася ўшчуваць нашу аўчарку, як больш моцны бок у iх адносiнах.
     Але праўда – рэч вострая.  Знясiленая ўласным крыкам, Ксеня пайшла шукаць паратунку ў свайго «ворага». Адчайна лашчачыся да сабакi, яна шчыравала ў даверы не толькi cвайго каштоўнага цела, але, здавалася, i самой бясцэннай душы. 
     Цяпер задаволеная Мiрта спаганяла сваё. З насмешлiвай жаласлiвасцю да кошкi i адначасна з паблажлiвым дакорам да нас яна нехлямяжа абсалаплiвала Ксеню сваiм языком, пасля чаго кошка не толькi выглядала, як выцягнутая з вады, але i начыста пахла сабакам.


2

     I ўсё-ткi, Мiрта не губляла галаву. Нажытая ёю падвышаная пiльнасць i насцярога да кошкi саслужыла нам неблагую службу.
     Мы тады не задумвалiся, як паўплываў на псiхiку нашай Ксенi яе працяглы нервовы стан.
     Неяк да нас завiтала са сваiмi бацькамi маленькая дзяўчынка.
     ...Трэба сказаць, што Ксеня чамусьцi не любiла гасцей – магчыма, за неспакой, якi яны прыносiлi з сабою. Але, напэўна, яе непакоiлi яшчэ i чалавечыя адносiны, бо яна заўсёды займала якi назiральны пункт, каб цiкаваць за намi. Пры гэтым выгляд у Ксенi мяняўся ад пагардлiвага да адасобленага, за выключэннем моманту, калi госцi пачыналi танчыць. Тут яна выказвала самую шчырую зацiкаўленасць, ажно прыпаднiмаючыся на заднiя лапы, каб не прапусцiць нiводнага моманту, асаблiва, калi Валер запрашаў Мiрту на сабачы вальс.
     Мiрта з такой сур’ёзнасцю танчыла, што гэты нумар карыстаўся вялiкiм поспехам i cярод гасцей...
     На гэты раз танцаў не было i Мiрта ляжала ў другiм канцы пакою.
Мы разам з гасцямi размясцiлiся на канапе, спiнку якой аблюбавала Ксеня, чакаючы развiцця падзей.
     Дзячынка расла ў сваёй сям’i разам з аўчаром Джэкам. Наша Мiрта, у арозненнi ад жывой кошкi, яе не цiкавiла.   
     Напэўна, жадаючы быць у цэнтры нашай увагi, выхаваная дзяўчынка не замiнала размове дарослых, а толькi  перабольшана смяялася, настойлiва  паказваючы пальчыкам на Ксеню. Яна карцiнна рабiла вялiкiя вочы, застываючы так на некаторы час, як бы дзiвячыся сама па сабе i паўтарала ўсё наноў.
     Дзяўчынка была вельмi прыгожая, артыстычная i, крадком назiраючы за ёю, мы абсалютна забылiся пра кошку, гадаючы, што новае прыдумае дзяўчо, каб прыцягнуць нас да сваёй гульнi.
     Мы i варухнуцца не паспелi, калi Ксеня раптоўна ўcкiнула сваю лапу з вострымi кiпцюрамi над дзiцячым тварыкам.
     У той жа момант нас самiх ледзь не размазала па канапе Мiрта. Аўчарка, не цырымонячыся, скочыла прама па нас. Яна не адкiнула кошку, а толькi ўтаропiлася на яе, падстаўляючы пад удар сваю галаву.
     Цi тое Ксеня хацела адно папалохаць дзяўчынку, цi тое ў яе хапiла мудрасцi i часу перадумаць, але кошка iмгненна расслабiлася, слiзганула ценем i недзе знiкла.
     Пасля гэтага здарэння мы вырышылi перайсцi да радыкальных мер.
     Белы прыгажунец, выдадзены сябрамi разам з найлепшымi рэкамендацыямi, iмгненна загнаў Ксеню пад ванну, але адтуль атрымаў такi адпор, што далей гэтага не пайшоў.
     Праз тыдзень зняслаўленага ката забiралi збянтэжанаыя гаспадары. Услед iм ляцеў неўтаймоўны кашэчы заклiк.
     Наступным быў наш любiмец – суседскi гадавалы кот Каралiн, якi цалкам адпавядаў свайму iмя.
     -- Ён, праўда, яшчэ нiяк не праявiў cябе ў гэтых адносiнах, але паспрабуем, -- сказала Таццяна, як разумны чалавек, пакiдаючы сабе шлях для адступлення. – Я тут параiлася, трэба на нашай тэрыторыi, -- дадала яна, выказваючы сваю тэарытычную падрыхтоўку да вырашэння практычнай задачы.
     Лепшага нельга было i прыдумаць. Ксеня ў кошыку пераехала за сценку.
     Мы адсыпалiся за паўгода.
     Праз тры днi Таццяна зазiрнула да нас.
     -- Забiрайце Ксеню, -- стомлена мовiла яна. – Зашылася ў кут, маўчыць, але есцi не бярэ, i нават не п’е. Каралiна да сябе не падпускае. Здохне, чаго добрага, -- уздыхнула сяброўка.
     Дома рот нашай пераборлiвай нявесты адразу пачаў запаволена разяўляцца i cхуднелая, з вялiзнымi пакутлiвымi вачыма кошка не вытрымала. Яна дзерла глотку так, нiбыта брала рэванш за тры днi маўчання.
      -- Слабо «Контр-сексу» супраць Ксюхi! -- Зазначыў Валер, калi я скармiла ёй апошнюю навамодную таблетку.
     Упартасць i неўтаймоўны тэмперамент Ксенi нейкiм чынам пачалi выклiкаць у яго павагу.


