Мой ЧарноБыль або Я боль людскi кранау рукамi

Газетны варыянт*

   Споведзь аднаго з лiквiдатараў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, вочы якога да драбнiц «сфатаграфавалi» усё пабачанае, а вушы «запiсалi» усё пачутае пад час трагiчных падзей 1986 года. Ён пастарэў, а яго памяць – не! Гады ёй аказалiся непадуладны. Вiдавочца тых падзей, ён не быў у iх пасiўным назiральнiкам, а ўзначальваў адну з брыгад па высяленню (ратаванню) людзей з вёсак i лiквiдацыi гаспадарак Хойнiцкага раёна Гомельскай вобласцi, якiя апынулiся ў 30-кiламетровай зоне адсялення i адчужэння. Праз 25 гадоў, старонку за старонкай, ён гартае сваю, асабiстую (горкую, як палын) кнiгу памяцi…


   Споведзь

   Мой брат – «чарнобылец!»

   Адзiн з маiх трох братоў – Дзейкун Аляксандр Васiльевiч – «чарнобылец!»
Пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэмii, ён быў накiраваны на работу галоўным заатэхнiкам калгаса «iмя Калiнiна» Брагiнскага раёну. Потым была абавязковая вайсковая служба. Адслужыўшы год на Чарнаморскiм флоце, брат вярнуўся дамоў i стаў працаваць галоўным заатэхнiкам калгаса «Шлях да камунiзму» роднага – Хойнiцкага раёну. Там яго, а дакладней яго арганiзатарскiя, прафесiйныя i iншыя здольнасцi заўважыла раённае кiраўнiцтва. Брата рэкамендавалi на пасаду другога, затым – першага сакратара райкама камсамола. А калi здарылася чарнобыльская бяда, ён ужо працаваў загадчыкам сельгасаддзела Хойнiцкага райкама КПБ.
   У першыя днi таго лiха брат браў удзел у эвакуацыi (ратаваннi) насельнiцтва з вёсак, а таксама вывазе асабiстай i грамадскай жывёлы з гаспадарак раёна, якiя апынулiся ў 30-кiламетровай зоне – зоне адсялення i адчужэння. Потым працягваў жыць i працаваць у Хойнiках, пакуль не накiравалi на другую пасаду – у вобласць.
   Пасля той злашчаснай эвакуацыi брат на вачах родных змарнеў, больш палысеў, пастарэў i стаў пастаянна хварэць. Але хваравiтага выгляду нiколi не паказваў.    Заўжды быў i сёння застаецца (слава Богу!) ўсмiхненным, жыццярадасным, працавiтым – гарапашнiкам, як на яго казала наша мацi.  Застаючыся адданым сабе, сваёй прафесii, ён, i выйшаўшы на пенсiю, разам са сваёй жонкай-цёзкай – Шурай-Аляксандрай, апрацоўвае зямлю, трымае асабiстую гаспадарку: карову, цялiцу, курэй, iндыкоў, гусей (сам выводзiць-разводзiць у дамашнiм iнкубатары). А яшчэ, ён дапамагае аднавяскоўцам, якiя звяртаюцца да яго, як да спецыялiста, за дапамогай: кабанчыка злягчаць, ацёл у каровы прыняць, укол даць жывёлiне, правакцынiраваць кролiкаў ад мiксаматозу…
   Нiколi брат не расказваў пра «свой» Чарнобыль. Калi я спрабавала загаварыць-успомнiць пра тое лiха, якое i зараз не дае нам, прыехаўшы да пустой бацькавай хаты на станцыi Аўраамаўская (вёска Партызанская Хойнiцкага раёна) збегаць (як у далёкiм дзяцiнстве) у лес – на свае грыбовiшчы i ў свае ягаднiкi, якiя сняцца па начах, ён адмахваўся ад мяне i пераводзiў размову на iншае. Пабачыўшы, што гэтая тэма для яго вельмi цяжкая i балючая, я не настойвала. «Усяму свой час», – думала, адступаючыся.
   Прайшло амаль дваццаць пяць гадоў пасля той бяды.
Нядаўна зайшла яго праведаць. Не паспела павiтацца з iм i яго Аляксандрай, запытацца пра здароўе, як у хаце зазванiў тэлефон. Брат узяў слухаўку.
   – Так, я, – пачулi мы з нявесткай. – Так, удзельнiк. Артыкул якi? Васемнаццаты. Зараз прадыктую. Брат, узяўшы пасведчанне ўдзельнiка лiквiдацыi Чарнобыльскай катастрофы, прадыктаваў свайму суразмоўцу яго данныя. На тым канцы слухаўкi (мы зразумелi) яго пыталi пра асабiсты ўдзел у лiквiдацыi наступстваў Чарнобыльскай аварыi. Потым брат адказваў – што ён канкрэтна рабiў у першыя днi пасля выбуху, як (амаль тры тыднi красавiка i мая 1986 года) займаўся арганiзацыяй жыццядзейнасцi сельскiх гаспадарак раёна, а потым – эвакуацыяй людзей з вёсак зоны адсялення i адчужэння, дыктаваў назвы калгасаў, саўгасаў, вёсак. Закончыўшы пералiчэнне, запытаў у суразмоўцы:
   – А куды гэтая iнфармацыя спатрэбiлася? Цiкава ж. Прайшло столькi гадоў, нiхто нiдзе не ўспомнiў, нават, што я – лiквiдатар, а тут, раптам, спахапiлiся? У ваенкамат? Ну, добра. Калi ласка! Бывайце здаровы!
   – Хто званiў? – запытала жонка брата.
   – Ды гэта была Раiса Аляксандраўна (Пугачова) з сельсавета (Бабовiцкага), адказаў брат, апусцiўшы трубку на апарат. На яго твар нiбы лёг цень, ён аж скрывiўся ад нечага i пахiстаў галавою, як бы адганяючы ад сябе прывiды-успамiны. Вiдаць, мiжволi, парынуў у мiнулае – у той далёкi i жахлiвы – 1986 год. Глянуўшы на мяне, запытаў:
   – Ты хацела пачуць пра «мой Чарнобыль»?
   Я кiўнула галавой. Яго жонка, заявiўшы, што яна не можа зноў перажыць тое лiха (пры сваiм стане здароўя), хутка выйшла на двор.
  – Ну, дык слухай, – сказаў брат, правёўшы поглядам сваю Аляксандру.
З вялiкiм хваляваннем, якое не магло не перадавацца i мне, ён пачаў гартаць, старонку за старонкай, сваю асабiстую кнiгу памяцi…

Бяда

   Тая бяда застала нас з Шурай i з дзецьмi на Аўраамаўскай. Быў выхадны i мы ў той дзень дапамагалi бацькам садзiць бульбу каля хаты, разбiваць грады ў канцы агарода. Дзень выдаўся сонечны i вельмi ветраны. Вечарам прыйшлi Мiша з Нiнай (сярэднi брат з жонкай) i з дзецьмi i мы адзначылi дзень нараджэння Вiталiка (сына) i Нiны. У абаiх жа на 26 красавiка яно прыпала.
 Назаўтра прыгарадным цягнiком вярнулiся ў Хойнiкi. Вечарам мне пазванiў загадчык агульнага аддзела райкама партыi Васькевiч Вiктар Сцяпанавiч, спытаў, цi не ведаю я – што здарылася паблiзу нашага раёна? Я на той час ведаў толькi тое, што пачуў за паўгадзiны язды ў вагоне – так, нейкiя ўрыўкi размоў пасажыраў пра аварыю на Чарнобыльскай станцыi. Я не надаў тым размовам увагi, бо ведаў: калi што якое сур’ёзнае здарыцца, дык мяне i пад зямлёю знойдуць. Па радыё нiхто нiчога не казаў пра тую аварыю, бацьку па селектару (у хаце стаяў селектарны тэлефон) нiхто не званiў – усё было спакойна. Калега сказаў мне, што таксама не ведае падрабязнасцей, але адчувае штосьцi жахлiвае i таму ўсяму апарату ранiцай патрэбна быць на месцы, як мага раней.
   У 8 гадзiн ранiцы 28 красавiка ўсе адказныя работнiкi апарата райкама партыi былi ў кабiнеце першага сакратара – Дземiчава Дзмiтрыя Мiхайлавiча. Мова iшла толькi пра Чарнобыль. Ад Першага (так яго ўсе звалi) мы атрымалi наказ: тэрмiнова ўсяму апарату размеркавацца i выехаць на месцы – у калектывы гаспадарак, арганiзацый i прадпрыемстваў раёна i, у першую чаргу, тыя, што знаходзяцца ў непасрэднай блiзкасцi ад Чарнобыля. Там мы павiнны забяспечыць iх нармальную жыццядзейнасць, не дапусцiць панiкi, растлумачыць людзям, што нiчога жахлiвага не здарылася. Разам з гэтым пры сустрэчах папярэджваць людзей, каб меней бывалi на сонцы, закрывалi фортачкi, на галовах насiлi хусцiнкi i кепкi.
   «На раён» я паехаў з галоўным заатэхнiкам упраўлення сельскай гаспадаркi райвыканкама Нiкiценкам Васiлём Паўлавiчам (ужо нябожчык). Цэлымi днямi мы з iм аб’язджалi гаспадаркi чарнобыльскай зоны: «Новае жыццё», «Першае мая», «Перамога сацыялiзму», «Аравiчы», «iмя XXII з’езда КПСС», «iмя Жданава», «Кастрычнiк». А гэта каля двух дзесяткаў вёсак. Мы сустракалiся з людзьмi – выслухоўвалi iх, супакойвалi, абнадзейвалi, аказвалi дапамогу на месцы. Акрамя гэтага мы павiнны былi забяспечыць нармальнае правядзенне веснавога севу, бесперапынную работу ферм i жывёлагадоўчых комплексаў, адгрузку малака i т. д.
   Як кажуць – памiраць збiрайся, а жыта сей!
   Усе гэтыя працэсы забяспечвалi людзi. Нi мы, нi яны нiчога дакладнага не ведалi – нiхто нам пра сапраўдны размах катастрофы нiчога не казаў, не апавяшчаў па радыё, тэлевiзару. Афiцыйныя сродкi масавай iнфармацыi звярталi ўвагу не на аварыю ў Чарнобылi, а на тое, што пра яе перадавалi «галасы» з-за рубяжа. Аварыя падавалася мiж iншымi навiнамi, як звычайная паломка. Мы ў гэта верылi. А каму ж тады верыць?
   Але нейкая напруга ў раёне ўсё ж была. Пад час паездак мы звярнулi ўвагу на тое, што каля многiх хат стаялi легкавiкi, а на дзвярах некаторых дамоў вiселi замкi. Са слоў кiраўнiкоў гаспадарак мы ўжо ведалi, што некаторыя вяскоўцы, каго не звязвала дамашняя гаспадарка, у асноўным, адзiнокiя пенсiянеры, выехалi з дамоў. Пачуўшы з тых жа замежных галасоў пра Чарнобыль, за бацькамi прыехалi дзецi забiраць iх далей ад бяды.
   Я тады перазванiўся з куратарам раёна ад абкама партыi – Маёравым Уладзiмiрам Сяргеевiчам. Мы добра ведалi адзiн аднаго – вучылiся разам у акадэмii. Маёраў з iншымi адказнымi таварышамi аб’язджаў не толькi Хойнiцкi раён, а i суседнiя – Брагiнскi, Нараўлянскi. Вывучаў становiшча спраў i настрой людзей сам, а час ад часу звязваўся з намi. Мы разам дзялiлiся першымi ўражаннямi, назiраннямi. Пасля iнфармацыi «з першых рук» кiраўнiцтву розных узроўняў патрэбна было прымаць правiльныя рашэннi. Як прадстаўнiк вобласцi, Маёраў супакойваў нас, прасiў «не панiкаваць самiм i не даваць укiнуцца ў панiку iншым».
   Усюды ж iшло паўсядзённае жыццё. У калгасах i саўгасах праводзiлiся веснавыя палявыя работы, людзi працавалi на сваiх агародах. Дзе-нiдзе на палетках ужо пасвiлiся людскiя каровы i цяляты. Грамадскiмi дойнымi статкамi пачалi спасваць азiмае жыта, якое было пасеяна з восенi для гэтых мэт.
I толькi ў двух калгасах – «Першае мая» i «Новае жыццё», iх кiраўнiкi – Новiк i Васюк паведамiлi нам, што ў вёскi, якiя ўваходзяць у склад iх гаспадарак «нешта пераязджаюць людзi з украiнскiх вёсак, прылеглых да Чарнобыльскай станцыi»…
   «На раёне» мы з Васiлём Паўлавiчам i iншымi работнiкамi апарата райкама i райвыканкама працавалi да 1 мая, прыязджаючы ў Хойнiкi пераначаваць i змянiць сарочкi.

