Рамонт

                САБАЧЫ  ЧАСОПIС



1

     Мяркую, спадарове, што новую гiсторыю варта пачаць з даўно абяцанага рамонту маёй кватэры. Напэўна, вам парадкам надакучыла вiдовiшча грунтоўна абдзёртых Мiртай сценаў, сярод якiх, галоўным чынам, адбываюцца ўсе гэтыя падзеi. 
     Шкадуючы вас, я не распавядала яшчэ пра мiскi пад дзiравымi трубамi ў ванным пакоi, якiя неабходна было мяняць. Мiскi – каб не залiць суседзяў пад намi, ну, а трубы, само сабой.
     Не распавядала -- i не буду.
     Нашыя грамадзяне ведаюць, што такое «хрушчобы», астатнiм -- не трэба.
     Але. 
     Магчыма, нехта падумае, што нашыя дзяржаўныя «хрушчобы» -- дзяржаўная тайна. Афiцыйныя дэлегацыi не возяць па такiх кварталах. Нават слова такога ў слоўнiк не заносяць. Звышсакрэтў   
     Нiчога падобнага! Кожнае дзiця саплiвае пакажа. Палова нашых грамадзян разам з прусакамi прайшла праз iх.
     Таксама, не падумайце! Мы зжылi ўcякую нацыянальную рознiцу, нават сваю, таму прусакамi ў нас даўно ўжо клiчуць хатнiх казюрак такiх – чорных, вусатых.
     Дык вось, палова прайшла, амаль палова – яшчэ праходзiць. Гэта як бясконцае выпрабаванне на патрыятызм. Хто яго трымае, таму ўжо ўсё адно – што партакратыя, што дэмакратыя, што аўтакратыя, што яшчэ што. Ён ведае -- не гэта галоўнае. Яму не да iтэлегентскiх выбрыкаў. У яго ёсць адна радзiма – «хрушчоба»; адзiны вораг – сусед, прусак, мураш, iржа, труха, шчылiна, трэшчына; адзiн клопат – як звесцi канцы з канцамi i як бы хто не абрубiў i тыя канцы.
     Так i хочацца сказаць: Патрыёты «хрушчоб» усёй краiны, яднаймася! Наш вораг адзiн – кола, у якое мы трапiлi! Разарвем гэта кола, каб убачыць дарогу з пражэрлiвых вантробаў нашых танных «хрушчоб»! Мы самы велiчны атрад будаўнiкоў новага, светлага Беларускага Дому!
     А? Як атрымалася? Глупства, канечне.
     Таму вернемся да рамонту. Падумайце – з чаго б вы яго пачыналi?   
     Cкажу шчыра, з чаго б вы нi пачалi рамонт у маёй кватэры – на тым бы i закончылi. Дзейснай умовай яго пачатку магло быць адно – выдалiць з кватэры Валера. Гэты чалавек, якi не вылучаўся цярплiвасцю нi ў чым, што замiнала цекчы яго звыкламу быту, паставiўся б да рамонту, як грамадзянiн цывiлiзаванай дзяржавы да парушэння сваiх канстытуцыйных правоў. Дакладней, як певень да чужога пеўнiка на сваiм падворку.   
     Цяпер вы разумееце, што я не толькi абрадвалася, калi Валер нечакана адправiўся ў камандыроўку ў Венгрыю, але i пажадала яму там шчаслiва затрымацца. Канечне -- пакуль прывяду ў парадак кватэру.