3

     На тую пару мы з Валерам вучылiся дэльтапланерызму.
     На свiтанку выхаднога дня, познячыся на палёты, мы пад рукзакамi збягалi па лесвiцы, як, заступаючы нам дарогу, з падваконня скочыла невытлумачальная iстота, аброслая ўсемагчымымi калючкамi ад дзядоўнiка да чартапалоху.
     Калi iстота з ваяўнiчым шыпеннем распушыла свой хвост, мы здагадалiся, што гэта нават не ёжык, а занядбанае кацяня, лёсам дасланае да нас.
     -- Кот! -- Радасна пацвердзiла я здагадку наконт лёсу, калi павярнула кацяня дагары лапамi. – Вырасце Ксеньцы жанiх!
     -- Памыць, абсушыць, сагрэць, накармiць, -- тэлеграфным стылем выдала я сыну, якi cонна пацiраючы вочы, адчынiў мне дзверы.
     Сын прачнуўся адразу.
     -- Ого! -- вочы яго радасна акруглелi. – Будзе зроблена!
     Iмя кацяняцi Валер прыдумаў, напэўна, пад час палётаў.
     Калi мы позна вечарам вярнулiся з дэльтадрому ў Азярцах, пышна прыбранае ў паласатую, доўгую, шэрую поўсць кацяня выйшла сустракаць нас у калiдор.
     -- Ну, як табе тут, Урфiн Джусў -- Пацiкавiўcя Валер.
    Урфiн, цiха мармычучы нешта, даверлiва пацёрся аб яго ногi.
     Мiрта, зграбна пераступаючы лапамi над кацянём, адцiснула яго, каб атрымаць сваю пайку ласкi.
     Нават павесялелая Ксеня зазiрнула ў калiдор, але, грэбуючы штурхатнёй, павярнула ў пакой.
     У доме адчувалася ажыўленне. Але больш ад усiх здзiвiў сын. На патэльнi нас чакала смажаная бульба.
     -- Ты, Урфiн Джус, сапраўдны чараўнiк! -- Шчыра пахвалiла я кацяня, развiтваючыся з iм на ноч.
     Неўзабаве мне давялося ўдзельнiчаць у крыху iнакшай iдылii.   
     Cтоячы каля акна, я залюбавалася Ксеняй, якая нават заплюшчыла вочы, песцячы сябе ў сонечных промнях на парэнчах балкона.
     Урфiн пасля шматлiкiх няўдалых спроб таксама заскоквае на парэнчы. Балансуючы там, ён асвойтвае новыя для сябе адчуваннi. На нейкi момант Урфiн аказваецца даволi блiзка ад Ксенi.
     Iмгненны проблicк кашэчых вачэй з амаль няўлоўным зроку ўзмахам лапы – i кацяня са скрыгатам кiпцюроў па металiчнаму шчыту знадворку балкона марудна спаўзае ўнiз.
     Не ведаю як, але я паспяваю падхапiць яго.
     Ксеня па-ранейшаму грэецца пад сонцам.
     Калi б я сама не была сведкам, яе расслабленасць i cпакой павiнны былi сведчыць мне, што яна не мае нiякага дачынення да гэтага няўклюднага ката.
      Я сарамацiла Ксеню да той пары, пакуль яна не зышла з балкона ў хату.
     У адказ на гэта наша iнтрыганка распрацавала свой план.