   Першамай

   Той Першамай, на першы погляд, здаваўся быццам бы звычайным, такiм як i ў папярэднiя гады: разам з членамi бюро райкама партыi, членамi выканкама раённага Савета народных дэпутатаў, калегамi па рабоце я стаяў на трыбуне ў Хойнiках каля помнiка Ленiну. Так было заведзена. З намi побач былi ўдарнiкi працы, ветэраны. У святочных калонах паўз нас праходзiлi працоўныя калектывы – хайнiчане. У руках святочна апранутыя людзi неслi лозунгi, транспаранты, сцягi пятнаццацi саюзных рэспублiк, партрэты кiраўнiкоў дзяржавы, галiнкi бяроз са штучнымi кветкамi i рознакаляровымi шарыкамi. Мы вiталi дэманстрантаў, яны, у адказ, вiталi нас. Праўда, у гэтых калонах не было вучняў школ i навучэнцаў будаўнiчага вучылiшча горада – было прынята рашэнне не прыцягваць iх да традыцыйнага штогадовага масавага мерапрыемства. Мы стаялi на трыбуне, усмiхалiся i рабiлi выгляд, што няма чаго хвалявацца. А у гэты час, з вёсак: Радзiн, Уласы, Чамкоў, Сянцы, Баршчоўка, Малочкi, Масаны, Пагоннае, Лясок, Аравiчы, Дронькi, Краснаселле (што ўваходзiлi ў 30-кiламетровую зону) вывозiлiся цяжарныя жанчыны, маленькiя дзецi з мацярамi i размяшчалiся ў прыгарадных вёсках i школах горада.
Наш жа Першы, паказваючы прыклад iншым, да Першага мая i цэлы тыдзень пасля яго, iдучы на работу, на вачах усiх Хойнiк, вёў за ручку сваю маленькую дачку (з банцiкамi на непакрытай галоўцы, у акуратнай школьнай форме) да школы №2, якая знаходзiлася крыху далей ад яго работы.
   «Чаго ж хвалявацца, калi Дземiчаў з маленькай донькай штодня спакойна крочыць па гораду? – пераказвалi людзi адзiн аднаму ў транспарце, у магазiнах i iншых грамадскiх месцах. – Зноў брэшуць тыя замежныя галасы абы што, толькi каб ушкудзiць нас…»
   «Наш стабiлiзатар» – так яшчэ (ў вузкiм коле) мы празвалi пад час тых трагiчных падзей свайго Першага. Дыпламат, у меру гумарны, у тыя цяжкiя днi ён паводзiў сябе спакойна, ураўнаважана, удумлiва. Здавалася, якiя б цяжкасцi не даймалi яго – ён не дазваляў, каб яны чыталiся на яго твары.
   Людзi не ведалi, што iх Першы меў жорсткi наказ зверху...
   Сёння я магу сабе ўявiць, што адчуваў Дзмiтрый Мiхайлавiч у тыя днi, вядучы сваю маленькую донечку па Хойнiках. Канешне, ён ведаў крыху болей за нас, але ж… пасада, наказы зверху, асабiстыя яго якасцi такiя як: чалавечая годнасць, выхаванасць дыктавалi кiраўнiку раёна такiя паводзiны. Ён меў наказ: «Не дапусцiць панiкi!». А як ты яе не дапусцiш? Толькi асабiстым прыкладам! Панiка – страшэнная рэч! Яна можа прывесцi да непрадбачальных вынiкаў з вялiчэзнай колькасцю ахвяр. Прыкладаў гэтаму ў жыццi вельмi багата…
   Ноччу, з другога на трэцяе мая, на тэрмiновай нарадзе бюро райкама партыi, райвыканкама i штаба грамадзянскай абароны было прынята рашэнне пра эвакуацыю насельнiцтва паўднёвай часткi раёна. Пасля той нарады, большая частка яе ўдзельнiкаў (хто ў чым быў) выехала ноччу ў гаспадаркi раёна, трапiўшыя ў спiсы пад эвакуацыю.
   Адну з брыгад узначалiў я. У яе складзе: першы сакратар райкама камсамола Сяргей Рыгоравiч Жыляк, старшыня райкама прафсаюза працаўнiкоў сельскай гаспадаркi Георгiй Сцяпанавiч Хлiманкоў, рэдактар раённай газеты «Ленiнскi сцяг» Арсен Адрэевiч Сакун, галоўны заатэхнiк раёна Васiль Паўлавiч Нiкiценка.
   У «зону» мы ехалi «узброеныя» – работнiкi раённай аптэкi выдалi нам па некалькi пакецiкаў з парашкамi, якiя змяшчалi ёд, а медыкi рэкамендавалi патроху ўжываць спiртное, асаблiва чырвонае вiно «Кабэрнэ».
   …Дзве гадзiны ночы, мы едзем у «пазiку» невядома на колькi дзён (бязвыездна), у вельмi забруджаную радыяцыяй мясцовасць. У нас на пяць чалавек дзве пляшкi гарэлкi. Жывасiлам, бо кожны ведаў, якая змора, цяжкая знясiльваючая работа нас чакала наперадзе, выпiваем па чарцы, закусваем, што ў каго знайшлося. Настрой ва ўсiх панылы, змрочны, нам жудасна ад таго, што прадстаiць рабiць – мы нiколi такiм не займалiся. У нас ва ўсiх ёсць бацькi, дзецi, родныя. Мы ўяўляем: як iх высяляюць з родных дамовак…
   Не дай Бог нiкому зведаць такiх думак, рабiць тое, што прадстаяла рабiць нам!

