Ксеня. Джус. Страты
1
Не гледзячы на тое, што ад Валера я не пачула добрага слова за зробленае мной у кватэры...
Прабачце, я зараз падумала, што не прыпомню, наогул, каб чула ад яго што-небудзь прыемнае.
Ды, Бог з iм, з добрым словам, быў бы чалавек добры! Шкада толькi, што вожыкаватасць мужа не напускная, а шчырая i, нават, страсная. Занадта многа сiл i часу даводзiцца губляць на тое, каб хоць неяк паразумецца з чалавекам.
Але, што з тагоў Кажуць мудрацы, што ў сваiм воку варта шукаць бервяна...
Дык вось, яўна iгнаруючы мае заслугi ў такой сур’ёзнай справе, Валер пачаў прыводзiць у кватэру цэлыя экскурсii.
Разам з рознымi дзiковiнамi, якiя мы i сябры навезлi са сваiх вандровак, на роўных з маiмi горнымi пейзажамi, пано з цянь-шаньскiмi эдэльвейсамi, кiтайскiмi званочкамi, кактэбельскiмi акарынамi ды iншым – Валер дэманстраваў гасцям сумесную ванную з прыбiральняй, аздобленую вагонкай i керамiчнай плiткай, вузенькi балкон, перароблены ў лоджыю, таннае вiтражнае шкло ў двухстворчатых дзвярах гасцёўнi, распiсанае мной пад срэбра i золата, стыльную прыхожую з дубовымi панэлямi, зробленымi дзеля Мiрты са старабытнай шафы, набытай яшчэ ў мае студэнцкiя гады за тры рублi i г.д.
Я здагадвалася, што гэта мне -- найлепшая хвала. I ўcё-ткi вымушана была задумацца, калi двойчы запар Валер зацягнуў у нашу «хрушчоўку» спачатку нейкую турэцкападдадзеную (няхай выбачаюць мне прыхiльнiкi Iльфа i Пятрова, але я апавядаю пра абсалютна сапраўдныя падзеi i рэальных удзельнiкаў iх) чыноўную асобу, а за iм, калi не таўстасумага, дык, несумненна, тоўстага бiзнесмена з Масквы.
-- Валер, як табе сказацьў Наш дом дарагi нам тым, што мы здолелi зрабiць для яго... Можа, у таго турка, што ты прыводзiў, мармуровы палац з фантанамi на яго радзiмеў -- Асцярожна пачала я сваю гаворку. -- Я ўжо не кажу пра гэтага перакормленага маскавiта! Можа, iх здзiўляе тваё захапленнеў Яны ж не бачылi нашай кватэры раней...
Так аднойчы дзiця даведваецца, што яго лялька – не жывая. Валер добра ўгледзеўся мне ў вочы i моўчкi сеў да кампутара.
Мне было вельмi шкада яго, але яшчэ болей не хацелася, каб гэты ўдар нанеслi яму чужыя, не такiя асцярожныя людзi.
Экскурсii закончылiся.
Цяпер я магла заняцца сваiмi гадаванцамi.
Калi Клеапатра ўвесь гэты час была навiдовоку, пад нагамi, або на руках, то Мiрта, калi патрабавалася, умела быць нячутнай i нябачнай. Карыстаючыся тым, што дзверы часта адчынялiся рознымi людзьмi, яна ўзяла за звычку сама выгульваць сябе.
Урфiн Джус не паказваўся пад час рамонту i толькi цяпер жыў у нас тыдзень запар з прычыны нагнаення ў параненай недзе лапе.
Мы з Валерам выправiлiся да Ксенi, якую не бачылi амаль месяц.
2
...Ксеню мы яшчэ пад канец лета адвезлi на дачу. Побач быў лес, на якi мы ўскладалi вялiкiя спадзяваннi.
Кошка апошнiя два гады хварэла на пухлiну. Час ад часу пухлiна раскрывалася i Ксеня ад болю не магла знайсцi сабе схову, туляючыся па кватэры i пакiдаючы за сабой плямiны крывi i гною.
Упiльнаваць гэты момант удавалася не заўсёды. У такiх выпадках мне даводзiлася рабiць дэзынфекцыю ва ўсiх абжытых ёю мясцiнах.
Cэрца сцiскалася ад жалю да яе i cтраху за нашых астатнiх сямейнiкаў. У двухпакаёўцы немагчыма было стварыць прымальныя для ўсiх умовы на гэты выпадак. I не саджаць жа было нашу Ксеньку з яе шырокай душой у клетку!