4

     Вельмi хутка яна ўмудрылася ўсталяваць найлепшыя адносiны з Урфiнам.
     Цяпер яна дазваляла кату есцi са сваёй мiсачкi, гуляла з iм у здаганялкi, хованкi, засады. Каты нават побач адпачывалi на спiнцы крэсла цi канапы. Разам выбягалi cустракаць мяне, калi я вярталася з працы.
     Зразумела, што я нарадавацца не магла на такое сяброўства.
     Аднойчы, як i заўсёды, яны iмгненна выскачылi ў калiдор на мой прыход дадому. I раптам разам зрабiлi на мяне спалоханыя вочы, разам паставiлi поўсць дыбам i, пачалi шалёна кiдацца ў розныя бакi, жахаючыся таму, што ўбачылi.
     Я ўпэўнена, што кожны з нас тут жа звярнуўся б да люстэрка.
     У люстэрцы была – я. Дапытлiвая -- i толькi.
     Каты не спынялi свой вэрхал, не зважаючы на мае ласкавыя захады да iх. Апантаныя, губляючы розум, яны спрабавалi схавацца ад мяне, чамусьцi кожны раз трапляючы мне пад ногi.
     Я ледзь дабралася да тэлефона, каб запрасiць Таццяну.
     Мой добры друг! Яна ўпэўнена зняла з мяне ўсякiя самападазрэннi.
     Каты без супынку насiлiся па кватэры, не даючы нам засяродзiцца на абмеркаваннi гэтай нагоды.
     -- Ану, сцiхнiце! -- «На аўтамаце» прыкрыкнула на iх Таццяна.
     Каты ад нечакансцi перапынiлi свой занятак. Было падобна, што
аднаўляць яго iм ужо не хацелася.
     Наступны дзень гiсторыя паўтарылася. Каты суцiшылicя толькi
з прыходам Валера i сына.
     Мы не маглi знайсцi якога тлумачэння. Каты былi абсалютна здаровымi. Гэткай жа прызнавалi мяне вiдавочцы.
     Але мне ўсё адно было прыкра, што я такое страшыдла, няхай толькi i ў вачах катоў.
     На трэцi дзень у знаёмай карцiне мне ўдалося разгледзець некаторыя адценнi.
     Урфiн не валодаў артыстычнымi здольнасцямi ў такой меры, як Ксеня. У гэтай сцэне ён выступаў, хутчэй, у якасцi дублёра.
Блазлiвасць, якая на нейкi момант прамiльгнула ў яго вачах, растлумачыла мне ўсё.
     -- Што ж, будзе вам страшыдла! -- я запусцiла ў нягодных артыстаў  сцягнутыя туфлi.
     Праз паўгадзiны першым не вытрымаў Урфiн. Ён вылез са свайго схову i пачаў вiнавата лашчыцца да мяне. Яшчэ праз нейкi чаc, муркаючы сваю «песню мiру», аб’явiлася з пацалункамi Ксеня.
     Сяброўства катоў перайшло ў больш спакойную форму. Праўда, пазбаўленая магчымасцi душой аддацца якому занятку, Ксеня аднавiла свае папуры на тэму прадаўжэння роду.