   Эвакуацыя

   Радзiн, Чамкоў, Уласы, Сянцы – вёскi, што ўваходзiлi ў склад калгаса «Новае жыццё», якiм кiраваў Васюк Iван Мiкалаевiч. Я ведаў яго яшчэ па камсамолу. Калi ён працаваў iнжынерам райсельгастэхнiкi i там быў абраны камсамольскiм важаком, яго добрасумленнасць, iнiцыятыўнасць, арганiзатарскiя здольнасцi не засталiся па за ўвагай райкама партыi. Васюка парэкамендавалi сакратаром партыйнай арганiзацыi саўгаса «Вялiкаборскi» (былы калгас «Шлях да камунiзму»), дзе пасля службы ў армii працаваў я, а потым – ён. А зараз вось гэты самы Васюк ужо некалькi гадоў паспяхова ўзначальваў калгас «Новае жыццё». А яшчэ Васюк – зямляк майго калегi i сябра – загадчыка арганiзацыйнага аддзела райкама партыi Баранава Валянцiна Iгнатавiча. У нас з Баранавым аднаго ўзросту дзецi. Баранаў з Васюком родам з пасёлка iмя Ленiна. Кожны раз, як толькi Васюку даводзiлася бываць у Хойнiках, ён абавязкова забягаў да нас з Баранавым, з якiм мы спачатку працавалi ў райкаме камсамола, затым – у райкаме партыi. Памiж намi ўсталявалiся добрыя, сяброўскiя адносiны.
   Той ноччу я ехаў да гэтага самага Васюка, лiчы – сваяка, высяляць-эвакуiраваць яго з людзьмi, лiквiдаваць яго гаспадарку…
   Радзiн – цэнтральная сядзiба гаспадаркi.
   Ноч, а Радзiн не спiць. Нас сустрэлi каля калгаснай канторы сакратар партыйнай арганiзацыi калгаса Васiль Кiрылавiч Акулiч, старшыня – Iван Мiкалаевiч Васюк, старшыня Радзiнскага сельскага Савета Анатоль Аўраамавiч Шарапа, сакратар Савета Харытоненка (нажаль не памятаю яе iмя), галоўныя спецыялiсты гаспадаркi i … цэлы натоўп народу. Кiраўнiкi гаспадаркi ўжо паведамiлi калгаснiкам пра эвакуацыю. Убачыўшы, што прыехалi прадстаўнiкi райкама партыi i райвыканкама, людзi ў момант акружылi нас. «Прыехала начальства з раёну, дык яно ўжо дасць рады iх бядзе, а мо i высяляцца не будзе патрэбы»? – напiсана на iх аблiччах.
   Божа, родны! Якiя яны знерваваныя, устрывожаныя, разгубленыя, сумныя! На iх тварах – роспач, адчай! Над натоўпам стаiць гул пытанняў з надрывам i плачам. Пачуццi бяруць верх над усiм, вылiваюцца цераз край. Некаторыя рашуча i са злом заяўляюць: «Не паедзем нiкуды!».
   –Дзе яна ваша радыяцыя? Пакажыце! Дайце памацаць яе рукамi, панюхаць хоць носам! – крычыць нам адзiн з мужчын. Выразна чуецца галашэнне i прычытаннi нейкай жанчыны: «А бажочак мой родненькi! А хто ж нас пракляў так, а за якiя такiя грахi? А ты ж усясiльны, дапамажы нам!». Не толькi ў жанчын, у мужчын мокрыя ад слёз твары.
   Людская бяда абрынулася на нас, нiбы нечаканая навальнiца з громам i маланкаю – разам вымачыла i аглушыла. У мяне мароз раз-пораз прабягаў па скуры. Нейкi момант мы толькi глядзелi i слухалi лямант i плач людзей сярод ночы. Потым, сабраўшыся з сiламi, па чарзе, хто як мог, пачалi суцяшаць людзей, спачуваць iхняму гору, сеяць у iх душах надзею, абяцаць, што ў бядзе нiхто з iх не застанецца сам-насам. Людзi крыху супакоiлiся, але з усiх бакоў на нас пасыпалiся балючыя пытаннi: куды iх будуць вывозiць i на колькi дзён, цi разам яны будуць, дзе будуць жыць i што з сабою браць, куды дзяваць поўныя хлявы худобы, а двары – дамашняй птушкi, што рабiць з сабакамi, на каго пакiнуць «новы» (нераспакаваны нават) халадзiльнiк, куды дзяваць толькi што забiтых кабаноў, а як гэта ўзяць ды пакiнуць могiлкi?…
   – А як жа Паска? Яе што, у нас не будзе? – такое пытанне задала нам бабуся з тварам, падобным на лiк святой са старой матчынай iконы. Мы разгубiлiся зноў. А i праўда – наперадзе ж Вялiкдзень! Хаця мы ўсе былi камсамольцамi-камунiстамi i, як быццам бы, не прытрымлiвалiся царкоўных свят, але ж мы яшчэ былi i дзецьмi сваiх бацькоў, а яны – сваiх. А тыя верылi ў Бога, сваiх святых, правiлi пасты, адзначалi царкоўныя святы. А ўжо «Паску»! Чаго граха таiць – i камсамольцы, i камунiсты самi добра чакалi гэтага першага веснавога свята, бо ж былi калiсьцi дзецьмi – бiлiся ў «бiткi» i гулялi ў «мацакi». А цяпер, выходзiць, што для гэтых людзей (i нас таксама) «Паскi» у гэтым годзе не будзе? – пераглянулiся мы. Што ж тут скажаш?
   Людзей займалi простыя звычайныя рэчы, падобных пытанняў было безлiч i не на ўсе мы маглi даць грунтоўныя адказы.
   Зноў, сабраўшыся з духам, мы вымушаны былi прадоўжыць сваю цяжкую, «чорную работу».
   Мы настойлiва просiм людзей разысцiся па дамах i сабрацца ў дарогу – ранiцай за iмi прыйдуць аўтобусы. Людзi нехаця разыходзяцца, а мы, разам з галоўнымi спецыялiстамi гаспадаркi, кадрамi сярэдняга звяна, супрацоўнiкамi Радзiнскага сельскага Савета аператыўна размяркоўваемся: хто ў Сянцы, хто ў Чамкоў, хто ва Уласы паедзе рыхтаваць людзей. Паколькi на цэнтральнай сядзiбе гаспадаркi знаходзiлася большая колькасць жыхароў, асабiстай i грамадскай жывёлы, я з Васюком, Нiкiценкам i сакратаром Радзiнскага сельскага Савета Харытоненкай застаёмся ў Радзiне.
   – Што ж гэта за лiха такое звалiлася на нашы галовы? Нiякай жа небяспекi не вiдаць: нiшто не гарыць, няма стралянiны, выбухаў… Усё навокал ажывае, зацвiтае, сонца з кожным днём грэе ўсё цяплей. Душа ў людзей рвецца да зямлi – садзiць, сеяць, а тут на табе – кiдай хлявы, поўныя худобы, едзь у белы свет. Нам жа тут i салома – добрая пасцель! А хто нас дзе чакае? А людзi ж якiя тут на Палессi?! Яны ж тут асобага складу: дабразычлiвыя, працалюбiвыя, хлеба-бульбасольныя! Аляксандр Васiльевiч, залатыя людзi тут, самi ведаеце… Жанчыны нашы адна перад адною старалiся з тымi кветнiкамi… А, бажочак, мой родны! За што нам такое гора? – звяртаецца ўжо не да мяне, а да Бога з запытаннем, на якое няма адказу, камунiст-атэiст Iван Мiкалаевiч Васюк.
   Глыбокая ноч, а Радзiн не спiць. У адзiн бок ад канторы працягнуўся Стары Радзiн, а ў другi – Новы Радзiн – так памiж сабою называлi сваю вёску яе жыхары. Вокны ва ўсiх хатах свецяцца. «Што там за iмi адбываецца? Пра што гавораць, што перажываюць нi ў чым не вiнаватыя, няшчасныя людзi? Нам сказалi i мы ўжо ведалi, што нельга пiць дамашняе малако, калодзежную ваду, ужываць яйкi, зелянiну. А што ж тады пiць i есцi? А не пiўшы i не еўшы, як пражывеш хоць бы адзiн дзень? Што чакае гэтых людзей i iх дзяцей заўтра. А нас?» – ад такiх думак пачынае балець галава. Горла сцiскае тугi балючы камяк. Хочацца плакаць ад роспачы.
   Госпадзi, дай мне сiлы перажыць гэтае лiха!
   Пачынаем падворны абход. I зноў: роспач, адчай, слёзы, прычытаннi. Зноў знаходзiм словы суцяшэння, падтрымкi, жалю i аптымiзму. Зноў людскi боль патрэбна было прапускаць праз сваю душу i сэрца – у кожнай хаце, ад кожнага чалавека! Мне тады i зараз здаецца, што я да таго болю людскога дакранаўся, як да чагосьцi адчувальнага на дотык, сваiмi рукамi. Асаблiва цяжка было пераканаць людзей не браць з сабою нiчога, акрамя дакументаў, грошай, асабiстых каштоўнасцей, рэчаў першай неабходнасцi, харча ў дарогу. Паедуць жа «ўсяго на тры днi». Так нам сказалi, так кажам i мы, i самi намагаемся ў гэта верыць. Як жа iнакш – сэрца ж не вытрымае.
   А людзi, у адзiн голас: «Мы капцы адкрылi, бульбу пачалi садзiць. На палях сеў пачаўся, а што цяпер? А худобу сваю куды дзяваць? За тры днi яна падохне ад неядзi, без догляду. Нiкуды не паедзем!».
   Сапраўды, людскiя хлявы былi напоўнены худобай, рознай птушкай. Як такое перажыць таму, хто зросся са сваёй зямлёй, сваёй гаспадаркай? А з чаго жыць? З зарплаты на сяле не вельмi разгонiшся дзяцей падняць, вывучыць. Нашы ж людзi прывыклi з зямлi ды з дамашняй гаспадаркi падмогу мець, кармiцца. Пра сваё здароўе i жыццё яны ў той час не думалi, радыяцыю – не ўспрыймалi, бо яе не бачылi, не чулi, не нюхалi. Яны, бедалагi, гатовыя былi паверыць у будзь-якую лягенду, знайсцi будзь-якую прычыну – толькi б застацца ў родных, абжытых мясцiнах, побач з могiлкамi сваiх дзядоў-прадзедаў. А як жа? Дома i салома ядома, а на чужыне i гарачы тук стыне. Мы iх разумелi – самi такiя, бацькi нашы такiя. Але, нам прадстаяла гэтых людзей за лiчаныя гадзiны, а дзе i хвiлiны, супакоiць, маральна падрыхтаваць, арганiзаваць, а потым – жывасiлам адрываць ад iх кроўнага i садзiць у аўтобусы…
   Тое ж самае, што нам заявiлi людзi на цэнтральнай сядзiбе калгаса, паўтарылi-заявiлi людзi iншых сёл: «Нiхто не кранецца з месца, пакуль мы не вырашым пытанне з iх худобай i калгаснай».
   Во людзi! А!? Выходзiць – сам пагiбай, а худобы не пакiдай? I што, ты, з iмi зробiш? Па праўдзе кажучы – на той момант я неяк разгубiўся i не ведаў што рабiць. На шчасце, побач (у суседняй гаспадарцы саўгасе «Аравiчы») аказаўся наш былы першы сакратар райкама партыi Карасевiч Георгiй Трафiмавiч. На той момант ён працаваў загадчыкам аднаго з аддзелаў аблвыканкама але, калi здарылася бяда, зачынiў кабiнет i прымчаў у раён. Разам з намi Георгiй Трафiмавiч займаўся «гарачымi» справамi-пытаннямi – тым жа высяленнем. Ён якраз пазванiў у Радзiн з вёскi Дронькi i калi я паведамiў яму аб чым заявiлi людзi, ён мяне супакоiў i сказаў, што ў iх абстаноўка падобная нашай i патрэбна тэрмiнова звязвацца са штабам (абласным).
   Я хуценька звязаўся, далажыў. Дарэчы, штаб быў размешчаны ў кабiнеце старшынi райвыканкама Абухава Аляксандра Iванавiча. Акрамя яго i нашага Першага, туды ўваходзiлi прадстаўнiкi з вобласцi, з Мiнска. Я казаў пра шчасце, што сярод нас знаходзiўся Карасевiч, якi нас (маладых, малавопытных) словам i справай падтрымлiваў i накiроўваў. Дык вось, на вялiкае шчасце! у штабе ў тыя днi пастаянна знаходзiўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Грахоўскi Аляксандр Адамавiч (нябожчык, царства яму нябеснае!). Аляксандр Адамавiч (нягледзячы на свой высокi ранг) быў чалавекам найдабрэйшай душы i шчырага сэрца. Яго ўменне саперажываць, гатоўнасць прыйсцi на дапамогу, аддаць часцiнку свайго добрага сэрца – з’яўлялiся асновай усёй яго iстоты. А ў той неразбярысе ён быў яшчэ i чалавекам, якi не баяўся прымаць рашэннi, браць за iх на сябе адказнасць. А гэта – дарагога каштуе! Не кожны высокi чыноўнiк на гэта здатны. Не дарма Кузьменка, якога ты добра ведаеш, якi таксама быў членам абласнога штаба i якi нiколi не лазiў у карман за трапным словам, пад час тых трагiчных падзей празваў (як прыдрукаваў) Грахоўскага «Жукавым». (Кузьменка Аляксандр Мiхайлавiч – палкоўнiк мiлiцыi, зямляк, начальнiк ДАI Гомельскага аблвыканкама на той час).
   Лiтаральна праз лiчаныя хвiлiны я атрымаў наказ-рашэнне штабу (на чале з «Жукавым») пра вываз людской худобы, людзей, а потым грамадскага статку.   Аб’явiлi аб гэтым людзям пры новым падворным абходзе.
   Але! Уся людская худоба павiнна была прайсцi праз вагi, афармленне актаў закупкi. Тыя акты павiнны былi мець пячатку i пяць подпiсаў адпаведных асоб. А гэта ж працадура зойме столькi часу! Акрамя людскiх кароў-свiней мы павiнны былi аформiць i адправiць (што на мясакамбiнаты вобласцi, а што ў другiя гаспадаркi раёна) калгасны статак – каля двух с палавiнай тысяч галоў, але гэта будзе потым, а пакуль… З канторы калгаса, сельскага Савета павыносiлi сталы, стулы, табурэткi. Адзiн стол занялi лекамi. (Той, хто прымаў кароў ад людзей, ведае, як цяжка з iмi расставалiся гаспадынi).
   Пачалi прыбываць вялiкагрузныя машыны для перавозкi скацiны. Папераду iх прымчаў на сваёй белай «Волзе» Кузьменка: глянуць, што ды як, бо гатоў жа быў гнаць аўтобусы за людзьмi, а не «жывёлавозы» тыя. Перакiнулiся мы з Аляксандрам Мiхайлавiчам тады словам-другiм i ён далей «паляцеў». З яго слоў я даведаўся, што адначасова iдзе эвакуацыя многiх вёсак i гаспадарак Брагiнскага i Нараўлянскага раёнаў.
   Рахунак знаходжання людзей на забруджанай зямлi Радзiнскага сельскага Савета iдзе на мiнуты, гадзiны, мы гатовыя прымаць дамашнюю скацiну ад людзей, а нi з аднаго двара не паказваецца нi адна карова. Людзi затаiлiся i чакаюць, перыядычна выглядваючы на пустую вулiцу. Адна рэч – прапанаваць здачу худобы на словах, iншая – узяць вяроўку i вывесцi тую ж карову з двара. Вясковыя людзi ведаюць пра што я кажу. Вулiца была пустой. Што рабiць?
   – Паказвай прыклад, даражэнькi! – звяртаюся я да Iвана Мiкалаевiча Васюка. Той, цяжка ўздыхнуўшы, накiроўваецца да свайго падвор’я. I вось ён выйшаў з двара i пачаў весцi на вяроўцы па цэнтру вулiцы сваю бела-рабую карову. Трэба было бачыць: у адно iмгненне вулiца запоўнiлася людзьмi з каровамi.
   Што нi кажы, а асабiсты прыклад – вялiкая рэч!
   А вакол стаiць гул рыкання кароў, яны адчуваюць куды iх вядуць, з iх вачэй (трэба было бачыць) цякуць слёзы. Дык гэта ж каровы. А людзi? Людзi голасам галосяць, прычытаюць за сваiмi лыскамi, рабкамi, зоркамi, як па нябожчыках. За каровамi, не палiчыць, бягуць людскiя сабакi (iх ноччу мы наказалi паадвязваць з ланцугоў на волю), яны гаўкаюць, выюць, кусаюцца памiж сабою, хапаюць кароў за хвасты i заднiя ногi…
   Гвалт!
   А як пачалi тых кароў загружаць у машыны, дык некаторых жанчын прыйшлося адцягваць сiлком ад жывёлiн, адпайваць вадой, даваць лекi. Вiдовiшча было такiм, што хоць сам станавiся, ды галасi разам з тымi няшчаснымi. Прыйшлося ўзяць у рукi мегафон i, каб хоць як разрадзiць, расслабiць становiшча, звярнуцца да людзей з жартоўнай прапановай: «Увага, увага! Пасля здачы кароў патрэбна здаць i сваiх сабак – за iх вы атрымаеце потым грошай болей, чым за карову!». Людзi сцiхлi на момант, затым зразумелi жарт, трохi апамяталiся, некаторыя, нават, заўсмiхалiся. Вiдаць, уявiлi сабе тую здачу сабак. А тут адна з кароў каля вагоў пачала цялiцца. I што, ты, думаеш? – мне давялося прымаць ацёл у тым гвалце. Але, на той момант людзi, нават, забылiся пра сваё гора. Нехта з натоўпу закрычаў-запытаў: «Хто нарадзiўся – бычок цi цёлачка?». З другога боку пачулася: «Дык гэта ж райкомаўскi работнiк прымае ацёл! Во дае! Малайчына!».
   I смех, i грэх, як кажуць, i гора!
   – Цёлачка, – адказаў я, падцягваючы навароджаную да каровы, каб яна, як водзiцца, аблiзала сваё дзiця. На маё паведамленне адны ўздыхаюць з палёгкай, нiбы самi прымалi той ацёл, а гаспадыня каровы i цёлачкi заходзiцца ў плачы-прычытаннi. (Аказалася, тая карова 14 гадоў кармiла-паiла вялiкую сям’ю жанчыны, ад дзяцей да ўнукаў i ўсе гады разцельвалася бычкамi, а тут, як на бяду – цёлачкай, якую яна так чакала, каб замянiць пастарэўшую кармiцельку). Карову з прыплодам пагрузiлi ў машыну, а iх гаспадыню некалькi мужчын сiлком адцягвалi ад той машыны, а потым медыкi адпайвалi яе.
   Разам з каровамi ў насельнiцтва прымалi свiней. I тут не абыйшлося без прыгод: ранiцай перад пагрузкай, яшчэ дома, адна з свiнаматак апарасiла 12! парасят. Яе разам з прыплодам пагрузiлi ў машыну. Як жа галасiла па iх гаспадыня!
   Ты кажаш: худоба, худоба, а як жа людзi? А так, як чуеш, як было на самой справе. Людзi да таго зраслiся, зжылiся, зраднiлiся са сваiмi дамашнiмi жывёламi, што не маглi нi аднаго дня ўявiць сябе без iх.
   Калi ж у Радзiн пачалi прыбываць аўтобусы i прыйшла чарга вывозiць людзей, пачаўся такi вялiкi енк-плач, што на маёй галаве валасы сталi дыбам – яны ў мяне тады яшчэ былi. Людзi пачалi адзiн з адным абдымацца, развiтвацца, прасiць прабачэння за штосьцi … Вiдовiшча – няйнакш, як перад канцом свету…
   З клункамi, мабыць жа, з самымi дарагiмi сэрцу дамашнiмi рэчамi, матчынымi посцiлкамi, ручнiкамi, сёй-той адзежынай, зарованыя, з плачам, ледзь перастаўляючы ногi, яны сталi запаўняць аўтобусы. Замест двух-трох чалавек на рад, на iм (з вузламi) размяшчаўся адзiн. Мы не мелi ў сабе сiл вырываць з рук галосячых жанчын тыя вузлы-клункi, бо з кожнай з iх прыйшлося б – бiцца! Не пасмелi, хаця i мелi наказ – не дазваляць нiчога лiшняга браць з сабою, бо ўсё – радыяцыйнае! Але «iкарусаў» i «лазаў» хапала i на такое размяшчэнне. Былi i хворыя ляжачыя людзi. За iмi прыйшлi «хуткiя» i павезлi адразу ў раённую бальнiцу…
   У гэтыя першыя майскiя днi адначасова iшла эвакуацыя з чатырох гаспадарак раёна: калгасаў «Новае жыццё», «Першае мая» i двух саўгасаў – «Аравiчы» i «Перамога сацыялiзму».
   Потым Сяргей Жыляк, якi адлучаўся па справах у Хойнiкi (ён жа быў першым сакратаром райкама камсамола) расказваў, як па дарозе ў Хойнiкi ён быў уражаны пабачанай карцiнай: па ёй няспынным патокам у абодва бакi рухалiся вялiзныя жывёлавозы. Адны – гружаныя скацiнай, iншыя – пустыя, за – ёю. Днём i ноччу. Што ты хочаш – чатыры гаспадаркi яе мелi па некалькi тысяч галоў.
   Той жа Аляксандр Мiхайлавiч Кузьменка, напрыклад, пры сустрэчах расказвае-захапляецца не толькi сваiмi калегамi – супрацоўнiкамi мiлiцыi, якiя, «першымi зайшлi ў зону i там застаюцца i зараз», а i вадзiцелямi, якiя ажыццяўлялi тыя бясконцыя перавозкi ў такiх экстрэмальных умовах i за ўвесь час не дапусцiлi на тэрыторыi вобласцi нi аднаго! дарожна-транспартнага здарэння!
   Так што праўда – людзi выпрабоўваюцца не толькi славай, грашыма, але i бядой. Тая бяда яскрава высвецiла многiх – хто на што здатны.
Такiм жа няспынным патокам рухалiся аўтобусы з эвакуiраванымi людзьмi. Наперадзе калон з людзьмi ехалi з трывожнымi праблiсковымi маякамi, уключанымi сiрэнамi i фарамi даiшныя аўтамабiлi – «канарэйкi», як ты на iх кажаш, а за iмi – «хуткiя». Тыя няспынныя, бясконцыя патокi (хлопцы расказваюць пры сустрэчах) i зараз не-не ды i з’яўляюцца ў iх перад вачыма. Да Хойнiк i назад не можна было прабiцца!
   Дык гэта ж дарослыя, а дзецi? Наша хойнiцкая зямлячка, якая працуе у раённым (Гомельскi раён) аддзеле асветы, Таццяна Якаўлеўна Чэркас, неяк пры сустрэчы расказала мне, як яе маленькi пляменнiк са Стралiчава пасля той эвакуацыi доўга яшчэ будаваў з цацкавых машынак калоны з даiшным аўтамабiлем наперадзе i «хуткай» за iмi i казаў прыгэтым: «Бух, бух!».
   Во гульня была ў дзiцяцi! I цi ў аднаго яго?
   А перад маiмi вачамi i сёння, час ад часу, з’яўляецца-стаiць карцiна: адыходзячыя аўтобусы, заплаканыя людзi з вакон махаюць насоўкамi свайму сялу – развiтваючыся з iм, прадчуваючы, што ўжо як жылi ў iм, так жыць болей не будуць… Самыя верныя сабакi, якiя бачылi, як iх гаспадары садзiлiся ў аўтобусы, бягуць следам за iмi…
   А гэта ж была «Паска» – Вялiкдзень! У некаторых хатах, пад час абходу, мы бачылi на сталах крашанкi, нашы насы казытаў густы пах печаных булак, смажаных кумпякоў. Людзi гатавалiся iх у блiжэйшай царкве асвяцiць. Яны не думалi-не гадалi, што iм прыйдзецца пакiдаць дамоўкi, ды яшчэ i ў такi дзень…
   Хiба ж такое забудзеш?