Аднойчы я ў чарговы раз наклала павязку на жывот Ксенi i гушкала кошку на руках, каб ёй лягчэй было трываць першае, раздражняльнае, уздзеянне лекаў.
Мы з Таццянай, маiм добрым анёлам у падобных нягодах, назiралi за Клеапатрай, занятай пошукам Урфiна.
Кот, жадаючы спакойна адаспацца пасля чарговай вандроўкi, схаваўся ад малой у шафу. З палiцы шафы на паўметра звешваўся пушысты шэры хвост. Месца было мала i Урфiн часу ад часу ўздрыгваў скрозь сон, падцiскаючы лапы, каб не звалiцца адтуль.
Менавiта гэта, а не даўжэзны хвост, выкрыла яго схоў Клеапатры.
Малая, безнадзейна падскокваючы, каб дастаць да кацiнага хваста, ажно зайшлася ад брэху на вiдавочнае здраднiцтва свайго сябра.
Мiрта, прыўзняла брыво, каб эканомна расплюшчыць толькi адно вока, i тут жа мудра яго заплюшчыла. Яе больш цiкавiлi ўласныя адносiны з iншымi, а не iншых памiж сабой.
Клеапатра прыiмчалася да нас прасiць падмогi. Яна зласлiва брахнула ў адказ на абыякавасць да яе клопату i адправiлася зноў даймаць недасяжнага Урфiна.
Таццяна, пакутлiва зiрнула на Ксеньку на маiх руках i ўздыхнула.
-- Падумай пра гэтых, -- нязвыкла цвёрдым голасам сказала яна, паказваючы галавой у напрамку шафы.
Як мне хацелася тады не бачыць падобнага, не чуць, не думаць!
Кампрэсы са спiртавой настойкай праполiса хутка выцягвалi гной з кошчынай раны. Павязкi з сокам чыстацела хутка загойвалi. Але... на кароткi час.
Неўзабаве Ксеня пачала падаць, завальваючыся на бок пры хадзе.
3
Мы адчаялiся дапамагчы ёй. Валер катэгарычна адмаўляўся спынiць пакуты Ксенi з дапамогай ветэрынара. Мне ж здавалася гэта большым клопатам аб ёй i астатнiх.
I ўсё-ткi я рада была рашэнню даверыцца прыродзе ва ўсiх сэнсах гэтага слова, хаця вельмi непакоiлася за непрыстасаванасць Ксенi да самастойнага жыцця, асаблiва ў такiм стане.
Наша дача стаяла побач з хатай бацькоў Валера. Кожнае ранiцы Ксеня забiралася на акно iхняй кухнi i, калоцячы знадворку лапай у шкло, патрабавала сваю пайку лiверу.
Мы час ад часу прыязджалi праведаць яе i пакiнуць харчы.
Ксеня адразу аб’яўлялася на наш поклiч, iншым разам акуратненькая, пяшчотная, iншым – ледзьве перастаўляючы лапы.
Часцей ад усяго яна прыходзiла з суседскага агароду.
Мы здагадвалiся, што кошка аблюбавала там сарай, куды наш дзiўны сусед, якi ўжо некалькi гадоў не трымаў карову, складаваў па звычцы сена, скошанае на сваёй даўно не абраблянай зямлi.
Яшчэ нам здалося, што Ксеня пачала любiцца з вясковымi катамi, якiх тут часта прыходзiлася па некалькi на дом. Было смешна глядзець, як адзiн, а тое i два кавалеры за плотам нецярплiва чакаюць, калi закончыцца наш вiзiт. Праўда, пры нас Ксеня абсалютна не зважала на iх.
Пухлiна ж яе то амаль прападала, то расла зноў...
4
На гэты раз мы прычакалi Ксеню толькi ўвечары, калi ўжо выпраўлялiся ў горад.
У паўзмроку яна выглядала пушыстым белым шарыкам. Ксеня цiхусенька сядзела на дошках, кiнутых каля ганку i мружаннем вачэй вiтала нас.
-- Валер, Ксеня поўсць ужо на зiму гадуе! -- Абрадвалася я, нахiляючыся да сваёй любiмiцы.
-- Давай, хутчэй! Цёмна ўжо. Нам праз лес яшчэ iсцi, ды ехаць паўтары гадзiны, -- нервова прыспешыў мяне Валер, са шкадаваннем гледзячы на кошку.
-- Халады хутка, можа, забяром яеў -- прапанавала я.
-- Праз тыдзень прыедзем i забяром! -- адмахнуўся Валер ужо на сцяжыне да лесу.