5
 
     Аднойчы Урфiн знiк.
     Я абшукала ўсе куты, уключаючы палiцы, шафы, шуфляды – той, хто пазнаёмiўся раней з нашым папугаем Джорджам i яго звычкамi, упэўнены, што гэта было зроблена мной  прафесiйна – i выйшла на балкон абдумаць здарэнне.
     Хутка ў мой роздум пачалi далятаць нязвыкла пяшчотныя словы, якiя мужчынскi голас гучна прамаўляў прама пада мной.
     Такое ў маёй жыццёвай практыцы было ўпершыню. Звычайна ад cуседзяў могуць далятаць толькi гукi сваркi. Заiнтрыгаваная тым, што чую, я перагнулася праз парэнчы, каб упэўнiцца, што не трызню.
     На балконе пад намi cядзеў сусед, кватэру якога мы не аднойчы затаплялi.
     Як раз тады я толькi прыйшла да высновы, што людзi,  cхiльныя да зваднiцтва, свядома выбiраюць нiжнiя паверхi. На маю думку -- калi ўжо наканавана трываць ад вады, дык лепш ад прыроднай.
     Я нават ставiла суседу ў прыклад сябе, калi тры гады запар дажджы настойлiва прабiвалicя cкрозь дах i столь у нашу кватэру.   
     Але сусед глядзеў на гэта са сваёй званiцы.
     Зразумела, што сяброўскiя адносiны хаця б для пачатку патрабуюць аднадумства, таму скласцiся ў нас нiяк не маглi.
     Можаце ўявiць маё здзiўленне, калi я ўбачыла, што свае любошчы сусед адрасуе нашаму Урфiну, з замiлаваннем скармлiваючы яму найкаштоўнешыя гастранамiчныя дэлiкатэсы.
      Цяпер я думаю, што варта было пакiнуць усё, як ёсць. Але тады, не ведаючы абставiн, я накiравалася ўнiз высветлiць iх.
     -- Даруйце, да вас неяк трапiў наш кот, -- паспешлiва растлумачыла я свой вiзiт, калi сусед адчынiў мне дзверы,.
     Лагодны выраз твару яго паволi cаступiў месца задуменнаму.
     -- Праходзьце, -- запрасiў чалавек.
     -- Не-не, -- спынiў ён мяне, калi я накiравалася прама на балкон, i паказаў на крэсла.
     Мне здалося, што сусед не хоча расставацца з маiм катом.
     Чалавек сеў у крэсла насупраць. Памаўчаў i раптам узняў на мяне пранiклiвыя вочы.
     -- А я думаў, што жонка прынесла. Прыходжу, а кацяня зачыненае на балконе, -- развёў ён рукамi. – Нядаўна аб’яўку каля дзiцячага садку бачыў, думаў, што яна... – Ён сумна пасмiхнуўся сам сабе. -- Дык гэты, значыць, ваш, -- ён паказаў на балкон.
     -- Звалiўся, напэўна, -- са шкадаваннем вымавiла я.
     -- Ведаеце, я столькi прасiў яе завесцi дома сабаку. У мяне, калi я жыў з бацькамi, была сабака. Якое разумнае стварэнне, скажу я вам!..
     Я слухала яго ўспамiны i думала, што нельга перашкаджаць чалавеку любiць тое, да чаго iмкнецца яго душа. Нявыкарыстаны запас гэтай энергii робiцца лiшкам, разбурае чалавека, застойваецца i, як усё застойнае, выплёскваецца парой ужо сваёй процiлегласцю...
     Урфiна мне сусед аддаў. Праўда ён падвёў мяне да думкi,
што два каты нам не патрэбныя i, калi жонка дазволiць, ён забярэ яго назад. Наступстваў з яго боку гэтая прапанова не мела.
     Але з той прыгоды Урфiна патопы з нашага боку скончылicя. Канечне, можна многа чым апраўдаць факт. Але я думаю, што ўсе праблемы вырашаюцца спачатку ў душах людзей.
     Другiм разам, калi Урфiн адправiўся па ласункi на разведаны iм балкон, гаспадары аказалiся ў ад’ездзе i мы цэлы выхадны правялi пад каўканне галоднага ката ў распрацоўцы спосабу яго вызвалення. Пад вечар мы здалiся i запрасiлi Таццяну. Хутка на балкон пад намi спускаўся кошык, навязаны за вяроўку. У кошык, вядома,
быў загадзя пакладзены кавалак каўбасы. Як толькi Урфiн залез туды падсiлкавацца, мы асцярожна паднялi кошык з iм да сябе.
     -- Я казаў, Таня – раз-зумная! -- Узнiмаючы палец угору, не аднойчы сцвярджаў яе брат Андрэй, таксама жыхар нашага пад’езду.
     Зараз мне падумалася, што разумных у нас шмат, ды толку ад iх мала. А Таццяна ў нас – талковая. Трэба сказаць пра гэта Андрэю.
     Урфiн быў настойлiвым катом i гэты спосаб спатрэбiўся нам яшчэ раз за адпачынак суседзяў.