   Рубiльнiк

   Адправiўшы людзей, мы прадоўжылi эвакуацыю-лiквiдацыю гаспадаркi. На той момант перад намi паўстала такая праблема, што нам, без пабочнай дапамогi, з ёю нiяк не можна было справiцца. Выявiлася, што некаторыя жывёлаводы пакiнулi свае рабочыя месцы: многiя з iх к гэтаму часу выехалi з сяла са сваiмi малымi дзецьмi. Адгружаць, разам узятых, каля трох тысяч галоў буйнай рагатай жывёлы, коней, не было каму. Калi я далажыў аб гэтым у штаб, праз лiчаныя гадзiны да нас на дапамогу прымчалi аўтобусы з рабочымi i спецыялiстамi раённых прадпрыемств i арганiзацый: «Сельгастэхнiкi», «Сельгасхiмii», калгаса «iмя Калiнiна». Памятаю, сярод брыгады калiнiнцаў быў галоўны заатэхнiк гаспадаркi, мой аднакурснiк, Валодзя Лаўшук. Такi дэсант, па 30 чалавек мужчын, прыбываў да нас кожны дзень (пакуль iшла пагрузка). Адных змянялi другiя. А спецыялiсты гаспадаркi, якiх узначалiла галоўны бухгалтар калгаса Вера Акулiч: бухгалтары, заатэхнiкi, эканамiсты, ветэрынарныя работнiкi, брыгадзiры, загадчыкi ферм, не пакладаючы рук, займалiся афармленнем для мясакамбiнатаў вобласцi мноства гуртавых ведамасцей, ветэрынарных пасведчанняў, актаў закупкi скацiны ў насельнiцтва, актаў перадачы яе ў другiя гаспадаркi раёна.
   Памятаю, калi пачалi грузiць коней, а iх у калгасе было 40 галоў, сярод iх былi лашыцы з жарабятамi i маладымi неаб’езджанымi конiкамi, некалькi з iх, задраўшы хвасты, перамахнулi высокую агароджу кашары i паiмчалi па полi ў бок лесу. Хто ж iх дагонiць, паймае? Не да iх было…
   Адправiўшы i калгасную худобу, зноў пачалi падворны абход – у нiводнай хаце мёртвай вёскi не павiнны застацца людзi. Адна з iх аказалася не замкненай звонку. Я ўспомнiў, што тут жыла старая-старая бабуля, якая абапiралася на два кiёчкi. Яна так плакала i малiла-прасiла нас той, першай ноччу, каб яе не чапалi, «што яе ножачкi не данясуць да аўтобуса, i што яна ўжо прыгатавалася перасялiцца на мясцовыя могiлкi да сваiх родных». Вiдаць, Бог пачуў малiтву-просьбу старэнькай. У ноч перад выездам, суседзi агледзелi яе нежывой, не вытрымала, бедная, такога стрэсу. Яе спехам (тыя ж суседзi) арганiзавалiся i пахавалi каля родных.
   У некаторых дварах стаялi прыгатаваныя для сяўбы мяшкi з семянною бульбай, выбранай з капцоў. На агародах iншых – капцы так i засталiся нераскрытымi. А яшчэ, добра памятаю, як пасярод двароў з мяшкоў было высыпана збожжа, а яны, пустыя, валялiся побач. Пшанiца, жыта, авёс ляжалi горкамi. Каля iх, нехаця, з поўнымi волямi, грэблiся-расхаджвалi куры, гусi, iндыкi, качкi. У хляўчуках курыныя кублы былi поўныя яек, многiя з iх пападалi на зямлю i пабiлiся. У адным з двароў прыйшлося выпускаць на волю забытага вялiзнага кабана-кныра…
   Потым у адной з хат агледзелi соннага, падвыпiтага дзядка, якi зашыўся-захаваўся ў запечку i выдаваў сябе за глухога. А калi мы сiлком пачалi яго выцягваць, дык ён падняў гвалт, што ў яго хляве два адкормленых кабаны i што ён iх не пакiне. Прыйшлося шукаць для тых дзедавых таўстуноў калгасны грузавiк, самiм грузiць iх у кузаў, а дзядка – у кабiну i адпраўляць следам за аўтобусамi.
   Пакуль адны з нас абходзiлi двары, Вера Акулiч i спецыялiсты гаспадаркi складвалi ў скрынкi i мяшкi працоўныя кнiжкi калгаснiкаў, дакументацыю. Потым мы праверылi дзяржаўныя аб’екты (цi апячатаны, апламбiраваны?) – магазiн, ФАП, клуб, бiблiятэку, калгасную кантору, сельскi Савет, школу. Заставалася фiнальная справа – адключэнне рубiльнiка калгаснай падстанцыi.
Непрастой аказалася гэтая задача: перад рубiльнiкам тым Васюк застыў, як укопаны, i мы – побач.
   «Ой, хлопцы, не магу, як жа гэта яго вырубiць – гэта ж я пахаваю i калгас, i вёску!» – на твары Iвана Мiкалаевiча выступiлi краплi поту, а на яго аблiччы адбiлася столькi пакуты i душэўнага болю, што i нам стала не па сабе. Так ён стаяў i мучыўся некалькi хвiлiн. Мы яго разумелi. Але iншага выхаду нi ў яго, нi ў нас не было. Цяжка ўздыхнуўшы, адвярнуўшыся i апусцiўшы галаву, як не сваёй рукой, сабраўшыся з сiламi, Васюк усё-такi мусiў апусцiць-адключыць рубiльнiк. Не згаварваючыся, мы ўсе стаялi яшчэ колькi часу на тым месцы – пачуццё ва ўсiх нас было такое, нiбы мы толькi што пахавалi вельмi роднага i блiзкага чалавека. «Мiнута маўчання» доўжылася ў некалькi разоў болей. Як капiтан апошнiм пакiдае свой тонучы карабель, так i Iван Мiкалаевiч тым апусканнем рубiльнiка прыпынiў жыццё-iснаванне сваёй гаспадаркi. Мы былi поплеч з iм. Разам пакiдалi i, стаўшую роднай для ўсiх нас, гэтую зямлю…
   А вакол стаяла жудасная цiшыня: без крыку-гаму, плачу людзей, рыкання кароў. Нават не чутна было петушынага спеву, толькi на коле-гняздзе каля адной з хат трывожна клякаталi буслы, як бы пытаючы: а куды гэта вы, людзячкi, падзелiся ўсе? Прыляцелi, бач, бедалагi, як заўжды, да свайго роднага краю, да свайго гняздзечка i адны засталiся. Не, не адны: па над стрэхамi хат, вакол электрычных правадоў трывожна, як перад дажджом, шугалi-шчабяталi ластаўкi. «Цi ж выжывуць яны ў гэтай радыяцыйнай задусе разам з сямействам буслоў?» – падумалася тады яшчэ.
   Мы моўчкi, у цяжкiм задуменнi, паселi ў «пазiк» i сталi пакiдаць пусты Радзiн, у якiм цяпер заставалiся толькi вайсковыя. Яны ўзялi пад ахову пакiнутую людзьмi тэрыторыю. За намi пагналася гайня вясковых сабак, злосна абрэхваючы аўтамабiль i нас, нiбы гэта мы прынеслi сюды бяду i забралi з дамовак iх гаспадароў.
   Над сялом кружыўся-вiўся птушыны пух. Гэта чароды дамашняй птушкi, што засталiся без прыгляду i жыравалi вакол гуртоў збажыны, пачалi станавiцца ахвярамi пакiнутых (разам з iмi) галодных, пачаўшых дзiчэць, сабак. Чарнобыльскi вецер, акрамя свайго срашэннага радыяцыйнага пылу, разносiў вакол i падымаў вiтком уверх купы птушынага пуху i пер’я. Яно, нiбы воблакамi шэра-белага туману закрывала, хавала ўжо мёртвую вёску…

