Жалезны Дракон

Калі ўсё было скончана, мы выйшлі з-пад прыкрыцця дрэў і спусціліся да прасёлкавай дарогі. На абочыне стаяў вайсковы пазадарожнік, падняты на дамкрат, побач валялася адкінутае кола. Адзін з патрульных быў мёртвы. Ён ляжаў тварам уніз упоперак дарогі, усё яшчэ сціскаючы ў руцэ аўтаматычную вінтоўку. Другі з хрыпам курчыўся каля машыны, сутаргава ўчапіўшыся пальцамі ў каўнер уніформы, у яго з горла цякла кроў.
Мы натрапілі на іх, калі прадзіраліся праз сухастой уздоўж чыгуначнага насыпу. Патрульная машына, якая набліжаецца, выдае сябе гудам рухавіка, і ёсць час адысці ў сховішча, але гэтым разам мы іх не пачулі. Пазадарожнік, пэўна, выйшаў з ладу, патрульныя заглушылі матор і заняліся рамонтам. Нават калі яны перагаворваліся між сабой, шум ветру ў ялінах скрадваў іх галасы. Выйшаўшы на пагорак, мы сутыкнуліся з імі твар у твар. Секунду мы стаялі, утаропіўшыся адно на аднаго. Калі загрымелі першыя стрэлы, Паўлюк кінуўся за выварацень і выхапіў з-за рэменя стрэльбу са спілаваным ствалом. Я адступіла да зарасніку і ўзняла на плячо вінтоўку. Наступныя некалькі хвілін чуліся толькі бязладная пальба і ляск затвораў. Потым стала так ціха, што звінела ў вушах.
Не зважаючы на параненага, Паўлюк падышоў да забітага патрульнага. Дзеля пэўнасці паштурхаў яго наском чаравіка. Пераканаўшыся, што ён нежывы, Паўлюк нахіліўся і асцярожна пацягнуў за ствол вінтоўкі, але дарэмна – рука мерцвяка трымала зброю, нібы абцугамі.
– Аддавай! Табе ўжо не спатрэбіцца, – сказаў Паўлюк. Пасля пары няўдалых спроб ён кінуў вінтоўку і прыняўся лупіць пяткай па мёртвых пальцах, стараючыся не зачапіць затвор. Я моўчкі глядзела на яго.
Паўлюку нядаўна стукнула сямнаццаць, але на выгляд яму менш. Ён маленькі і худы, з арэхава-зялёнымі вачамі і капай валасоў колеру меднага дроту, нос і шчокі ў рабацінках, нібы яму сыпанулі ў твар дробнай грэчкай. На ім стары кажух і байка з капюшонам. Ён пляменнік гаспадароў сядзібы. Гаспадыню ён заве цёткай Гілярыяй, а гаспадара проста па імі – Ігнась. Ад яго Паўлюк навучыўся абыходзіцца з агнястрэльнай зброяй. Зброя Паўлюку падабаецца, але ён не любіць людзей ва ўніформе.
Расціснуўшы пальцы забітага, хлапец з радасным смяшком выхапіў вінтоўку і закінуў яе сабе за спіну. Затым ён падышоў да пазадарожніка – дзверы былі адчыненыя – і зазірнуўшы ўнутр, прыняўся з дзелавітым выглядам штосьці шукаць між сядзеннямі.
Я перавяла позірк на параненага. Той хрыпеў, захлынаючыся крывёй. На ім была ўніформа зямлістага колеру з шаўронамі ў выглядзе шасцерань. Такую ж уніформу насіў мой брат, калі служыў у Цывільнай гвардыі. Ствол вінтоўкі ў маёй руцэ быў гарачаваты пасля нядаўняй стральбы. За два месяцы я навучылася з ёй абыходзіцца. У магазіне яшчэ заставаліся патроны. Я перасунула затвор, прыставіла дула да твару патрульнага і націснула на спуск.
Паўлюк падскочыў, калі грымнуў стрэл.
– Воля, на халеру? – сказаў ён незадаволена. Яго зялёныя вочы паблісквалі з-пад рудых пасмаў. – Патроны толькі марнаваць. Ён бы і так памёр.
– Міласэрнасць, – адказала я коратка.
Паўлюк хмыкнуў.
– Брацішка твой гэтаксама гаворыць. "Удар міласэрнасці", ну!..