2

     Першай узяты тэмп не вытрымала я i неяк ноччу прылегла на канапу. Што было далей, мне рассказалi cведкi таго.
       Адсоўваючы канапу, каб паклеiць за ёй шпалеры, брыгадзiр майстроў быў проста ашаломлены маiм тварам. Асаблiва – колерам яго. Васiльковым. Брыгадзiр быў яшчэ i мастаком, таму мог дзiвiцца бясконца.
     Таццяна, якая не пакiдала мяне пад час усяго гэтага вэрхалу i не захаплялася мастацтвам у такой ступенi, каб губляць голаў ад колеру, выклiкала хуткую дапамогу.
     Дактары без праблем аднавiлi дзейнасць майго сэрца.
     Калi я праспала суткi пад даглядам сяброўкi, дык, у сваю чаргу, знайшла ледзь прытомную Клеапарту.
     -- А яна не кусаеццаў -- з неспакоем запыталася маладая прыгожая «айбалiтка», якую суправаджаў гэткi ж гожы мускулiсты асiстэнт.
     -- Кожны можа ўкусiць, калi ў яго няма iнакшага выйсця, --
здзiўленая такiм «прафесiйным» падыходам, адказала я.
     Наступны дзень Клеапатра, ўжо не варушылася на ложку новага спальнага гарнiтура, купленага з тэлефоннага дазволу Валера.   
     Распавядаючы пра хворую яе дакторцы, якая прыехала рабiць чарговыя ўколы, я ўтаропiлася на iглу шпрыца з налiплымi бруднымi крышталiкамi.
     -- Вы што, гэтай iглой увесь горад абслугоўваецеў! -- Разгубiлася я.
     Дзяўчына хуценька нахiлiлася над сабачанём, каб схаваць як iглу, так i сваю няёмкасць.
     -- Iдзiце адсюль! -- Я з жахам выхапiла Клеапатру з-пад яе рук. -- Забудзьце дарогу да нас! I, цалкам, да жывога! -- Крыкнула я наўздагон, калоцячыся ад крыўды i ўзрушання.
     А мы з Таццянай учора не маглi даўмецца -- чаму ў Клеапатры на месцы ўколаў раздзёртая скура!


3

     Чакаючы ветэрынара, выклiканага цяпер па рэкамендацыi знаёмых, я ўзялася парадкаваць кнiгi па шафах, якiя пуставалi на фоне ўжо новых шпалераў.
     Першая ж стопка кнiг рассыпалася ў маiх руках на паўдарозе. Я адразу спатыкнулася паглядам на слове «лячэнне», вылучаным асобным шрыфтам на разгорнутай ад падзення старонцы. Гэта аказалася нават не кнiгай, а старым часопicам «Хоббi», што нейкiм чынам далучыўся да «бессмяротнай» лiтаратуры нашай калекцыi. 
     Гаворка ў артыкуле iшла пра лячэнне энтэрыту ў сабак. Сiмптомы гэтай сабачай пошасцi аказалiся вельмi падобнымi да чумкi, а асаблiвасцi лячэння -- узаемавыключаючымi.
     Як заварожаная, я некалькi разоў перачытала матэрыял, пакуль не ўпэўнiлася, што па тых сiмптомах нiхто не змог бы адрознiць адно ад другога. Спецыяльныя аналiзы, якiя знiмаюць пытанне, як папярэджваў часопiс, праводзiлiся толькi за мяжой.
     Я перагарнула ў задуменнi cтаронку -- i сустрэлася вачамi з Клеапатрай. Гэта было ўжо занадта! Клеапатра глядзела на мяне з той старонкi – настойлiва i ўважлiва, крыху ставячы ў бакi cвае лапушыстыя вушы, абапiраючыся на крываватыя, заечыя лапы.
     Тут варта сказаць, што i вушы, i лапы Клеапатры выклiкалi ў мяне трывогу, бо шпiцу належала мець першыя маленькiмi i стаячымi, а другiя, ва ўсякiм разе, прамымi. Грунтоўны рацыён i бегатня з сабачанём умацоўвалi, на мой жах, разам з мускуламi i гэтыя прыкрыя адхiленнi.
     Але артыкул, што суправаджаў фотаздымак у часопiсе, распавядаў зусiм не пра шпiцаў, а пра папiльёнаў – сабачак-матылькоў, якiх у свой час любiлi i песцiлi маркiза дэ Пампадур i Марыя Антуанетта, малявалi на сваiх бессмяротных палотнах Рубенс i Ван Дэйк, сабачак, як паведамлялася для снобаў – вартых упрыгожыць любы iнтэр’ер, а для нармальных людзей -- здольных проста зрабiць шчаслiвым любога.