   Горка

   Паехалi праверыць iншыя сёлы – брыгады гаспадаркi. Населеныя пункты калгаса «Новае жыццё» акружала надзiва прыгожая прырода. Ды i як жа ёй тут было не быць, калi побач несла свае воды да Дняпра красуня Прыпяць! На яе берагах любiлi адпачываць i беларусы, i ўкраiнцы: адны рыбалiлi i юшку варылi, другiя – смажылi шашлыкi, iншыя – купалiся, загаралi, каталiся на лодках. Гэта было цудоўнае месца для адпачынку – нiякае замежжа не патрэбна было!
   Каля аднаго з сёл – Чамкова, узвышалася добрая горка, ад якой (па словах Васюка) да станцыi, было кiламетраў восем-дзесяць. Яе тут яшчэ празвалi Пясчанай. З горкi адкрываўся краявiд навокал, у тым лiку, i на Чарнобыль. Раней я, бываючы ў камандыроўках у гэтых мясцiнах, падымаўся на Пясчаную, каб палюбавацца навакольнымi краявiдамi. Тут было такое раздолле, такая краса! Яе словамi простымi – не перадаць! А яшчэ адчуванне якое: стаiш на зямлi беларускай, а бачыш суседнюю, брацкую Украiну! Аж сэрца замiрала ад уражанняў!
   З цяжкасцю, бо былi ўсе знясiленымi (спалi па адной-дзве гадзiны ў суткi за сталом, на руцэ, елi – што Бог паслаў у той радыяцыi, а вярней – Васюк), паднялiся на горку. Ускарабкалiся, можна сказаць. Адсаплiся i застылi, як анямелi ўсе. Паветра было празрыстым у той дзень i мы яскрава ўбачылi страшэнны прывiд – станцыю. Яна добра вiднелася з нашай горкi, але вiд яе цяпер не выклiкаў упэўненасць i гонар, як калiсь. Расшкуматаны чацвёрты блок нагадваў сабой ашчэранае зеўра нейкага нябачнага i невядомага дагэтуль параненага страшыдла, з пашчы якога вырывалiся смертаносныя выдыхi. Гэтыя выдыхi-выкiды з кратара рэактара былi бачныя вачам. Як i верталёты, якiя кружылi, завiсалi над станцыяй, нiбы маленькiя птушкi, якраз над той смертаноснай прорвай. Ад iх адрывалiся i падалi ўнiз чорныя крапкi грузаў. Мiжволi падумаў пра тых, хто знаходзiўся ў верталётах: «Як iм там – над сапраўдным пеклам?». Вiдовiшча было, скажу табе… Ад той станцыi несла жахам, смерцю…
   Так. Нябачная воку, нячутная вуху небяспека была побач, была навокал. Я глянуў на сваiх калег: у адных краплi поту выступiлi, пакрылi твары, у iншых, як у мяне, спалатнелi Я адчуў, што вось-вось страчу прытомнасць – у вушах стаяў звон, горла перахапiла нешта, як абцугамi, галава пачала разрывацца ад болю, цела ахапiлi дрыжыкi. На ватных нагах пачаў разам з «хлопцамi» спускацца-спаўзаць з той горкi. Не памятаю, як дайшоў-дапоўз да аўтамабiля.
   Ужо потым мы даведалiся, што на той горцы, на якой мы пабывалi на «экскурсii», узровень радыяцыi зашкальваў прыборы: радыяцыя была – больш паўтары тысячы мiкрарэнтген!
   Паглядзелi, называецца! На ўсё жыццё наглядзелiся, аказваецца…

   Новая бяда

   Яна чакала нас наперадзе. Афiцыйна кiраўнiцтва раёна было папярэджана аб тым, што на атамнай станцыi вось-вось можа адбыцца другi выбух. Нiбы, падземныя талыя воды ўжо падабралiся да расплаўленай масы з-пад рэактарных памяшканняў. Гэты выбух не пакiне нiчога жывога ў радыусе 250-300 кiламетраў!
Божа, родны! Дзецi! Жонка! Бацькi i брат з трыма дочкамi школьнiцамi! Бацькi Шуры з яе меншымi сёстрамi i братам! Адны – у Хойнiках, другiя – на Аўраамаўскай, iншыя – у Восаве. Якiя трыста кiламетраў? Дзесьцi шэсцьдзесят напрамую!
   Штабам прынята рашэнне аб тэрмiновым адсяленнi з усяго раёна дзяцей усiх узростаў з iх мацерамi. З вёсак i з самiх Хойнiкаў на цэнтральную плошчу горада пачалi спешна звозiць дзяцей-дашкольнiкаў разам з мацярамi, цяжарных жанчын, школьнiкаў. Маленькi горад запаланiлi аўтобусы з Гомеля i iншых гарадоў Беларусi. Ад райкама партыi да райвыканкама, якiя раздзяляла плошча, нельга было прайсцi. Дзесьцi побач былi дзецi з нашай – Партызанскай сярэдняй i Восаўскай пачатковай школ. Сярод iх – тры дачкi нашага брата Мiшы i Шура з нашымi дзецьмi i сваiм класам. Цi пабачу я iх болей? Бягу, шукаю, знаходжу. Абдымаю, цалую, развiтваюся, штосьцi на хаду суючы iм у рукi з яды. Вакол стаiць суцэльны гвалт: мужчыны-бацькi развiтваюцца з жонкамi i дзецьмi. Усе плачуць. Мiжволi i ў мяне цякуць слёзы. Аўтобусы ў суправаджэннi даiшных аўтамабiлеў i «хуткiх» пад роў сiрэн адпраўляюцца вон з горада, падалей ад смерцi…
   А як жа бацькi, iншыя родныя? Званю дамоў. Трубку бярэ мацi. Кажу-крычу, каб забiралi Мiшу з Нiнай i ехалi да раднi ў Калiнкавiчы. А мацi ў адказ:
   – Ты што, Шурка?! Як мы ўсё пакiнем? Што будзе ўсiм людзям – тое i нам! Бяда – яна для ўсiх бяда! Нiкуды не паедзем! У нас i думкi пра гэта няма. Не хвалюйся, не клапацiся, сыночак, глядзi сябе лепей, людзей, каб жа ўсё добра было. На во бацьку – пагавары з iм.
   Пагаварыў з бацькам, сказаў, што знаў: пра дзяцей Мiшыных i сваiх, што адправiў падалей ад бяды (праўда, сам не ведаў куды). Тое, што i мацi, заявiў i бацька: «Нiкуды мы не паедзем, сынок! Не траць дарэмна сiлы на ўмаўленне!».
   Вось так. Рабi – што хочаш. Хоць вый ад бяссiлля i бязвыхаддзя…
   А былi ж у раёне i такiя i, нават сярод партыйцаў, прычым не радавых, якiя ў першыя ж днi кiнулi-рынулi ўсё i ўсiх i ўцяклi падалей ад бяды. Мы iх асуджалi, лiчылi здраднiкамi. На пасяджэннi бюро райкама партыi выключалi з яе радоў. Наш бацька быў камунiстам, удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны, меў баявыя ўзнагароды! А мацi ў вайну з нашымi старэйшымi сястрой i братам, чакала бацьку ў акупiраванай немцамi вёсцы Карчовае (пад Хойнiкамi). У апошнiя днi вайны на Одэры загiнуў малодшы брат бацькi, наш с табой дзядзька – Мiша. У мацi загiнуў у першыя днi вайны бацька, наш дзед – Прохар. Яны такое перажылi! А я ўмаўляў iх пакiнуць дамоўку, збегчы ў мiрны час. Дык то ж самыя родныя i дарагiя людзi! За iх так балiць сэрца i душа! «Няхай я ўжо загiну тут, а яны на што?» – думаў я.
   … На рабоце разам са мной – усе мае калегi, з якiмi я на працягу многiх гадоў iшоў рука аб руку па жыццi, якiя, як i я, пабывалi ў «зоне», займаючыся адсяленнем-высяленнем людзей, лазiлi «на горку»… Яны таксама толькi што развiталiся са сваiмi дзецьмi, жонкамi. Цi давядзецца ў гэтым жыццi нам пабачыцца? Усе, як у ваду апушчаныя: Баранаў (В.I.), Чубок (С.В.), Жыляк (С.Г.), Сакун (А.А.), Хлiманкоў (Г.С.), Чэкан (В.А.), Мiгай (В.У.), Каюда (А. I., нябожчык), Сацура (М.В., нябожчык), Васюк (I. М.), Яўстратаў (А.М.), Шпакоўская (Т.Ф.), Грыгаровiч (I.П.), Прызван (Г.К.), Курэнь (В.М.), Азаркевiч I.Б.). Малец (М.Ф.), Лекаркiн (П.Ф.), Ткачэнка (А.Я., нябожчык), Краўчанка (А.Г.), Васькевiч (В.С.), Хмяльнiцкi (Ф.М), Барысенка (М.I.), Лаўшук (У.М.), Пiнчук (В.В., нябожчык), Вашчанка (Н.А.) i… куратар раёну – Маёраў (У.С.).
   …Мы ўсе разам чакаем канца свету, развiтваючыся (у думках) з усiм i ўсiмi. Наш Першы ў сябе ў кабiнеце. На тэлефоне. Па калiдорах, як прывiды, соўкаюцца людзi. Гаварыць няма пра што. Так праходзiць паўдня 7 мая. Каля 16 гадзiн дня, знаходзячыся ў нейкiм здранцвеннi, раптам, чую крыкi, шум, гам, тупат мноства ног па калiдору. Выскакваю з кабiнета i … бачу радасных, са слязьмi на вачах, людзей. Яны штосьцi крычаць, абдымаюцца, танцуюць… Сярод iх пазнаю намеснiка старшынi райвыканкама, старшыню планавай камiсii Тамару Мiхайлаўну Максiменка (Бордзiк). Яна плача, танцуе, лiкуе, штосьцi крычыць. Аказваецца, да райкама затэлефанаваў Абухаў i паведамiў, што выбуха не будзе – вучоныя не дапусцiлi, сiтуацыя на станцыi ўзята пад кантроль, што гэта падцвердзiў Мiнск. Хвала Госпаду i нашаму старшынi за такую навiну! Думаю, што як бы Аляксандр Iванавiч у тую хвiлiну апынуўся побач, мы б яго – падкiдалi да самай столi!
   Я бачыў толькi ў кiно ды па тэлевiзару i ведаў з аповедаў нашых бацькоў, як лiкавалi людзi, здабыўшы Перамогу над фашыстамi. Дык вось – так лiкавалi ў той дзень мы ўсе – хайнiчане. Патрэбна было бачыць, як абдымалiся на вулiцах Хойнiк людзi, як плакалi ад радасцi…
   Бягом пазванiў бацькам – абрадаваў, папрасiў, каб сказалi суседзям. На тым канцы провада галасiла мацi, нявестка. Чутно было, як iх суцяшалi бацька i брат. Яны тады сабралiся ў бацькавай хаце… (Каб сустрэць той пракляты выбух разам). Не дай Бог нiкому зноў такое перажыць!
   Вечарам мы ўсе (з нашым куратарам) сабралiся ў Сяргея Жыляка на кватэры – чалавек трыццаць. Пазносiлi, што ў каго знайшлося, накрылi стол. Хто стаяў, у каго не было сiл – сядзелi. Выпiлi па чарцы – не верылася, што мы жывыя. Усё было, як у тым сне. Адчуванне такое, нiбы мы ўсе па-новаму нарадзiлiся на свет.
   Дарэчы, сёння Уладзiмiр Сяргеевiч Маёраў – народны абраннiк, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. Скажу табе коратка – чалавек на сваiм месцы знаходзiцца! Служыць людзям, рабiць iм дабро – гэта яго прызванне!
   Потым я ад Шуры пачуў, як яны сустрэлi ў дарозе навiну, што выбуха не будзе. Яны ж ехалi, не знаючы куды, не бачачы свету Божага ад слёз. Потым (пад Прыбарам) калона спынiлася. Ад аўтамабiля ДАI, ад аўтобуса да аўтобуса, пракацiлася навiна: выбуха не будзе! Што тады сталася! Аўтобусы хадуном хадзiлi – цяпер ужо ад крыкаў i плачу бязмернай радасцi.
   Шура расказвала, што тая навiна (якой не было цаны) выратавала шмат жанчын, у якiх былi слабыя сэрцы (тыя проста каналi ў дарозе, думаючы, што болей не пабачаць сваiх родных)…

