Сангрыя, паэлля, фалафель

  Мора віталася са мной шумнымі ўскіпелымі хвалямі. Ранішні пералёт “Мінск – Барселона” крыху змучыў бяссоннай ноччу чакання рэйсу, а затым ужо хуткімі хвілінамі пагранкантролю і атрымання багажу ў “Эль Прата”. Гатэль пакуль прасіў пачакаць пару гадзін, і мы з Алесем пайшлі пстрыкацца да мора. Мора -  яно ўсюды аднолькавае, як і бясконцыя пляжы. І Іспанія не выключэнне. Іншымі могуць быць бадай толькі людзі. Адпачываючыя ўжо запаўнялі пляжы  ды ласціліся ад пяшчотнага вераснёўскага сонца. Але больш людзей запрудзіла невялікую плошчу прыморскага горада, ды яго вузкія праменадныя вулачкі. Пачулася нейкая страляніна. Мы спужана сталі ўзірацца ў натоўп – не дай божа, тэракт! Аднак гэта быў  фэст, ці фіеста, як гучыць па іспанску, і стралялі з дэкаратыўных ружжаў такія ж маскарадныя карабінеры. За імі сунуліся дзве велізарныя лялечныя істоты: Гулівер і Гуліверша. Яна круцілася перад сваім кавалерам, ён ветліва ўзмахваў рукой, а за імі крочыў зацікаўлены натоўп. Далей ішла этнічная група з Сарагосы, якая танчыла і затым утварыла велізарную чалавечую піраміду. Вось дык відовішча! Дзе ж яшчэ пабачыш такое? Відавочна, што для Каталоніі ў прыватнасці і для Іспаніі ўвогулле гэта звычайная з’ява. Фіеста – гэта само жыццё, а жыццё – фіеста.
   Засяліўшыся ў атэлі і прыняўшы душ, мы размясціліся на балконе, дзе дасталі прывезеныя прыпасы, ну вядома ж на першы час. Гэта потым нас будуць чакаць класічныя іспанскія стравы: хамон з гаспачча, паэлля, ды і салодкая сангрыя.  А пакуль што сыравэнджаная кілбаса ды беларускі “хамон” – кумпяк. Выпілі крыху “Белавежскай”. Уверцюра сыграная. Фіеста пачалася.
  Пацягнуліся дні адпачынку. Гатэль, як гатэль – трохзоркавы з прыстойнымі сняданкамі. Пасля ранішняга падсілкоўвання мы бралі па кубачку кавы і ішлі на адкрытую тэрасу насупраць мора. Горад толькі прачынаўся, людзей было няшмат. У асноўным гэта тыя, якія ноччу спяць і вядуць здаровы лад жыцця. Тут бегуны, выгульваннікі сабачак, развозчыкі прадуктаў, прыбіральшчыкі вуліц. …І п’янючае марское паветра. На пляжы амаль нікога не было. Алесь звычайна ійшоў на шпацыр, а я асцярожна заходзіў у мора, плаваў, затым рабіў ёгу. Пляж паступова запаўнялі адпачываючыя. І звычайна гэта былі людзі сярэдняга і сталага веку. Моладзь, ці то спіць да абеду пасля начных гулянак, ці ўвогулле адпачывае на Ібіцы.  Днём Іспанію ахутвае сіеста. Зачыняюцца крамы, хаця большасць кафэ працуе. Ну, вядома ж турысты сіесты не прытрымліваюцца.
  Наведалі Барселону з экскурсіяй. Цікавы горад. Не скажу, што вельмі прыгожы, хаця файных мясцін шмат. Горад Гаудзі з яго адмысловай архітэктурай. Храм Святога Сямейства як Вавілон. Людзі ідуць і ідуць. Яшчэ больш людзей на знакамітай Рамбле. Яна як рака, нясе людскую плынь розных рас і нацыянальнасцей. Вуліца-тэатр, вуліца – дзея.
  Бліжэй да вечара зноў пляж, дзе для многіх дзень толькі пачынаўся. Бегаюць кітайцы, прапануюць массаж на любую суму, якую турыст можа заплаціць. Невялікая кампанія адпачываючых пачала танчыць летку-еньку з заходам у мора. Да іх пацягнуліся са смехам іншыя турысты.  Калі першыя ужо пачалі захлынацца, за хвост яшчэ чапляліся. Людзі рагаталі, ды пстрыкалі на телефоны імправізаванае відовішча. Падумалася, во як народ можа весяліцца ды жыць так вось для сябе. У гісторыі Іспанія вядома сваёй жорсткай інквізіцыяй і не меньш жорсткай франкістскай дыктатурый. І дзе сляды гэтых дыктатур? У душах саміх іспанцаў іх не было. Відаць выветрыліся ад такога цудоўнага марскога паветра. Мы – беларусы, пакуль жывём  успамінамі аб вайне. Нам неяк няёмка так ужо раслабляцца, як робяць гэта іспанцы, ды ладзіць такія святы. Бо пакуль галоўнае ў нашым жыцці – памяць да мінулага. А яна мае свае сцэнарыі, сваё аздабленне і сваю душу.
