Яечня

АПЕРАЦЫЯ  «ЯЕЧНЯ»


1

     Наш кот Урфiн Джус аддаваў перавагу волi.
     Часцей ад усяго ён прыходзiў дахаты шукаць якога паратунку: загаiць раны, адаспацца, ад’есцiся, пазбыцца з маёй дапамогай каўтуноў.
     Аднак, i пры поўным ладзе свайго быцця Урфiн не забываў пра нас. Калi я пачынала ўжо непакоiцца за яго, кот абавязкова наведваўся. Iншым разам ён толькi лянотна высоўваўся з травы, каб я магла бачыць, што з iм усё ў парадку. Пад час начной прагулкi з Мiртай Урфiн звычайна далучаўся да нас. А гэта выпадала не рэдка.
     На тую пару маё жыццё падпарадкоўвалася творчай працы на тэлебачаннi. Часам даводзiлася аддаваць ёй выхадныя днi i вяртацца дахаты ноччу. Калi дома не было мужа i cына, я вельмi cпяшалася, каб хутчэй вывесцi на двор Мiрту. I не толькi ад радасцi пабачыцца з Урфiнам. Мелася асобная прычына.
     З’язджаючы куды, мы заўсёды пакiдалi сваiх сямейнiкаў на клопат нашай cуседкi Таццяны. Аднойчы мы вярнулiся праз тры днi.
     Не паспелi мы падняцца на сваю пляцоўку, як cуседка выбегла напярэймы.
     -- Вы толькi не палохайцеся. У вас замок заклiнiла! -- Папярэдзiла яна.
     -- А Мiрта?! -- Разгубiлаcя я.
     -- Падумаеш, прыбяром за ёй! Нiчога з намi не зробiцца! -- Супакоiла Таццяна. – Без вас не рашылася ламаць дзверы!
     Пакуль я калупалася ключом у замку, Таццяна апавядала:
     -- Заклiнiла ў той жа вечар, як вы паехалi. Я аднесла Мiрце есцi, i прыйшла пазней, каб пагуляць з ёй. Але замок ужо заела. Потым адно хадзiла да вашых дзвярэй пагаварыць з Мiртай. Каб не сумавала там. Яна павiсквала ў адказ. Сёння, праўда, маўчыць...
     Я тузанула дзверы так, што яны адчынiлiся.
     Насустрач нам выскачыла Мiрта. Яна паспела кожнага лiзнуць у руку i паiмчалася ўнiз па лесвiцы.
     У хаце было чыста. Ежа стаяла не кранутая.
     Мы з Таней глядзелi адна на другую круглымi ад жаху вачыма. Нам даводзiлася чуць аб выпадках, калi выхаваныя людзьмi аўчаркi гiнулi ад стрымлiвання сваiх патрэб за значна меньшы тэрмiн.
     -- Даруй, я не ведала, што Мiрта ў вас такая! -- Горача ўсклiкнула Таццяна. – Мае не цярпелi!
     -- Ды кiнь ты, хiба хто можа ведаць, на што яна здольная! -- Адмахнулася я ад недарэчнага пакаяння.
     Мiрта ўжо вярнулася з вулiцы i вылiзвала сваю мiску.
     -- У наступны раз – ламай, не думаючы! -- Сказала я.
     -- Ламай! -- Падтрымаў Валер, дапытлiва ўглядаючыся ў абсалютна задаволеную цяпер Мiрту.
     -- Несумненна! -- Запэўнiла нас сяброўка...