   «Жывы рэактар»

   У адзiн з майскiх дзён, калi я з’явiўся на рабоце, то атрымаў наказ ад першага сакратара абвясцiць усiх, хто быў у «зоне», сабрацца каля аўтобуса на двары, каб потым ехаць на iм на медыцынскае абследаванне ў Брагiнскую раённую бальнiцу. Туды прывезлi нейкi апарат «Сыч», якi можа паказаць, колькi чалавек накапiў радыяцыi. Я ў той час быў старшынёй прафсаюзнай арганiзацыi райкама. Апавясцiў, сабраў, паехалi.
   З нашай каманды ўрачы звярнулi найбольшую ўвагу на пажылога райкамаўскага вадзiцеля – Бараша Васiля Ануфрыевiча, якi набраў зашмат той радыяцыi, а на мяне – дык асаблiвую.
   «Ого-го! Малады чалавек, ад Вас радыяцыяй нясе, як ад таго рэактара! Ды вы – жывы рэактар! Мiгам здаць усю вопратку, у якой былi ў «зоне», на ўтылiзацыю. Самому – куляй ляцець з раёну!», – такiм было iх заключэнне.
Калi мы вярнулiся ў Хойнiкi, слых пра «жывога рэактара» мiгам разнёсся па ўсяму будынку райкама партыi i за яго межы.
   Не ведаю, але нутром адчуваю, што як бы не iмгненная рэакцыя нашага Першага на той слых i падцвярджэнне ўрачоў пра мой сапраўдны фiзiчны стан, не яго вялiкiя чалавечыя якасцi – адчуваць боль iншага, цi гаварыў бы я сёння с табою? У той жа дзень ён вытрабаваў для мяне пуцёўку ў санаторый. Ужо назаўтра ранiцай я вылецеў самалётам да месца прызначэння – у Анапу. А Васiль Ануфрыевiч, шафёр наш, наадрэз адмовiўся ад пуцёўкi, заявiўшы, што будзе дома аздараўляцца.
   Памятаю, як зайшоў першы раз да доктара, якога за мной замацавалi, i як яна (бедная жанчына), даведаўшыся адкуль я, ледзь стул не перакулiла – так бегла да зашклёнай шафы з медыкаментамi, каб закрыць свой мiлавiдны твар марлевай павязкай, а на рукi нацягнуць гумавыя пальчаткi. Потым паглядала на мяне, як на пракажонага – вiдна было, як яна нiбы баялася заразiцца, набрацца ад мяне той радыяцыi. Яе мне мералi праз кожныя два днi, а наглядалi за мной у палаце (цi жывы) – па некалькi раз у суткi.
   Мяне выратавалi. Дзякуй вялiкае тым ўрачам i Дзмiтрыю Мiхайлавiчу! Мяне больш-менш «ачысцiлi», толькi валасы хутка пакiнулi галаву. Старшыня нашага, Вялiкаборскага, сельскага Савета Касько (Лiпская) Тамара Васiльеўна, пабачыўшы мяне праз некаторы час, перапужалася, здзiвiлася, што ў «нашай жа пародзе лысых няма». Потым (добрая душа), параiла мне лекi ад аблысення, нейкае «Банфi» венгерскае ў Мiнску дастаць. Дастаў я «Банфi», ажно два флаконы! З яго апiсання выходзiла, што мая прычоска пасля травяной настойкi будзе – на заглядзенне! Прымянiў! Сама бачыш – валасы на маёй галаве так i не выраслi…

   «У нас – усе так ходзяць»

   Я вярнуўся з Анапы. У першы ж дзень пасля аздараўлення, па даручэнню Першага, я сустракаў вучоных-медыкаў у саўгасе «Стралiчава». Там была пляцоўка для прыёма самалётаў сельскагаспадарчай авiяцыi. На той час яна прымала верталёты з рознымi дэлегацыямi вучоных, медыкаў…
   З праёма верталёта выйшлi трое мужчын у незвычайных касцюмах. На першы погляд, мне здалося, што я сустракаю касманаўтаў у касмiчных скафандрах. Яны былi светла-зялёнага колеру. Мужчыны-«касманаўты» падышлi да мяне, я наблiзiўся да iх. Мы разглядалi адзiн аднаго, як нейкiх прывiдаў. Першыя хвiлiны – моўчкi.
   – А чаму Вы так апрануты? – запытаў мяне адзiн з вучоных, мабыць, галоўны ў камандзе.
   – А як я апрануты? – здзiвiўся я, у сваю чаргу, бо ж на мне была звычайная мая рабочая адзежа: касцюм, светлая сарочка пад гальштукам, чаравiкi… вусы. Я вярнуўся пасля лячэння ў такой «абнове». – У нас – усе так ходзяць, – адказваю.
   – I ў вас няма нiякай спецыяльнай вопраткi? – зноў пытаюцца вучоныя.
   – А хто нам яе даў? – усмiхаюся. Тут хоць бы ў гэтай застацца…
Потым не адзiн раз i не два ў паездках па раёну давялося суправаджаць кiраўнiкоў усiх рангаў з вобласцi, з рэспублiкi. Амаль кожны дзень да нас прыязджалi прадстаўнiкi прэсы, розных мiнiстэрств, ведамств, тыя ж вучоныя. Усiм iм патрэбна было даць рады. Возячы «гасцей» па забрудненых вёсках раёна, наш райкамаўскi «уазiк», здавалася, аж скрыпеў ад таго радыяцыйнага пылу, што стаўбом стаяў-вiўся за iм.
   А яшчэ да нас прыязджалi артысты – вядомыя зоркi эстрады, як з нашай рэспублiкi, так i з другiх рэгiёнаў Савецкага Саюза. Запомнiўся канцэрт на стадыёне ў гарадскiм парку маладога тады яшчэ ансамбля Анатоля Ярмоленкi – «Сябры».
   Дарэчы, пасля адпраўлення з раёну нашых жонак i дзяцей Першы выклiкаў да сябе Сяргея Жыляка – камсамольскага важака раёну i Барысенку Мiкалая Iльiча – загадчыка раённага аддзела адукацыi i наказаў-адправiў iх аб’ехаць кожны лагер, санаторый, дом адпачынку, каб на месцы ўпэўнiцца як там размешчаны хайнiчане. Тыя аб’ехалi ўсю Беларусь, далажылi Дземiчаву як прыязна, па-добраму, спачувальна адносiцца персанал да нашых людзей. Той трохi супакоiўся, падзякаваў хлопцам, а ў жнiўнi зноў выклiкаў «на кавёр» i запатрабаваў, каб яны «не спалi ў шапку, а званiлi ў званы!» – на носе было першае верасня. Школа! А якая ж школа ў радыяцыi? Тыя «званiлi» – на раён вытрабавалi-выпрасiлi тысячу пуцёвак у «Артэк» (выдзелiў ЦК камсамола Саюза) i пяцьсот – у «Зубраня» (ЦК камсамола Беларусi). У гэтыя лагеры адпачынку адправiлi дзяцей з вёсак, якiя былi найблiжэй да Чарнобыля.
   Яшчэ мне (i маiм калегам) помнiцца клопат нашага Першага пра нас самiх. Гэтаму надавалася асаблiвая ўвага. А што ты хочаш – дзяцей няма, жонак – няма! А зарплата з 26 красавiка налiчвалася ў двайным памеры. Куды яе дзяваць, чым заняцца мужчынам-«халасцякам» у вольны ад работы час? Пiць? Але ж гэта не выхад! У выхадныя мы мелi магчымасць адведаць родных – выдзяляўся транспарт, для нас арганiзоўвалiся масавыя спартыўныя i культурныя мерапрыемствы, мы забяспечвалiся не толькi прахалоднымi напоямi, «Кабэрнэ», але i гарачай ежай. Нашы выхадныя днi, як i рабочыя, у той час былi распiсаны па часах. Мы ўсе былi настолькi заняты работай i тымi мерапрыемствамi, што не звярталi нiякай ўвагi на жаркiя, спякотныя днi, напоўненыя радыяцыйным выпраменьваннем.
   …А навокал буяла лета! Асаблiва ў прыпяцкай пойме не змаўкаў птушыны гоман, пелi-залiвалiся салаўi (хiба што ўдод не спяваў), буслы дзелавiта хадзiлi-выглядвалi сабе ежу. Лясы як бы спаборнiчалi памiж сабой у яркасцi зелянiны, палi навокал пястрэлi шматквеццем. Водар – не надыхацца! Рай – дый годзе! Калi б толькi не ведаць, што паветрам гэтым дыхаць смяртэльна небяспечна, што лясы, трава з кветкамi таксама нясуць смерць…