Мы не ведалi, што бачылi яе апошнi раз.
Нi праз два тыднi, калi мы змаглi прыехаць у вёску, нi пазней, Ксеня не прыйшла на наша гуканне. Пошукi яе i роспыт суседзяў таксама не даў плёну.
Доўгi час я не магла растлумачыць сабе яе знiкненне.За тры месяцы кошка добра абжылася там. Выглядала яна апошнiм разам зусiм не блага. Насцярожвала адно далiкатная нерухомасць, з якой яна вiтала нас пры апошняй сустрэчы.
I толькi праз тры гады, калi мы перабралiся жыць на дачу, я ўбачыла Ксеню на прызбе суседняга дома, адкуль яна раней часта прыходзiла да нас.
-- Ксеня! Ксюшка! Ксенечка! -- Кiнулася я да плота. – Валер! Хутчэй! Вунь Ксенька на прызбе!
На мае крыкi кошка спынiла свой шпацыр па прызбе, азiрнулася, прайшла крыху, зноў азiрнулася на нас i знiкла за рогам дома.
Валер чутна перавёў дых.
-- Не, гэтая маладзейшая. Падумай, нашай было б ужо восем год, -- прамовiў ён, павяртаючы ўбок твар, каб схаваць разгубленыя вочы. -- Гэтай гады са тры, не болей.
-- Кажаш, тры гадыў
Я задумалася.
-- Валер! Дык як раз тады ў яе маглi быць кацяняты! Вось чаму яна i не магла прыйсцi да нас...
Валер зiрнуў на мяне з такiм шкадаваннем, што я сумелася.
Але кожны год летам, назiраючы за кошкай на прызбе суседа, я крычу:
-- Ксеня!
Кошка на хвiлю перапыняе свой занятак, а я, дзiўлюся на гэтае хараство – ну, вылiтая Ксеня!
5
Мне застаецца яшчэ сказаць, што Урфiн Джус пакiнуў нас у тую ж восень, што i Ксеня. Ён не знiк. Знiмаючы ўсе мае магчымыя трывогi за яго, Урфiн прыйшоў развiтацца.
Мы выпраўлялiся ў вёску на пошукi Ксенi, калi Урфiн сустрэў нас ранкам, седзячы тварам да пад’езду на самым адкрытым месцы палiсаднiку. Падобная нядбаласць была не ўласцiва яму. Звычайна ён узнiкаў, як бы нiадкуль, пад нагамi, трапляючы адразу пад нашу ахову. У гэтай абыякавасцi да небяспекi, у самой яго паставе, напружана ўзнятай галаве чуўся нейкi выклiк.
Кот не скрануўся насустрач нам i толькi пiльна глядзеў прама ў вочы. У гэтым позiрку было нешта вельмi балючае, сумнае i адначасна ён як бы адштурхоўваў мяне. Я нават не зразумела адразу.
-- Урфiн! -- Абрадавалася я.
Валер прыпынiўся, са спачуваннем агледзеў Урфiна. Выгляд у ката быў ужо амаль не тутэйшы.
-- Урфiн, хочаш дамойў -- Запыталася я.
Кот нервова торгнуў вушамi, як бы страсаючы з iх мае словы. Ён упарта глядзеў мне ў вочы.
-- Можа, у вёску з намi паедзешў -- Не здавалася я, гэтак жа ўпарта не жадаючы разумець яго позiрк.
Урфiн узважыў маю прапанову. Ён нават прыпадняўся, але тут жа зноў сеў.
-- Спынiся, не трэба, -- папрасiў мяне Валер.
Мы колькi часу яшчэ моўчкi пастаялi насупраць дзiвоснага, мужнага Урфiна Джуса, якi cабраў астатнiя жыццёвыя сiлы, каб прыйсцi да нас з самай высакароднай патрэбай – апошнi раз сустрэцца вачамi ў гэтым зямным жыццi.
Ужо каля машыны я не вытрывала i азiрнулася – гордая галава Урфiна была павернута нам услед...
На нашым былым гарадскiм двары я часта сустракаю «урфiкаў» -- шыза-шэрых вялiзных катоў, як дзьве кроплi вады, падобных на свайго родапачынальнiка. У адрозненне ад Урфiна, яны мне здаюцца звычайнымi, занятымi cабой катамi. Я радуюся iм, але мая душа чамусьцi не робiцца ад гэтых сустрэч шырэйшай. Хаця... магчыма, я проста iх не ведаю...
Свидетельство о публикации №215080600027