  Захацелася пакаштаваць паэллі. Алесь як бы згадзіўся, аднак прапанаваў ажыццявіць гэтую ідэю крыху пазней. Вечарам мы бадзяліся па гарадку. Што мы шукалі – самі не ведалі. Шмат хто гуляе і мы гулялі, шмат хто сядзіць у вулічных кафэ – мы не прыселі, усё нешта адкладвалі на потым. А потым Алесь заявіў, што з яго досыць і сняданкаў, і ён увогулле збіраецца худнець. Ну вось, піва замовіць можна. Куды ж без яго на адпачынку?  Ды піва гэта не шык, а амаль першая неабходнасць.
  Паэллю я так і не пакаштаваў. Бо аднойчы, калі я ішоў вечарам у атэль уздоўж  прыбярэжнага рэстарана, і спыніўся на імгненне, каб разглядзець гэту дзівосную страву, замаўляемую большасцю наведвальнікаў, на мяне з вялікай патэльні зірнулі занадта сумныя вочы нейкага марскога гада. Не, не мой выпадак! Не цяпер!
  І вось застаўся апошні дзень адпачынку. Мы з Алесем шпацыравалі кожны сам па сабе. Гарадок быў упрыгожаны нацыянальнымі каталонскімі сцягамі – Каталонія патрабавала незалежнасці ад Іспаніі. Усюды гучала музыка, на вуліцах і невялікіх плошчах было шмат мясцовых жыхароў. Стаміўшыся, я прысеў за столік аднаго з кафэ. Да мяне падышла абаяльная афіцыянтка са знешнясцю Кармэн. “Уна сангрыя” – вымавіў я. “О, сангрыя!” – усміхнулася афіцыянтка. Праз якія хвіліны тры яна з’явілася з вялікім келіхам віна, напалову запоўненага садавінай. “Сангрыя!” – прапела пяшчотна афіцыянтка і дакранулася па-сяброўску сваёй гарачай далонню да майго пляча. Прафесійная ветлівасць з дадаткам часцінкі душы - і наведвальніку добра, і ёй не горш! Свята ж сёння! Яно, дарэчы, будзе і заўтра. А Сангрыя была халоднай, салодкай, п’янючай,  і ў мяне хутка закруцілася ў галаве. А людзі ішлі і пазіралі, як мне падалося,  на мой вялізны келіх з віном. У такім выпадку кажуць, што жыццё ўдалося. Можа і так!
  Перад адпраўкай у аэрапорт трэба было б паесці. Шматлікі стрыт-фуд  ужо надакучыў, рэстаранныя стравы былі занадта дарагія. І я пайшоў у невялічкую арабскую рэстарацыю, што месцілася далей ад мора. Бо там быў фалафель, які марыў паспрабаваць. Страва з нуту, раслінная і можа нават смачная. Прысеў за столік каля тратуара. Фалафель быў сапраўды смачны, з падсмажанай скарынкай. І ў дадатак гарніраваны смажанай бульбай і гароднінай. Ну і піва на развітанне з Каталоніяй. А па тратуары ішлі людзі, кожны са сваімі думкамі праблемамі ці пачуццямі. Але я б сябе паправіў – "кожны са сваёй радасцю". Вось прайшла пара: маленькага сівога дзядка суправаджала прыгожая даўганогая дзяўчына вялікага росту. Перад гэтай дзівоснай парай бегла маленькая сабачка на прывязі. Можа ўнучка ці праўнучка выгульвае свайго дзеда і сабачку, ці гэта сямейная пара са шлюбам па разліку? Каб спытаць у каго. Але нікому акрамя мяне гэта не цікава. Потым прайшла пара геяў, якія на хаду дарылі адзін аднаму пацалункі. За імі крочылі хлапец з дзяўчынай, па знешнасці – мексіканцы. Яны назіралі за геямі, рагаталі і таксама цалаваліся на хаду. Відаць, што для іх бачанае было дзівам. А для мяне ўсё гэта нагадвала сюжэты са стужак Феліні ці Альмадавара. У жыцці атрымалася, як ў кіно. Вось, яна такая Іспанія!
  А потым мы сустрэліся з Алесем і развітваліся з морам, якое ўжо надта ўсхвалявалася ў дзень нашага ад’езду.


Рецензии