   Зноў эвакуацыя

   Прайшло некалькi месяцаў. Мяне чакала зноў паездка ў «зону» – мела адбыцца эвакуацыя калгасаў: «iмя XXII з’езда КПСС», «iмя Жданава» i «Кастрычнiк». У першы з iх са мной ехаў iнструктар майго аддзела – Мiгай Васiль Уладзiмiравiч. А ўзначальваў гаспадарку былы iнструктар нашага сельскагаспадарчага аддзела – Ефiменка Сяргей Iванавiч. Мiгай, як i Ефiменка, быў у рэзерве кадраў, рыхтаваўся райкамам партыi на новага кiраўнiка гаспадаркi i ўжо пазней быў накiраваны старшынёй калгаса «Бальшавiк». А яшчэ адзiн iнструктар майго аддзела – Каток Станiслаў Уладзiмiравiч, ужо працаваў старшынёй калгаса «Ленiнскi шлях», што ў Глiнiшчах. Такая была практыка – вырошчваць кадры.
   Адмечу асобна, што пытанням кадравай палiтыцы райкамам партыi i райвыканкамам надавалася асобная ўвага. Iснавала цэлая сiстэма па падбору, падрыхтоўцы, выхаванню i размеркаванню кадраў для гаспадарак, прадпрыемстваў i арганiзацый. Добрая, скажу табе, падцверджаная самiм жыццём! Дзякуючы ёй, у раёне склалася моцная каманда-касцяк правераных, высокаквалiфiкаваных, надзейных, кiраўнiкоў, галоўных спецыялiстаў i кадраў сярэдняга звяна.
   «Кадры вырашаюць усё!» – не раз гучала на зборах, актывах, пленумах, канферэнцыях.
   I яны – вырашалi! Нiна Антонаўна Хлiманкова – «прафесар» кадравых спраў упраўлення сельскай гаспадаркi раёна ведала кадры сяла напралёт. З ёй лёгка было працаваць. Людзi ў гаспадарках былi падабраны адзiн да аднаго. Да аварыi яны забяспечвалi выкананне ўсiх вытворчых працэсаў i паказчыкаў, а калi здарылася бяда – яны i тут паказалi сябе на вельмi высокiм узроўнi. Дзякуючы менавiта такiм кадрам: Васюку Iвану Мiкалаевiчу, Акулiчу Васiлю Кiрылавiчу, Шарапе Анатолю Аўраамавiчу, Мiхайлаву Генадзю Аляксандравiчу, Цiшкевiчу Iвану Вiктаравiчу, Кузьменку Пятру Iванавiчу, Краўчанку Пятру Iванавiчу (нябожчык), Бельчанку Мiкалаю Маiсеевiчу, Новiку Мiхаiлу Iванавiчу, Касцючэнку Мiхаiлу Мiкалаевiчу, Нiкiценку Васiлю Паўлавiчу (нябожчык), Дыгуну Аляксандру Мiхайлавiчу, Ткачэнку Анатолю Якаўлевiчу (нябожчык), Казаку Iвану Iосiфавiчу (нябожчык) i многiм, многiм iншым, тая, невыносна цяжкая эвакуацыя-ратаванне людзей, праходзiла арганiзавана, зладжана, з iндывiдуальным падыходам да кожнага чалавека, кожнай сям’i.
   Няхай не крыўдзяцца на мяне тыя, каго не назваў – хто там быў i што рабiў – людзi ведаюць! Кiраўнiкi гаспадарак, сакратары партыйных арганiзацый, старшынi сельскiх Саветаў, галоўныя спецыялiсты калгасаў i саўгасаў, якiя апынулiся ў 30-кiламетровай зоне адсялення, мала таго, што самi з сем’ямi папалi ў такую бяду, дык жа на iх плечы яшчэ лёг двайны цяжар – адказнасць за людзей i дзяржаўную маёмасць. Яны дастойна справiлiся з той ношай.
   Чэсць, падзяка i хвала iм!
   …I зноў, як i ў «Новым жыццi», мы пачалi з падворнага абходу.
   У склад калгаса «iмя XXII з‘езда КПСС» ўваходзiлi вёскi: Кажушкi, Новапакроўск, Новакухнаўшчына, Слабодка.
   На гэты раз, у першую чаргу, у кожнай хаце, з кожным чалавекам патрэбна было сустрэцца, каб на вялiкiх аркушах паперы адзначыць усе данныя чалавека, зрабiць адзнаку дзе жывуць яго родныя, цi могуць яны прыняць сваiх блiзкiх з «зоны», цi дазваляе iм гэта зрабiць iх плошча. Прыгэтым мы павiнны былi пацiкавiцца: куды жадаюць людзi перасялiцца? Многiя пажадалi гэта зрабiць цэлымi вулiцамi, прадоўжыць жытку на новым месцы разам са сваiмi суседзямi.
   Дарэчы, на тэрыторыю нашага сельскага Савета (у Вялiкi Бор) перасялiлася шэсцьдзесят сямей з вёскi Савiчы Брагiнскага раёну. Аб гэтым я даведаўся пад час сустрэчы з Аляксандрам Дзмiтравiчам Рудабельцам – дырэктарам саўгаса «Вялiкаборскi». Чалавек вялiкай душы i сэрца разам са старшынёй сельСавета Тамарай Васiльеўнай Касько яны далi «дабро», прынялi перасяленцаў у сям’ю гаспадаркi як сваiх, паклапацiлiся аб iх дабрабыце i працаўладкаваннi. Iх асабiстае, шчырае стаўленне да «выгнаннiкаў» дапамагло тым людзям не так востра адчуваць боль адрыву ад сваiх родных куткоў…
   … У гэтай гаспадарцы было трохi лягчэй – вопыт першага высялення быў. Але i тут былi хваляваннi, якiя не могуць забыцца i зараз. Калi пасля перапiсу людзям, якiя сабралiся ля канторы, аб’явiлi пра пачатак эвакуацыi (з якой яны нiяк не маглi змiрыцца), у натоўпе, на вачах аднавяскоўцаў i нас, на зямлю асунулася сярэдняга ўзросту жанчына. Думалi, што яна знепрытомнела, аказалася – памерла на вачах. Вiдаць, сэрца хворае было, не вытрымала такога стрэсу…
   Потым, праз некаторы час, мне давялося праязджаць мiма вёскi Новапакроўск. Замест некалi квiтнеючага сяла на яго месцы была пустка, бур’яны ў рост чалавека. Вёска аказалася настолькi «бруднай», што яе … пахавалi. У той час (i яшчэ для некаторых асаблiва «брудных» сёл) экскаватары капалi вялiзныя ямы-траншэi, у якiя бульдозеры сцягвалi-ссоўвалi людскiя хаты, хлявы, лазнi, iншыя прыбудовы. А потым засыпалi горамi пяску. Прасавалi зверху. Вёскi хавалi, нiбы нябожчыкаў. Ведаеш, сяла, як i не было. Так цяжка i горка было глядзець навокал… З горыччу ўспомнiў, як з нашай вулiцы (на Аўраамаўскай) суседская Света Курленка выходзiла замуж за новапакроўскага хлопца – Сяргея Харытанчука (нябожчык), як мы гулялi вяселле: спачатку дома ў маладой, затым у маладога – у Новапакроўску. Я iграў на тым вяселлi на баяне: песнi, вальсы, полькi, сербiянку… Нават кракавяк нехта заказаў. А колькi задзiрыстых прыпевак тады было спета! Госцi з боку маладой падбухторвалi гасцей i маладога, тыя са смехам i жартамi адспеўвалiся…
   У вайну (бацькi расказвалi) тую ж суседнюю вёску Вялiкi Бор, з людзьмi «у канюшнi» фашысты спалiлi, дык хоць комiны ад хат засталiся. Бачыла, як такiя камiны спаленых вёсак у Хатынi ўвекавечылi? А тут – i слядоў нiякiх, што на гэтым месцы была некалi вёска. Калючы дрот, а за тым дротам – «зона»…
   Эвакуацыя ў гэтым калгасе прайшла таксама, як i ў «Новым жыццi» –балюча. Столькi прыйшлося наглядзецца i наслухацца, што ў вачах здавалася, а ў вушах звiнела. Я i зараз не магу забыць тыя – з надрывам размовы, галасы i галоўнае, вочы людзей, якiя нема прасiлi паратунку, дапамогi. Яны гатовыя былi на ўсё, толькi б застацца «дома», у сваiх родных, «наседжаных» iмi, а да iх – iхнiмi бацькамi, дзядамi, прадзедамi мясцiнах…
   Зноў вярнуўся ў Хойнiкi. Адаспаўся. Адзежу ўжо не давалi каманды здаваць на ўтылiзацыю. Касцюм абтрэсваў, чысцiў шчоткай, прасаваў, надзяваў «чыстыя» сарочку, гальштук i ехаў на работу.

   Узнагарода

   Рашэннем бюро райкама партыi я быў прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. У Гомель, да абкама партыi, былi накiраваны на мяне адпаведныя дакументы. ( Аб гэтым я даведаўся, калi сам стаў працаваць у абкаме). Там пагарталi тыя паперы, пагарталi, потым адсунулi iх у бок i затэлефанавалi нашаму Першаму:
   – Патрэбна жанчына.
   – Але ж…
   – Нiякiх але ж! Давайце кандыдатуру жанчыны!
   Што ты хмыкаеш? Знаёмая карцiна? У цябе таксама штосьцi падобнае было?
   – Было, толькi наадварот – патрэбен быў … мужчына…
   Цi шкадую я за той неатрыманай узнагародай? Бог з табой! Я яе маю – самую дарагую! Якую? Я – жывы! Я вырасцiў i вывучыў сваiх дзетак, дачакаўся ўнука. Дасць Бог – яшчэ будуць! Мо’ пабачу… Я жыву ў сваёй вобласцi, у любiмай Беларусi. У мяне ўсё ёсць! Я маю магчымасць бачыцца з сябрамi, калегамi па рабоце, з вамi – маiмi роднымi. А ты кажаш…

   «Чарнобыль – мая негоячаяся рана»