6
 
     Яго настойлiвасць выказала сябе i ў нежаданнi карыстацца нi нашай агульнай прыбiральняй, нi асобнай. Свае патрэбы ён ахвотна спраўляў толькi ў гаршчку з лiмонным дрэвам.
     Баючыся за паветра ў кватэры, ды i за дрэва, гадаванае мною восем гадоў, я абвязала марляй нiз лiмона разам з гаршчком i ўладкавалася насупраць, каб паназiраць за Урфiнам.
     Той не вымусiў мяне доўга чакаць. Спачатку ён паспрабаваў разбурыць мой наватвор.
     Мяркую, нiхто не сумняваецца ў здольнасцi жанчыны стварыць з анучы надзейную канструкцыю. Урфiн таксама хутка ўпэўнiўся, бо пакiнуў свой занятак i cеў, гiпнатызуючы паглядам дрэва. Каб вырашыць пастаўленую задачу яму спатрэбiлася амаль гадзiна.
     Я, тоячы дых, не адводзiла вачэй ад ката, якi знерухомеў насупраць упартага дрэва ў штанах. Мяркую, што гэтыя ненатуральныя паводзiны дрэва i адштурхнулi Урфiна.
     Калi ў мяне ўжо не толькi знямелi мышцы, але i занылi косцi, кот самастойна перайшоў на агульнае палажэнне i накiраваўся ў прыбiральню.
     Цi тое ён за што ненавiдзiў кампакт, цi тое цiкавiўся яго нутром, але двойчы рабiў замах на генiяльнае дасягненне цывiлiзацыi, скiдваючы на яго з палiцы самыя цяжкiя шкляныя флаконы.
     Другi раз закончыўся заменай кампакта i шырмай на палiцы.
     Той час, якi мянялi сантэхнiку, Урфiн выкарыстаў, каб прывучыць нас выпускаць яго на двор.
     Мiрце не падабалiся каты, якiя гуляюць самi па сабе. Пры кожным вяртаннi Урфiна яна прымала ў яго выспыт на права жыць у хаце.
     Гэта было нешта накшталт цыркавога атракцыёну, калi дрэсiроўшчык кладзе сваю галаву ў пашчу iльва. Наша адважная  «дрэсiроўшчыца», канечне, брала галаву ката ў сваю пашчу. Калi Урфiн пачынаў задыхацца, Мiрта крыху расшчапляла зубы i абслiняўлены кот вымушаны быў выдзiрацца з яе пашчы, пракладваючы сабе шлях у дом.
     Часта са сваiх адлучак Урфiн вяртаўся са шматлiкiмi драпiнамi, скрываўлены, але загартаваны да новых прыгод. Звычайна яму хапала днi тры, каб адаспацца i загаiць раны.
     -- Мужык! -- Ухваляла яго паводзiны Таццяна, аднак з замiлаваннем гледзячы на свайго вальяжнага, памяркоўнага Каралiна.