4

     Абдумаць гэта мне не даў прыход ветэрынара.
     -- Дзе сабакаў -- Нервова паўтарыў iнтэлегентнага выгляду чалавек, недаўменна азiраючы двухспальны ложак, на якi я паказала яму да гэтага.
     Мне давялося яшчэ раз тыцнуць пальцам у сярэдзiну пасцелi.
     Чалавек чамусьцi двойчы паправiў акуляры перад тым, як зноў перавесцi недаверлiвы позiрк ад мяне ў паказаным кiрунку.
     Парэпаная чорная плямка носа, памерам з пацерку – адзiнае, што бачылася з пуховай хусты пад тоўстай коўдрай -- магла навесцi на думку аб сабачаняцi  толькi метадам дэдукцыi.
     Я зразумела, што ветэрынар не Шэрлак Холмс, i выцягнула нерухомую Клеапатру.
      Хутка быў пастаўлены дыягназ сабачай чумкi i прызначана адпаведанае лячэнне.
     Падрыхтаваная часопiсам, я выказала свае сумненнi ветэрынару.
     Спецыялiст застаўся пры сваёй думцы.
     Калi за iм зачынiлiся дзверы, адбылася нарада з Таццянай.
     Наш дыягназ быў не меней адназначным i катэгарычным: часопiсы проста так не падаюць i на падобных старонках тым болей не разгортваюцца!
     -- Нiякiм дактарам не аддам! -- Сказала я i засунула Клеапатру сабе за пазуху, адкуль выкалупвала яе толькi пад час уколаў i масажу, што рабiла сама.
     На трэцi дзень прызначанага часопiсам лячэння Клеапатра, хiстаючыся, ужо стаяла на сваiх крывых лапках. На чацвёрты яна паспрабавала закiнуць на спiну свой фанабэрысты хвосцiк. I, хаця спроба не ўдалася, мы з Таццянай плакалi ад радасцi – магчыма, так адступала напружанне ад узятай на сябе адказнасцi за чужое жыццё.


5

     Неўзабаве схуднелая Клеапатра ўжо бегала па кватэры, не дазваляючы майстрам не толькi дакранацца да чаго-небудзь хатняга, але i да раскладзеных на падлозе iнструментаў.
     Ратуючы рамонт, я растлумачыла маляўцы яе паводзiны з пункту погляду мэтазгоднасцi, i, зыходзячы з памянёнага пункту, зачынiла адну ў cпальнi. Праз гадзiну я выпусцiла яе, упэўненая па ранейшаму вопыту, што Клеапатра зрабiла высновы.
     Сапраўды, сабачаня болей не замiнала майстрам i толькi здаля раўнiва сачыла за iх дзеяннямi.
     Я супакоiлася i занялася сама перакошанымi дзвярыма ў залу, на рамонт якiх сталяр запатрабаваў тры днi. Такога часу ў мяне не было. Валер кожны дзень тэлефанаваў, што на наступны выязджае.
     Занятая сваiм клопатам, я не адразу ўцямiла, пра што ў мяне пытаюцца.
     -- Вось, -- працягнула я малаток, -- але хутчэй, мне самой патрэбны.
     -- Мы не ваш, а наш просiм! -- Заўпарцiўcя малады чалавек.
     -- Не брала я ваш малаток, -- адмахнулася я, вымяраючы на колькi перанесцi дзвярную пятлю, каб выправiць рэшткi перакосу.
     -- Пласкагубцы нашы таксама не бралi, -- з выклiкам пацвердзiў брыгадзiр майстроў.
     -- I адвёрткi няма, -- прастадушна зазначыў яшчэ адзiн.
     Я ўважлiва паглядзела кожнаму ў вочы.
     Людзi не жартавалi. Iх нават распiрала злосць i пагарда да мяне.
     Я агледзелася. Побач са мной ляжалi толькi мае iнструменты, крапатлiва набытыя за гады наймання гэтай кватэры.
     -- Калi тут ёсць вашы, вазьмiце, -- прапанавала я.
     -- Тут -- iх няма, -- не зводзячы з мяне намешлiвых вачэй, адмовiў брыгадзiр.
     -- А ў сябе шукалiў -- Удакладнiла я.
     Майстры моўчкi пераглянулicя, сабралi з падлогi прылады працы i расклалi на анучы прама перад сабой.
     Што i казаць, iнструменту, нават на мой позiрк, яўна паменела.
     Я адправiлася на кухню папалiць цыгарку, каб знайсцi якое тлумачэнне таму, што адбываеца.
     Майстры зняважлiва не саступiлi дарогу, калi я праходзiла паўз iх.
     Але нават на чацвёртай цыгарцы мой гнуткi, як канстатаваў адзiн пiсьменнiк, розум не мог сагнуцца ў бок якога лагiчнага рашэння. Баючыся перагнуць такi далiкатны жыццёвы iнструмент, я пакiнула яго ў спакоi.
     Абыходзячы майстроў, якiя ў паў-вока злавесна сачылi за мной, я ледзь не раструшчыла Клеапатру разам са сваёй рэабiлiтацыяй. 
     Крадком, сантыментр за сантыментрам, сабачаня ўпарта цягнула сантэхнiчны ключ нумар два ад майстроў у напрамку спальнi. Я тут жа падштурхнула спадароў зiрнуць у тым кiрунку.
     Пакуль яны знямела перажывалi праз гэтае вiдовiшча сваю ганьбу, а я -- адзiн з самых урачыстых момантаў гонару, Клеапатра ўжо засяроджана ўладкоўвала iнструмент пад край скручанага ў трубку дыванка, што ляжаў на парозе спальнi.
     Я не паспела яшчэ нацешыцца, як майстры апамяталiся i рынулiся рабаваць скарбнiцу Клеапатры.
     Клеапатра iмгненна заскочыла на верх скрутку i, трымаючы абарону, то цапала кожную працягнутую да яе скарба руку, то рабiла адчайныя вылазкi, з брэхам адганяючы рабаўнiкоў на зыходную пазiцыю.
     Калi мне ўдалося адлавiць маляўку, хаця, па-шчырасцi, я не дужа старалася ў гэтым, майстры, хаваючы вочы, нiбыта злодзеямi былi яны самi, выцягнулi з-пад дыванка памянёны ключ, некалькi адвёртак, малаток, пласкагубцы, паклю ды iншыя карысныя для рамонту рэчы.


