Iмператар i Казачнiк

                Сучасная казка
        Імператар адной з усходніх краін даваў штогадовы прыём для гасцей, запрошаных з Еўропы . Гэта былі  знакамітыя матэматыкі і фізікі, хірургі і фінансісты, сябры вядомых дабрачынных арганізацый, модныя мастакі, артысты і вядучыя папулярных праграм. Спіс запрошаных уяўляў сабой доўгі папірусны скрутак. Кожнага госця Імператар сустракаў  асабіста,  яго лаканічнае
прывітанне  было аднатонным і сухім.  Урачыстая частка павольна падыходзіла да завяршэння, пералік доўгіх, нібы бурны рачны  струмень у сухое, зняможанае спякотай лета, прозвішчаў і званняў, павольна вычарпаўся.
       Але ў самым канцы, пад чырвонай пячаткай з воску заставалася яшчэ адна,  даволі сціплая  і загадкавая  асоба – Казачнік. Стомлены, змучаны гэтай манатоннасцю, Імператар,  паглядаў на чалавека з мяккай дзіцячай
усмешкай, які здзіўляў сваім спакоем і ўпэўненасцю.
– Добры вечар, Ваша Вялікасць, – голас быў ціхі і цёплы. - Я  дзіцячы пісьменнік, атрымаў Ваша запрашэнне хутчэй за ўсё памылкова, бо нічога адметнага яшчэ не стварыў. Імператар нахмурыўся. Нейкі невядомы аўтар па чыстай выпадковасці трапіў на прыём у яго палац. Што гэта: няўважлівасць пры складанні спіса гасцей ці нечаканы провід.
Кіраўнік гэтай усходняй краіны быў вельмі мудры і, каб адкінуць усе сумненні, паклікаў перакладчыка, а самога пісьменніка папрасіў прачытаць што-небудзь з яго твораў.
– Я прачытаю для Вас дзіцячы твор. Ён называецца «Адданасць», – не разгубіўся госць. 
І мікада пачуў мілагучную, нібы лёгкі марскі брыз, мову, якая вылодала прыцягальнай сілай, імгненна захапіла  ў палон усю залу і хваляй  паднялася  да самай столі. Сэрца ўладара забілася ва ўнісон з незразумелай мелодыяй. Аднекуль, быццам з мінулага, пацягнула свежай ігліцай і горкім дымком. Нешта падобнае Імператар адчуваў у дзяцінстве, калі быў маленькім хлопчыкам. Як толькі голас заціх і перакладчык агучыў словы казачніка,  новыя ўспаміны ахапілі старога чалавека з галавой. Сэнс пачутага быў просты і  неймаверна глыбокі. Перад вачыма прайшлі яшчэ раз самыя лепшыя і светлыя гады яго жыцця, на месца пяшчоты раптам прыйшоў смутак, які з болем дакрануўся да яго  душы. На шчацэ бліснула нібы  дыямант сляза і скаціліся на грудзі. Цішыня звінела ў палацы амаль хвіліну і была парушана Імператарам:
– Вашы творы ўсе такія дасканалыя, паважаны Казачнік? Іх напэўна чытаюць з вялікім задавальненнем дарослыя і дзеці?
-  Не, Ваша Вялікасць, я невядомы ў маёй краіне. Больш чым15 гадоў назад я пакінуў Радзіму, але застаўся ёй верным сынам з самымі далікатнымі пачуццямі, як да роднай маці.  У час адзіноты і смутку я пішу свае творы на роднай мове.
 Мікада слухаў  пераклад і ўжо па-іншаму адносіўся да чалавека, які стаіць перад яго тронам.
– За тое, што ты, пісьменнік, дапамог мне ўспомніць дзяцінства, я прысвойваю табе тытул Казачнік Бронзавага  веку. Гэта дазваляе табе кожны год наведваць маю дзяржаву без афіцыйных запрашэнняў, а  асабіста ад Імператара  прымі ў падарунак папяровага змея – найдаражэйшую для мяне рэч.
      Вось такую  неверагодную гісторыю, я пачуў у сне ад каляровага
папяровага змея. Ён лунаў высока-высокаў блакітным бяздонным небе, плаўна круціўся над маленькай вёсачкай, якая тулілася да хваёвага лесу, а за нітку яго трымала загарэлая дзіцячая рука вясковага  хлапчука, вельмі падобнага да мяне. На душы было так спакойна, так добра, што я ціха заплакаў. Не хацелася прачынацца.


Рецензии