2

     Зразумела, што ў тую ноч, пра якую зараз пойдзе мой сказ, я не магла не спяшацца да Мiрты, памятаючы пра яе схiльнасць да вытанчанай самаахвярнасцi.
     Зманцiраваная тэлепраграма адразу адступiла некуды ў нябыт, як толькi я выйшла на ганак тэлекомплексу. Так i павiнна быць. Гэтай працы аддадзены ўсе сiлы.    
     Стаяла глыбокая, цёмная, не гледзячы на безлiч зорак, асенняя ноч.
     -- Свабода! -- Па звычцы ўсклiкнула я, ускiдваючы рукi ў адкрытае неба. 
     Здавалася, што менавiта адтуль, з пракаветнай зорнай безданi, прыходзяць новыя сiлы, каб стацца няшчадна растрачанымi на зямлi. 
     Мне пашэнцiла на таксi i хутка мы з Мiртай ужо збягалi па лесвiцы нашага дома.
     Каля выхаду, як i заўсёды ў такiх выпадках, нас чакаў Урфiн Джус. Кот цёрся аб мае ногi i лапы Мiрты з такой сiлай, што можна было падумаць аб яго намеры пазбыцца старой скуры.
     Толькi мы ўтраiх збочылi ад пад’езду, як размiнулiся з маладым чалавекам. Не гледзячы на яго прыстойны выгляд i ўсмешлiвы, прыгожы твар, а, можа быць, дзякуючы гэтаму, я азiрнулася на рагу дома.
     Малады чалавек ужо адыходзiў ад нашага пад’езду, куды за гэты час не паспеў бы наведацца. Ён хутка накiраваўся да нас.
     Яго незразумелыя паводзiны, вымусiлi мяне застацца на пустым двары ў святле вулiчнага лiхтара i зiрнуць на сваiх падапечных.   
     Мiрта i Урфiн застылi тварамi ў напрамку незнаёмца. З аднаго боку ад мяне – спакойная, скаваная мускуламi нерухомасць аўчаркi, з другога – сцiснутая спружына ката. Пярэднiя лапы Урфiна, быццам у запаволеным скачку, памалу адрываюцца ад зямлi па меры наблiжэння моманту сустрэчы. Усё iх аблiчча сцвярджае аб сур’ёзнасцi гэтай сутрэчы i гатоўнасцi да яе.
     Мая рука перамяшчаецца на карабiн... павадка, зачэпленага за ашыйнiк Мiрты.
     Незнаёмец спыняецца за некалькi крокаў ад нас. Ён абводзiць паглядам мяне, сабаку, затрымлiваецца на каце.
     На паднятых лапах Урфiна выпаўзаюць магутныя кiпцi, ашчэрваюцца клыкi. З яго пашчы вырываецца нейкае змяiнае шыпенне.
     Чалавек нешта вырашае. Я не ведаю, цi спускаць Мiрту – на твары незнаёмца па-ранейшаму прыемная ўсмешка.
     Але ўва што пераўтвараецца ўваччу прыгожы твар! Рот нечакана спаўзае на бок, складаючы самы паганы выскал, бачаны мной у жыццi. Зрэнкi зыркаюць так, што, калi б можна было знiшчыць паглядам, дык, пэўна, не было б гэтых успамiнаў.
     З выявай свайго сапраўднага аблiчча пачвара павяртае на бакавую сцежку. Праз хвiлю з нянавiсцю азiраецца на ката, нiбыта прагне яго запомнiць, i растае ў цемры.
     Урфiн плаўна апускае лапы долу, завяршаючы свой скачок на месцы. Мiрта ўпершыню за гэты час глядзiць на мяне, тут жа губляючы сваю вайсковую выпраўку – спiна яе прагiнаецца, хвост пачынае боўтацца як папала...
     Не раз абмяркоўваючы гэтае здарэнне з Таццянай, мы прыйшлi да згоды: супрацьстаяць Урфiну магла б толькi наровiстая кошка. Праўда, апошняя была, хутчэй, мiфам, нашай данiнай жаночай салiдарнасцi. Звестак пра такую мы не мелi.


3

     Пасля памянёнай прагулкi Урфiн не толькi праводзiў нас дахаты, але i застаўся начаваць.
     Ранiцай я спякла на ўсiх яечню i  вырашыла хуценька  ўзбадзёрыць сябе халодным душам.
     Калi з ручнiком на плячы я ступiла на парог кухнi, Урфiн верхам на газавай плiце заўзята выкiдваў з патэльнi смажаныя яйкi. Мiрта неяк адасоблена, нiбыта яйкi заўсёды самi падаюць з неба, падбiрала iх з падлогi, адным глытком адпраўляючы ў страўнiк. Яна ўвайшла ў вобраз настолькi, што не засаромелася нават маёй прысутнасцi.
     Урфiн, захоплены справай, па-праўдзе, не бачыў мяне.
     Кошка Ксеня, якая чакала сваёй хвiлiны ў куце кухнi, змянiла адчайную зацiкаўленасць на пагарду над тым, што адбываецца на яе вачах.
     Першым жаданнем, зразумела, было адчыхвосцiць iх маiм ручнiком. Але, памятаючы начное заступнiцтва -- ды i, увогуле, у iх гаспадарчай дзейнасцi было нешта настолькi знаёмае, свойскае, запанiбрацкае – я жаласлiва выцiснула з сябе ўсяго два словы:
     -- А мне?
     Урфiн адарваўся ад гарачага занятку з радражненнем. На гэты раз клопат пра мяне ў яго планы не ўваходзiў.
     Мiрта цiхусенька, як цень, пакiнула кухню.
     Ксеня зрабiла выгляд, што яе не тычыцца гэтая сцэна.
     На патэльнi ляжала адзiнае яйка, на падлозе – два. Я шчыра ўсмiхнулася сваiм сябрам:
     -- Дзякуй, не забылi!
     Я снедала з патэльнi, Урфiн з Ксеняй – з падлогi. Мiрта была не ў прэтэнзii.