7

     Аднойчы ў нас начаваў наш сябра-кiянiн, з якiм мы пазнаёмiлiся пад час паходу па Цянь-Шаню. На гэтае лета мы збiралiся тым жа складам адправiцца на Алтай i Пятро прыехаў да нас у Менск узгаднiць раскладку, маршрут, экiпiроўку i г.д..
     Ранiцай за чаем Пятро быў на дзiва маўклiвым, кiдаючы раз ад разу падазрона-спалоханыя позiркi на нас i ў куты хаты. На маю рашучую прапанову растлумачыць, што адбываецца, Пятро неахвотна выказаўся:
     -- Тут нешта не так.
     Не ведаючы, што ў нашым доме магло быць «не так» для яго, мы
запатрабавалi ўдакладнення.
     -- Лады, жадаеце – слухайце! Высновы рабiце самi, але са мной усё ў парадку, -- Пятро красамоўна паляпаў сябе па галаве.
     Такi ўcтуп можа навесцi толькi на думку аб адваротным. Мы моўчкi праглынулi гэтую думку,  падазрона-заiнтрыгавана слухаючы сябра.
     -- Дык вось, сплю я, значыцца, -- цвёрда, як бы адразаючы сабе шлях да адступлення, мовiў ён. – Прачынаюся, заўважце – прачынаюся! -- ад таго, што не магу дыхаць, нешта давiць мне на грудзi. Я расплюшчваю вочы, у акне – поўня, а яно – на мне! Уставiлася, як вы цяпер, моўчкi, толькi вока чырвонае блiшчыць. А пасля – як дыхне падлай, ды пашчай ашчэранай мне ў морду. Ну, я i «вырубiўcя»...
     -- Што – яноў -- Не вытрымала я.
     -- У тым i справа, што не ведаю! -- Са шкадаваннем выдыхнуў Пятро. – Пачвара нейкая! Вампiр!
     -- Выкiнь з галавы, чаго толькi чалавеку нi прыснiцца! -- Супакоiў
сябра Валер. – У нас тут не Дзiканька!
     -- Я ўсё сказаў. – Адрэзаў Пятро, расшпiльваючы на грудзях гузiкi кашулi. Саколка яго была ў крывi...
     Хвiлiну жахлiвага маўчання, якое выклiкала гэтае вiдовiшча, парушыў Джус. Прыпадаючы на лапу, ён асцярожна, бокам паўз сценку, цягнуў сваё скалечанае цела на кухню.
     Такiм мы яго яшчэ не бачылi. Адно вока з падраным павекам  сачылася крывёю, другога, заплылага пухлiнай, не бачна было зусiм. Вуха, раздзёртае ў даўжыню на дзве часткi, рабiла яго не толькi трохвухiм, але i, увогуле, надавала нейкi фантастычны выгляд. Дадаць да гэтага злiплыя, асобныя купiны поўсцi, ды абвiслы хвост – сказаць вельмi мала, калi шкадуеш свайго ката.
     Пакуль я апрацоўвала раны Урфiна, высветлiлася, што ноччу сына пабудзiла Мiрта. Яна ўмела рознымi адценнямi голасу абсалютна дакладна давесцi да нас свае запатрабаваннi.
     Сын адразу пайшоў адчыняць дзверы Урфiну. Святло, каб не пабудзiць госця, запальваць не стаў.
     Урфiн, канечне, па звычцы заняў сваё месца на канапе, не мяркуючы, што яно ўжо занятае. Напэўна, кот сам спалохаўся, калi канапа пад iм распачала манеўры.
     Каб супакоiць збянтэжанага Пятра, я расказала яму, што не так даўно крычала ноччу ад жаху, калi ложак пада мной варухнуўся, а рука на абсалютна роўным матрацы намацала шарсцiстую, гарачую пляму. Адпрасаваны маёй спiной Джус нагадваў нягеглы блiн, але нават не прачнуўся нi на мой крык, нi, калi я пераносiла яго на канапу.
     Пятро паблажлiва ўсмiхнуўся з вышынi свайго вопыту на мой аповед...


