Спатканне у Гомелi

я спяшалася
на спатканне
з самага рання -
грукат сэрца
і калёс цягніка:
на поўдзень,
на поўдзень...
...дзе савецкага стылю
столькі, што робіш
падарожжа ў часе
і творы са школьнай
праграмы
наўкол ажываюць -
гартаю старонкі
ажыўленых вуліц,
ныраю ў паркаў
зялёную глыб,
ад сонечных блікаў
бліскуча-пярэстую
...дзе святло залатое
апальвае плечы,
гладзіць з пяшчотай
і страсна цалуе
і на твары маім
усмешку малюе
...дзе неба сінее
і мімоза шапоча,
нібыта ля мора -
хаця мора няма,
а ёсць толькі Сож...
і душа твая ёсць,
што лунае паўсюль,
не утрымаецца ў знаках:
ні ў помніку з бронзы,
ні ў партрэце ў палацы
які як абраз
залаты стараверскі
ты нідзе і паўсюль
твае вочы ў небе
твае рукі ў промнях
твае тонкія вусны
са смакам гарбаты
і водарам вішні
адчуваю, заплюшчыўшы вочы
і ў Гомелі раствараюся
разам з табой,
мой святы абаронца,
мой канцлер-герой...


Рецензии