4

     Зiмою Урфiн, цi тое быў вызвалены ад сваiх сямейных абавязкаў у падвале нашага дома, цi з якой iншай нагоды, але жыў неадлучна з намi ад каталiцкiх да праваслаўных калядаў.
     Ад шчасця, што мы сустракаем Новы год поўным складам сваiх сямейнiкаў, я запрасiла гасцей.
     Калi госьцi пад ранiцу разышлiся, стомленая, як падрыхтоўкай, так i cамiм святкаваннем, я не мела сiлы нават прыбраць са стала.      
     Муж i cын ужо салодка спалi, таму да маёй стомы дадалося яшчэ i шкадаванне сябе, пакiнутай адзiн на адзiн з вэрхалам у кватэры.   
     Урфiн з Ксеняй так расслаблена пакоiлi сябе, зрэдзь паказваючы толькi шчылiны вачэй, што я -- здалася.
     Недзе праз дзве гадзiны – ужо свiтала – я прачнулася ад непрыемнай думкi, што Валер можа падняцца раней за мяне. Калi хто памятае, гэты чалавек ад непрыдатнасцi да парадку не вылучаўся памяркоўнасцю да адваротнага.
     Малюнак непрыбранага стала з брудным посудам, рэшткамi ежы, да таго ж разрабаванага нашай «троiцай», так яскрава ўявiўcя мне, што я iмгненна ўскочыла на ногi.
     На парозе гасцёўнi мяне чакаў навагоднi падарунак -- ад Мiрты. Аўчарка ў выставачнай стойцы – спiна прамая, вушы тырчком, хвост шабляй, задняя лапа адцягнута назад – стаяла па другi бок стала.
     Але не выставачная стойка, у якую Мiрту не заганаў бы нiхто i нiчым, здзiвiла мяне, а вочы -- рассяроджаныя, нiбыта скiраваныя ў розныя бакi. Калi я зiрнула на гэтыя бакi, дык ледзь не рассмяялася.   
     У двух кутах, з нянавiсцю гiпнатызуючы драпежнымi паглядамi cабаку, сядзелi мае любiмыя Джус i Ксеня. Мэта iх «гiпнозу» была перад мной, як на далонi – паслясвяточны стол.
     Мiрта асцярожна, не выпускаючы з-пад увагi катоў, узняла на мяне вочы i... тут жа бухнулася на дыван, дзе cтаяла, выразна даводзячы, што цяпер абавязак па ахове маiх харчоў  вяртаецца да мяне.
     Джус з Ксеняй ажно адвярнулiся ад гэткага сабачага глупства.


5

     Тым жа ранкам высветлiлася, што ў Мiрты будуць шчанюкi. 
     Нiхто не ведаў, як яна ўмудрылася нагуляць iх, тым болей мы не ведалi – ад каго. Мiрта на двары вылучала чорнага нямецкага аўчара Джыма. Мне вельмi хацелася думаць, што яна не схiльная хутка мяняць прадмет свайго захаплення.
     Ноччу, калi з’явiўcя дзесяты шчанюк, сын крыкнуў Мiрце, што гэты свет зачыняецца на перапынак. Мiрта з разгону паспела нарадзiць яшчэ дваiх.
     -- А што, -- рагатаў сын, -- у аўчарак, як i ваўкоў, ад якiх яны паходзяць, прыплод вялiкi – ад васьмi да дванаццацi штук! Мiрта ў нас – максiмалiстка!
     Ранiцай пасля хуткай прагулкi Мiрта налiчыла толькi чатыры.   
     Мы зрабiлi так, як параiлi нам нашыя кнiгi i знаёмыя сабакары. Але нi тыя, нi другiя не казалi аб здольнасцi cабак весцi лiк.
     Мiрта запатрабавала выпусцiць яе на вулiцу. Яна кiнулася па двары, пасля да суседзяў, куды пад час яе прагулкi я аднесла астатнiх, зноў на вулiцу. Але шчанюкi былi ўжо далёка. Тады Мiрта ўскочыла ў хату i пачала таптаць тых, што мы ёй пакiнулi.
     Я ледзь адцягнула яе ў кут.
     Мiрта не глядзела мне ў вочы. Яна глядзела паверх маёй галавы. Шчанюкi пiшчалi ад болю, холоду, голаду, але Мiрта не чула iх.
     Спалоханая тым, што адбываецца, я моўчкi cядзела побач з ёй, пакутуючы ад сваёй вiны перад няшчасным стварэннем. Не ведаю, што Мiрта бачыла над маёй галавой, але тады я шчыра шкадавала па страце тых бедных шчанюкоў, як, магчыма, i яе даверу. 
     Адзiн са шчанюкоў у пошуках сваёй маткi дапоўз да Мiрты. Яна адштурхнула яго. Калi следам зрушылiся астатнiя -- Мiрта аднесла iх на месца i дазволiла ссаць сябе. 
     Мiнулi cуткi. Мiрта, не зважаючы на запрашэннi прагуляцца, не пакiдала шчанюкоў. Яна ляжала спiной да хаты, захiнаючы сабой сваё патомства i толькi трошкi папiла з таго, што я настойлiва совала ёй пад самы нос.
     Не разумеючы, што цяпер будзе, я прысела побач.
     -- Мiрта, не бойся, iдзi, пагуляй. Я пабуду з iмi, -- цiхенька папрасiла я сабаку.
     Мiрта насцярожана i ўважлiва азiрнулася на мяне.
     -- Абяцаю, усё будзе ў парадку, --  цвёрда запэўнiла я.
     Мiрта марудлiва паднялася i падышла да дзвярэй, дзе яе чакаў Валер. На парозе яна яшчэ раз учэпiста паглядзела мне ў вочы.
     -- Iдзi, не хвалюйся! -- Адказала я на яе маўклiвае пытанне.
     Праз пяць хвiлiн Мiрта была ўжо дома. Яна рынулася ў свой кут, iмгненна абнюхала чатырох шчанюкоў i азiрнулася на мяне.
     Я, несумненна, бачыла ў яе вачах удзячнасць, якой не лiчыла сябе вартай.