8

     Мяркую, што нехта з уедлiвых прадстаўнiкоў чалавечага роду ужо гатовы папiкнуць мяне – а як жа было з мiсiяй, ускладзенай на Урфiнаў Магу запэўнiць, што, загартаваны дваравымi баталiямi, Урфiн Джус справiўcя з гэтым яшчэ да наступлення сваёй кацiнай сталасцi.
     Калi яго пачаў раздражняць кашэчы енк, ён скочыў да Ксенi на крэсла. Магутная лапа з выпушчанымi кiпцюрамi над яе галавой аказалicя дзейсным сродкам прымусiць яе замаўчаць. З таго часу, забываючыся, кошка не паспявала выдаць i cкерца сваёй «сiмфонii», як Урфiну дастаткова было  падняць галаву, каб яна тут жа моўчкi праглынула ўcё астатняе.
     Нават, калi Урфiна не было дома, Ксеня дазваляла сабе толькi ў палову голаса паплакацца пад ваннай.
     -- Ну, а пасляў -- Запытаецца найбольш паслядоўны з уедлiвых.
     З поўнай адказнасцю магу засведчыць, што ў гадавалым узросце
Урфiн супакойваў кошку, ужо не ўзнiмаючы на яе лапу.
     Калi раптам у каго яшчэ засталiся пытаннi на гэтую тэму, тэарэтыкам рэкамендую паступiць на бiяфак БДУ, практыкам – пасялiць у сябе ката з кошкай.
     Адно магу дадаць, што не гледзячы на свой тэмперамент, Ксеня не ўтрымала Урфiна i па хуткiм часе з падвала, дзе жыла чорная кошка Пуня, якую на памяць захапiў адзiн хлопец нашага дома з КПЗ, куды за хулiганства трапiў на пятнаццаць сутак, пачалi вылазiць на двор маленькiя «урфiкi».
     Не ўтрымала яго i бывалая Пуня, хаця, як сцвярджаюць жыхары нашага дома апекавала некалькi катоў у cваiм логаве, аднаму з якiх, абсалютна беламу пушыстаму ангорцу нават не дазвалялася пакiдаць падвал. Але што можна ўтоiць ад людскiх вачэйў Ведаючы па сабе, скажу – нiчога!
     Апошняй, вядомай нам, пасыяй была маленечкая белая кошачка, якую ў моцныя маразы Урфiн прывёў дахаты ратаваць ад галадухi.
      -- Iдзi, зiрнi! -- Паклiкаў мяне Валер, калi адчынiў дзверы на адчайнае скавытанне Мiрты.
     Пасля таго, як Урфiн аднойчы, збiты, ледзь прыпоўз па лесвiцы дахаты, яна заўсёды прыспешвала нас, хвалюючыся за яго i нiколi не праводзiла сваiх «выспытаў», калi кот быў не ў лепшым стане. 
     Урфiн не зайшоў у кватэру, а чакаў разам са сваёй сяброўкай насупраць дзвярэй, пакуль я вынесу iм паесцi.
     Яны неяк далiкатна паелi i пакiнулi пад‘езд.


Рецензии