– Вы размаўлялі? – спытала я, хутка зірнуўшы на яго.
Ён кіўнуў.
– Учора. Я зайшоў быў да вас, каб зёлкі на стол пакласці, цётка папрасіла. Ён так і не спіць без снатворкі?
– Не спіць, – адказала я і адвярнулася.
Паўлюк вывалак з машыны два ражкі з патронамі і падхапіў з зямлі другую аўтаматычную вінтоўку. На сядзібе захоўваўся цэлы арсенал, але ў ім не было штурмавой зброі.
– Хадзем, Воля, – сказаў ён, крануўшы мяне за плячо. – Зараз тут будзе натоўп сілавікоў.
Мы сышлі з дарогі і занурыліся ў ельнік. Паўлюк закінуў сабе за спіну абедзве штурмавыя вінтоўкі, свой абрэз ён нёс у руцэ. Ражкі з патронамі ён аддаў мне разам з армейскім нажом у ножнах, які знайшоў пад сядзеннямі. Хлопец выглядаў заклапочаным і змрочным. Мы забілі двух апалчэнцаў, і ён выдатна ўсведамляў, якія могуць быць наступствы. У Паўночна-Заходняй акрузе сілавікі маюць загад страляць на паражэнне, нам не пакінулі выбару. Ахова чыгуначных пуцей узмацнілася пасля таго, як невядомыя сталі паліць рэлейныя шафы і замыкаць рэйкі, накладаючы дрот. Мясцовая вузкакалейка даўно не дзейнічала, калі толькі ўлады не вырашылі аднавіць па ёй рух у ваенных мэтах. Калі так, то з сядзібы прыйдзецца сыходзіць. Дзяржава падабралася занадта блізка.
– Як сябе адчуваеш? – пацікавіўся Паўлюк.
– Нармальна, а што?
– Кажуць, пасля першага забітага ўсіх ванітуе.
– А цябе ванітавала?
– Неа.
Ягоным "першым" быў нейкі стукач, які не насіў уніформы, але пісаў даносы, і яго не застрэлілі, а прытапілі ў балоце. Паўлюк быў тады не адзін, а з саўдзельнікам, пра якога расказваў неяк няўцямна, мабыць, не хацеў падстаўляць. "Акупантаў" і іх паслугачоў Паўлюк шчыра ненавідзеў. Можна было толькі здагадвацца, што ён думаў пра майго брата. Да нядаўна Ян насіў уніформу і служыў "акупантам". Калі б яны сустрэліся некалькімі месяцамі раней, Паўлюк, напэўна, і яго б прыкончыў.
Ельнік скончыўся, пачалася балоцістая пустка. Мы цягнуліся між вербалозамі, па шчыкалатку грузнучы ў раскіслай глебе. Узімку балоты падмярзаюць, але сёлета зіма выдалася гнілая – слота, ледзяныя дажджы і неба, як бетонная пліта. Сцежка вяла да сядзібы.
Яшчэ да вайны сілавікі і прапаганда рабілі ўсё, каб чалавек баяўся нават падумаць супраць улад. Экстрэмістаў, аднак, усё не менела, арышты ішлі няспынным патокам, турмы былі перапоўненыя. Некаторым удавалася бегчы. Лясная сядзіба была адной з выспачак на "Дарозе жыцця", рух па якой не перарываўся нават падчас вайны. На сядзібе спыняліся палітбежанцы – ненадоўга, два-тры дні, затым іх вывозілі за мяжу. Мы з братам захраслі тут амаль на два месяцы.
Наперадзе замаячылі рэйкі вузкакалейкі, зарослыя вербалозамі. Скрозь мроіва праступілі абрысы дома з белымі сценамі. Пацягнула пячным дымком. Вакол сядзібы ўвесь час вісіць туман – Паўлюк кажа, што гэта "морак", альбо "мроя", штосьці накшталт камуфляжнай сеткі. Не ведаю як, але гэтая штука працуе – з балоцістай пусткі сядзібы не відно, колькі ні ўзірайся.
Перайшоўшы рэйкі, мы прамінулі падворак з калодзежам і падняліся на каменны ганак, які вёў наўпрост у кухню. Мы пераабуліся ў хатняе і кінулі кажухі на кручкі каля дзвярэй. Расклалі на стале вайсковыя трафеі. Паўлюк пайшоў да цёткі – расказваць пра патрульных. Я заўважыла кроў у сябе пад пазногцямі. Узяўшы кавалак мыла, я адшаравала рукі пад рукамыйнікам і выцерлася палоскай баваўнянага палатна. Мне ўспомніўся забіты патрульны, і мяне здзівіла ўласная абыякавасць. Адчуванне было такое, быццам я страляла не ў чалавека, а ў манекен, апрануты ва ўніформу.