 
6

     Прайшло два тыднi i першы шчанюк, хiстаючыся, з’явiўся на парозе гасцёўнi. Мружачы вочы на сляпучае святло, ён усё-ткi агледзеўся i тут жа рушыў да скуры дзiка, што ляжала на падлозе. Асобныя шарсцiнкi на хрыбце шчанюка ўздыбiлася. Ён дабраўся да краю скуры i зрабiў няўклюдны скачок. Атрымаўся пацешны кульбiт, але сабачае дзiця тут жа ўчапiлася яшчэ бяззубай пашчай у загрывак дзiка.
     Бойка была нядоўгай. «Дзiк» здаўся адразу i стомлены шчанюк, выказваючы поўную пагарду да пераможанага, справiў на яго малую патрэбу.
     Неўзабаве ўся чацвёрка пачынала свой ранак з палявання на «дзiка».
     Мiрта любавалася iмi, лежачы на парозе. Мы, бясспрэчна, таксама – седзячы на канапе.
     Мiрта апамяталася толькi тады, калi на яе жываце не засталося жывога месца ад вострых шчанячых зубоў. Мы – калi скура з рэшткамi некалi густога загрыўку пацякла наскрозь. На загаенне Мiрты пайшоў паўлiтровы слоiк абляпiхавага алею, падараванага нам калiсьцi мужавай мацi «на крайнi выпадак». На сушку скуры – два гады сонца, вятроў i марозу нашай дачы. 
     Шустрых, укормленых, развiтых шчанюкоў, якiя выдавалi на (як i мы iх за) стопрацэнтных аўчарак, хутка разабралi. Нават не хапiла аднаго сантэхнiку ўладзю, якi паклаў на iх вока пад час рамонту ў кватэры крана. Недзе праз месяц нам паведамiлi, што ў нашых сабак паадрасталi бароды.
     Мы з Мiртай бачылi аднаго – апроч калючай барады, у яго па ўсяму тулаву тырчалi асобныя, доўгiя, жорсткiя шарсцiны, звешваючыся недзе пад хвастом. Сабачы патомак на адлегласцi рукi без дотыку выдаваў на стопрацэнтнага дзiкабраза.
     -- Мiрта, што ж такое ты вытварыла? -- Здушаным ад роспачы голасам ледзь вымавiла я.
     Мiрта зрабiла рух галавой, якi прыблiзна абазначаў тое ж самае, што ў нас – пацiснуць плячыма. Мiрта не знаходзiла недахопаў. Наадварот, яе пыса выказвала поўнае задавальненне сваiм новатворам у жывёльным свеце.      
     Мiнулася амаль паўгода, як па дарозе на тэлебачанне я сустрэла даўнюю знаёмую па выгулу сабак на школьным стадыёне. Яна паведамiла мне, што нашыя шчанюкi вядуць сваю генеалогiю ад каралеўскiх крывей ангельскiх эрдэльтэр’ераў, сучасным прастаўнiком якiх з’яўляецца яе эрдэль Роббi. I хаця маладая жанчына выказала сябе пацярпелым бокам, бо па халадусе сарвала голас, паўгадзiны шукаючы беглага Роббi, i яшчэ пятнаццаць хвiлiн ёй давялося мерзцi каля яго i Мiрты, -- я ўпершыню холадна развiталася з прыемным мне чалавекам.


Рецензии