Апавяданне Бусел

Усе мы загразлі ў балоце ,
але некаторыя з нас глядзяць на зоркі.
Оскар Уайльд
               
- Матулечка! Бусел! Бусел! – хлопчык з зіхоткімі ўсмешлівымі вачанятамі выбег на двор. На бягу запраўляў у штонікі расхінутую кашулю.
     Быў пачатак красавіка. Там-сям яшчэ свяціліся белыя плямы снегу, але малодзенькая траўка ўжо выбівалася з санлівай пасля зімы зямлі. Голыя пяткі хлопчыка міргалі па дарожцы.
- Даражэнькі мой, Сенечка! Не захварэй! Куды ты босы? – матка ледзь паспявала за сынам.
- Не захварэю, матулечка! Зірні, бусел! Бусел! – маленькі шчабятун скакаў ад радасці першай сустрэчы з птушкаю і паказваў пальчыкам ў неба.
- Бачу, сынку, бачу!
- Матуля, а чаму у яго такая доўгая дзюба? – заўважыў малы.
- Каб ён шпарка хапаў жабянят, якія коўзаюцца ў балоце, - і матуля весела пашчыпала бакі сына.
Хлопчык смяецца і ўхіляецца ад матчыных рук.
- Вось дык так! А чаму ў яго такія вялікія крылы? – малы круціўся каля маткі з распрасцёртымі рукамі і ў захапленні назіраў за буслом, які кружыў над імі ў бясхмарным веснавым небе.
- Гэта ж птушка! Як яна паляціць бяз крылаў? І ад драпежнікаў яны ратуюць і ў вырай нясуць бусла.
- Матулечка! І я хачу мець крылы! Вялікія і моцныя, як ў бусла! – хлопчык замахаў рукамі, быццам птушка. – Чаму ж мы не маем крылаў? Гэта ж так здорава – мець крылы!
- Сынок, я не ведаю… Мабыць, на самай справе, было б лепей, калі б у нас былі крылы… - маці на імгненне задумалася. – Але пачакай, у нас ёсць крылы! Ды толькі мы не заўважаем іх. Яны ў нас вось тут, - і яна паклала сваю далонь хлопчыку на сэрца. – У нас вырастаюць крылы, калі мы любім што-небудзь: сваю вёску ці горад, кветкі ці зоркі, вершы ці казкі… А таксама, калі мы кахаем… Як твой бацька мяне, а я – яго. І вось тады здаецца, што мы ўзлятаем пад самыя аблокі!
- Дык, гэта значыць, што у мяне ужо ёсць крылы?! – здзівіўся хлопчык.
- Чаму ты так думаеш? – запыталася маці.
- Бо я цябе люблю, мама! І тату, і бабулю! А яшчэ бусла! – раставіўшы рукі, як крылы, хлопчык з зіхоткімі ўсмешлівымі вачанятамі пабег да хаты.
 
Лёля РУДЗІК
19.08.2015.


Рецензии