Выйшаўшы з кухні, я апынулася ў цемнаватым калідоры. Тут размяшчаліся жылыя памяшканні – трое дзвярэй у сцяне і лесвіца на гарышча, дзе былі пакоі гаспадароў. Я спынілася каля дзвярэй побач з лесвіцай, узяўшыся за ручку, зрабіла глыбокі ўдых і ўвайшла.
У пакоі, як у бальнічнай палаце, пахла зёлкамі, антысептыкамі, чымсьці стэрыльным. Фіранкі на акне былі зашморгнутыя. На ложку тварам да сцяны ляжаў Ян. Калі я ўвайшла, ён прыўзняўся, павярнуўшыся да дзвярэй. У паўзмроку я разгледзела яго шэрае аблічча з павязкай на вачах.
– Воля? – спытаў ён.
– Так, – адказала я.
На мяне раптам навалілася пякельная стомленасць. Скінуўшы абутак, я легла на свабодны ложак і занурылася тварам у падушку.
– Ты як, вады хочаш? – спытала я, з-пад локця зірнуўшы на брата.
– Калі захачу вады, то пайду і вазьму, – адказаў ён з прыкрасцю. Брат увесь час імкнуўся паказаць, што не такі ўжо ён бездапаможны.
Ён падняўся і сеў на ложку, абхапіўшы калені рукамі.
– Што там за стрэлы чуліся? – спытаў ён.
– Нарваліся на патрульных, – сказала я стомлена. – За вузкакалейкай, дзе сухі лес. Яны стралялі на паражэнне.
– Колькі іх было?
– Двое. Абодвух і паклалі. Мелкі аўтаматы ў іх сцягнуў, задаволены, як слон.
"Мелкім" мы між сабою звалі Паўлюка. Брат называў яго яшчэ і "прыпыленым", хаця Паўлюк быў адзіны, з кім ён час ад часу размаўляў, акрамя мяне. Ян зрабіўся вельмі замкнутым. З ім часта здараліся прыступы нейкага вусцішнага здранцвення, калі ён соднямі ляжаў тварам да сценкі, не рэагуючы ні на словы, ні на дотыкі. Паўлюк ухітраўся выцягваць яго з чорнай апатыі, за што я была шчыра ўдзячная.
– Гаспадары ведаюць пра патрульных? – спытаў Ян.
Я моўчкі кіўнула і спахапіўшыся, што Ян не бачыць, прамовіла ўслых:
– Думаю, усе ўжо ў курсе. Мелкі пайшоў справаздачыцца.
Ян падаўся наперад, куток яго вуснаў таргануўся. Гэтая справа яго пэўна зацікавіла.
– Воль, гэта касяк сур'ёзны, – сказаў ён амаль весела. – Сілавікоў зараз паставяць на вушы, будуць прачэсваць мясцовасць. І не гавары мне, што яны не дойдуць да сядзібы – дойдуць, пляваць яны хацелі на ўсе гэтыя мроі. Партызаны ў такіх выпадках згортваюць лагер і адыходзяць.
– Сыходзіць трэба ў любым выпадку, – сказала я, памаўчаўшы. – Мы тут з лістапада, а ўжо студзень. Мы не можам заставацца тут вечна.
Ян не адказаў, але я бачыла, як па ягоным твары прабегла сутарга. Усмешка яго згасла. Ён ведаў не горш за мяне, што ісці нам няма куды.
– Ёсць варыянт выехаць у Літву, – сказала я. – Днямі будзе "акно" на мяжы, праваднікі павядуць палітычных, мы можам упасці ім на хвост. Гаспадары сядзібы маюць знаёмых у Дыяспары, нас падтрымаюць першы час. А Літва нам, лічы, як родная.
– Едзь адна.
– А ты?
– Капсула, – сказаў ён проста.
– Каб цябе халера! – вырвалася ў мяне. – Даўно не ўспаміналі.