   Ведаеш, сястрыца, прайшло амаль дваццаць пяць гадоў, а я яскрава памятаю ўсё да падрабязнасцей, як быццам бы, вочы назаўсёды «сфатаграфавалi» ўбачанае, а вушы «запiсалi» пачутае на магнiтафон. Здаецца, гэта было ўчора.
   Чарнобыль – мой несцiхаючы боль, якi пячэ мяне, маю сям’ю – вось ужо дваццаць пяты год, нiбы тая негоячаяся рана. Шура перанесла некалькi цяжкiх аперацый, прайшла хiмiятэрапiю… Пра сябе – лепш памаўчу … (букет хвароб, iнвалiднасць)… Пасля аварыi памерлi заўчасна нашы бацькi, брат, бацькi Шуры…
   Жывучы ўжо тут, у аграгарадку «Бабовiчы» (Гомельскi раён), мы з Шурай купiлi некалькi яблынек. Пасадзiлi. Праз некаторы час агледзелi, што адна з iх перашкаджае расцi землянiцы – год-два i яна заглушыць-закрые сваёй кронаю ўсё навокал. Рашылi перасадзiць у другое месца. Я вельмi акуратна, стараючыся не папсаваць корнi, выкапаў дрэўца. Перасадзiлi. I што, ты, думаеш? Недзе гадоў два яна «хварэла»: лiсточкi па вясне выпускала пазней сваiх сябровак, была нейкая вялая, цвiла пазней i не так расна, як iншыя. I яблычкi ж на ёй былi не такiя, як на яе «сёстрах». Я разумеў: як я нi стараўся, а трэць каранёў усёж-такi засталося на старым месцы. Дык гэта ж яблынька! Да таго ж – маладзенькая! А старую вазьмi – перасадзi! Лiчы – прапала! Дрэва ж не расце без каранёў! А людзi?! Тыя, каго я эвакуiраваў?! Перасяляў у iншыя месцы?! Вырывалi мы iх тады з карэннем, праўда, не з усiм – засталiся ў розных кутках iх каранi – iх душы i сэрцы, могiлкi з роднымi, хаты, двары, вулiцы… Ты, можаш сабе ўявiць, як гэта ўсё перанесцi? Як з гэтым змiрыцца? А як з гэтым жыць?! Жыць, пераадольваючы пачуццё бязвыхаддзя?
   Пасля тых трагiчных падзей з многiмi высяленцамi-перасяленцамi давялося сустракацца. Яны мяне пазнавалi, я iх пазнаваў. Адных пабачыў у Жыткавiчскiм i Жлобiнскiм раёнах, другiх – у сёлах Рагi, Глыбоцкае – Гомельскага, iншых – у Заспе – Рэчыцкага, а некаторых – аж у Смалявiцкiм Мiнскай вобласцi, у тым жа Мiнску ў мiкрараёне Малiнаўка. А, неяк, Васюка сустрэў у Гомелi. Мы так узрадавалiся адзiн аднаму, абнялiся, успомнiлi тыя чорныя, горкiя днi. Столькi гадоў прайшло, а яны, бедалагi, i зараз мараць вярнуцца ў свае родныя куткi на зямлi, нават, ведаючы, што iх дамоў, падворышч няма. Кажуць – збудуем новыя! Хавацца на свае могiлкi едуць!
   Што ты, кожнага з нас, памры, а магнiтам цягне нейкая сiла туды, дзе нарадзiўся, дзе закапана твая пупавiна. Недарма людзi кажуць, што дарагая тая хатка, дзе радзiла мяне матка…

   Жывём i жыць будзем! або «Чалавек сам нарабiў шкоды – сам яе i
лiквiдуе!».

   За той час, што я знаходзiлася ў брата, у доме некалькi разоў званiў тэлефон. Яго, раз-пораз, вяртаючыся ў хату са двара з нямым запытаннем на твары: цi не закончылi мы ўжо тыя цяжкiя ўспамiны, брала жонка брата. Яна штосьцi цiха адказвала i зноў выходзiла на двор. А тут раздаўся новы званок – у дзверы. Брат падняўся з канапы, пайшоў адкрываць, бо яго Шура недзе затрымалася на агародзе. Аказалася, прыйшла суседка.
   – Аляксандр Васiльевiч, – чую, звяртаецца да яго жанчына, – калi ласка, хадзiце, злягчайце маiх кабанчыкаў, а то яны ў мяне ўжо перарастаюць, а зараз час якраз удалы (сходнiя днi) – раны хутка пазажываюць… Не, даражэнькi, нiкога акрамя Вас, я не хачу клiкаць – пасля Вашай рукi парасяты не хварэюць падоўгу, усе людзi так кажуць. А яшчэ кажуць, што яна ў Вас – лёгкая…
   Брат, з праяснелым тварам (мабыць, ад пахвалы суседкi пра «лёгкую руку») заглянуў у пакой: – Ты, тут з Шурай чаю папiце, адпачнi ад маiх успамiнаў, а я адлучуся на хвiлiн трыццаць. Потым яшчэ сёе-тое раскажу табе. Мне трэба выгаварыцца! Мо лягчэй стане…
   Мы папiлi з брацiхай гарбаты з мелiсай – яна ў iх па ўсiх кутках саду-агароду расце разам з iншымi лекавымi раслiнамi. Духмяны напой зрабiў сваю справу – я крыху прыйшла ў сябе. А тут i ён вярнуўся, трохi ўзбуджаны, але па-добраму (вiдна, штосьцi рабiў з задавальненнем). Яго жонка, падаўшы яму кубак з чаем, тут жа паднялася i пайшла зноў з хаты.
   – Як «аперацыя» прайшла? Удала? Рука не падвяла? – усмiхаючыся запытала.  – Табе i тут няма спакою?
   – Не, няма! – адказаў задаволена. Дык гэта ж добра! Ты што? Не разумееш? – я ж патрэбен людзям! Тут яны пасярод глыбокай ночы тэлефануюць, звоняць у дзверы i просяць дапамогi. У адных – свiнаматка няўдала распарошваецца, у iншых – карова не расцелiцца. На днях, у тры гадзiны ночы, Марыя Пятроўна Мятлiцкая разбудзiла з плачам: карова яе здыхае, нiяк не расцелiцца. Пабег з лiхтаром. Ды позна было: цялё «iшло» заднiмi ножкамi. Як дзецi, бывае. Воды адыйшлi даўно ў Зоркi той. Адным словам, нежывое давялося выцягваць. Каб жа яна мяне паклiкала раней… Голасу i слёз было! Як калiсь, у Радзiне…
   Мой брат заставаўся такiм жа, якiм ён быў заўжды: ад галавы да пят – гаспадаром, неадрыўна звязаным з зямлёю i тым, што на ёй жыло i расло…
   Ледзь не забыў: нашы з Шурай цяперашнiя суседзi – перасяленцы! I Лявоненка Таццяна Рыгораўна са сваiм Сцяпанавiчам, i Мятлiцкая Марыя Пятроўна, i Сырапарава Любоў Мiкалаеўна, i Зелянкоўская Валянцiна Рыгораўна, i Зелянкоўская Яўгенiя Андрэеўна, i Козел Тамара Рыгораўна, i Прахарэнка Алена са сваiм мужам Славiкам – амаль уся вулiца! Яны – з суседняга, Брагiнскага раёну, з вёскi Мiкулiчы.
   Бачыш, як жыццё вяжа людскiя долi, пераплятае… Як жа я магу iм, бедалагам, не дапамагчы? Гэта ж i iх высялялi-перасялялi з «зоны». А цяпер мы, штогод разам едзем на Радаўнiцу: мы з Шурай да сваiх у Партызанскую (а з яе – у Вялiкi Бор, на могiлкi), а яны да сваiх – у Мiкулiчы…
   А ты ведаеш, я ж пабываў у тых мясцiнах, дзе займаўся эвакуацыяй… Боляча, горка глядзець на тое, што зараз там ёсць. Час ад часу бываю i ў Хойнiках, сустракаюся з калегамi. Апошнi раз быў на Дзень пiсьменнасцi. Збiраюся вось напрыканцы красавiка ехаць. Штогод, у яго апошнюю суботу, у Хойнiках збiраюцца перасяленцы i тыя, хто iх перасяляў. Яны дзеляцца памiж сабою горкiмi ўспамiнамi, памiнаюць усiх, хто раней часу пайшоў з жыцця, сустракаюцца з тымi, хто застаўся i працягвае там жыць i працаваць – наперакор усiм i ўсяму!
   Дай iм, Божа, моцы i здароўя! Нiзкi паклон iм – маiм дарагiм землякам!
   Дык вось: i я, i яны ламаюць голавы – як аднавiць, ажывiць наш с табой родны куточак на зямлi! Хойнiкi вось аднавiлi – не пазнаць! Люба глянуць! Кожны на сваiм месцы – хто б дзе нi быў, чым i ў якiм статусе не займаўся – у кожнага ў галаве думка: чым дапамагчы, як паспрыяць роднай старонцы?
Я табе скажу, сястрыца, не можа такога быць, каб жа вучоныя не прыдумалi, як рэабiлiтаваць, аздаравiць нашы хворыя землi – мiнiмiзаваць, у крайнiм выпадку, наступствы таго Чарнобыльскага лiха. У космас лятаюць, тэхнiку якую прыдумалi, тэхналогii ўвесь час абнаўляюцца, развiваюцца.
   Ачысцяць, асвояць – я веру! Чалавек сам нарабiў шкоды, сам яе i лiквiдуе!
   I станцыю сваю атамную (хто б што нi гаварыў) патрэбна будаваць! Толькi ж не так, як тую (пiсалi) – да дня нараджэння вялiкага чыноўнiка гналi-будавалi… Свая павiнна быць! I свае вучовыя-атамнiкi! Нечага «пабiрацца», як казалi калiсь нашы с табой бацькi, як кажа наш Прэзiдэнт-Бацька! Пазычай – злы абычай! У нас пазычалi, да нас прыходзiлi – у нас жа было ўсё сваё! Памятаеш?
   Дарэчы, а чаму б табе частку бульбянага праекта* не запрапанаваць Хойнiкам? Там жа фабрыка мастацкiх вырабаў ёсць, ты ж пра яе пiсала, калi яшчэ працавала ў раённай газеце. Забыла? Там i хлебазавод свой, i яму патрэбна новая прадукцыя з новымi маркамi-брэндамi… А прыдарожны сэрвiс, якiм ты яго бачыш – хiба ж дарог няма ў нашым раёне? Нажаль, кансервавы завод не працуе…Нiчога – тут, у Гомельскiм раёне ёсць…
   А i праўда – няхай з нашай роднай старонкi пойдзе гуляць па Беларусi i па ўсяму свету твой казачны персанаж – БульбаЁсць! Ты ж – права! У нашых дзяцей i ўнукаў павiнны быць свае – родныя, зразумелыя, беларускiя героi, якiя прапаведуюць дабро, а не розная нечысць, тыпу: трансформераў, мярцвякоў, шкiлетаў з iх жорсткасцю i насiллем…
   Каму ж, як не нашым землякам, падтрымаць цябе? Там жа такiя людзi – «залатыя, хлеба-бульбасольныя»! – як iх назваў той чорнай ноччу, дваццаць пяць гадоў назад, Iван Мiкалаевiч Васюк. Так што – збiрайся – разам паедзем на Хойнiкшчыну!
   …Ну, дык што, едзем у Хойнiкi? – настойлiва запытаў брат.
   – Едзем, даражэнькi! Едзем!

P. S.
   Так, брат мой праў: дзе нарадзiўся – там i згадзiўся! Я павязу свайго Бульбаёсцiка дамоў – туды, дзе нарадзiлася, дзе вучылася, адкуль вылецела «у вырай» (на трыццаць тры гады), дзе ляжаць у зямлi мае бацькi,брат, суседзi, землякi…
   Няхай мая чароўная казка – пра «стратэгiчны прадукт» Беларусi – спадарыню Бульбу, спадара Ёсця i iх сына-героя – БульбаЁсця – спраўдзiцца i стане сапраўднай жыццесцвярджальнай быллю! Я ўпэўнена, што яна не будзе такой горкай, як ЧарноБыль майго брата! 

*Бульбяны праект: «Я тебе, картошка, кланяюсь в ножки!».


Рецензии