6

     Праз чвэрць гадзiны мы ўсе разам пiлi на кухнi гарбату, палiлi цыгаркi, ды, любуючыся на галоўную гераiню падзей, прыгадвалi розныя гiсторыi з чалавеча-жывёльнага жыцця.
     На Клеапатру я не сварылася за ўчыненае. Сабачаня, яўна, палiчыла мяне няздольнай дбаць пра хатнюю маёмасць i выканала ўзяты на сябе абавязак, як магла. А растлумачыць ёй рознiцу памiж нашым i чужым малатком – аказалася для мяне задачай непасiльнай.
     Валер патэлефанаваў, што ўвечары будзе дома.
     Мiнула два тыднi ад яго ад’езду ў Венгрыю. За гэты час мы памянялi ў кватэры гнiлыя дзверы i трубы, паклалi плiтку, лiквiдавалi цёмную кладоўку, якую ў народзе помслiва мянуюць цёшчыным пакоем, вывезлi тое, што шкада было выкiнуць, на дачу, абклеiлi сцены i столь шпалерамi, размясцiлi замест зламанай канапы новы спальны гарнiтур, зрабiлi шмат iншых, надзвычай важных у людскiм побыце рэчаў. Заставалicя не пафарбаванымi аконныя рамы, ды падлога ў гасцёўнi.
     Я сумна ўсмiхнулася майстрам:
     -- Cёння -- фiнiшуем. Падлогу i рамы, калi муж вытрывае,
пафарбуем потым.
     Валер не збiраўся трываць.
     Праз два гады сын, у якога народзiцца дзiця, давядзе ўсё да ладу перад тым, як завезцi сваю сям’ю ў нашу бывалую кватэру.
     Пра гэта мы тады яшчэ не маглi ведаць, як не ведалi i тое, што пераедзем жыць на дачу. Прычынай перамены нашага жыхарства была зусiм не жанiцьба сына. Але тое -- асобны сказ.
     А тады я задрапiравала нефарбаваныя рамы прыгожымi фiранкамi, а сцёртую фарбу падлогi cхавала пад новым вялiзным дываном.


Рецензии