Капсула з цыянідам, ці то нейкім яго эквівалентам – той самы "ўдар міласэрнасці", развітальны падарунак ад прыкарытнікаў, якім Ян служыў да нядаўняга часу. У мяне столькі разоў з'яўлялася спакуса выкінуць гэтую дрэнь, але штораз я спыняла сябе. У брата адабралі ўсё, апроч права на смерць, і я не магла пазбавіць яго гэтага апошняга выбару.
Я ўстала з ложка і падышла да Яна. Ён сядзеў, уціснуўшыся ў сцяну. Я глядзела на яго, і ў мяне ныла сэрца. Ад майго брата – ад яго колішняй асобы – застаўся толькі цень. Раны гаіліся хутка – ён аказаўся мацнейшым, чым я думала, але хто мог сказаць, што зараз творыцца ў яго на душы?
– Ян, цябе ледзь выцягнулі з таго свету, – прамовіла я з горыччу, – а ты збіраешся так проста ўзяць ды самазабіцца. У цябе сумленне ёсць?
Ён адказаў вельмі ціха:
– Воля, давай па шчырасці. Як ты ўяўляеш сваё далейшае жыццё...са мной разам?
Я моўчкі ўселася побач з братам і абняўшы, прыгарнула да сябе, як бывала ў дзяцінстве, калі яго штосьці палохала альбо крыўдзіла.
– Помніш Вільнюс? – спытала я напаўголаса. – А Нярынгу? Мы пражылі там цэлы год. У дзюнах, каля самага мора. Пасля шторму мы шукалі бурштын у пяску. Кармілі чаек з пірса. Хадзілі ў стары форт глядзець на цюленяў. Яны плёхаліся ў рове з вадой, а мы кідалі ім дробных рыбак.
– Нічога не помню, – сказаў Ян. – Раскажаш яшчэ?
– У дзяцінстве я так многа думала пра Літву, што ў нейкі момант яна ператварылася ў зачараваную зямлю, зрабілася мрояй, сном. Магчыма, у рэчаіснасці яна зусім не такая, як у маіх успамінах.
– Тады раскажы пра мрою, – папрасіў Ян. – Трэба мець хоць нейкае ўяўленне пра краіну, куды збіраешся бегчы.
– Даўным-даўно жылі брат з сястрой у рыбацкай вёсачцы сярод сосен і дзюн, – пачала я. – Мора было побач. Удзень і ўначы яны чулі яго дыханне. І галасы марскіх вятроў у кронах хвой. І шэпт пяску ў трысняговых стрэхах. Але аднойчы ўсё скончылася.
– Чаму?
– З усходу прыйшоў Жалезны Дракон і лёг каля мора. З ягонай пашчы папаўзлі стальныя ніткі з калючкамі і аблыталі дзюны, нібы павуцінай. А з драконавай глоткі вырваўся сіні агонь, які забівае ўсё жывое, і разбегся па стальных калючках. З тае пары ў дзюнах ніхто не жыве, і выхад да мора зачынены.
– А брат з сястрой куды дзеліся?
– Усіх жыхароў вёскі дэпартавалі. Рыбацкія домікі стаялі спусцелыя, кінутыя. У стрэхах шамацеў пясок, ветрам прынесены з дзюн. Сонца ў чырванаватай смузе павольна апускалася ў мора. Па дарозе з рыпеннем валакліся калёсы, даверху нагружаныя хатнім начыннем, поруч ішлі людзі – мужчыны, жанчыны, дзеці. Старых ды нямоглых везлі ў вазках. Немаўлят неслі на руках. Уздоўж дарогі стаялі прыслужнікі Дракона з аўтаматамі наперавес. Калі мора схавалася за грэбенем дзюны, кабеты загаласілі, як плакальшчыцы над раскрытай магілай. А мужчыны маўчалі, сцяўшы зубы, ды слалі праклёны Жалезнаму Дракону і ягоным паслугачам.
– Праклёнамі нічога не даб'ешся.
– Кажуць, некалі з'явіцца Змеяборац, які вырве Дракону яго чорнае сэрца, і тады стальная павуціна знікне, і выхад да мора зноў будзе вольны.
– А калі гэта будзе, ніхто не ведае, правільна? – Ян апусціў галаву сабе на рукі і замаўчаў.
Уздыхнуўшы, я правяла далонню па яго валасах – некалі абстрыжаныя па-армейску, яны добра адраслі за пару месяцаў, а я наадварот, абрэзала косы, і цяпер мы з братам выглядалі, як блізняты, хаця ён быў малодшы на тры гады. Мне ўспомнілася, як у дзяцінстве – мы тады яшчэ жылі ў дзюнах – я, бывала, усаджвала брата на ўслончык і ўзяўшы грэбень, ваявала з яго непаслухмянымі кудламі, якія ніколі не ляжалі роўна, а тапырыліся, як дзядоўнік. Для хлапчука гэта было здзекам. Ён ныў і вырываўся. У выніку я губляла цярпенне і раззлавана кідала грабеньчык: "Ну і хадзі сабе калматым, пудзіла!" Яну было тады мала гадоў, але немагчыма, каб у памяці не засталося зусім нічога. Яго прымусілі забыць. Я сціснула яго плячо і сказала нягучна:
– Ян, мы не будзем чакаць Змеяборца. Мы самі вырвем сэрца Жалезнаму Дракону і выйдзем да мора – свабоднымі.


Рецензии
Можа, я ўжо надакучыла сваімі паўторамі, але я не магу стрымацца і лічу сваім абавязкам кожны раз сказаць, як мне падабаецца. Як бачыце, я за вас сур'ёзна ўзялася.) Ваш аповед заслугоўвае выразных ілюстрацый і маляўнічай вокладкі. А яшчэ хачу адзначыць, што цяпер гэтая рэч чытаецца зусім па-іншаму. Нездарма вы бралі паўзу і перапрацоўвалі тое, што даўным-даўно зрэла і потым увасаблялася ў шэрагу апавяданняў, па вашым жа выразе. Я спадзяюся, што і мой раман пра Генерала і абаяльную вар'ятку Маргарыту таксама ператворыцца ў штосьці настолькі ж гарманічнае. І яшчэ... на мой густ, вы значна лепей, на галаву вышэй большасці аўтараў, чые пафасна аформленыя кніжкі прадаюцца ў кнігарні Логвінава і якія валодаюць нейкім там аўтарытэтам, рэпутацыяй і прочым шалупіннем (якога ўсё ж такі я і вам жадаю, бо заслугоўваеце пашаны).

Янина Пинчук   20.04.2016 18:52     Заявить о нарушении
Дзякуй, Яніна! Надзвычай прыемна атрымліваць такія каментары, натхняе на працу:)
У першым варыянце менавіта чарнавік і сінопсіс, у новай версіі проста развіваю сюжэт.
Зараз зноў бяру паўзу, трэба ж скончыць "Сястру-Цемру", апроч іншага. Яе таксама была кінула, ды Іма надавала кухталёў - "дзе Овельск?!"))
Сапраўды, твор, які пішацца, варта часова адкласці, каб потым вярнуцца да яго з новымі сіламі. Аднойчы я натрапіла на рэкамендацыі для аўтараЎ, спадабалася такое -- "адчуваеце "затык" - не бойцеся ўсё перайграць і перакроіць, гэта ваш сусвет, у вас над ім абсалютны кантроль, вы тут і цар і бог".

Буду адсутнічаць да панядзелка, потым вярнуся да чытання вашага ВКЛ. Андропаў як секс-сімвал, гэта штосьці!

Нероли Ултарика   21.04.2016 08:52   Заявить о нарушении
О, гэта сапраўды каштоўная парада і трапная заўвага: трэба сваім творам даваць адпачыць. І, калі потым іх дапрацоўваць, то яны будуць, як віно, з часам рабіцца толькі лепей. Я гэта зрадумела, ці, лепей сказаць, прыняла вельмі позна - а да гэтага колькі было нерваў, слёз ды раз'юшанасці! А можа, так і трэба было, каб у мяне не хапала часу і сіл нармальна пісаць - бо не сазрэла яшчэ.

Наконт Андропава сама ўвесь час хіхікаю: ну, я тут самую сябе пераўзышла!
Спачатку мне здаваўся вельмі дзіўным персанажам для дзявочых мар дон Аўгуста. Але потым я ж пачала "чапляць" Грамыку - ну гэта ўсёёёё, такі наменклатурны дзеяч з вясковым абліччам, ну ё-маё... Але ж - ну так, народнае абаянне. Дык гэта не самы хардкор аказаўся, каб я пачала прыставаць да Андропава - вось гэта нават для мяне проста шок!))))

Янина Пинчук   21.04.2016 19:32   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.